Па той бок - Акулич Дмитрий 3 стр.


– Так! Усё, што ты можаш цяпер, гэта дапамагчы мне несці рэчы, – сказаў я і аддаў заплечнік робату.

Штурмавую вінтоўку я вырашыў пакінуць у сябе – так было спакайней.

Гарызонт плавіўся, дрыжаў. Мае ногі трохі патаналі ў пяску, з-за гэтага было цяжка ісці. Сонца пякло ў галаву. Пот імкліва сцякаў па ўсім целе. Я зняў верхнюю частку свайго касцюма, накінуў яго на галаву, тым самым схаваўся ад сонца. Напалову агаліў цела.

Здавалася, што мы ішлі вельмі павольна, нібы цэлую вечнасць. Сонца, абагнаўшы нас, цяпер апынулася наперадзе і свяціла мне прама ў вочы. Затым яно стала патроху хавацца ў нейкіх прадметах. Мільгала, падморгвала мне сваімі асляпляльнымі прамянямі. Адразу і не разабраць, што там наперадзе. На вялікім цёплым крузе сталі праглядацца нейкія цені і, чым бліжэй мы да іх падыходзілі, тым больш іх станавілася.

Толькі да заходу мы дабраліся да гэтых ценяў. Гэта былі закінутыя будынкі. Высокія пабудовы, напалову сыходзілі ў пясок. Іх было з дзесятак такіх, можа больш: шэрыя, паўразбураныя будынкі. Вельмі шмат руінаў, бетонных пліт ад ня ацалелых высотак. Мёртвы горад. Мы хадзілі тут як па лабірынце. Шукалі добрае месца для начлегу. Былі ўжо прыцемкі, калі мы зазірнулі ў першы высокі будынак. На першы погляд, старыя сцены былі моцнымі, ніякіх цэлых вокнаў і дзвярэй няма. Унутры ляжаў сухі пустынны пясок. Паўразбураная лесвіца вяла ўверх да іншых паверхаў. Каля яе быў ліфт, дзверы якога былі адчыненыя. Я пабаяўся туды зазірнуць. І, забраўшы свой заплечнік у робата, я адышоў ад яго. А вось робат паглядзеў уніз, пасвяціў ліхтарыкам і адышоў.

– Што там унізе? Пясок? – спытаў я.

– Цемра. Якая глыбока сыходзіць уніз. – адказаў робат.

Ад гэтага мне станавілася неспакойна, нейкія страхі і перажыванні ахуталі мяне.

Пасля таго, што было ззаду нашага шляху, я стаў сцерагчыся падобных месцаў. Цяпер я быў гатовы да новых небяспек. Напэўна, я стаў сам сабе прыдумляць страхі і ад таго не мог расслабіцца. Магчыма, тут ёсць нехта яшчэ.

Мы падняліся па лесвіцы на паверх вышэй. Прайшлі крыху далей, углыб шырокага памяшкання. Тут я знайшоў прыемны для сябе куток.

Зняў павязку з твару, якая хавала мой нос і рот. Тканіна была трохі жоўтай, пакрылася маленькімі пясчынкамі гэтай пустыні. Тут жа, у будынку, дыхаць было свабодна і лёгка.

Стала хутка цямнець. За нашымі сценамі адразу ж тэмпература падала. Пабудова, як і ўся пустыня, павольна астывала. Я працёр вочы, пачухаў ямачку на барадзе, а затым надзеў на сябе верхнюю частку касцюма. Узяў заплечнік і паклаў яго побач з вінтоўкай, каля сябе. Павячэраў: з'еўшы палову сухога батончыка з зерняў, выціснуўшы трохі мяса з цюбіка, запіў гэта вадой. Запасы ежы канчаліся, даводзілася эканоміць.

Тым часам робат стаяў ля вялікага праёму для акна, глядзеў удалячынь. Я прапанаваў яму сесці побач са мной. Ён паглядзеў на мяне і ахвотна пагадзіўся. Прысеў таксама, спіной абапіраючыся на сцяну. Я паглядзеў у яго бяздушныя вочы і раптам успомніў, як лавіў на сабе гэты погляд раней. Успомніў яго ў смутных белых танах, здаецца, ён мне тады перавязваў рану на галаве. І гэтыя словы аб аказанні дапамогі… Так, так…гэтыя вочы дакладна глядзелі на мяне тады, гэтак жа, як цяпер.

