Зашархацелі хмызы, між карункавай папараці інтымна бліснулі ладныя лыткі ў клятчастых калготках. У балотнай вадзе адбіўся вытанчаны жаночы профіль.
Што паробіш Беларусь край паэтаў! працурчэў зманлівы, бы ў русалкі, голас.
Усе паэты ідыёты! рагаты па-хабёльску атабарыўся на валуне, формай і памерамі падобным да трона. Толькі глянь, Прашмандоўка, чым яны тут натхняюцца
За балотнымі міражамі праяўлялася панарама паўсоннага Таргачова. Аўтаномныя вокны мігцелі вугельчыкамі кінутага вогнішча. Аплылыя валы з рамантычнымі руінамі часоў каралевы Боны нагадвалі пра былую веліч краю. Пад адхонам манатонна шаргацеў Дняпро, і хвалі тонкім накатам шліфавалі пясчаны бераг. Я агентка, а не эстэтка, Прашмандоўка сузірала краявід з казённай адчужанасцю. Хочаш сказаць, нібыта ў такім занядбаным мястэчку можа перахоўвацца суперзброя, якая дае ўладу над Сусветам? Але ж існуе некалькі
Падробкі, голас рагатага прагучаў ціха і небяспечна, нібы палёт кажана. Падробкі, выштукаваныя па замове сярэднявечных ідэолагаў. А праўдзівую суперзброю апошні раз бачылі тут, у Таргачове. Гэта дакладна.
Цяпер панначка ў клятчастых калготках вывучала краявід, нібы заўсёдніца элітнага касметычнага салона новую візажыстку. У халодных сініх вачах адбіліся таргачоўскія дамкі, гаражы з крадзенай бляхі, парфенон раённага Дома Культуры.
І няўжо ніхто больш пра гэта не ведае? Прашмандоўка недаверліва прыкусіла губу.
Тутэйшы люд жыве адно на рэфлексах, а таму ніхто суперзброю тут нават і не шукаў.
Але ж, такім, як мы, да святыняў не падступіцца! Бог не цяля, бачыць круцяля! Я ўсё разлічыў, з інтанацыямі прафесійнага палітолага мэкнуў рагаты. Пан Бог, якому звычайна напляваць на пакуты гэтага занядбанага народу, зрэдку бывае літасцівы і пасылае сюды паэтаў. Але ж гэтыя ідыёты могуць існаваць адно ў хвараватых прыдумках, з адпаведнымі рытуаламі, фетышамі і мроямі. Як і мае быць, мроі заўсёды канфліктуюць з рэчаіснасцю, тады паэты просяцца да нас. Аднак Пан Бог чамусьці даруе ім усё, а святыні самі ідуць у рукі да блазнаў Агентка Прашмандоўка, слухай заданне. Першае. Выправіцца ў Таргачоў. Другое. Знайсці якога-небудзь тамтэйшага паэта. Трэцяе. Спакусіць і падмануць
Аператыўная распрацоўка. Вярбовачная сітуацыя. Кантракт на запродаж душы, сінявокая панначка свядома прапускала відавочныя лагічныя пабудовы. Святыня трапляе да нас, і
З вільготнае цемры бліснулі інфернальныя вочы, налітыя змрочным ззяннем.
і мы ўжо не дазволім Пану Богу збудаваць аднапалярную мадэль свету, дзе запануюць справядлівасць, свабода і любоў да бліжняга! Мы не дапусцім, каб у тую ж Беларусь экспартаваўся чужынскі для яе лад жыцця. І мы катэгарычна супраць дыктату Ягонай звышдзяржавы ды прапаганды падвоеных стандартаў!
Асіметрычны ўдар? недаверліва прыкінула Прашмандоўка.
Нечаканы і смяротны! мройліва прамэкала з валуна. Гэтай суперзброей аднойчы ўжо забілі Сына Чалавечага Варта і паўтарыць.
Пранізлівае конскае іржанне скаланула балотную глухмень. Цокнулі капыты, рыпнула сядло. Летуценнікі сінхронна азірнуліся
Паміж чэзлых бярозак і крывых асінак сунуўся зухаваты вершнік. З-пад шырокага капелюша блішчэлі халодныя сталёвыя вочы, рыхтык, як у шэрыфа з вестэрна. Доўгі плашч абляпляў постаць скульптурнымі зморшчынамі. На абцасах шляхотных ботаў зіхацелі зорачкі шпораў. Сівы конь хроп і нядобра касавурыўся на рагатага.
Вершнік упэўнена прыўзняўся ў страмёнах. Па-над конскай грывай бліснула руля абрэза вогненная ружа расквеціла вільготную цемру. Магутны валун пад рагатым раскалоўся, і жарынкі трасерамі ўспаролі сутонне.
Апошні раз папярэджваю, спакойна канстатаваў трапны стралок. А ну, на хрэн адсюль, быдла рагатае!
Зляканыя цені кінуліся да балотнага вакна. Бултыхнула, цвілая вада наморшчылася пукатымі коламі.
Снайпер клацнуў затворам дымная гільза ценькнула з патронніка.
Змова і зброя, абрэз паволі апусціўся ў кішэню плашча. Талерантнасць і памяркоўнасць І чым жа, цікава, усё гэта скончыцца?
Вершнік пільна ўгледзеўся ў жоўты местачковы міраж за балотам і ласкава пасміхнуўся:
А калі па рогах?..
2
..жны ці!.. кога шчэ ыло веце!.. стэрэафанічнае рэха пругка адбівалася ад старажытных замкавых муроў і шыфравала словы, што гарохам сыпаліся з бляшанага рэпрадуктара. ігу рода ыць ах!..
