Дзіўным! Ды там усё было дзіўным! Я, нібыта наяве, убачыла сцяну вежы – аблезлая пабелка, у выбоінах іржава-чырвоная цэгла – як брудны бінт, адарваны ад раны. Абгрызены часам верх будынку – два вострыя зубцы, між імі – вялізны прагал… У чорных вачніцах вокнаў – голле дрэваў, што выраслі ўнутры, на адкрытым небу падмурку… Быццам вязні цягнуць рукі. Як на карце Таро з Вялікіх Арканаў – вежа, у якую ўдарыла маланка. Пакаранне за гардыню.
– Ну, напрыклад, на сценах не было ніякіх надпісаў,– прагаварыла я. – На закінутых будынках якіх толькі крамзоляў не сустрэнеш, ад «Саша плюс Маша» да рокерскай сімволікі. А тут – нічога! Ні звонку, ні ўнутры… І смецця таксама не было. Нават пабітых бутэлек…
– Чаму ж так? – зацікавіўся Юрась.
– Баяцца той вежы. Абыходзяць, як магілу вісельніка. Нават мяне адгаворвалі ўнутр заходзіць.
– І чым тлумачылі?
– Рэха старых забабонаў. Памятаеш легенду, як смерць у ратушы замкнулі? Дык нібыта і цяпер смерць там. Хто ў вежы пабудзе – гамон… Ці звар’яцее, ці памрэ ў хуткім часе. Так што згодна старой легендзе – я ўжо на парозе таго свету, і за клямку ўзялася, – пажартавала я.
Але Юрась застаўся сур’ёзным, нават занадта.
– Праз мае рукі праходзіць шмат старых рэчаў. Вакол некаторых таксама – таямнічыя гісторыі. Але я пераканаўся, што ў кожнай такой нібыта бязглуздзіцы – рэальная аснова. – Юрась трохі адкінуўся на спінку крэсла, так што пыльны сонечны прамень слізгануў па ягоных валасах – аднак сівее мой госць! – і працягваў:
– Пару гадоў таму прынеслі мне куфэрачак на рэстаўрацыю. З чырвонага дрэва, італьянская праца 16 стагоддзя… Шашалем паедзены, расколаты – з мінулай вайны валяўся на гарышчы.
Валяўся, бо славу меў, быццам няшчасці прыносіць. То за каралём Сасам нейкая свякруха з дапамогай яго ад непажаданай нявесткі пазбавілася, то жонка здрадніка-мужа пакарала… Цяперашні ўладальнік маёмасць продкаў на гарышчы знайшоў і над забабонамі пасмяяўся. Маўляў, для будучай ягонай жонкі, аматаркі антыкварыяту, лепшага падарунка няма. А я стаў рэстаўраваць, і пад накрыўкай знайшоў хітрае прыстасаванне. Калі націснуць адразу на дзве кветкі ў разьбе накрыўкі, з адной з іх на імгненне высоўваецца шып… Маленькі, незаўважны… Але ўсё яшчэ востры. Можна здагадацца, што калісьці на ім была атрута. У сярэднявечнай Італіі такія смяротныя забаўкі былі справай звычайнай.
Пылінкі танцавалі ў промні апошняга восеньскага сонца, і ніякае маўчанне не магло адняць весялосці ў гэтых вечных мізэрных танцораў. Юрась нібыта вагаўся перад тым, як сказаць нешта важнае. Ну, пачынай жа…
– Паслухай… Калі табе патрэбная праца… Ці не згадзілася б ты вярнуцца да тэмы ратушы? Аркадзева жонка, Ліля, вядома, зараз у горы… Але цвёрда абвясціла, што ўсе планы забітага мужа спраўдзіць. І першае – выдасць кніжку пра гісторыю старавежскай ратушы.
– Аркадзя яшчэ не пахавалі – а яна пра гэта думае?! – абурылася я.
– Не дзівіся, Анэта, – усміхнуўся аднымі вуснамі Юрась. – У іх, «крутых», такі свет… Без сантыментаў. Дык вось, Ліля прапаноўвае табе дзве тысячы даляраў за падрыхтоўку тэксту.
