Вада бегла па дне вільготнага яра. Тут і дрэвы былі магутныя: сонца амаль не магло прабіць іхняй шыракалістай засені. Часам вада ўтварала зялёныя калёжкі.
Гулка, як з гарматы, вырваўся з дрыгвяністай лежкі дзік. Кінуўся ў нетры.
Спалохаўшыся, яны ішлі далей, цяпер ужо не аглядаючыся на бакі. А на адным з валуноў, ледзь не над іхняй галавою, стаялі Корчак і Грынь Паківач, глядзелі, як маленькія фігуркі прабіраюцца ўсё вышэй і вышэй па цёмным дне.
Калі яны зніклі ў засені ляшчыны, бледны Корчак перавёў дыханне, сціскаючы ў руках Паківачову дубальтоўку.
Аднаго ведаю, шэптам сказаў ён. Траюрадны пляменнік нашага Кроера. Гэтага б
Паківач спалохаўся.
Ты што?
На шчоках у Корчака хадзілі жаўлакі:
Іх усіхпад корань панянят, княжат
Ну і дурань, сказаў Грынь. З імі сялянская дзяўчынка. Ды і самі яны чым вінаватыя, дзеці? Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць.
Залішняй злосці не бывае, сказаў Корчак. Хадзем адсюль.
Густыя зарасці ляшчыны і воўчага лыку прагнулі іх.
А дзеці тым часам знайшлі ў самай глыбіні яра, у растапыраных шатах арэшніку, праз які падаў у лонца вады адзіны прамень, крынічку.
Крынічка, спакойная на паверхні, выкідала з глыбіні сваёй пясчаныя фантанчыкі. Вечна жывыя пясчынкі рухаліся, расцякаліся па дне ад сярэдзіны жарала, скакалі. А побач другі малы «гейзер», амаль на паверхні, таксама тужыўся нарадзіць ваду, але ў яго не хапала сілы, і ён толькі часам выпускаў з сябе сытыя бурбалкі.
Бацька вады, шэптам сказала Майка.
Бацька вод, паправіў Алесь. Вось так і Дняпро пачынаецца недзе.
Жывая вада, сказала Яня.
І яна апусцілася на калені і зламала пальчыкамі крыштальную паверхню.
Піце. Будзеце жыць сто год
Яны ляглі на жываты і доўга, часам адрываючыся, пілі ваду, такую халодную, што яна абручом сціскала лоб.
А вакол быў зялёны і чорны паўзмрок, і толькі адзін прамень падаў між іхніх галоў на нябачную ваду, мякка залоцячы дно.
XIV
Усё праходзіць. Прайшлі і тыя шчаслівыя дні, калі ўсе былі побач, мала спалі: абуджаліся раней за птушак, сустракалі ўсход, праводзілі сонца, калі яно, нізкае, адбіваецца ва ўсіх вокнах, і вокны гараць расплаўленым золатам і дом нібы пылае ўнутры, і клаліся позна.
Паехалі. Толькі і засталося, што ўспаміны ды надзея. Бо нездарма ж Майка казала: «На ўсё жыццё». Суцяшала гэта дрэнна.
Цэлымі днямі адзінФельдбаўха і француза ў сябры сабе не возьмеш, маці чытае або вышывае другі ваздух, бацька цэлымі днямі на палях, а то на паляванні.
І вось у адзін з дзён, стаяла сярэдзіна жніўня, бацька і маці нешта доўга шапталіся за вячэрай, а твары ў іх былі ўстрывожаныя і ўрачыстыя. Урэшце, калі прыбралі са стала, матуля сказала:
Дзядуля прыслаў з пасыльным ліст, сынок.
Алесь узняў вочы.
Ён просіць, каб ты прыехаў да яго Адзін.
Бацька выняў з пулярэса ліст паперы і прачытаў:
«Мізантропія мая і хандра разгуляліся. Мне цяжка бачыць новых людзей. Таму і не зваў вас. Твар падабенства божага мне абрыдзеў, так мала ў ім божага. Але паколькі настрой гэты ўсё цягнецца і канца яму не відаць, а ў жываце нашым бог волен кожны дзень, то ўнуку майму Аляксандру належыць ведаць ва ўладанне чым ён уступіць пасля мае смерці і паспяховага адыходу ў тое, што пасля яе. Таму хай прыязджае да мяне на адзін-два дні»
Матуля закрыла вочы рукою, пальцы яе дрыжалі.
