Уладзімір КараткевічКАЛАСЫ ПАД СЯРПОМ ТВАІМ
. . .
Маці сваёй прысвячаю
.
. . .
У рукі галодных беднякоў аддасі ты ворагаў усіх краін, у рукі схіленых да прахукаб прынізіць магутных людзей розных народаў.
Кумранскі «Світак Вайны»
Кніга першаяВЫЙСЦЕ КРЫНІЦ
. . .
Увечары вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырвана.
А ўраннi: сёння непагадзь, бо неба пахмурнае.
Крывадушнiкi!
Аблiчча неба распазнаць умееце, а знаменiй часу не можаце?
Мацея, XVI
I
Груша цвiла апошнi год.
Усе галiны яе, усе вялiкiя расохi, да апошняга пруцiка, былi ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Яна кiпела, млела i раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы i распасцiрала ў яго ззяннi маленькiя, кволыя пальцы новых парасткаў. I была яна такая магутная i свежая, так утрапёна спрачалiся ў яе ружовым раi пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу i не будзе канца.
I, аднак, надыходзiла яе апошняя часiна.
Дняпро падбiраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнiк. У вечным сваiм iмкненнi скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусiм блiзка да яго, руйнаваў адхоны, зносiў, каб пасадзiць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкi берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлi. Потым адступаў, да наступнай вясны, i трава лiтасцiва спяшалася залячыць раны, нанeсеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў i з часам абкружыў грушу амаль з усiх бакоў.
За грушай канчаўся Кагутоў надзел. Год сорак таму назад стаяла яшчэ за дрэвам чорная лазня. Але ў адну з начэй, зусiм знянацку, Дняпро ўхапiў яенават бервяна не паспелi вылавiць. Так, пэўна, i сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе напаўгалодныя мяшчане i трэскi не прапускалi.
Новую лазню стары Данiла Кагут вывеў сажняў за сто ад берага, куды вышэй за ўласную хату. Нявесткi скардзiлiся: пакуль нацягаеш вадырукi адвальваюцца. Данiла слухаў iх i бурчаў у ласкава-з'едлівыя, залацiстыя тады яшчэ вусы:
Абы мой вацок з грашыма не адвалiўся. Рукне купляць
І гнаў сыноў, каб памаглi бабам прынесцi балеi дзве-тры.
Новая лазня з часам стала занадта раскошнай для Кагутовай радзiны. Сыны па дурным новым звычаi аддзялiлiся, з бацькам застаўся толькi старэйшы, Мiхал, з жонкаю ды шасцёра iхнiх дзяцей: пяць сыноў i дачка-мезенiца. Пойдуць сем «мужыкоў» у першую пару, дык месцахоць сабак ганяй, i ад гэтай прасторы халодна.
I ўсё ж старой лазнi нiхто не шкадаваў. Разам з лазняй сплыла чорная гiсторыя.
Было гэта праз некалькi год пасля таго, як Прыдняпроўе адпала ад «Кароны». Данiла быў тады яшчэ падлетак, адзiны сын у бацькi, адзiны ўнук у дзеда. Як насланнё нейкае было. За тры пакаленнi халера двойчы выкасiла Азярышча. Кагутам пашанцавала. Хоць па адным мужыку засталося на завод.
Астатнiя паўмiралi. Не памагло i тое, што Раман, Данiлаў дзед, лiчыўся ведзьмаком. I ён нiчога не мог зрабiць, пэўна таму, што справа была новая. Нават самыя старыя не чулi ад дзядоў пра халеру.
Хто не ўцёк у лестым было дрэнна. А Раману з сынам, Маркам, не дазволiў уцячы пан. Даў стрэльбу i загадаў застацца у пустой вёсцы, каб не парабавалi сялянскага набытку лiхiя людзi. Стрэльбы, бадай, i не варта было даваць. Ад халеры стрэльбай не адаб'ешся, а лiхiя людзi баялiся Рамана з яго славай горш як стрэльбы.
Пэўна, Раман не быў бы Раманам, каб не знайшоў сродак. Ён i адпаiў сына рэзкiм бярозавым квасам. Не аддаў смерцi. Але астатнiх не паспеў.
Халера сышла. Забылi i пра яе. Аў Кагутовай хаце так i жылi стары, вялiкi ды малы.
I вось тут i здарылася. У адну з цёмных лiстападаўскiх начэй Марка забiў бацьку ў лазнi. Запароў старога вiламi.
