Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік) - Рублеўская Людміла 3 стр.


Упершыню жаль да няшчаснай дзяўчыны крануў сэрца воя… Але млынароўна ўжо схаладнела.

Даніла выйшаў на бераг Свіслачы, дастаў меч і пачаў раскідваць ім вільготную зямлю ля самага млынавога кола… І вось ужо ён стаіць, і поўня робіцца чырвонай ад каменя ў ягоных руках. Размахнуўся Даніла – і кінуў бясцэнны камень у ваду. Хвалі на нейкі момант напоўніліся барвай, потым згаслі, пачарнелі… І раптам узняліся, пагрозна зашумелі…

Так пачалася страшная паводка, якой не памяталі дагэтуль. І тыя паводкі будуць паўтарацца, пакуль на дне Свіслачы ляжыць святы карбункул, чырвоны, як сонца на захадзе, камень…

– Дык усё-ткі пад якім млынам быў закапаны карбункул – архіерэйскім ці касцёльным? – пацікавіўся Улад, які, здавалася б, не вельмі ўважліва слухаў Дароту.

Тая паціснула плячыма:

– Ніхто не ведае…

У акулярах пана Беларэцкага люстраваўся агеньчык пахавальнай свечкі, нібыта агнём гарэлі ягоныя інтэлігенцкія вочы.

– Цікава, гэта даволі распаўсюджаны ў свеце, так званы магістральны сюжэт. Нешта падобнае я чуў у Англіі, пра тры кароны, якія кароль саксаў загадаў закапаць на ўзбярэжжы краіны – нібыта ў якасці ахоўнага талісману ад нарманаў… Што, дарэчы, не перашкодзіла нарманам захапіць Англію і асіміляваць саксаў.

– Бацька казаў, што ў добрае надвор’е з мосту можна разгледзець, як у вадзе блішчыць карбункул… – задумліва прамовіла Дарота. – І калі-небудзь з’явіцца рыцар, які яго дастане і верне на абраз Маці Божае Менскай…

– Тады спадзе паводка, і сюды заявіцца камуністая навалач, – здзекліва прамовіў Улад.

– Чаму адразу «навалач»? Не трэба агулам абражаць людзей, якія змагаюцца за добрую ідэю, – ускінуўся Ной. – Ідэя рэвалюцыі справядлівая. Няўжо ты хацеў бы, каб тут раскашаваліся чарнасоценцы з нагайкамі? Проста кожная добрая ідэя, нібы карабель – ракавінамі, абрастае дурнямі, якія ўсё псуюць.

– Вось гэтыя дурні і выставяць нас на вуліцу… А мяне яшчэ і расстраляюць, як сына арыстакрата… – дадаў Улад.

Зося фыркнула:

– Таксама мне, вялікі арыстакрат твой бацька… Начальнік паштовага аддзялення, чыноўнік дзясятага класа… А што, палякі, якія за адно беларускае слова садзілі, або немцы, былі лепшыя за тых камуністаў? А можа, твае эсэры, з якімі быў звязаўся? Добра, бомбу кінуць ні ў кога не паспеў…

Пан Беларэцкі здзіўлена зірнуў на маладога чалавека.

– Вы былі эсэрам? Улад прыкусіў губу.

– У эсэраў свае вартасці… Прынамсі, усё сумленна – навалач мусіць адказваць за свае гнюснасці… А ў бальшавікоў я і сам паверыў быў – пакуль не разагналі наш з’езд.

Ной упарта патрос галавой.

– Вось пабачыш, усё наладзіцца! Прынамсі, не будзе такога, як было – калі я, габрэйскі хлопчык, каб паступіць у гімназію, мусіў вывучыць літаральна на памяць дзесяць падручнікаў, каб не даць сябе «зрэзаць»…

Улад сумна ўсміхнуўся.