Ён што, трызніць? Юрась, зразумеўшы мой недавер, спяшаючыся, патлумачыў:
– Толькі не падумай, што гэта падман. Проста яна хоча, каб усё было зроблена да сарака дзён па смерці Аркадзя, каб атрымаўся гэткі падарунак нябожчыку… На вокладцы Баркуноў герб, унутры – Баркуноў партрэт. Ну і ў тэксце – аб памерлым, ягоны клопат пра гістарычныя помнікі. Каб атрымалася невялікая кніжачка. Удава збіраецца раздаваць яе гасцям на саракавінах. І Аркадзю – ушанаванне, і, магчыма, спонсары знойдуцца дзеля будаўніцтва. Калі ты згодная – заўтра пад’едзем па аванс. У нас з табой усяго месяц на працу.
– «У нас»? – удакладніла я не вельмі ветла.
– Мяне Ліля просіць гадзіннікі адрэстаўраваць, – патлумачыў мой былы муж. – Каб для тваёй кніжачкі сфатаграфаваць іх ва ўсёй красе. Ну і табе дапамагу…
– Паслухай, даражэнькі… Колькі цябе ведаю, ты заўсёды ўцягваў мяне ў авантуры, якія заканчваліся для мяне кепска.
Юрась сядзеў моўчкі, гледзячы ў пусты кубак. І выглядаў вельмі няшчасным. Раптам ён ціха спытаў:
– Анэта, чаму ты болей не выйшла замуж?
Ну вось, пачаліся сентыментальныя размовы, якіх мне меней за ўсё хацелася. Я ўклала ў адказ як мага болей сарказму:
– Не хвалюйся, не з-за цябе.
Ён ізноў панурыўся, нібыта мой адказ быў яму непрыемны. А на што ён разлічваў? Што я ўвесь гэты час па ім плачу? Вось маё апошняе Няспраўджанае Каханне, мастак-марыніст (уяўляеце, жыць на Беларусі – і маляваць выключна мора!), абдрапаў маё даверлівае сэрца грунтоўна… А гэты – за дзвярыма душы. А за прапанову дзякуй… Дзве тысячы даляраў – год пражыць…
Я правяла Юрася да дзвярэй, радуючыся, што ўдалося не выйсці за рамкі дзелавога візіту. Раптам мой былы муж нязграбна ўпаў перада мной на калені, ды яшчэ – ілбом у падлогу. Аж грукнула. Я адскочыла назад. А Юрась глуха прагаварыў, не падымаючы галавы:
– Прабач мне, Ганна. Я даўно мусіў гэта зрабіць. Столькі думаў – не наважваўся. Вось так – на калені… Вінаваты перад табой… Позна зразумеў, што ў шлюб – не гуляюцца. Каб не я – у цябе б жыццё іначай склалася.
Я не жартам раззлавалася. Дарэчы, і падлога нямытая, што зараз ён убачыць на сваіх нагавіцах.
– Ану, кінь выдурвацца! Можна падумаць, ты мяне спакусіў ды выгнаў, а я слязьмі залівалася, сыходзіць не хацела. Калі памятаеш, я першая дзвярыма бразнула. І між іншым, не шкадую. А гледзячы на такія фокусы, дык проста радуюся, што гэткі… цуд даводзіцца цярпець нейкай іншай.
Юрась моўчкі падняўся (на каленях засталіся выразныя плямы бруду, сведчанне маёй негаспадарлівасці), цырымонна пакланіўся, усё гэтак жа апусціўшы вочы, і сышоў. Цікава, як ён патлумачыць жонцы, дзе гэта поўзаў на каленях? Але я не збіралася распытваць яго пра сямейныя справы. Вось так – без сантыментаў – з гэтым дзіваком можна.
Анэта стаяла на падлозе, выкладзенай белымі і чорнымі мармуровымі плітамі… Нібыта фігура ў шахматах, і зараз волатава рука працягнецца, каб пераставіць яе на іншую клетку…
А хіба не так на самой справе?
