Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега - Рублеўская Людміла 4 стр.


Вось Паланэя Багінская па характары цалкам магла б царыцай стаць. Фанабэрый было ў паненкі-кветкі, як пчолаў вакол раскіданага вулля, так што шкаляры толькі здалёк насмельваліся аблізваць спакуснае цуда позіркамі – не па галаве шапка. Пранцысь, якому выпаў сумніўны гонар іграць у п’есе падступнага князя Святаполка, асабліва запомніў дзве чорныя мушкі з тафты, якімі паненка ўпрыгожыла набелены тварык – над правым брывом і злева каля носіка, што азначала, што сэрца паненкі свабоднае, але падступіцца да яе цяжка. Тады яе цёмныя валасы былі схаваныя пад высокім напудраным парыком, у якім гняздзіліся па-майстэрску выкананыя мініяцюрныя блакітныя птушачкі…

І цяпер нібыта тыя птушачкі шчабяталі вакол русявай галавы Пранцыся. Ён нават не адразу скеміў, што паненка Паланэя яму шэпча:

– Гэй, ты што, глухі? Хочаш зарабіць дзесяць дукатаў?

Пранцысь страсянуў чубам: вось і яшчэ адна прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца… І ад якой, ясна, таксама давядзецца займець на сваю шкалярскую галаву перуноў. Але галоўнае – не здрадзіць ідэалам куртуазнасці! Так, схіліцца ў паклоне, руку пакласці на нябачную шаблю…

– Няхай ваша мосць вельмішаноўная панна толькі выкажа сваю просьбу, і я выканаю яе як мага больш пільна і дасканала, не прамарудзячы ані хвілі дзеля ясных вочак найяснейшае панны, і дзеля палкага жадання майго сэрца служыць яснай панне!

Гаворка Пранцыся цякла, як мёд, ён нават заганарыўся сабою. Але паненка такога мёду каштавала як відаць не лыжкамі, а збанамі, таму толькі нецярпліва нахмурыла чорныя броўкі.

– Найяснейшая панна хоча, каб пан узяў у яе ліст і перадаў асабіта ў рукі ваяводы полацкага Аляксандра Сапегі, які зараз мяшкуе ў Слуцку, а за гэта пан атрымае дзесяць дукатаў ад мяне, а можа, яшчэ нешта ад шчодрасці пана Аляксандра.

Пранцысь адчуў укус расчаравання: той Сапега, падобна, быў амаратам панны Паланэйкі, а быць пасыльным у амурных справах – гэта ж зусім іншае, чым самому амуры круціць… Панне, відаць¸ не спадабаліся ваганні хлопца, таму што яна зморшчыла носік і прагаварыла пагардліва:

– Пан баіцца расейцаў альбо Гераніма Радзівіла? Калі так – то…

– Нікога я не баюся! – паспешліва выгукнуў Пранцысь, скеміўшы, што справы хутчэй не пра амуры, а пра палітыку, ад якой хаця Вырвічы й былі ўбаку, але ж магнатаў, што хаўрусаваліся з расейцамі, Вырвіч-старэйшы не любіў, параўноўваючы іх з сабакам, якога прыкарміў злодзей, каб залезці беспакаранна на гаспадарскі двор. – Я з вялікай прыемнасцю выканаю волю панны…

Паланэйка сумніўна зірнула ў дужа сумленныя блакітныя вочы Пранціша, дастала з-за карсажу складзены ўдвая канверцік і аддала суразмоўцу.

– Толькі асабіста ў рукі пану ваяводзе! І глядзі, пану Герману Ватману ні слова – гэта той, што мяне суправаджае. Ён дужа небяспечны чалавек.

Вырвіч запытальна зірнуў на ваевадзянку, узважваючы на далані паперку… Дзяўчына дадала да канверціка самае істотнае – мяшэчак з манетамі. Потым, відаць, скеміўшы, што цяпер з пасланцом, які валодае ейнай таямніцай, належыць быць пяшчотней, усміхнулася, ад чаго Пранцыся як алеем па душы памазала, і нават прыклала да вуснаў і адняла пальчыкі, нібыта намякаючы на магчымы пацалунак… З самой Паланэяй Багінскай! А чаму б у такім разе баявітаму шкаляру не атрымаць аванс? Пранцысь ірвануўся да паненкі, але дзверы зачыніліся рыхтых перад носам Вырвіча.