Я ведаю, Georges, чаму ён не хоча бачыць цябе. Гэта праз Кроера. Праз яго ён і мяне не любіць.
Недарэчнасць, сказаў пан Юры. Ах, чорт стары, семдзесят восем год, я ён блазуе, як недаростак. У яго капрызы, як у цяжарнай! Ты для ягослабая святоша. Ясабачнік, няздатны на справу.
Georges! Пры дзіцяці?! Ты што?
А таму, каханая, нечакана цвёрда сказаў пан Юры, што з цябе здзекавацца я нiкому не дазволю, хоць бы і роднаму бацьку. Звык, у другім веку жывучы, мудраваць і свае прыхамаці вышэй за ўсё ставіць.
Пакінь, сказала пані Антаніда. Я, напэўна, памылілася. Ён сапраўды старога веку чалавек. Столькі бачыў, што яму абрыдлі людзі, хочацца спакою.
І тут нечакана ўмяшаўся Алесь.
А ў мяне ніхто не пытае, сказаў ён.
А што тут пытаць? азваўся бацька.
А тое, што я не паеду, упарта сказаў сын. Я не лялька. Цяжка яму бачыць людзейхай не бачыць. Я таксама чалавек, а не кацянё якое.
Пані Антаніда спалохалася.
Ты гэта дзеля мяне зробіш, сынок, мякка сказала яна. Ты не звяртай увагі.
Не паеду.
Можа, ты і спадабаешся яму.
Не хачу нікому падабацца, зусім па-вясковаму сказаў Алесь. Што я, дзеўка?
Умяшаўся пан Юры.
Ён твой дзед, ён даў табе кроў. Самае дарагое, што ёсць у цябе. Ніхто яшчэ не казаў, што Загорскія не паважаюць продкаў.
Я таксама Загорскі.
Бацька няшчыра ўздыхнуў:
Не, брат, ты не Загорскі. Загорскія не баяліся самых цяжкіх людзей. Яны, вось хаця б твой дзед, з імператарамі не ладзілі, караля не паважалі, калі ён быў не варты таго.
Яшчэ раз уздыхнуў:
Ты не з тых А я думаў Ёсць у Загорскіх звычай адзін Ды ты да яго не дарос.
Які?
Калі ўсе бачаць, што хлопец стаў зусім дарослы, ён ідзе вандраваць. Зусім адзін. Сам едзе, сам начуе, дзе хоча. Па корчмах ці проста ля вогнішча. І гэтым даводзіць, што ён дарослы. Вось я і думаў, што такой вандроўкай табе будзе дарога да дзеда. Паедзеш сам, адзін, узброены Ургаконь далікатны, яму догляд патрэбен, дык ты ўзяў бы Касюньку І паехаў. А я, ведаючы дзеда, які можа любога затрымаць на колькі захоча
Як гэта?
Ён ведае, што двараніну пешшу хадзіць ганьба. Вось і замкне каня. І чалавек сядзіць Дык я, ведаючы гэта, да Доўгай Кручы, якая недалёка ад маёнтка, потым даслаў бы Логвіна і загадаў бы яму два дні чакаць. Калі бы ты не захацеў заставаццадайшоў бы якую вярсту ды і вярнуўся дамоў. Тым больш што такога чакаць не даводзіцца: дзед запрашае на адзін дзень.
Ён гаварыў разважліва.
Але ты, відаць, не дарос да такога падарожжа. Што ж, пачакаем.
У Алеся пачырванелі шчокі. З бліскучымі вачыма ён сказаў:
Хацеў бы я паглядзець, як нехта мяне затрымае ці прагоніць. Я паеду. А калі яму цяжка бачыць новых людзей, дык я яму прывязу новага сабаку Алму з сабою вазьму.
Як? Ты ж верхам паедзеш?
Я прывучыў яе сядзець на луцэ І калі ён толькі словам мяне закране, нагі маёй больш у яго не будзе. Еду на адзін дзень.
Бацька адвярнуўся. Вочы яго смяяліся.
Алесь выехаў досвіткам другога дня, каб на яго схіле дабрацца да дзедавай вёскі.
Ніхто не выйшаў яго праводзіць. Бацька растлумачыў яму дарогу і загадаў Логвіну набіць саквы і скачаць хусту. Потым выбраў сыну стрэльбу і сам набіў тры набоі на качак.