Успаміны пачалі вяртацца. Да чаго ж добра мне было даведацца, што мая памяць не зусім страчана. Я ўсміхнуўся, нягледзячы на ўсе праблемы нашага шляху.

Мяне хіліла ў сон. У пустэльным пакоі я прылёг на яшчэ цёплы пясок для таго, каб паспаць. Заўтра сілы яшчэ як спатрэбяцца. Прайшло толькі некалькі хвілін роздумаў, як я імгненна заснуў.

З чорнай шахты ліфта сталі даносіцца галасы і рыпенні. З яе пачалі выпаўзаць выродлівыя светла-шэрыя кібаргі, паўлюдзі-паўробаты. Яны былі аблітыя цёмна чырвонай вадкасцю. Кроў сцякала па іх метале, па іх чалавечай плоці і вялікімі, вязкімі кроплямі падала на халодны сыпкі пясок. Целы іх былі з адарванымі часткамі і элементамі, якія адсутнічалі. Як мерцвякі, яны быццам ажывалі і накіроўваліся ў наш бок. Пад намі, паверхам ніжэй, яны кішаць сотнямі. Я ўзяў штурмавую вінтоўку, перазарадзіў яе. У жаху трымаў дрыготкімі рукамі зброю. Мой спадарожнік, робат, свяціў ліхтарыкам у бок, адкуль даносіліся гукі. Затым, з дзвярнога праёму паказаліся некалькі зласлівых, упартых кібаргаў. Яны зірнулі на нас ярка зялёнымі вачыма і накіраваліся да нас. Я страляў як мага часцей. Гільзы выляталі імгненна. А гэтых мерцвякоў станавілася ўсё больш. Яны шчыльней прыціскалі мяне да сцяны. Смерць падыходзіла ўсё бліжэй і бліжэй. Крывавыя кібаргі лавінай накінуліся на мяне.

У гэты момант я прачнуўся!

Не паспеўшы апамятацца, я схапіў вінтоўку і стрэліў з яе ў шэрую сцяну. Сэрца вырывалася з маіх грудзей, я адчуваў страх і безабароннасць свайго становішча. У жаху, цяжка дыхаючы, я працягваў глядзець на дзвярны праём. Робат падбег да мяне і працягнуў руку, унутраная частка далоні глядзела на мяне, выцягнуўшы пальцы ўверх. Гэтым жэстам робат хацеў спыніць мяне.

– Вы ў бяспецы! Вам нічога не пагражае! – выцягнуўшы руку, Ф-11 паўтарыў мне гэтыя словы некалькі разоў.

Я апусціў вінтоўку. Пацёр вочы і пакруціў галавою, агледзеўся. Нікога і нічога пужлівага вакол нас я не бачыў. Паступова я стаў супакойвацца.

– Усё прайшло, гэта ўсяго толькі сон, – ціха сказаў сабе я.

Пасля чаго падняўся, атросся ад пяску і павярнуўся да святла. Маё цела пасля ночы пахаладзела. Праз праём вакна было прыкметна, як мёртва стаялі халодныя будынкі. Мой погляд слізгаў па цёмных плямам іх сцен. Я задумаўся. Адразу ж у галаву палезлі секундныя ўрыўкі жудаснага сну. Я ледзь не прамок. Паміргаў і цяпер стаў глядзець на яркія верхнія паверхі будынкаў. Прамяні сонца ўжо краналіся іх вяршыняў. Выгляд быў прыгожым і тужлівым.

Так пачынаўся новы дзень.

Нахіліўшыся да заплечніка, я дастаў з яго напалову з'едзены батончык сухіх пладоў, раслін, разгарнуў этыкетку і адчуў гэты салодка-кіслы густ. Зрабіў пару глыткоў чыстай вады з жалезнай бутэлькі. Такі быў мой сняданак. Я гатовы быў зноў рухацца наперад.

Мы спусціліся, выйшлі з будынка, вярнуліся зноў на дробны белы пясок. На другім будынку насупраць я заўважыў надпіс: «смерць СКР». Даволі вялікі надпіс, паміж першым і другім паверхам, на ўсю сцяну. Я спыніўся, а робат, не азіраючыся, працягваў ісці. Я пакратаў пальцамі літары на грудзях сваёй формы, зірнуў на іх. Я з СКР! Трохі занепакоена паглядзеў на робата. Бо менавіта СКР стварыла Ф-11. І носячы форму гэтай карпарацыі, я відавочна частка гэтага ўсяго. Нейкае дрэннае прадчуванне стала трывожыць мяне. Я яшчэ быў сонным і лянівым, каб разбірацца з гэтым. І з задуменным выглядам рушыў з месца, стаў даганяць робата.