Анэта не памятала, колькі яна жыве ў гэтай вежы. Месяц? Два? Год? Усё жыццё? Нібыта нікога на свеце больш няма, акрамя насельнікаў ратушы – Бернацоні, яго сакратара, нізенькага, амаль карузліка, чарнявага Энрыка, прыслугі Марцэлі ды яе самой, Анэты… А тое, што было раней – сон…
Не, Богуш не сон… Сінія вочы, што глядзелі з такой любасцю, іх злучаныя рукі і словы блаславення, прамоўленыя бацькам…
Анэта ведала, што і бацька, і… Багуслаў памерлі. Пошасць… Чорная Смерць… Пан Гервасі абяцае, што не дасць прыйсці сюды Чорнай Смерці. У пакой кожны дзень прыносяць абярэмі свежага ядлоўцу… Вохкія свечкі напаўняюць пакой цяжкім водарам. Пан Гервасі кожны дзень ходзіць у горад, выконвае загад Вялікага князя – лекуе тых, каго можна лекаваць, тлумачыць, як змагацца з пошасцю. І не баіцца захварэць. Не дзіва – Анэта бачыла, на якія цуды ён здатны… Жалеза ў ягоных руках гнецца, нібыта васковае… Свечка запальваецца без агню. На чыстым пергаменце з’яўляюцца літары, напісаныя чырвонай фарбай. Раней Анэта падумала б – вядзьмак і заклікала б да Прасвятой Дзевы і апякункі сваёй, Святой Ганны, каб выбавіцца ад нячыстае сілы. Але вунь яны, выявы Прасвятой Дзевы, і Святой Ганны, і Архангела Міхаіла, барацьбіта з нечысцю, і самога Госпада нашага… І пан Гервасі беспакарана глядзіць у іх цёмныя вочы і нават хрысціцца. І крыж носіць, у якім часцінка Жыватворнага Крыжа Гасподняга… Але ж толькі святы затворнік можа спадзявацца на анёльскую дапамогу, каб рабіць цуды… Варта паглядзець на лекаравы калігі з даўжэзнымі, як буслава дзюба, насамі, набітымі дзеля захавання формы мохам, расшытыя перлінамі і каштоўнымі камянямі, на жупан з княскага ядвабу з дыяментавымі гузікамі – якая тут адсланёнасць ад свецкіх звабаў! Праўда, княскі лекар кажа, што яго цуды – зусім не цуды, а навуковыя досведы. Але Анэце ўсё роўна страшна і тужліва, нібыта яна трапіла ў ваўчынае логвішча і мусіць прывыкаць да ваўчынага духу. Чаму ён трымае тут яе? Чаго хоча? Гвалту? Дачку шляхціца ў Вялікім Княстве Літоўскім не можа беспакарана згвалціць нават князь, а не тое што бязродны іншаземны лекар… Ды нічога падобнага на пажадлівасць не мільгае ў вузкіх чорных вачах Бернацоні. Толькі цікаўнасць… Як да дзівоснага звярка. Ён часта размаўляе з ёю. Загадвае рабіць незразумелыя рэчы. Напрыклад, кладзе на стол два маленькія шарыкі – белы мармуровы і чорны з нефрыту. Кажа ўзяць белы… Анэта выконвае – яна не наважваецца аслухацца.
«Паглядзі ўважліва, ты памылілася, ён чорны», – сурова гаворыць пан Гервасі і пільна глядзіць у вочы Анэце. Так пільна, што ў той злёгку кружыцца галава, і нават пачынае здавацца, што шарык, які яна трымае, сапраўды чорны. Вось Богуш пасмяяўся б над ёй… «Я ўзяла белы», – нясмела кажа Анэта. «Не, чорны… Пакладзі яго і вазьмі белы…», – упарціцца лекар. Але Анэце не смешна ад бязглуздай дзіцячай гульні. У роце – прысмак медзі. «Прабачце, але ў маёй руцэ белы шарык… А там – чорны…», – шэпча. Словы вымаўляюцца цяжка, нібыта ілжэ. Пан Гервасі раздражнёна ўстае, нешта мармыча на незнаёмай мове… Але дзяўчына адчувае, што ён злуецца не на яе, а на сябе. Назаўтра ўсё паўторыцца… Навошта? Як добра было б сысці дадому… Але вокны і дзверы іхняга дому, напэўна, забітыя, і пазначаныя белым крыжам. Дом, куды заходзіла Чорная Смерць.
Яна паўсюль… Пошасць… Паветра вакол вежы атручанае. Ёдкі дым паўзе ў вокны, прабіраецца скрозь шчыліны ў свінцовых рамах, у якія ўстаўленая падфарбаваная ў чырвань і лазурак слюда. Можа, у адным з гэтых вогнішчаў згарэлі целы любых Анэце людзей. Гарлаюць вароны. Людскі крык і плач чуваць усё радзей. Толькі б’е звон на званіцы, і тахкаюць гадзіннікі лекара. Вось яны, стаяць па кутах пакоя. Ростам з Анэту, на кожным, нібыта нетутэйшы твар, бліскучы масянжовы круг, падзелены на дваццаць чатыры часткі. Па ім павольна, здаецца, марудней за рост травы, рухаецца стрэлка… Унутры – круцяцца дзіўныя колцы, зубчастыя, страшнаватыя, быццам зменшаныя прылады для катаванняў. Але гадзіннікі вельмі розныя. Вось на тым званар-карузлік кожную гадзіну б’е бронзавым малатком у маленькі звон… На тым – рухаюцца ў круглым акенцы мядзяныя зоры, Месяц і Сонца з абыякавымі, раскосымі, нібыта ў татарскіх ханаў, тварамі. А на тым – Смерць з касой пазначае кожную гадзіну ўдарам сваёй страшнай зброі аб пакорліва нахіленую галаву Цара Ірада – пра тое, што гэта пракляты біблейскі цар, сведчаць выявы мёртвых немаўлятак ля ног забойцы.