– Напачатку – паслуга, потым – удзячнасць! – прагаварыў за дзвярыма дзявочы галасок.

Калі б у людзей маглі вырастаць крылы, Пранціш адчуў бы за спінай іхні лопат, бо ледзь над падлогай не прыўзняўся… У прыгоды будзе працяг! Падумаеш, у Слуцак! Ды хоць бы і ў краіну маўраў!

Між тым на лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў… Падымаўся відочна не Лёднік, і Пранціш хуценька нырнуў у свой пакой. Там ён пратаньчыў з кута ў кут мазурку і паваліўся на ложак, прыціскаючы да твару канверцік, які захоўваў пах дарагой парфумы. Вось будзе чым пахваліцца Лёдніку! Хаця не, няма чаго раскрываць слузе таемныя справы гаспадара – хай толькі падзівіцца, што той раздабыў за раніцу дзесяць дукатаў, ды мае нейкія важныя, звязанныя з першымі асобамі каралеўства справы! На гэта варта, вядома, намякнуць… Вось толькі дзе той лекар падзеўся? Можа, з Адэляй вуркоча? Цяпер Пранцыся гэта не крыўдзіла. Карчмарка – слузе, ваевадзянка – гаспадару! О так!

Лёднік абяцаў ежы здабыць… Карчма ўжо ва ўсе прасмаленыя сцены гудзе, і ўяўляюцца ва ўсёй неміласэрнай духмянай смакаце гарачыя клёцкі, палітыя смятанай…

Пранціш пераканаўся, што страшны невядомы Ватман замкнуўся ў пакоі з падахоўнай ваевадзянкай, шлях вольны, і рушыў уніз.

Найперш ён яшчэ зверху забачыў Адэлю, што моўчкі стаяла каля лесвіцы, схаваўшы рукі пад фартух, нібыта яны ў яе змерзлі. Дастаткова было аднаго позірку на яе твар, каб зразумець, што здарылася нешта жахлівае. Твар быў застылы, нават з усмешкай, але такой, якую зацюканы шкаляр адрасуе цэнзарам, што стаяць ля ганебнай лаўкі з розгамі ў руках, чакаючы, пакуль ён спусціць нагавіцы ды ўкладзецца зручненька.

Сышоўшы яшчэ на некалькі прыступак, Пранцысь пабачыў і тых, каму Адэля ўсміхалася пакорліва-прыніжана. Трое былі ў мундзірах кароннага войска, адзін у парыку і чорным камзоле, з такой надзьмутай, пагардлівай пысай, што вакол уяўлялася адразу зала чарговага сойму, галасы якога купленыя загадзя. Тут жа, бы пацук вакол пасткі з кавалкам сала круціўся і віж, якога Пранцысь згледзеў учора ў карчме.

А самае непрыемнае, што паміж двух жаўнераў стаяў Лёднік. Спакойна гэтак стаяў, скрывіўшы вусны і ўнурыўшы голаў, як быццам ужо развітаўся з белым светам. Доўгія цёмныя валасы звісалі па баках ягонага худога твару, нібыта ўладальнік хацеў імі адгарадзіцца ад сваіх нялітасцівых бліжніх.

– А гэта ягоны асістэнт! – раптам заблагаў віж, паказваючы на Пранцыся пальцам з доўгім жоўтым пазногцем. – Таксама чарнакніжнік!

Вырвіч спыніўся на ніжняй прыступцы лесвіцы, гатовы рынуцца наверх.

– Гэты хлапчыска ні пры чым! – ганарыста закінуў галаву Бутрым. – Я яго толькі ўчора на дарозе сустрэў, намовіў падзарабіць. Ён пра мяне толкам нічога і не ведае…

– Хто кляцьбе ведзьмака верыць, пэўне, штораніцу дурнап’яну сабе ў гарбату дадае, – сурова прамовіў падобны да худога пеўня пан у чорным камзоле. Павярнуўся, абшарыў вачыма Пранцыся, яшчэ больш скрывіўся. – Ты хто?

– Я – шляхціц, Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр, – урачыста абвесціў Вырвіч, яшчэ трохі пасоўваючыся назад. Што-што, а ўцякаць шкаляр наўчыўся так, што ногі самі за яго думалі.

– Гіпацэнтаўр? – недаверліва працягнуў Юдыцкі. —Вырвічы карыстаюцца гербам “Далега”.