Першыя хвіліны ісці было даволі лёгка. Наш шлях быў вольны ад абломкаў. Пад нашымі нагамі знаходзіўся толькі халаднаваты пясок. На шчасце, сонца яшчэ не паспела сагрэць усё ў акрузе. Яно было не занадта высока і таму ценяў было дастаткова шмат, каб бадзёра праходзіць гэты горад. Мы ішлі па вуліцы, так як справа і злева ў шэраг выстраіліся высокія будынкі. Пару верхніх паверхаў і дахі толькі суправаджалі нас. Яны былі выдатна захаваныя, нават шэраг сцен меў зашклёныя пыльныя вокны. Аднак усё добрае калі-небудзь заканчваецца. Так здарылася і з намі. Вуліца скончылася. Цяпер нам трэба было прайсці праз мноства руін.

Куды ісці, у якім напрамку, мне было невядома. Хоць я заўсёды памятаў пра маленькую карту ў кішэні, але ленаваўся зазірнуць у яе і разабрацца. Навошта гэта трэба, калі Ф-11 дакладна ведаў, куды нам ісці. Ён кіраваўся сваёй навігацыйнай сістэмай і па-ранейшаму ішоў наперадзе, я ішоў за ім і часам з трывогай азіраўся назад, быццам адчуваў, што за намі хтосьці сочыць. Праходзілі праз горы разбітага бетону. Яны былі складзеныя так, што ўтваралі тунэлі, можна было прайсці скрозь іх. А калі яны скончыліся, то мы ішлі па паверхні сухога пяску і па кавалках бетону, з якога тырчалі жалезныя пруты. Мне было маральна цяжка падарожнічаць, але даводзілася цярпець.

Таксама, мы прайшлі праз будынак, які ляжаў разбураным, дзе я заўважыў яшчэ адзін надпіс: «Іх свет знікне. Нашы ворагі загінуць».

– Эй, Ф-11?! Ты не казаў пра вайну, пра ворагаў. Не згадваў нічога такога. Што за ворагі? Ты паглядзі на надпіс. Эй?! Ня маўчы! Ці ты нешта ўтойваеш? – спытаў я.

Робат працягваў упэўнена ісці наперад. Маўчаў, быццам зусім не чуў мяне, хоць я знаходзіўся ў пару метрах ад яго.

– Я з табой размаўляю! Ты мяне чуеш? – я зноў звярнуўся да робата. – Ты бачыў той надпіс?..

Робат, крыху счакаўшы, усё ж адказаў.

– Я чую вас. Я шукаў адказ у сваёй памяці. Ніякай вайны не было, у маёй памяці яе няма. Надпісы, мабыць, маюць нейкі іншы сэнс. Магчыма, яны былі зробленыя вельмі даўно і носяць выключна самотны характар. – прамовіў робат.

Ф-11, калі адказваў, не абарочваўся да мяне і не збаўляў крок.

Шчыра кажучы, я засумняваўся ў яго словах. Нейкае пачуццё ўнутры мяне прымушала сумнявацца ў ім. Складвалася такое адчуванне, што Ф-11 нешта не дагаворвае, нешта хавае. Хм… Якая хітрая гэтая штука – робат! Працягваць пытацца ў яго аб надпісах або аб чымсьці іншым я не стаў, мне стала неспакойна. Хоць я і давяраў яму ў многіх нашых прыгодах, тут жа я ўсумніўся.

Мы падоўгу блукалі па гэтых гарадскіх развалінах. Лёгка праходзілі па пустынных доўгіх калідорах, дзе я супакойваў сваё дыханне. А часам, даводзілася ўзбірацца на кучу бетону і спускацца, імкнучыся не параніцца.

– Руіны заканчваюцца! – сказаў і павярнуўся да мяне робат. – Паслухайце, за гэтымі ацалелымі будынкамі нас чакае пустыня.