Анэта аглядае пакой, да якога зараз звузіўся яе свет, нібыта бачыць у першы раз і спадзяецца заўважыць нешта новае. Па чатырох кутах ля столі – расфарбаваныя галовы блазнаў… На знак таго, што ў гэтай зале можна бесклапотна весяліцца. Яшчэ нядаўна тут збіраліся на бяседы паны радцы, сярод якіх – і бацька Анэты, сядалі на гэтыя чорныя цяжкія лавы, што зараз састаўленыя ўздоўж сценаў, за магутны стол, які, вядома ж, не быў пусты… (Стол па загадзе лекара вынеслі – але як гэта ўдалося? Хіба на часткі распілавалі?)
А над дзвярыма – барэльеф Белай Ружы. Знак маўчання. Тое, што было тут прамоўлена, не мусіла пераказвацца за межамі пакою. Sub rosa dіctum. Сказана пад ружай.
Анэта павольна – ногі яшчэ баляць – падыходзіць да гадзінніка, на якім – Святое Сямейства. Калі гадзіннік адлічвае час, анёлкі над Прасвятой Дзевай пачынаюць рухацца. Дзяўчына працягвае руку, каб дакрануцца да аднаго з анёлкаў, усмешлівага, кучаравенькага…
– Я прасіў не чапаць мае гадзіннікі,– суровы голас лекара змусіў дзяўчыну здрыгануцца, сціснуцца, як ад хрышчэнскай сцюжы. Бернацоні наблізіўся бязгучна, як воўк. – Ніколі не падыходзь да іх без майго дазволу.
– Даруйце… – Анэта адступіла ў бок ложка. Лекар працягнуў руку да гадзінніка, нешта скрануў… І анёлак паднёс да вуснаў пазалочаную трубу, бронзавы малаточак ударыў у бронзавы шчыт… Бом-м-м… Келіх з венецыянскага шкла на стале задрыжэў, заспяваў тоненька і адчайна, нібыта паміраючая мятлушка.
– Што ты адчуваеш, калі гучаць мае гадзіннікі?
Дзяўчына падняла на свайго апекуна ясныя сінія вочы.
– Тугу…
Бернацоні паблажліва ўсміхнуўся. Ён хадзіў ад гадзінніка да гадзінніка, нешта папраўляў у іх, беражліва і амаль закахана, як у шлюбным убранні нявесты. І гаварыў, гаварыў са сваім дзіўным акцэнтам, часам пераходзячы на незнаёмыя мовы. Апошнім часам такія размовы здараліся ўсё часцей… Нібы ад страшэннай адзіноты чалавек дзеліцца набалелым з немаўлём, якое не зразумее сказанага, але ўсё-ткі – слухач.
– Гук – гэта моц, якой чалавек яшчэ мусіць авалодаць… Піфагор казаў пра музыку сфер, якая кіруе сусветам… Ён чуў, як рухаюцца зоры! Вы лічыце, Ерыхонскія трубы – выдумка? Трубы, ад гуку якіх рассыпаліся сцены… Аднавокі маўр у Перуджы, які гандляваў шклянымі пацеркамі, шаўковымі паясамі і амулетамі са скуры Левіяфана, распавядаў пра разваліны Ерыхона… Ён бачыў камяні двух яго сценаў – знешняя ўпала вонкі, другая – унутр… Так не бывае ні ад землятрусу, ні ад нападу. У Падуі я чуў, як крычыць ламія, галодны дух, які высмоктвае кроў і душу… Ад яе крыку вар’яцеюць. Нават у мяне пацямнела ўваччу, і падалося, што ў маім жыцці ніколі больш не будзе радасці. Правядзі пергаментам па нешаляванай дошцы… І ад ціхага шкрогату скаланешся, быццам цябе драпаюць кіпцюры лемпарда, і рот напоўніцца слінай, як ад лімону… Ты ведаеш, што такое лімон, сіньярыта? Адкуль… У яго смак няспелага агрэсту. А колерам ён нагадвае сонца Фларэнцыі… Мія кара Фларэнца…
Бернацоні тужліва зірнуў у акно, за якім згушчалася вечаровая цемра.
