Святло далёкай зоркі - Уладзімір Канстанцінавіч Касько 6 стр.


Вялікая цікавасць, якую праяўлялі да культуры, быту, умоў жыцця беларускага народа перадавыя людзі Расіі ў пачатку XX ст., была невыпадковай. Падзеі, звязаныя з развіццём капіталізму, з рэвалюцыяй 19051907 гг., знайшлі самы непасрэдны водгук у сэрцах беларусаў, садзейнічалі больш актыўнаму развіццю нацыянальнай культуры. Гэта з асаблівай сілай праявілася ў яго імкненні адстаяць правы на нацыянальную незалежнасць, карыстанне роднай мовай, літаратурай, культурай.

У гэты перыяд шырока разгарнулася работа па збіранні і вывучэнні народнай вусна-паэтычнай творчасці. Паўсюдна ствараюцца таварыствы і гурткі, ставіцца пытанне аб узнаўленні Паўночна-Заходняга аддзела Рускага геаграфічнага таварыства. Побач з таварыствам па вывучэнні Магілёўскай губерні (існавала з 1902 г.) у 1912 г. пачынае работу Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Неўзабаве такія ж таварыствы ствараюцца ў Віцебску, Гомелі, Барысаве.

Значны ўклад у справу вывучэння роднага краю ўнеслі студэнты беларускага зямляцтва Пецярбургскага ўніверсітэта. Яны вывучалі культуру і быт народа, запісвалі вусна-паэтычныя народныя творы, выкарыстоўвалі багаты фактычны матэрыял для паказу паднявольнага жыцця людзей, заклікалі працоўных на барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

Вялікую дапамогу дзеячам культуры, пачынаючым краязнаўцам аказвалі працы такіх выдатных фалькларыстаў і этнографаў, як Е. Р. Раманаў, Я. Ф. Карскі.

Актыўна працягваў работу па вывучэнні быту, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа А. К. Сержпутоўскі. Летам 1907 г. ён накіроўваецца ў экспедыцыю на Палессе Валынскай, Мінскай і Гродзенскай губерняў. Незадоўга да гэтага этнаграфічны аддзел Рускага музея распрацаваў праграму для збірання этнаграфічных прадметаў і абавязаў сваіх супрацоўнікаў строга кіравацца ёй. Азнаёміўшыся з гэтай праграмай, Сержпутоўскі прыходзіць да вываду, што яна не адлюстроўвае спецыфікі Беларускага Палесся. Ён распрацоўвае ўласную праграму, якую ўмоўна называе «Некалькі агульных заўваг аб збіранні этнаграфічных калекцый у Беларусі»[31].

Зыходзячы з рэльефу і прыродных умоў Беларусі Аляксандр Казіміравіч прапаноўвае умоўна раздзяліць яе тэрыторыю на дзве часткі: палявую Літву і лясную Палессе. Сержпутоўскі тут чамусьці карыстаецца гістарычным паняццем «Літва». Пры гэтым ён заўважае, што «літвіны», дзякуючы нядрэнным дарогам, раней устанавілі культурныя сувязі з суседнімі народамі.

Расказваючы аб гаротным становішчы палешукоў, Сержпутоўскі адзначае: «Тут, у глыбіні Палесся, мы можам сустрэць такія куткі, такі быт народа і ўсе абставіны яго жыцця, якія напамінаюць нам даўно мінулы час»[32]. Ён раіць пачынаючым фалькларыстам і этнографам збіраць этнаграфічныя калекцыі, якія характарызуюць быт і творчасць народа, рабіць падрабязнае апісанне мясцовасці, дзе збіраюцца гэтыя экспанаты, з прыкладаннем карт, планаў і фотаздымкаў, запісваць легенды, паданні, фразеалагізмы, даваць характарыстыку заняткаў людзей, прылад працы, сямейнага побыту, звычаяў, традыцый, народнай медыцыны, мастацтва, указваць, чым прадыктаваны выбар месца для будаўніцтва таго ці іншага збудавання, апісваць тэхніку яго ўзвядзення і г. д.