Ф-11 паказваў пальцам на будынкі, што знаходзіліся ад нас на адлегласці, дзесьці за сто метраў. Робат бачыў маю стомленасць. Я цяжка дыхаў, твар пакрываўся буйнымі празрыстымі кроплямі поту. Таму, калі ж мы дайшлі да апошняга шматпавярховага будынка, я прысеў у ценявой часткі і абапёрся спіной аб халодную шэрую сцяну. Я дастаў новую прастакутную тканіну з аптэчкі для таго, каб прыкрыць нос і рот ад пясчынак пустыні, што лёталі па ветры. Бо цяпер, нас чакала ўсё тая ж цяжкая беласнежная пустыня.

Пасля невялічкага прывалу я ляніва ўстаў. Зрабіўшы спробу адысці ад будынка, я заўважыў, што пад маімі нагамі з пяску праглядаюцца нейкія косткі. Тады я нагой злёгку капнуў перад сабой пясок, спачатку носам абутку, а затым пяткай. Робат маўчаў і назіраў за тым, што я раблю. На пяску, сеяным дробнымі каменьчыкамі, ляжалі тры вялікія косткі і парачка крыху меншых. Я імгненна паглядзеў на робата і вярнуў свой погляд назад.

– Што тут такое?! – вымавіў я.

Зрабіўшы пару крокаў назад, неакуратна стаў, трохі сагнуўшы ногі ў каленях, ледзь было не паваліўся на пясок. Пад маёй ступнёй ляжаў белы чалавечы чэрап.

– Што тут адбылося? Яны паўсюль! – казаў я, азіраючыся па баках.

Ад апошніх будынкаў і ў бок пустыні ляжала вельмі шмат чалавечых костак. Рэбры, доўгія і кароткія, хрыбетнікі і розных памераў чэрапа. Дарослыя і дзеці…

Але чаму яны тут ляжаць, чаму іх тут так шмат? Я думаў толькі аб дрэнным. Можа іх забіў СКР? Я ніяк не мог забыцца пра ўбачаныя надпісы.

Яшчэ трохі агледзеўшыся, я так і не ўбачыў яснасці. Ф-11 не адчуваў тых жа пачуццяў, што і я, і таму працягнуў мне руку і сказаў:

– Нам пара ісці.

– Ты нічога не хочаш мне расказаць пра гэта? Паглядзі, колькі тут загінула людзей! – сказаў я.

– Я нічога не ведаю аб гэтым месцы. Нам пара. Калі ласка, хадзем, – адказаў робат.

Калі Ф-11 казаў гэтыя словы, я ў апошні раз зірнуў на парэшткі. Я заўважыў, як вецер размывае пясок на маленькім чэрапе, які ляжыць з іншымі косткамі. У гэтым чэрапе была адтуліна ў вобласці ілба. Вось яна, адна здагадка таго, што адбывалася – людзей застрэлілі.

Сумна станавілася на душы. Таямніча і страшна. Цяжка змірыцца з гэтым, мяне мучылі розныя пытанні.

Я не стаў больш гаварыць з робатам. Мы ішлі далей. Ісці з Ф-11 было непрыемна: ён нічога не распавядаў, ішоў імкліва па нашым шляху і толькі зрэдку мог сказаць пару слоў.

Белы, нібы люстэркавы, гарызонт разаслаўся вакол нас. Здавалася, што гэтай пустыні няма канца. Другі дзень яна праплывае ў мяне перад вачыма. Куды ні паглядзі – усюды яна.

Пакуль я цяжка ішоў па гэтай хвалістай паверхні, я напружваў галаву, хацеў нешта ўспомніць пра свой дом, пра сябе. Пуста ў маёй галаве. Як мяне завуць? Можа Ігар або Максім … Пару імёнаў я ведаў, круціў у памяці. Але як клічуць мяне на самай справе? Толькі пра гэта я думаў. Горка капаўся ў сабе. Я хацеў было ўжо здацца, як з маёй памяці нешта прачнулася. Так! Я дакладна ўспомніў нешта новае. Гэты момант відавочна адбываўся ў маім жыцці. Падобная пустка вакол мяне, таксама смажыла сонца. Побач са мной быў мой бацька. Тады я быў яшчэ дзіцём, і ён вазіў мяне далёка за горад, у невялікую пустыню, дзе дрэў не было, была толькі жоўтая, высахлая трава, што схілілася да зямлі. Памятаю тое месца, адкуль нам быў бачны вялікі горад, над якім лётала з дзясятак касмічных караблёў. Бацька вучыў мяне стральбе. Расстаўляў усялякія знакі, вучыў мяне цэліцца і распавядаў аб зброі. Дапамагаў трымаць пісталет, разбіраць яго. Гадоў дваццаць таму гэта было… Так, гэта мой успамін. Вайсковец, навуковец-інжынер, жорсткі і рашучы – такім я памятаю бацьку. Мне тады не падабалася быць салдатам, я жадаў больш утульную абстаноўку. Але з-за страху я не мог пра гэта сказаць свайму бацьку і моўчкі выконваў яго загады. Ён радаваўся, што я праводзіў з ім час. І раздражняўся, калі ў мяне не атрымлівалася нешта зрабіць. Бацька нават не здагадваўся, як мне брыдка страляць і бегчы ад сваіх захапленняў.