Касюнька рахмана стаяла ля канавязі, дыхала ў рукі і твар хлопца цёплым і прыемным. Саквы былі ўкладзены добра, стрэльба і корд прытарочаны да сядла. Алма, уся дрыжучы ад нецярплівасці, круцілася пад нагамі.
Заставайся дома, з удаванай строгасцю сказаў Алесь.
Яна прыціснула доўгія, у завітках вушы, але тон гаспадара не пакідаў сумненняў, і тады сучка ўпала на жывот і, павіскваючы, папаўзла да ног хлопца.
Ну, добра ўжо. Давай паедзем, сказаў Алесь.
Кафейныя вочы загарэліся. Сабака падскочыў у паветры, і, падціснуўшы кароткі хвост, пачаў лётаць па крузе. Вушы луналі, як крылы. Алесь ускінуўся ў сядло.
Вы ж глядзіце, княжыч, сказаў Логвін. Дарога простая, усё берагам. Паромам на той бок, там паплавамі, паплавамі. А потым, за Доўгай Кручай, яшчэ вярстуі мост.
Ведаю, сказаў Алесь. Заўтра пад'едзеш да Кручы.
Добра.
Алесь нахіліўся і працягнуў руку:
Гоп!
Сучка падскочыла, каб гаспадар змог спаймаць яе за каршэнь, і хутка ўжо сядзела на луцэ сядла, паважна гледзячы з вышыні на ўвесь астатні свет.
Касюнька ступала акуратнымі капытамі. Алма спакойна сядзела на луцэ, часам дрыжучы, калі праязджалі паўз хмызы, відаць, там астаяўся птушыны пах. А «рыцар» сядзеў спакойны, гатовы да ўсякіх нечаканасцей.
Палі. Палі. Палі. Безліч разоў амытыя сялянскім потам і мужыцкай крывёю. Няма на іх месца, на якім не ступіла б нага мужыка, над якім не прасвісцеў яго серп, не заспявала б каса, не сцёбнуў бізун. «А ў мяжу, жнейкі, у мяжу. А ў мяжы прыганяты».
Жоўцю мужыцкай, злосцю мужыцкай дыхаеш ты, здранцвелы абшар палёў. Чаму гэта так? Хто закляў цябе? Дакуль будзеш ты рабыняй, зямля?!
Алесеў прадзед Акім Загорскі, той самы, пры якім адбылася гісторыя з лазняй Кагутоў, нарадзіўся ў тысяча семсот трыццаць дзевятым годзе і да Хрыстовых год пражыў «пры каралях», спаўна зведаўшы і анархію апошніх год «кароны», і шляхецкую «вольнасць». Асабіста яму было не так ужо і дрэнна пры вольнасці: занадта быў багаты і моцны. Такога і кароль не зачэпіць, і суседзі пабаяцца не тое каб пакрыўдзіць, але і зірнуць коса.
Мог бы, здаецца, жыць і жыць, умешвацца ў палітыку, а з часам, магчыма, і ўплываць на яе. Але рабіць гэта яму было брыдка. Падпойваць шляхту, гарлаць на сейміках, глядзець, як потныя і ачмурэлыя людзі вырашаюць палітычныя пытанні бойкай і шалёна сякуцца на шаблях, ехаць на сейм.
Фу! Быццам ваду ў ступе таўчы. Ад усяго гэтага ў яго балела галава, а ад злосці на людское быдла бывалі прыступы антрапафобіі. Віна ён не любіў, тытуню цярпець не мог. Аставаліся дамы, якімі ён і займаўся, бо быў надзвычай прыгожы. І пры гэтым выгляд меў аніяк не спешчанага прыдворнага, а хутчэй война і сакалятніка, небяспечнага для кожнай райскай птушкі, якую адзначыць сваім вокам.
З Варшавы яго выслалі за замах на каралеўскі гонарказалі, не беспаспяховы. Дый як яшчэ мог бы з ім змагацца нават кароль? Не прывабнасцю ж, не сілай.
І, напэўна, стаў бы Загорскі другім дэ Маранья, калі б не напаткаў дзяўчыну, якая пакахала яго больш за ўсіх, але не пайшла насустрач яму, бо з дзяцінства была абяцана манастыру.
Загорскі павёў няроўную барацьбу супраць веры людзей і веры самой дзяўчыны, супраць законаў, звычаяў і ўлад.