Сержпутоўскі сам строга прытрымліваўся гэтых правіл, выконваў велізарны абём даследчых работ. У час экспедыцыі 1907 г. (чэрвень жнівень) ён сабраў багатую этнаграфічную калекцыю. Як паведамляла «Живая старина», у яе ўвайшлі адзенне, земляробчыя прылады, прыстасаванні для ткацтва, музычныя, цяслярскія і бондарскія інструменты, амулеты, сродкі народнай медыцыны, прадметы табакакурэння і здабывання агню, сродкі перамяшчэння, цацкі, прылады для палявання, рыбалоўства, пчалярства, посуд, узоры тканін і вышыўкі, прадметы дамашняга ўжытку. Усяго дастаўлена ў музей больш за 800 экспанатаў, а таксама 200 фотаздымкаў пабудоў, тыпаў жыхароў, бытавых сцэн, промыслаў і г. д.[33]

Экспедыцыі патрабавалі ад збіральніка вялікага напружання фізічных сіл, часу. Трэба было адабраць самыя каштоўныя экспанаты, зрабіць падрабязнае апісанне кожнага з іх, знайсці транспарт, адвезці груз на чыгуначную станцыю або адправіць іншым спосабам. Часта для гэтага не хапала адпушчаных на камандзіроўку грошай, даводзілася разлічвацца ўласнымі. Царскія чыноўнікі на месцах не толькі не аказвалі этнографам неабходнай дапамогі, а часам нават перашкаджалі рабоце. Так, падчас экспедыцыі ў Польшчу ў 1909 г. Сержпутоўскі не змог наведаць Радомскую губерню, багатую народнымі рамёствамі і звычаямі. Незадоўга перад гэтым там адбыліся сялянскія хваляванні і для ўезду на тэрыторыю губерні патрабаваўся асабісты дазвол генерал-губернатара Царства Польскага. «Генерал-губернатар, як усходні дэспат, з выпадку масленіцы нікога не прымаў»[34], пісаў Сержпутоўскі галоўнаму захавальніку этнаграфічнага аддзела музея Ф. К. Волкаву.

У горадзе Родзін Сядлецкай губерні ад Сержпутоўскага ні на крок не адставалі жандары, прыстаўленыя да яго губернатарам. У прысутнасці іх людзі баяліся выконваць песні, расказваць казкі, паданні, нават гаварыць. Нягледзячы на гэта, Сержпутоўскі поўнасцю выканаў праграму экспедыцыі, сабраў і адаслаў у музей 676 прадметаў, якія характарызавалі быт, культуру, заняткі мясцовых жыхароў.

Апісанне калекцый вучоны звычайна рабіў на рускай і беларускай мовах, строга захоўваючы мясцовую гаворку.

Паспяховай была паездка А. К. Сержпутоўскага ў Літву ў 1909 г. Тут ён зрабіў звыш 200 фотаздымкаў, запісаў многа песень, прыказак, прымхаў.

Падчас экспедыцый вучоны сустракаецца з мясцовымі краязнаўцамі, этнографамі, дзеячамі культуры і мастацтва, раіцца з імі адносна абектаў даследчай работы, просіць збіраць і прысылаць у музей экспанаты. Падкрэсліваючы высокую самабытную культуру жыхароў заходняй часткі царскай імперыі, ён заўважае, што жыццё простага народа тут яшчэ больш цяжкае і невыноснае, чым у жыхароў цэнтральных губерняў Расіі.

Каўказскі дзённік

Летам 1910 г. А. К. Сержпутоўскі накіроўваецца ў камандзіроўку на Паўночны Каўказ. Нязведаны край, бездарожжа, невядомыя мовы і звычаі плямён і народнасцей не надавалі аптымізму. «Я еду ў такую цяжкую і небяспечную экспедыцыю, дзе кожную хвіліну можна чакаць ад горцаў кулю або кінжал. Але мяне не палохаюць ні цяжкасці, ні небяспека, толькі б дасягнуць пастаўленай мэты»,  пісаў Аляксандр Казіміравіч у сваім рабочым дзённіку.