Акiм Загорскi, стары азярышчанскi пан, пачуўшы, за галаву схапiўся. Чаго ж тады чакаць ад чалавека, калi ён на забойства бацькi iдзе? Што ж гэта робiцца? Цi бiблейскiя часы вяртаюцца, цi апошнiя надыходзяць? А як ён дваццаць год нязменна хадзiў у ганаровых суддзях, i да раздзелу i пасля, у губернскiм земскiм судзе, то намерыўся ўпячы злачынцу, адкуль i крумкач костак не прыносiў, балазе цяпер абшары былі нямераныя i нават Сiбiр сваёю была. Схапiлi Маркудобра? У ланцугах ёндобра! Хутчэй яго, вылюдка, у Сухадол, на судовую сесiю.
А потым узяў Акiма роздум. I не тое каб пан цяпер апраўдаў забойцу. Ён задумваўся: як магло здарыцца, якая выгада была пайсцi на такое любаму, ад смерцi бацькам уратаванаму, сыну, адзiнаму спадкаемцу? I, галоўнае, здзiўляла Загорскага тое, што нiхто з аднавяскоўцаў i словам, i мiргам нават не асудзiў Марку. Быццам так i трэба было.
Акiм Загорскi ведаў сiлу абставiн. I ведаў: да самай глыбiнi чалавечай душы i таго, што прымусiла яе зрабiць тое цi iншае, не дакапаецца нiколi нiводзiн суд. Не на тое людзi суды выдумалi. Судгэта расправа. I гаспадары кожнага суда хочуць толькі, каб расправа была хуткая i не вельмi дарагая.
I таму ён аднойчы ноччу з'явiўся у вязнiцу скасаванага за непатрэбнасцю замка. Замак быў двухпавярховы, з сутарэннямi. У вежах новая ўлада размясцiла правiянцкiя склады, а сутарэннi так i заеталiся вязнiцай.
Думаў Акiм Загорскi, што пабачыць слiмака, раздушанага цяжарам уласнай вiны, а ўбачыў чалавека, якi нават не хавае вачэй.
Можа, не твая правiна? сумеўся Загорскi. Можа, нехта другi?..
Мая правiна, сказаў Марка. Мая рука зрабiла, мне i адказваць.
Дык што ж ты тады святым прыкiдваешся?! ускiпеў пан. У сабакi вочы пазычыў?!
Вы не крычыце на мяне, зусiм не па-мужыцку, з гонарам, сказаў закуты. Нада мною зямнога суда няма. Мяне апраметная чакае. Я душу сваю навек загубiў, i мне ўжо з агню нiколi не выйсцi
Загорскi так нiчога i не дабiўся, пайшоў. I пачаў распытваць у другiх, пераважна ў сваiх жа азярышчанскiх сялян. Доўга нiчога не мог даведацца, пакуль адна старая не расказала. У Акiма валасы ўсталi дыбарам.
Нездарма нябожчыка Рамана лiчылi за ведзьмака. Сам Акiм Загорскi такому глупству, вядома, не верыў, але яны, яны ж усё верылi. Ды i як было не верыць, калi Раман лячыў травамі скурапею i скулы, упраўляў звiхi, выводзiў цяменнiк, браў на рукi дзяцей з пярэпалахам i глядзеў iм у вочы, i дзецям адразу рабiлася лягчэй.
А такiя справы без нячыстай сiлы, вядома, не робяцца. I кожнаму нават самаму разумнаму варажбiту, нават таму, хто не ўжываў сваёй сiлы на злое, даводзiцца пасля смерцi расплачвацца.
Прыходзiць такi час, і вядзьмак павiнен залезцi у падпечча, лепей за ўсё ў лазнi. I менавiта так аддаць д'яблу душу. Там i павiнен быў Раман зводзiць з д'яблам апошнюю рахубу. I побач з iм абавязкова мусiў быць сын.
Яны i пайшлi ў лазню ўдвух, калi стары адчуў наблiжэнне смерцi.
Стары залез у падпечча i доўгi час гаварыў нешта. Мо ўспамiнаў жыццё, а мо трызнiў. Потым апрытомнеў i працягнуў руку, каб сын дапамог яму выбрацца. I вось тут настала самая страшная хвiлiна. Усiм вядома, калi сын возьме бацькаву рукууся вядзьмарская сiла пяройдзе да яго. А з сiлаюсмерць у падпеччы i тое, што пасля яе. Марка ведаў: ён не можа гэтага. Супраць гэтага было жыццё i словы, якiя ён кожную нядзелю чуў у царкве. Каб жа гэта яшчэ ратавала ад пекла душу старога. Але тэта не ратавала, гэта толькi абяцала пекла яшчэ i яму, Марку, не сёння, дык праз колькi год.