– А помніш, як мяне выкладчык граматыкі лупіў лінейкай за тое, што я назваў сябе беларусам? А пасля, дома, яшчэ і бацька дадаў… А я проста ўбачыў выступленне трупы Буйніцкага, і зразумеў, што гэта – маё, мая мова, мой народ… Настаўнік у школе крычаў, што я мушу ганарыцца тым, што я – рускі. А бацька крычаў, што мы – палякі, народ слаўны і горды. А я паказваў яму нашу сямейную рэліквію – прывілей на маёнтак, падпісаны каралём Жыгімонтам Аўгустам, чытаў: «І датоле дзяржаці з ласкі гаспадарскай маець за ўласным вызнаннем»… і пытаўся: якая гэта мова? Польская? Руская? І сышоў з дому. Бо займеў тое, што даражэй за любое багацце – радзіму…

– Та-ак, не хутка яшчэ прагучыць адказ на словы Купалы «Ці доўга будзе нам заломам Варшава панская і царская Масква»… – прагаварыў Андрэй Беларэцкі.– Мы ўсе хутчэй жывем паводле слоў Гарэцкага: «Я ня ведаю, хто мне свой і хто чужы. Я дзяржуся дзікога неўтралітэту і ашукваю тых і гэтых і самога сябе… І адна палова яго, каторая разумела белых, маўчала, зьнямела. І другая палова яго, каторая разумела чырвоных, вымагала…»

– Не разумею гэткіх хістанняў,– прамовіла Зося. – Гэта ўсё ад лішку. Ад багацця… Хаця… здараюцца выключэнні. Вось карбункул, пра які расказвала Дарота… Патрымаць у руках такі камень – гэта вартае, можа быць, усяго жыцця!

Ной, пачырванеўшы, вымавіў:

– Калі б ён толькі існаваў, я б паспрабаваў дастаць яго для цябе.

– Ты і плаваць не ўмееш, спадар, – перабольшана ласкава вымавіў Улад. – Але патануць табе не давядзецца: Даротка ў нас выдумшчыца.

– Так, шкада, што гэта толькі казка… – расчаравана прагаварыла Зося.

Дарота кінула хуткі позірк на Улада, моўчкі павярнулася і сышла ў іншы пакой.

– Пакрыўдзілася, ці што? – недаўменна прагаварыў Улад.

Між тым дзяўчына вярнулася і, ні на кога не гледзячы, паставіла на стол маленькі куфэрак з пацямнелага ад часу срэбра.

– Вось… Бацька казаў, гэта знайшлі, калі будавалі наш дом. Пан Беларэцкі першы ўзяў у рукі рэліквію.

– Ну і ну… Шаснаццатае стагоддзе. Няйначай… І герб, калі я не памыляюся, Друцкіх…

Фалькларыст адкінуў вечка.

– Так, тут мог знаходзіцца камень… Або пярсцёнак… Нешта невялікае і каштоўнае.

Моладзь згрувасцілася, зазіраючы ў куфэрак, унутры якога з чатырох бакоў былі прымацаваныя драты, якія, падобна, мусілі ўтрымліваць у цэнтры нешта невялікае.

– Значыць, карбунул існуе! – ускрыкнула Зося, і водсветы полымя свечкі заскакалі ў яе зялёных вачах, быццам вадзяныя зоркі ў вачах русалкі.

– Я скажу, што было насамрэч… – прагаварыў пан Беларэцкі, крывячы тонкія вусны. – Быў старажытны куфэрачак… І буйная фантазія майго сябра, твайго, Дарота, бацькі, які лічыць, што задача творчага чалавека – ствараць міфы для сваёй радзімы, каб рабіць яе гісторыю цікавай. Нібыта яшчэ адна казка дапаможа вярнуць залаты век…. Які, аднак, быў і залаты, і крывавы, і попельны… Попел менскіх пажарышчаў таксама дадаўся да крыві тае эпохі.

– Калі хочаце ведаць, я сама бачыла, як блішчыць чырвоны камень якраз насупраць віхлы, што там, на беразе, пад мастом… – у голасе Дароты звінела крыўда.

– За гэты час любы камень апынуўся б пад тоўстым слоем твані,– заўважыў Улад.

Але Зося капрызліва ссунула бровы.

– Вось цудоўнае выпрабаванне для якога-небудзь рыцара, які спадзяецца заслужыць любоў сваёй дамы!

Ноя нібы падкінула спружына.

– Я дастану гэты камень!

Улад падняўся няспешна і нібыта лена, але ў ягонай худой паставе адчувалася ўпартая сіла.

– Калі нейкае чырвонае шкельца і ляжыць на дне гэтай рачулкі, яго знайду я.

Дарота прыціснула далоні да вуснаў, з адчаем гледзячы на артыста… А Зося… А Зося раптам рассмяялася – і не было літасці ў яе смеху… Бо не ведае літасці дзяўчо, якое ўпершыню, са здзіўленнем і таемнай радасцю, адчула сваю ўладу над моцнымі мужчынамі.