І перамог. А перамогшы, ажаніўся і пасяліўся ў Загоршчыне, дзе пабудаваў сабе і жонцы «італьянскі дом», часам заязджаючы ў Вежу, дзе пачаў будаваць палац у гонар жонкі, задумаўшы зрабіць яго лепшым за ўсё, што калі-небудзь бачыла Прыдняпроўе і абедзве сталіцы.
Засмучала толькі тое, што ў жонкі не было дзяцей. Толькі гэта было хмарай на светлым небасхіле.
Так цягнулася доўга. Пяць год, аж пакуль у Загоршчыне, Вітахмо, Азярышчы, Татарскай Грэблі, Вежы, Святым, Драгавічах, Мілым і іншых вёсках пана не зараўлі, разрываючыся, гарматы.
Нарадзіўся сын. Спадчыннік. Нарадзіўся Даніла, сын Акіма і ўнук Пятра, а праўнук Севярына і пранашчадак Глеба.
Ішоў тысяча семсот семдзесят другі год. Як доўбня на галаву, упаў на дваран першы падзел Польшчы. Расія далучыла Прыдняпроўе. Шмат хто радаваўся, многія лаяліся, сёй-той спрабаваў пратэставаць. Але Акіму Загорскаму да ўсяго гэтага не было клопату. У яго быў сын, сын, якому ён пры нараджэнні падарыў Вежу і радавы дыямент «Набоб» з двума пудамі золата. У яго быў сын ад самай каханай жанчыны.
Дзяржавы праходзяць, і царствы праходзяць, вечнае толькі каханне, і чалавек не можа памерці, не пакінуўшы следу на твары зямным. Не ён, дык яго брат. Дык гары яны гарам, дзяржавы, прападай яны пропадам!
Пан Акім пражыў з жонкай толькі сем год. Яна захварэла і памерла, пакінуўшы ўдаўцу двухгадовага сына. Кароткае было шчасце, вырванае ў бога.
Трэба было неяк жыць. Дзеля сына. І князь замкнуўся ў Загоршчыне, аддаючы сваю ўвагу толькі яму. Былы «шаматон і ферлакур важнецкі» жыў цяпер ледзь не суровым мніхам. Паляваў, начаваў на лугах, прапах дымам вогнішчаў і верасам. Сына вазіў з сабой, каб рос здаровы, бо гэта было апошняе, што ў яго аставалася, і ён хацеў, каб гэтае апошняе жыло бясконца.
Ад суровага жыцця вочы ў яго сталі наіўныя, як свет, і простыя, як шырокае неба над галавою. Быццам усё простае адбілася ў іх: смяротны позірк запаляванага воўка, шырыня рэк, дым начных вогнішчаў і васільковае неба з першай зоркай.
Жанчыны былі цяпер не патрэбны яму. Ён цвёрда, не чуючы ў гэтым ахвяры, вырашыў, што іх не будзе ў яго ніколі.
І тут пачалася сямейная легенда.
Вясною семдзесят пятага года імператрыца Екацярына вырашыла наведаць свае новыя землі. Яна ехала туды для сустрэчы з імператарам аўстрыйскім Іосіфам, які павінен быў прыбыць у Магілёў інкогніта, пад імем графа Фалькенштэйна.
Пацёмкін, якому ўказам ад першага студзеня былі даручаны губерні Новарасійская і Азоўская з умацаваннямі Дняпроўскай лініі, кінуў Крым і паскакаў у Полацк, першы пункт, дзе павінна была спыніцца самадзержыца.
Адсюль збіраліся ў Полацк дваране. Узброеныя магнаты ехалі са сваімі сцягамі, ведучы пад імі атрады свае загонавай шляхты. Ад магілёўскага дваранства для сустрэчы імператрыцы быў накіраваны ў Полацак князь Загорскі. Ён не адмовіўся, сход аказаў яму гонар, і рушыў на чале дзвюх соцень «сваіх» шабель.
Екацярына ехала ў Магілёў з новым сваім фаварытам Ланскім. Што б там пра яго ні казалі, але ён па-сапраўднаму, не з-за пашаны і выгады, кахаў яе.