– Насамрэч чалавек вельмі лёгка губляе розум. У мінулым годзе я ўбачыў на полі шмат спарынні. Вашыя сяляне не адкідаюць хворыя каласы… Ім патрэбнае кожнае зерне. А спарыння выклікае відзежы і шал… З яе рабілі адвары гуны перад тым, як ісці ў бойку. Я сказаў князю – будзе пошасць і шаленства сярод тваіх людзей… «Злая корча». Ён пасмяяўся. Мне было дзесяць, калі я залез на самую высокую званіцу… Ударыў звон – а я якраз стаяў наверсе… Каб звон упаў, то я апынуўся б у ім, як хрушч у чарцы. Свет закруціўся вакол мяне, дона… І сцізорык, які выпаў з маёй кішэні на каменныя пліты, пачаў дрыжэць і звінець, і паволі паварочвацца… І я, малы недарослы невук, прыдатны толькі на тое, каб таўчы зёлкі для майго сіньёра аптэкара, назаўсёды зразумеў, што ёсць сілы, якіх мы не ўсведамляем, але авалодаўшы якімі, можам рабіць цуды.
– Пан лекар, а вы маглі спыніць наш карагод?
Бернацоні ўздрыгнуў і паглядзеў на дзяўчыну з недаверлівым здзіўленнем, быццам пытанне прагучэла з вуснаў статуі.
– Не, я не маю моцы абрынуць чалавека ў цемру ці выцягнуць з цемры на святло. Гэта – Божая воля. Але многія апынаюцца ў паўзмроку, на няпэўнай мяжы між святлом і цемрай. Вось тады…
Лекар абарваў сказанае і пасуровеў.
– Ты яшчэ слабая, дона… Ідзі ў свой пакой і кладзіся ў ложак. Я прышлю да цябе Марцэлю з адварам.
Стукат гадзіннікаў пагрозна гучнеў, нібыта набліжалася карэта Смерці, запрэжаная дванаццаццю жалезнымі коньмі…
Першае, што я зрабіла, калі прачнулася – паглядзела ў акно. Гэта каб хутчэй забыцца пра свае цьмяныя і блытаныя сны ў гатычным стылі. Але дробны восеньскі дождж – не самы лепшы пейзаж дзеля паляпшэння настрою.
У доме Аркадзевай удавы пра паскудны дождж і абрыдлыя лужыны на вуліцах забывалася адразу. Здаецца, гэты стыль называецца ампір… Як у песні Грабеншчыкова: «И золото на голубом…» Любяць жа нашыя багацеі гуляць у радавую арыстакратыю. На гэтым урачыстым фоне Ліля Баркун у чорнай сукенцы, шчыльна па фігуры, выглядала як віцэ-міс прыгажосці… Дагледжаная і пакрыўджаная, што не галоўная міс. Цёмнае бліскучае «карэ» валасоў, тонкія бровы ганарліва выгінаюцца, вусны дакладна абмаляваныя, і ніжняя губа ледзь заўважна наперад – прыкмета ўладарнае натуры… І ніводзін афіцыянт не наважыўся б падаць такой пані нават трохі астылую каву… У твар не ліне, але даб’ецца, каб нядбайны застаўся беспрацоўным.
Твар са звыкла нейтральным выразам… Дакладна такой яна была ўчора на пахаванні. Хіба пад вачыма напухла… Я, праўда, стаяла далёка, за спінамі натоўпу, але чула, як жанчыны шапталіся, асуджаючы ўдаву, што не плача, не галосіць. Цікава, як яны з Аркадзем пазнаёміліся? У іх было рамантычнае каханне?
– Трэба, каб вы напісалі за тры тыдні,– голас магнаткі дрыжэў, як у звычайнай кабеты ў горы. Усё-ткі каханне было, вырашыла я. – Вось аванс…
Маладзён у элегантным шэрым касцюме з жалобнай стужачкай на рукаве падаў мне канверт. Удава адвярнулася да стала, на якім у чорнай рамцы стаяў партрэт памерлага, прагаварыла:
– На сорак дзён збяруцца ўсе, успомніць Аркадзя… Ваш тэкст у друкарню трэба здаць праз месяц.