Цёмныя вочы – Ноя і сінія – Улада сутыкнуліся… Як спрадвеку сустракаліся позіркі двух, якія кахаюць адну… І якія ўпершыню гэта зразумелі.

– Ага, давайце на пошукі, у юнашы, у ноч, у холад і ў дзівосны час дыктатуры пралетарыяту, – насмешны голас пана Беларэцкага прагучаў, як халодная вада на галаву буяша. – А вы, паненка, асцярожней з фантазіямі…– У словах фалькларыста, звернутых да Зосі, адчуваўся метал. – Не з усім на гэтым свеце можна гуляцца. Паверце мне, як старому чалавеку…

Рудавалосая гарэзніца трохі збянтэжылася, нават у святле пахавальных свечак была заўважная чырвань на яе шчоках.

– Падумаеш, а што я такога сказала… Ды не трэба мне той карбункул…

Пан Беларэцкі ўжо не ўсміхаўся.

– Гісторыя ведае выпадкі, калі дастаткова было слова, і гарады патаналі ў крыві… Дарэчы, каб не цноты адной юнай менчанкі, у нашай ратушы не было б і прывіда…

Улад і Ной перасталі свідраваць адзін аднаго позіркамі, сумеліся і нават прыселі, здагадаўшыся, што зараз пачуюць чарговую страшную гісторыю. Абодва стараліся не глядзець на Зосю, толькі Дарота кінула на сяброўку пякучы позірк і задала спакойнае пытанне:

– Але ж, пан Андрусь, у Менску няма ратушы… Яе даўно зруйнавалі.

– Ведаю… – Пан Беларэцкі адкінуўся на крэсле, нібыта рыхтуючыся чытаць доўгую лекцыю. – Зруйнавалі ратушу па асабістым загадзе Мікалая І, каб не нагадвала гораду пра Магдэбургскае права ды былыя вольнасці… Але ж месца, дзе яна стаяла, у часе і прасторы не змяняецца… І захоўвае памяць пра былыя падзеі.

Гісторыя пра Менскую ратушу

А здарылася гісторыя, пра якую я вам распавяду, у авантурным 18-м стагоддзі, як яго вычварна мянуюць, «век плашча ды кінжала»… У беларускім звычаі была шляхецкая шабля. Або шастапёр – булава, якой раструшчвалі на двубоях косткі. Страшнейшая, чым меч, зброя. Бо згодна традыцыі, пакуль не паказвалася дастаткова крыві – гэта значыць, каб Нямігай лілося, – двубой не перапынялі. А ад удару булавы крыві мала. Вось і ўзнікла, так бы мовіць, пакаленне прабітых чарапоў… Аднымі з характарных асобаў эпохі, безумоўна, былі браты Валадковічы, нашыя землякі – адсюль, з Меншчыны. Асабліва даўся ў знакі сучаснікам Міхал – піток, буяш, дуэлянт і аматар жаночага полу… Не дзіва, што ў магната Кароля Радзівіла зрабіўся Валадковіч улюбёным сябрам і таварышам па ігрышчах ды несамавітых выхадках. І ніхто не насмельваўся пярэчыць гэтаму боўдзілу і прапойцу, бо з Радзівіламі вадзіцца – усё роўна што цалавацца з Пацалуйным мостам у Траецкім… І вось напярэдадні Святадухава дня, які завецца ў нас Дзяды, Валадковіч праязджаў праз Менск, пакінуўшы гораду на памяць разгромленую карчомку і трох параненых шляхціцаў-менчукоў. Вечарэла, і коннік спяшаўся выехаць за гарадскія вароты, каб да змрочнага лістападаўскага вечара даехаць да бліжэйшай падарожнай карчмы. Дзесьці напрыканцы Зыбіцкай вуліцы, якраз там, дзе Свіслач робіць пятлю, стаяў каменны двухпавярховы дом з высокімі зялёнымі аканіцамі, якія заўсёды былі зачыненыя. Расказвалі, што калісьці ў гэтым доме жыў купец з прыгожай дачкой. Да дзяўчыны сватаўся бедны шляхціц, і, не ведаю, як ужо акрутна трэба было ўчыніць з тым хлапцом, але напярэдадні яе вяселля з іншым – багатым – адвергнуты кавалер схапіў дзяўчыну ў абдоймы і разам з ёю ўтапіўся. Пасля будынак выкупіў іншы купец, і хаця калядоўшчыкі, валачобнікі, жабракі і мніхі, шчыруючы на вялікія святы, ні разу не атрымалі з гэтага дому і найменшай міласціны, час ад часу з-за зачыненых аканіцаў даносілася музыка і гукі вясёлай бяседы. Паколькі магістрат лічыў, што тут усё ў парадку, ніхто і не думаў соваць нос за суседскі плот… Тым больш дом карыстаўся не вельмі добрай славай.