Па дарозе на Каўказ ён спыняецца ў розных гарадах Расіі, падрабязна апісвае славутасці Самары, Саратава, Ноўгарада, Царыцына, Юрева. Апошні, па словах Сержпутоўскага, вельмі нагадаў яму беларускі Мазыр. Але прыгожыя пейзажы цудоўнай рускай прыроды, магутнай, апетай у песнях Волгі не засланяюць ад пільнага позірку этнографа жыццё народа. На кожным кроку бачыць ён гора і нястачу, чуе скаргі, плач, праклёны ў адрас царскіх чыноўнікаў. Пасля наведвання Кастрамы даследчык зрабіў наступны запіс у дзённіку: «Тут адчуў я сэрца Расіі і тую коснасць некалі моцнага і магутнага народа, які сёння пакутуе ад прыгонніцтва і голаду»[35]. Знаёмячыся з карціннай галерэяй горада, Сержпутоўскі заўважае, што этнаграфія там не прадстаўлена, у музеі пануе хаос.

Поўныя трывог, небяспекі і ўражанняў былі дні, праведзеныя Аляксандрам Казіміравічам на Каўказе. Ён быў вымушаны прабірацца па горных сцяжынках над безданню. На дарогах на праезджых часта нападалі бандыты. I ўсё ж этнограф наведаў самыя маладаступныя аулы, сабраў багатыя калекцыі прадметаў быту, прылад працы, зброі, зрабіў унікальныя запісы народных традыцый і абрадаў, фотаздымкі.

Шмат увагі ўдзяліў Сержпутоўскі апісанню жыцця дзідойцаў, якое мала чым адрознівалася ад жыцця іншых горскіх народаў. Галоўным іх заняткам была жывёлагадоўля. Сяляне разводзілі авечак, кароў, коней, аслоў. На невялічкіх кавалачках зямлі, адваяванай у гор, вырошчвалі азімую пшаніцу, авёс, жыта, кукурузу. Апрацоўвалі зямлю прымітыўным спосабам матыкай, сахой, што не садзейнічала атрыманню высокіх ураджаяў. Агародніцтвам дзідойцы не займаліся наогул. Асноўная ежа бараніна, сыр. Той-сёй перабіваўся бортніцтвам, нарыхтоўкай дроў.

Апісваючы жыццё, звычаі, культуру чаркесаў, гінухцаў, А. К. Сержпутоўскі падкрэсліваў, што жывуць яны паміж сабой дружна, заўсёды гатовы прыйсці адзін аднаму на дапамогу, падзяліцца апошнім кавалкам хлеба, жменькай тытуню. Такія ж цёплыя адносіны да сябе адчуваў з боку простых горцаў і наш зямляк.

Знаёмства з народнай творчасцю горцаў дазволіла даследчыку лепш пазнаць душу гэтых народаў, пераканацца ў іх аптымізме, свабодалюбстве, кемлівасці, знаходлівасці.

Галоўным персанажам многіх фальклорных твораў чаркесаў зяўляецца бедны, востры на розум і язык селянін. У гэтым няцяжка пераканацца, пазнаёміўшыся з прытчай, запісанай Сержпутоўскім[36].

Будучы запрошаным у госці да султана, селянін заўважыў, што гаспадар паклаў у яго шклянку мала цукру. У гэты час слуга паведаміў, што прыехаў яшчэ адзін госць. «Вельмі добра,  ажывіўся селянін,  магчыма, гэты чалавек прывёз цукру, бо ў султана яго няма».

Не багацце, а смелы ўчынак, подзвіг цаніліся ў горцаў.

У другой прытчы, запісанай у бжэдухаў А. К. Сержпутоўскім[37], расказваецца пра наступнае.

Аднойчы натоўп горцаў стаяў на крутым беразе Кубані. Гледзячы на імклівае цячэнне ракі, нехта сказаў: «Шкада, што сярод нас няма бжэдуха. Ён бы не пабаяўся пераплыць раку».

Назад Дальше