Сухія галінкі грыфельна раскрэслівалі чыстае травеньскае неба. Памаранчавае сонейка плёскалася ў срэбных калюжынах. Манументальная спаруда, укрытая белым прасцірадлам, міжволі вабіла зрок таргачоўцаў, сабраных на замчышчы з нагоды святкавання Перамогі. Меланхалійная абыякавасць твараў абсалютна не адпавядала тэзісам:
кожны трэці! такога яшчэ не было ў свеце!.. подзвігу народа жыць у вяках!..
Старшыня таргачоўскага выканкама Качан, немалады мужчына з дробнымі тупымі вушкамі, спрактыкавана гнаў тэкст у мікрафон. Рэпрадуктар паслухмяна азываўся гудкім вакзальным рэхам, кідаючы ў паветра зліплыя словы:
ля сых ашых едзяў та ўдная ба!..
Пры фразе «Для ўсіх нашых суседзяў гэта сапраўдная бомба!» лядашчы ветэран, што стаяў каля загадкавай спаруды, блямкнуў медалямі медна-нікелевага сплаву і голасам камандзіра расстрэльнага ўзвода скамандаваў:
З Богам!..
Прасцірадла надзьмулася пухіром і спаўзло паволі. Прысутныя адно захаўкалі.
Ні х-х-храна сабе прамовіў нехта тупа.
З басейна, абліцаванага блакітнай сантэхнічнай кафляй, тырчэў магутны педэстал. На ім высілася сапраўдная пяцісоткілаграмовая авіябомба. Пёркі стабілізатара выторкваліся інфернальнымі рожкамі. Надпіс «За Беларусь!» на жахлівым боепрыпасе ззяў свежым лакам. Двое бетановых эсэсаўцаў, тыповыя Фрыц з Гансам, ваяўніча цэлілі са шмайсераў у пратакольны лозунг. Кампазіцыю давяршала масянджовая шыльда, якая тлумачыла недасведчаным: такая ж самая бомба была на борце самалёта Мікалая Францавіча Гастэлы «ТБ-3ф» падчас апошняга гераічнага вылету.
Наш раённы аддзел культуры заўсёды змагаўся за духоўнасць і культуру ў нашым раёне, засведчыла Манда Іванаўна, мажная цётка ў аксамітнай спадніцы з нашытымі ружамі. Усе ж такі Мікалай Гастэла амаль наш зямляк, яго дзеда хрысцілі ў тутэйшым касцёле Подзвіг народа несмяротны!
Хацелі які танк ці самалёт паставіць, дык грошай не хапіла. Каб не шэфская дапамога нашых славянскіх братоў з вайсковай базы «Волга-Волга» не было б у нашай сінявокай Беларусі гэтай бомбы старшыня райвыканкама Качан задуменна пачухаў патыліцу і пасунуўся з трыбуны, дэманструючы прысутным дупу, сплясканую старшынёўскім фатэлем. Што б там некаторыя не гаварылі, а без Расіі нам не жыць!
Цыцкастая малалетка з пірсінгам у пупе абсмактала бомбу хцівым позіркам, пасля чаго яшчэ больш непрыстойна аблізала вусны.
Ваў! Як прыкольна! ацаніла яна.
От, Лалітка, як бы такую бомбу на Нью-Йорк скінуць, так бы ад фашыстаў-піндосаў мокрага месца не засталося б! павучальна патлумачыў малалетчын тата, капітан Капейкін. Іржавае рыпенне вентыля заглушыла наступныя словы расейскага афіцэра. З аўтаматных руляў Ганса і Фрыца шуганулі пругкія струмяні, і над бомбай сюррэалістычным німбам расквітнела вясёлка. Па кафляным дне фантана паволі распаўзалася калюжына.
Ад перасоўнага буфета, размешчанага пад руінамі замка каралевы Боны, цягнула апетытным куродымам магналаў, і бутэлечнае ззянне на сталах натхняла на працяг святкавання Перамогі. Сусальным золатам блішчэў тульскі самавар. Змораны чаканнем народ з энтузіязмам пасунуўся да пачастунку.
Рэпрадуктар урачыста грымнуў:
Усё вышэ, вышэ і вышэ
Страмім мы палёт нашых пціц!
Неўзабаве пераможныя маршы змяніліся эстраднымі спевамі, папулярнымі ва ўстановах другой нацэначнай катэгорыі. Народ з аднаразовымі талеркамі і пластыкоўкамі атабарыўся пад старажытным мурам. Шчарбатыя зубцы адкідалі на твары фантасмагарычныя цені. У контурах смеццевых кантэйнераў угадваліся абрысы падбітых фашысцкіх танкаў. Колькі стомленых і ўчадзелых ужо адпачывалі ў аплылым замкавым рове.
Таварышы, я ўсё разумею, Качан распусціў вузел гальштука, нацурболіў поўную чарку і дэмакратычна пасунуўся да паспалітага людства. Мой тата таксама працаваў у калгасе простым чалавекам, як і вы ўсе. Але ж тут у нас самы цэньцер Еўропы, так што піце акуратна, а то на мінулыя святы ажно трох пераможцаў «Дажынак» камбайнам пераехала
Спякотнае сонца схавалася ў аблоках. Рулі шмайсераў спраўна палівалі бомбу. У вірлівай вадзе фантана куляліся пластыкоўкі, кружлялі абгорткі ад марозіва і папяровыя сцяжкі.
Народ паволі перацякаў ад помніка да буфета і ад буфета да помніка. У руінах касцёла хаваліся рамантычныя пары. Зухаватыя маладзёны апетытна прыкладаліся да піўных двухлітровікаў. Па Дняпры ў пеністай стужцы прайшла «ракета», і зеленкаватыя хвалі накацілі на пляж белым зубчатым шумам.