Дык вось, ехаў Зыбіцкай вуліцай Міхал Валадковіч з двума амантамі-сябрукамі. Шапка набакір, дыяментавы «гуз» ззяе, як поўня, рука ў бок упіраецца, але гатовая вокамгненна ўхапіцца за дзяржальна шаблі – вось яна, найлепшая сяброўка шляхціца, дрэмле ў похвах, як маланка ў хмары, не ўгадаеш, не ўпільнуеш, калі зблісне прагай крыві. Калі ў доме з зялёнымі аканіцамі расчынілася акно, рука пана Міхала дакранулася да дзяржальна, але тут жа пацягнулася да шапкі – пачціва прывітацца, як і належыць шляхціцу… Бо з вакна глядзела на Міхала самая прыгожая жанчына з усіх, якіх ён калі-небудзь бачыў… А бачыў ён усялякіх прыгажунь – і ў Варшаве, і ў Вільні, і ў Нясвіжы… У апошніх промнях вечаровага сонца бледны твар незнаёмкі свяціўся, як снег. Зялёныя вочы насмешна пазіралі з-пад тонкіх, выгнутых, як абрысы крылаў чаіцы, броваў, і замест напудранага парыка галаву панны вянчала ўкладзеная каронай чорная каса. І сукенка была чорная, з дарагога тонкага аксаміту. Паненка, не хаваючыся, пільна разглядала рыцара, з чаго той выснаваў, што райская птушачка ляціць проста ў сіло. Пан Міхал ужо трымаў у роце, як перліну, першае галантнае слова, але прыгажуня гучна вымавіла с неверагоднай насмешкай:

– Страхаморца!

Што азначала не больш, не менш, як баязлівец. І зачыніла акно.

Пан Валадковіч нейкі час выяўляў з сябе хвашчоўскага ёлупа, не ў змозе ўцяміць абразу. Яго – яго! – назваць баязліўцам! І хто? Белагаловая! (так, спадарства, у Вялікім Княстве называлі ўсіх кабетаў, нават з такімі чорнымі валасамі, як у дзёрзкай незнаёмкі з вуліцы Зыбіцкай). У абразы былі сведкі – два аманты Валадковіча з некаторай трывогай чакалі, у які «няіставы» ўчынак выплюхнецца ягоны гнеў. Першае, што зрабіў пан Міхал – пачаў з лаянкай калаціць у вароты злашчаснага дому. Але за высокім, абабітым жалезнымі палосамі, плотам не было ані гуку, ані руху. Дом стаіўся, нібыта ў ім валадарыў пыл. Дый што паробіш, калі і адчынілі б – на двубой выклікаць дурную кабету? У вачах Валадковіча яшчэ свяціўся яе па-незямному прыўкрасны твар, і голас – як звон дамаскага ляза…

Пачынала цямнець, і пан Міхал паддаўся на ўгаворы і адправіўся прэч з праклятага гораду… Але прага помсты кроіла ягонае сэрца. Калі не можа ён узяць уладу над прыгажуняй, возьме разам з ейным горадам! Не адгародзіцца ніякімі платамі.

І вось жаўнеры сардэчнага Міхалава сябра Караля Радзівіла ў Менскай ратушы, у зале, дзе сабраўся магістрат… І паны радцы, стойваючы гнеў, прымаюць «баламута» Валадковіча ў кіраўніцтва горадам…