Ёнбаяўся. Ён ведаў, што ён безабаронны, што ад яго, як і ад іншых, нічога не залежыць, што ў кожную хвіліну яго, разам з яго каханнем, могуць кінуць у чорную бездань, якой уяўляўся яму свет без яе
У гэтым была страшная горыч, бо душой ён ведаў: калі яго кінуць, то па заслугах. У яго не было ні мужнай сілы і розуму Пацёмкіна, ні прыгажосці Зорыча. Чым ён мог утрымаць яе? У яго было толькі каханне, кранальнае ў сваёй непасрэднасці і глыбіні.
Усё гэта робіць зразумелым тое, што адбылося далей.
Самы старажытны горад усходніх славян лунаў сцягамі, зіхацеў золатам, грымеў музыкай, пераліваўся ўсімі фарбамі адзення.
Берагі Палаты і Дзвіны захлыналіся ў бела-ружовай квецені яблынь і вішні.
Зямля дрыжала ад гуду званоў. Два зіхоткія шэсці цяклі па горадзе. Імператрыца ішла ў праваслаўны, Пацёмкінва уніяцкі сабор.
Так сутыкнуліся ў святочным Полацку некалькі чалавек, звязаных з адной.
Але героем гэтых дзён не быў ніводзін з іх.
Героем быў чалавек трыццаці шасці год у простай з выгляду, шырокай мясцовай вопратцы, якая каштавала, калі браць разам з шабляй, больш за вопратку ўсіх. Толькі ягоны позірк не выказваў ні чакання, ні іроніі, ні пакут, а быў просты, ветліва адданы позірк. Просты, як вольнае неба над гэтай ракой. І ўладарка заўважыла гэты позірк. Заўважыла яшчэ тады, калі ён проста і натуральна падаў ёй руку, каб узвесці на кілім, што вёў да сабора.
Білі званы. Цвілі дрэвы. І на хвіліну ёй здалося, што вось ёнтой, што вызваліць яе ад безнадзейнага кахання аднаго і ад іроніі другога.
А ён ішоў убаку і ні аб чым не думаў. Ён і шаблю прыагаліў не з павагі да царыцы, бо ніколі не думаў, добры ці дрэнны яна ўладар, а з павагі да жанчыны. Ён не ведаў, ці падабаюцца яму гэтыя лёгкія і злёгку напудраныя залацістай пудрай валасы, ярка-сінія вочы, ямачкі на шчоках і прыемная паўната. Яна была проста жанчына, а ён паважаў сапраўдных жанчын, усё адно, добрыя ці дрэнныя яны былі.
І яна адчувала гэты асаблівы, проста-велічны склад душы невядомага ёй князя, і на хвіліну яе ахапіла такое жаданне пры ўсіх схіліць да яго галаву, што яна толькі вялікім намаганнем волі стрымала сябе.
Ілюмінацыя залівала горад, як быццам гэта палаў Рым. Пяць пірамід узвышаліся вышэй за будынак езуіцкага калегіума, а яшчэ лёталі ракеты, утрапёна круціліся колы з агню. І ўвесь час, увесь гэты вечар, янана прыстойнай адлегласцібачыла просты, шчыры і зусім не крыўдна абыякавы да яе твар дзівоснай прыгажосці. Калі князь выпадкова аказаўся побач, яна не вытрымала.
Як прыгожа! сказала яна. Прызнацца, нават я ніколі не бачыла такіх высокіх пірамід.
Што дзіўнага, проста сказаў ён, іх зрабіў я.
І гэта не было выхваляннем
Чаму? спытала яна.
Каб гэта было не тут, а ў сталіцы, дзе ўсяго больш, я зрабіў бы ўтрая вышэйшыя. Дзеля вас.
Гэта было занадта проста і аддана для камплімента.
Ён быў самай прыцягальнай і прывабнай істотай, якую ёй даводзілася сустракаць у жыцці. І першай істотай, якую яна ані не разумела.
Спадзяюся, вы не пакінеце мяне ў гэтым падарожжы, князь?
Я суправаджаю вас да самага Магілёва. Загад дваранства.
Лёгкі ў хадзе, ён аддана ішоў з ёю, прыагаліўшы шаблю, як тады, калі чытаюць Евангелле, і нічога не хацеў.
Спявалі салаўі.
Праз цікавасць да яго яна амаль не запомніла першых дзён падарожжа, не звярнула ўвагі на шклоўскую раскошу Зорыча.
А ён пра дзівосы Зорыча сказаў толькі:
Густу малавата. Багаты рымскі вольнаадпушчанік.