– Мы – старэйшая галіна, з Падняводдзя, маем права на абодва гербы, – годна патлумачыў Пранціш. – Мы з бацькам – апошнія з роду. А што кепскага зрабіў гэты… чалавек? Ён жа проста лекар! У яго і дыплом ёсць!

Важны зарагатаў, як па арэхах абцасамі прайшоўся.

– Лекар! Цела, можа, ён і вылечыць, а душу загубіць! Чарнакніжнік ён!

– Тут свае дактары маюцца! – віскнуў віж. – З паперамі належнымі, якія тутэйшых кліентаў прымаюць па дамоўленасці з уладамі! Ян Гутнік, Людвіг Высакоўскі… Вы, паважаны пан суддзя Юдыцкі, Высакоўскага павінны памятаць, ён вам яшчэ скулу на сцягне прыпальваў, калі вы з палявання вярталіся… А гэты гіцаль сумленных дактароў заробку пазбаўляе!

Вось яно што… Значыць, Лёднік па намове Пранцыся проста заступіў на чужую тэрыторыю! Гэта ж толькі здаецца, што дастаткова ўмельства мець ды патрэбу ў хлебе штодзённым… А паспрабуй нават на рынку з шапкай жабрацкай прысесці – тут жа “законныя” жабракі налятуць, у каршэнь ”захопніка” натаўкуць. А не дай Бог таму яшчэ пару капеек ад літасцівых мінакоў перападзе…

Лёднік, відаць, таксама гэта разумеў, бо нават не зрабіў спробы абараніцца і засведчыць аб сваёй высокай абазнанасці ды еўрапейскай адукацыі, і паныла вывучаў зацярушаную бруднай саломай падлогу, нібыта спіну безнадзейна хворага.

– А можа, мы проста кампенсуем шаноўным дактарам страты, якія міжволі, не хочучы, ім нанеслі? – пранікліва прагаварыў Пранцысь. Насы віжа і жаўнераў адразу павярнуліся да шкаляра, нібыта на пах смажанага вепрука. Ага, грошы ўсе любяць! Пранцысь белазуба ўсміхнуўся, хаця пры думцы, што давядзецца страціць толькі што набытыя дукаты, аж душа пераварочвалася, змінаючы свае пёры.

Але пан у чорным сурдуце, які, як высветлілася, быў сумнавядомым суддзёй Юдыцкім, якому Радзівілы даручалі самыя брудныя справы, быў непахісны, што азначала, што ён спадзяецца атрымаць куды болей у іншым месцы, чым ад недавучанага шкаляра ды бадзяжнага лекара. Пан драпежна ўгледзеўся ў твар Лёдніка.

– Кампенсацыі тут малавата… Такое багамерзкае аблічча не забудзешся. Цябе, даражэнькі, дзесяць год таму я бачыў у Чарнаўчыцах пры двары няшчаснага князя Марціна Радзівіла, сярод іншых чарнакніжнікаў, якія яго з розуму звялі д’ябальскімі штукарствамі. А яго княжаская мосць пан Геранім Радзівіл гэтых ведзьмакоў загадаў лавіць ды ў вязніцу да яго везці.

Лёднік, хаця й не паварушыўся, але збялеў. Трапіць у сутарэнні Радзівіла Жорсткага – усё роўна што ў пекла… Ніхто адтуль не выходзіў жывым, вязні розных званняў гнілі жыўцом. А пана яшчэ й падбадзёрвалі крыкі ды стогны зняволеных – таму майстэрства катаванняў цанілася ў ягоных замках вышэй нат за кухарскае.

– Калі васпан мяне памятае, дык мусіць і памятаць, дзе мяне знайшлі, калі пан Геранім замак свайго брата захапіў, – змрочна прагаварыў Лёднік. – У сутарэнні на ланцугу я сядзеў. Бо якраз адмовіўся па загадзе пана чарнакніжніцтвам займацца.

Юдыцкі толькі пакрывіўся.

– Гэта суд вызначыць. Вось улоў у мяне на чарнакніжнікаў… Нядаўна з Полацку адну вядзьмарку забіраў, таксама лекаркай сябе называе. Кніжкамі гандлюе, цьху! І ясна якімі, калі звар’яцелы брат пана Гераніма ў ейнага бацькі кніжкі замаўляў. Вучоная баба! Куды свет коціцца!