Мацней забілася маё сэрца, узрадавалася і засмуцілася ўслед.

Наперадзе, на кучу пяску ўзбіраўся Ф-11, я ішоў следам за ім. Узбіраючыся на вяршыню насыпу, я працягваў блукаць у памяці, шукаў сваё новае або, хутчэй, сваё мінулае. Падняўшыся на вяршыню, я спыніўся, паглядзеў уніз. У мігценні цяпла, на гарызонце, стаяла адзінокая пабудова. Я не адразу звярнуў сваю ўвагу, але спыніўшы погляд на ёй, я разгледзеў бел-чорны маяк. Большая частка яго знаходзілася над зямлёй. Вельмі хацелася падысці да яго бліжэй і схавацца ў яго цені.

Злева падзьмуў лёгкі ветрык, які падарыў мне трохі прахалоды. Прыемны холад ахапіў усё цела. Я павярнуўся да яго тварам, каб яшчэ больш паддацца яго ўплыву. Мне захацелася птушкай узляцець і паляцець у неба. Вецер дарыў свабоду. Здавалася ўсё не так дрэнна. Але на бяду, у наш бок набліжалася пясчаная бура. Сцяна святла і цемры. Пясок круціўся ў патоку вялікага ветру. Велізарная бура, у якой вышыню ці шырыню адразу і не вызначыш. Тым часам, робат спакойна спускаўся з выдмы ўніз, ад цяжару слізгаў па ёй.

– Паглядзі! Бура! Ты не казаў, што тут ёсць буры! – гучна крыкнуў я, прыбраўшы тканіну з рота.

Робат ужо спусціўся і стаяў на роўным месцы. Ён моўчкі паглядзеў на мяне.

– Туды паглядзі! – я хутка спускаўся да яго, паказваючы рукой на высокую сцяну пылу і ўсё таксама крычаў у яго бок. – Паглядзі!

– Прабачце мяне за няўважлівасць, – штучна сказаў робат. – Нам варта схавацца ў той пабудове! – паказаў ён на маяк.

– А мы паспеем дабегчы? – спытаў я.

– Калі не будзем стаяць на месцы і весці дыялог, то па маіх падліках паспеем!

Гэта сапсавала мне спрэс увесь настрой. Цяпер нам трэба было бегчы ў бок маяка. А мне імчацца што ёсць сілы.

Пры хадзе мае ногі добра грузлі ў пяску, а калі я пабег, з-за хуткага перамяшчэння мне ўдавалася хутка падымаць ступні, перш чым яны цалкам схаваюцца ў пяску. Я бег цяжка. Пасля адкінуў тканіну, якая закрывала нос і рот. Задыхаў поўнымі грудзьмі. Стаў больш актыўна размахваць двума рукамі. І бегчы стала значна лягчэй. Хай дробныя пясчынкі і спрабавалі ўскладніць маё дыханне, але я амаль не заўважаў іх. Страшней было не паспець схавацца ад буры.

Вялікая сцяна пылу не рассейвалася, а наадварот, станавілася яшчэ магутней і мацней. Белыя віхры хутка набліжаліся да нас. Здавалася, быццам бура расцягнулася ад самага неба да паверхні зямлі, і цягнулася ад усяго боку левага краю. Вецер каля нас узмацняўся, дробныя пясчынкі сталі падымацца значна вышэй, іх станавілася ўсё больш. Біліся прама аб маё цела. І тут я стаў закрываць далонню ніжнюю частку твару.

Назад Дальше