Дунін-Марцінкевіч не дарэмна пісаў, што Менск наш скрозь весяленькі… Дадаў Міхал Валадковіч весялосці нашаму месту. Ніхто не адчуваў сябе абароненым – ні прыгожая паненка, ні пан суддзя, ні нават ксёндз у касцёле… Не тое, што мужыку ці мешчуку, але і шляхціцу мог загадаць на месцы сто і адну нагайку ўсыпаць – норма такая ў Валадковіча была… Ксяндзу Аблачынскаму адпомсціўся за тое, што той выкрываў у Марыінскім ягонае п’янства – прывёў падчас імшы на плошчу цыганоў з медзвядзямі ды малпамі, ды выкаціў бочку віна… Вось табе і казань атрымалася – як піша Крашэўскі, «нешта звінела, бубнела, мэкала, трубіла, пішчэла, смяялася самымі нязвычнымі галасамі». Не баяўся пан Валадковіч нікога, нават Госпада… Аднойчы секануў мечам па стале, за якім засядаў менскі суд, ды распяцце рассек… Мніхі-дамініканцы на пахаванне ішлі – насілкі адабраў, музыкам загадаў граць пахавальны марш, а сам ішоў і спяваў… Але гучней за цыганскія спевы і барабаны гучэў у ягоных вушах пагардлівы голас: «Страхаморца!» Вядома, шукаў Валадковіч тую прыгажуню… І не ведаў, што яму больш прынесла б задавальнення – збіць яе альбо абняць? Яна ж дакладна тут, у горадзе… То на імшы ў прытворы на імгненне свяціўся яе бледны твар, то ейны сыльвэт мільгаў за вакном ратушы… Валадковіч кідаўся – але ніколі не мог яе дагнаць. Нічога, калі назірае – значыць, неабыякавая… Няхай пэўніцца, што нічога на свеце не баіцца Валадковіч. Таму, калі пана Міхала ў чарговы раз паклікалі на суд у ратушу, а дабразычліўцы паслалі папярэдзіць – радцы згаварыліся асудзіць на горла, да смерці, Валадковіч не захацеў уцякаць, не схацеў нават папярэдзіць свайго магутнага апекуна… Ён прыйшоў на суд, і паводзіўся яшчэ больш буйна, і мільгацелі за спінай стрывожанага натоўпу зялёныя вочы… Калі буяша скруцілі і прыкавалі ланцугамі да сцяны ў скляпенні ратушы, ён лаяўся і жартаваў… І ў нянавісці суддзяў меўся дамешак страху, як у старым віне – корсткі прысмак дубовай драўніны, з якой была зробленая бочка… Нават калі прыйшоў той самы ксёндз Аблачынскі, каб паспавядаць асуджанага перад смерцю – той не пажадаў каяцца, страшэнна лаяўся і блюзнерыў, нібыта лічыў усё, што адбываецца, дурным жартам. На нейкі час злачынцу пакінулі аднаго. І тады да яго прыйшла Яна… У цёмнай сукенцы, з укладзенымі на галаве чорнымі косамі, быццам карона царыцы ночы, і з такімі дзёрзкімі зялёнымі вачыма, што Валадковіч, можа, упершыню ў жыцці адчуў, як сэрца слабне ад чужога пагляду… Яна падышла блізка-блізка, угледзелася ў твар палоннага і ціха, заспакоена прамовіла:

– Ну вось, і скончыліся твае страхі. Цяпер ты будзеш маім.

Валадковіч забыўся нават на тое, каб запярэчыць, што ён не ведае страху, ірвануўся ў ланцугах, каб абняць прыгажуню, яе косы ўпалі ўніз, самі распляліся чорнымі хвалямі, у іх мільганулі зялёныя стужкі… Ці сцябліны? Вусны наблізіліся да вуснаў… Якая яна халодная… Як зімовая вада. Вочы, у якія апантана зазіраў Валадковіч, пачалі глыбець, як віры, і ператварыліся ў прагалы… Цёмныя, як раскапаная магіла. Пах вярбены змяніўся пахам рачной цвілі… І рыцар нема закрычаў, бо гэта было страшней за смерць.

Тыя, хто прыйшоў расстрэльваць адчайнага шляхцюка, расказвалі, што ён чамусьці быў увесь мокры – нібыта на яго лінулі вадой з вядра… І нібыта ўзрадваўся прыходу катаў… І смяяўся, нават калі першая куля патрапіла ў ягоныя грудзі.

Ніякай жанчыны ў сутарэннях, дзе адбыўся патаемны і хуткі расстрэл, вядома, ніхто не ўбачыў. Пасля пачалі расказваць, што дух пана Міхала адправіўся на вышэйшы суд нераскаяным і не можа пакінуць зямлі… І ягоны прывід сумна паглядаў з вокнаў ратушы цягам стагоддзяў… І калі тую ратушу нашыя нашчадкі адбудуюць – ён зноў будзе там.

Назад Дальше