Лёднік раптам неяк страпянуўся, зіркнуў цёмнымі вачыма – гэта было, як з абцерханых, някідкіх похваў на хвілю паказалася дасканала вострае, смяротна небяспечнае лязо – адзін з жаўнераў нават мімаволі – спрацаваў інстынкт старога воя – перацяў палонніка на спіне, праўда, той як і не заўважыў.

– А ці не прыпомніць пан імя тае лекаркі?

– А табе нашто? – Юдыцкі задаволена пагладзіў доўгія вусы. – Не ўсё адно, каму суседняя пятля дастанецца? Саламея яе завуць, Рэнічаўна.

– Сумленнага чалавека асляпіла саламандравымі слёзамі! – ўгодліва падказаў віж. – Страшной сілы вядзьмарка!

– Што за блёкат! – на шчоках Лёдніка ажно праступілі чырвоныя плямы – так усхадзіўся. – Саламандравымі слёзамі завецца звычайнае расчынне карбанаду натрыя, ад яго ніякае шкоды не можа быць…

– Ты пра сябе думай! – абсёк яго Юдыцкі. – Сваіх грахоў хапае. Усё, час адпраўляцца! – жаўнеры зараз жа схапілі Лёдніка пад пахі і штурханулі да выхаду з карчмы. Адэля старалася не глядзець на алхіміка, дый астатнія сведкі зашыліся па кутах так, што ні відаць, ні чуваць. Каму ахвота патрапіць пад падазрэнне? Учора ж вядзьмак многіх лекаваў…

Юдыцкі на развітанне холадна кіўнуў Пранцысю.

– Няхай пан наступным разам пільней выбірае сабе знаёмых.

Лёднік жа нават вачэй не падняў. Вараня калісьці гэтак жа пакорліва ішоў у карцэр, нават вачыма не просячы аб спагадзе ды паратунку. Суд… Які там суд? Ясна, суддзя прадасць алхіміка Гераніму Радзівілу, а той у сваёй вотчыне што хоча, тое і робіць. А жыць як з гэтым? Адзінае выйсце… Вырвіч узляцеў па лесвіцы ў іхні пакой… Потым – кулём – назад. З паперынай у руках. На хвілю падалося, што дзверы суседняга пакою прыадчыніліся, і збліснула ў шчыліне цікаўнае блакітнае вока.

– Стойце! Лёднік не можа быць пакараны! Ён мой слуга, халоп мой, мне належыць! Я яму загадаў – вось ён і лячыў… У яго нічога свайго няма! Толькі я маю права яго пакараць!

Суддзя ўзяў паперыну, уважліва прачытаў, яго адтапыраныя вусны варушыліся, як два бледных вусені… Пранцысь сустрэўся поглядам з Лёднікам – і скалануўся. Столькі застарэлага болю, сораму, прыніжанай годнасці… Вырвіч усвядоміў, што гэтаму чалавеку лягчэй было б пайсці на катаванні і ў пятлю, чымся прылюдна пачуць аб сваім рабскім становішчы. Праўда, выгляд у алхіміка стаўся яшчэ больш фанабэрысты, чым у суддзі.

Юдыцкі скруціў шорсткую паперу і вярнуў гаспадару.

– Тут юрыдычны казус: з аднаго боку, названы Лёднік знаходзіцца ў залежнасці ад волі пана, і ягоная маёмасць належыць пану Вырвічу. Але гэтае становішча было дасягнутае па добрай волі самога Лёдніка, за нявыплачаную пазыку. А паводле Статута Вялікага княства Літоўскага, раздзел дванаццаты, артыкул дзевятнаццаты, калі вольны чалавек у голад прадае сябе ў няволю і дае на тое адпаведны ліст, не можа нават у такім выпадку стаць кметам. І ўжо ва ўсялякім выпадку мусіць сам адказваць са свае ўчынкі! Калі ж пан Вырвіч прызнае, што таксама датычны да ягоных злачынстваў…

– Ды не слухайце вы дурнога хлапчыску! – узарваўся Лёднік, чый спакой садзьмула, як саламяную труху. – Я – лекар, я быў у Марціна Шалёнага, я лячыў у гэтай карчме, на што, між іншым, згодна клятве Гіпакрата і свайму дыплому, выдадзенаму ў Лейпцыгскім універсітэце, маю поўнае права. А з ім, з гэтым падшыванцам – я казаў – мы ўчора толькі сустрэліся! Ён да мяне датычны не болей, чым шабля да бота!