I ён не ўзяў рукi, хоць i ведаў, калi не возьме, бацька будзе пакутаваць у падпеччы асаблiва доўга: ноч, дзве, магчыма, нават тры.
Ён сядзеў над старым амаль да ранiцы. I той увесь час стагнаў i ўсё часцей i часцей пачынаў нема крычаць. А Марка сядзеў над iм i плакаў ад жалю.
Перад свiтаннем ён устаў. Ен вырашыў. Вядома, тое, што ён хацеў зрабiць, пагражала яму, Марку, апраметнай i вечнымі пакутамi, але ж за адну хвiлiну рабiла бацькаву душу вольнай ад кiпцюроў нячыстага.
Усе ведалi, што пакутнiцкая смерць, ды яшчэ ад рукi блiзкага, адразу нiшчыць уладу цёмнай сiлы. А хто ж блiжэй Раману, як не ён? Няпiсаны закон загадвае яму даканаць бацьку, каб той не пакутаваў тут i не пакутаваў там. Што ж, ён зробiць гэта. I няхай будзе кепска яму. Марку застанецца радасць, што бацьку добра, i гордасць, што ён зрабiў правiльна.
Ён пайшоў на прыгуменне i прынёс вiлы.
Даведаўшыся, Загорскi пачаў судзiць сябе i забойцу. Так, гэтаму варварству i дзiкунству няма апраўдання. Але ж хто вiнен у тым, што гэтыя людзi дзiкуны? Дзяржава, якой ёсць да iх справа толькi ў часы мяцяжу? Уладары над душамi, якiм ёсць да iх справа толькi пасля жнiва? Адкуль iм ведаць асновы свету, што вакол iх? Царква крычыць iм аб апраметнай, паданнi пагражаюць д'яблам i ведзьмакамi.
Вось і суду толькi цяпер будзе справа да Маркi.
I чым дапамог гэтым сваiм людзям ён, Акiм Загорскi? Не забiваў, не рабаваў, бо не меў у гэтым патрэбы. Але што агульнага памiж Маркам i iм, якi ганарыцца тым, што наведаў у Фернэ Вальтэра? Гаспадар i мужыкiжыхары розных светаў.
I хутка ад усiх разважанняў у яго сэрцы засталося толькi разуменне таго, што суд зробiць кепска i ён, Загорскi, не здолее нiчым перашкодзiць. Сляпыя судзiлi сляпога.
Таму Загорскi ўсiм сваiм уплывам цiснуў на судовых, i прысуд быў мяккi: дзесяць год катаргi.
Марка з Сiбiры не вярнуўся. Данiла, i той даўно стаў дзедам. Памерла iмператрыца, i сын, і адзiн з унукаў яе. Памёр i Акiм Загорскi. Амаль забылася i здарэнне з лазняй, а потым i лазню злiзаў Дняпро. Быццам i не было нi людзей, нi закуранай нiзкай будынiны на беразе. Толькi груша
За ёю ляжалi прыдняпроўскiя адхоны, вёскi, пушчы i мястэчкi. За ёю стаялi замшэлыя замкi, чорныя хаты i старажытныя белыя званiцы.
А груша цвiла апошнi год. Дняпро падбiраўся да яе спакваля, як разбойнiк. Гэты апошнi год яна стаяла толькi сiлай сваiх карэнняў, умацаваўшы iмi сабе паўкруглы фарпост.
Чарговая з мiльёнаў паводак якiя бачыў Дняпро, спадала. Наступная павiнна была кiнуць дрэва ў хвалi, разам з квеценню. Але яна не ведала аб гэтым. Яна цвiла ў вiраваннi пчол, i пялёсткi падалi на быстрыню ракi.
II
Дняпро цячэ мiж высокiх берагоў спакойна i ўпэўнена, вымываючы з-пад адхонаў пясок, адкрываючы часам для вачэй чалавечых тое, што сам жа раней схаваў ад iх: наздраватыя вапнякi, чырвоныя з лiловым адценнем плiткi жалезняку i векавечныя, варажскiх часоў, дубы.
Яны чорныя, як косць, гэтыя мораныя дубы. Як абгарэлая чорная косць. I калi бачыш на водмелi напаўзанесенае пяском мокрае бервяноадразу становiцца зразумела, адкуль узяў народ паданне аб волатах, што спяць, засыпаныя жвiрам i заплеценыя травой, спяць, пакуль не прыйдзе час вялiкай бяды i пакуль iх не паклiча народ.