– Лекар – мая маёмасць! – не здаваўся Пранцысь. – Пан Агалінскі перадаў мне права спагнаць з яго пазыку ў дзвесце дукатаў. Пакуль не атрымаю гэтых грошай, лекар – толькі ў маёй уладзе!

– Вось як… Практычны малады чалавек, ухваляю, – Юдыцкі дэманстратыўна задумаўся. – Але будзем шчырымі – пан Вырвіч заплаціў за гэтага чарнакніжніка аніяк не дзве сотні дукатаў. А… колькі?

– Колькі меў пры сабе! – цалкам праўдзіва адказаў Пранціш. Суддзя расцягнуў бледныя вусны ва ўсмешцы.

– Вялікая, пэўне, сума… Дык вось, зробім усё паводле закону. Я заплачу пану за ягонага слугу дваццаць дукатаў, і ён пазбавіцца гэткага небяспечнага суседства і можа сам быць абсалютна вольны.

Прапанова, аб якой Пранціш учора толькі марыў. Але цяпер выкрыкнуў з усяе моцы:

– Мой слуга не прадаецца!

Твар суддзі пайшоў плямамі.

– Тады пан Вырвіч адправіцца разам з намі і будзе адказваць за ўдзел у ведзьмакоўскіх рытуалах!

Лёднік ірвануўся з рук жаўнераў, спальваючы вачыма свайго гаспадара.

– Табе езуіты хоць трохі клёку пакінулі, хлопча, ці ўсё розгамі выкалацілі? Згаджайся на прапанову суддзі!

– Не! – зацяўся Пранціш, у чарговы раз пашкадаваўшы, што не мае шаблі. – Доктара не прадам! Ён нічога кепскага не зрабіў!

Юдыцкі расцягнуў вусны ў брыдкай усмешцы.

– Тады паехалі ў Слуцак!

Раптам Лёднік затросся ад нейкага дзіўнага смеху, жаўнеры, што трымалі яго, ажно перазірнулся – ці не звар’яцеў? А той прагаварыў:

– Падобна, я не толькі сабе няшчасці прыношу, але і ўсім, хто са мной звяжацца… Прапаную скарыстаць мяне ў якасці бясхібнай зброі! Перадайце мяне, пан Юдыцкі, свайму найгоршаму ворагу.

Пранціш таксама хіхікнуў, а Юдыцкі пачырванеў ад злосці, што адразу заўважылі ягоныя жаўнеры, і паспяшаліся ўзнагародзіць нахабнага чарнакніжніка за гнеў начальніка кухталямі.

Вырвіч ганарліва ўскінуў галаву, паправіў шапку з аблезлым, але гарнастаевым, футрам… Усё роўна ва ўласную хуткую пагібель ён не верыў, як не можа паверыць маладая плотка ў тое, што недзе на свеце ёсць месца, дзе няма вады. На лесвіцы пачуліся цяжкія крокі і бразганне шпораў. Пранцысь павярнуўся і пабачыў здаровага, як мядзведзь, чалавека з дзіўна белымі валасамі, брывамі і вейкамі, ад чаго ягоны ружовы твар, спаласаваны шнарамі, з перабітым носам, здаваўся ненатуральна вялізным, як надзьмутым. Вочы пана былі таксама светлыя, бялёса-блакітныя, але час ад часу выяўляліся цёмнымі, пачварна барвовымі і бяздоннымі. На незнаёмцу красаваліся дарагі камзол са срэбнымі галунамі, чорны капялюш з высокім верхам і батфорты, похвы ягонай шаблі-серпанціны пры левым боку блішчэлі каштоўнымі камянямі… Такія асабліва выгінастыя шаблі турэцкай работы выбіраліся толькі для смяротных двубояў. І хацелася быць як мага далей ад гэтага воя, які, падобна, можа раздушыць, як казюрку, нават за недастаткова пакорлівы пагляд. Уяўляліся навокал стрэлы гарматаў, уланы, што лятуць у атаку, ды ашклянелыя вочы забітых жаўнераў, якія ўглядаюцца ў неба з запозненым пытаннем: “Ці варта яно таго было?”… Пранцысь адразу скеміў, што звераватага аблічча пан ніхто іншы, як Герман Ватман, спадарожнік ваевадзянкі.

Назад Дальше