Бяда прыходзiла шмат разоў, а яны не ўваскрасалi. Можа, сапраўды скамянелi, як тыя дубы?
Хто ведае?
Але плыве i плыве вялiкая рака. Нас не было, а яна ўжо несла свае хвалi мiма заток, пушчаў i буславых гнёздаў. А калi нас не будзе, яна ўсё яшчэ будзе бегчы далей i далей, да апошняга, далёкага мора Вёску Азярышча, што прыткнулася над Дняпром, на белапясчаным адхоне, вясной залiвае вада, i яна стаiць на востраве. Царкваубаку, таксама на востраве, i на вялiкдзень папу з прычтам часам даводзiцца не абыходзiць яе, а аб'язджаць на чаўнах. Прайшоў вялiкдзень, моцна апала вада. На ўзвышшах ужо адаралiся ї адсеялiся. Вёска дрэмле ў лянiвых праменнях майскага сонца, пустая, разамлелая. I ўсё ж Дняпро, амаль зусiм адступiўшы ў летняе рэчышча, не можа супакоiцца i лянiва точыць нiзы берага Цiша. Спакой. Дурны крык пеўня над дымным гноем.
У той майскi дзень на пясчаным адхоне, пад той самай грушай, якой канчаўся цяпер Кагутоў надзел, сядзела чародка дзяцейтры хлапчукi i дзяўчынка.
Толькi два старэйшыякожнаму год па адзiнаццацьсядзелi, абкруцiўшы клубы кужэльнымi сарочкамi. Трэцi, сур'ёзны мужычок год васьмi, i дзяўчынка, яшчэ гады на два маладзейшая за яго, былі зусiм голыя, але нiколькi, вiдаць, не саромелiся з гэтай прычыны.
З гэтых чатырох два галышы i адзiн трохi адзеты былi вельмi падобныя. Залацiстыя зблытаныя валасы, дзiкаватыя светла-сiнiя вочы i, нягледзячы на дзiцячую рэзкасць, нейкая асаблiвая, няспешная ладнасць у рухах. Кожны, паглядзеўшы на iх, сказаў бы:
Кагутова племя.
Чацвёрты быў зусiм непадобны на iх. Больш тонкi. Цёмны скурай. З простым носам, як астатнiя тры, але з крутымі ноздрамi. Са спакойным, не па-дзiцячаму цвёрдым ротам.
Ён i сядзеў неяк больш вольна i лёгка. Каштанавыя, вельмi iскрыстыя пад сонцам валасы гэтага хлопца ляжалi буйнымі хвалямi. Цёмна-шэрыя шырокiя вочы спакойна глядзелi на iмклiвую плынь Дняпра.
Нiчога не было на гэтай плынi, нi ветразя, нi чарады качак, i таму гэты занятак хутка абрыдзеў шэравокаму. Ён лёг на спiну i звярнуўся да суседа:
Пойдзем яшчэ ў ваду, Павёлка?
Здурэў, Алесь? салiдна сказаў Павал. Пачакай, усю ж ваду скаламуцiлi.
Вада ў Дняпры была яшчэ халаднаватая, i таму сябры выбралі для купання невялiчкую затоку, добра прагрэтую сонцам. Купалiся, вiдаць, зусiм нядаўна, бо валасы ў iх былі мокрыя.
Горача, халера на яго, уздыхнуў Алесь i апусцiў чорныя вейкi. Пойдзем праз тыдзень на Равеку. Стафан там надоечы во якога акуня выхапiў.
Павал маўчаў.
Ты што маўчыш, Павёлка? сказаў Алесь. I, ужо ўстрывожаны, убачыў, што ў сябра дрыжаць вусны. Ты чаго, Паўлюк?
Праз тыдзень цябе, магчыма, тут не будзе, глуха сказаў Павал.
Во, дурына. Куды ж гэта я падзенуся?
Сёння ранiцайты якраз апошнi воз гною на Нiзок вазiўпрыязджаў Карп з маёнтка. Сказаў, што паны пагаворваюць: маўляў, досыць. Маўляў, цяжка Мiхалу Кагуту без нашай дапамогi, i час браць Алеся Гэта каб за цябе бацька «пакормнае» i «дзядзькавое» атрымаў
У вачах у Алеся з'явiлася трывога. I адразу ж знiкла, саступiўшы месца рашучасцi.
А я не пайду. Хто мяне прымусiць, калі мне i тут добра?
Гэ-эх, брат, тонам дарослага сказаў Павал. Тут ужо нiчога не зробiш. Возьмуць у дворi канцы. На тое яны паны. На тое мы мужыкi. Як аддалi яны цябе, так i возьмуць.
А я ўцяку. Я не iхнi. Яваш.
Прывыкнеш, працягнуў Павал. Памятаеш, як шэсць год таму роў, калі цябе да нас прывезлi? I страшна ў нас, i чорна. Прывык жа
Куды гэта Алеся забяруць? спытала дзяўчынка.
Стаяла перад iмi, голенькая, круглая. Трымала ў роце палец.
Iдзi ты, Янька, з прыкрасцю сказаў Павал. Што ты ведаеш?
Куды яго забяруць? Ён жа наш, у голасе дзяўчынкi было неўразуменне.
Наш, ды не зусiм.
I тут Алесь ускiнуўся на калені.
Як гэта не ваш? Як гэта? А чый жа я? Буслаў?! Арышкi-дурнiчкi?!
На вачах яго накiпалi ўжо злыя слёзы. Ён не стрымаўся i адважыў дружбаку гучнага ляпаса. А яшчэ праз хвiлiну яны, адзiн цераз другога, кацiлiся ўнiз, да ракi, узнiмаючы хмары пяску. За кулакамiсвету вiдаць не было. Скацiўшыся на самае ўзбярэжжа затокi, чырвоныя, пыльныя, яны малацiлi адзiн аднаго i раўлi.
Яня, захлынаючыся ад крыку, пабегла да iх, густа ссоўваючы нагамi пясок.
Не трэ-э-э Але-е-е Па-а-а!!!
За ёю паважна, адхiнаючыся назад, быццам круглае пуза магло пераважыць, рухаўся галыш «мужэска полу», Юрась Кагут.
Дзяўчынка крычала ўжо зусiм без голасу i часта тупала нагамi, не заўважаючы, што зайшла ў ваду.
I тады васьмiгадовы Юрась, паглядзеўшы на яе, нагнуўся, чарпануў поўныя прыгаршчы глею i гучна шалёснуў на абедзве галавы.
Бойка спынiлася. Абое глядзелi адзiн на аднаго i на Юрася. А той, пасля паўзы, павольна сказаў:
Э-к, важна
I пайшоў да дзяўчынкi:
Хадзем, Янечка, хадзем, золатка. Гэта ж яны жартуюць. Гэта ж Алесь пажартаваў Бач, запырскалася ўся.
Хлопцы глядзелi, як Юрась павёў Яньку ў затоку. Потым у Алесевых вачах з'явiлiся слёзы.
Дурнi, сказаў ён, напалохалi дзяўчо. I ты дурань Дурань ты, вось хто Калi я не ваш, дык я i пайду Не вельмi трэба Толькi ў Загоршчыну я не хачу. Знайду на гасцiнцы магiлёўскiх або мiрскiх старцоў з лiрамiз iмi рушу. I заставайцеся вы тут са сваей Равекай i з халернымi вашымi акунямi.
Ён зайшоў па пояс у ваду i пачаў змываць з галавы шызы глей. I раптам адчуў, што Паўлава рука лягла яму на валасы.
Чакай, сказаў Павал. Давай памагу Ты даруй
Алесь выпрастаўся. Так яны i стаялi адзiн супраць аднаго i напалову ў вадзе. На галаве ў Павёлкi была густая ляпёшка; з валасоў Алеся сплывалi на твар i грудзi шызыя струменьчыкi. Яны цяклi i ад вачэй, i нельга было зразумець, вада гэта цi слёзы.
Паўлюк, цiха спытаў Алесь, няўжо возьмуць?
Не ведаю, няшчыра сказаў той. Можа, i абыдзецца. Давай лепш мыцца. Вечарэць скора пачне.
Яны мылiся моўчкi. Яня i салiдны Юрась сядзелi ля самага берага, i Юрась браў вялiзнай чарапашкай ваду i палiваў Янiн жывот.
Дзецi, прагучаў голас з адхону, досыць вам боўтацца: вярба са с вырасце.
Над урвiшчам, ля грушы, стаяў белы стары, белы ад галавы да нагавiц. Стаяў, абапiраючыся на кантовы чорны кiй з вострым канцом.
Вылазьце, цi што?
Яны, дзядуля, зараз, вiскнула Янька.
Позiрк дзеда адразу памякчэў, як толъкi ён глянуў на дзяўчынку.