Каханні. Дваццаць рэальных гісторый - Ніна Лістота 4 стр.


З часам муж і жонка займелі яшчэ два ўласныя арандаваныя памяшканні, дзе цяпер на іх працуюць нанятыя фітнес-інструктары. Заробак жонкі ўжо большы за тыя грошы, якія атрымлівае муж-лётчык.

 Калі займаешся любімай справай, гэта абавязкова пачне прыносіць плён, я ўстрапянулася ад сваіх думак, зноў пачуўшы словы брата. Ён дадаў: Новая партыя шашлыка гатовая. Здаецца, усе падрумяненыя.

На падсмажанае мяса пасвяцілі ліхтарыкам. Але ці сапраўды яно згатаванае, зразумець было складана. Мы даверыліся інтуіцыі.

Я захрумсцела надзвычай апетытным курыным крылцам, замарынаваным у мёдзе, і зноў задумалася.

Адным памятным летам Андрэй і Надзя паехалі разам адпачываць у Турцыю. Увечары яны выправіліся ў круізную паездку на караблі. Мора ўжо зрабілася цёмна-сінім. Удалечыні прыемна ззяла ўзбярэжная лінія. Зоркі сціпла паблісквалі са сваіх нябесных вышыняў.

Апынуўшыся пасярод танцпола на караблі, Андрэй узяў у вядучага мікрафон і сказаў: «Тут прысутнічае дзяўчына, якая скарыла маё сэрца» Усё вакол Надзеі закружылася, яна больш нічога не чула. Толькі інтуітыўна зразумела, калі трэба было сказаць «так» і ўпасці ў яго абдымкі. На яе пальцы ззяў срэбны пярсцёнак з перлінкай і маленькімі празрыстымі каменьчыкамі.

Сябар, з якім было дамоўлена загадзя, вынес два прыгожыя кактэйлі. А на схілах начных гор, дзе звычайна лазерамі пісалі назву карабля, на гэты раз можна было прачытаць: «Надзя, я цябе кахаю».


Веташок, веташок,
Табе неба, зоры,
А мне шчасця, долі.
Табе на прыбытачак,
А мне на здароўейка.

Словы, у каторы раз прагавораныя бабуляй, вярнулі мяне з марской прахалоды да нашага вогнішча, якое ззяла ўжо не так ярка. Старэйшыя збіралі рэчы хто зэдлік, хто рашотку, хто міскі з мясам і гароднінай. Кавалак шашлыка тата ўзяў, каб пачаставаць нашага вялізнага чорнага Абібока, які сядзеў на ланцугу і рэдкім браханнем нагадваў пра тое, што і ён быў бы не супраць далучыцца да агульнай бяседы і асабліва да застолля. Татава фігура растварылася ў цемры.

Следам за ім пазнікалі жанчыны. Былі чутныя толькі іх галасы яны таксама звярталіся да Абібока.

Месяц перамясціўся па небе. Цяпер ён завіс над старой высокай ігрушай.

Андрэй падкладваў сухія тонкія галінкі ў агонь. Яны ўспыхвалі, ярка асвятлялі нашыя твары рабілася так горача, што даводзілася адсоўвацца, а пасля гэтак жа хутка гаслі.

Надзея верыла ў мару майго брата, як і Андрэй у яе. Калі большасць сваякоў была супраць палётаў, калі ён сам вагаўся, звольніцца з войска і пайсці на звычайную працу ці застацца лятаць, жонка падтрымала яго выбар. Ён быў на карысць неба.

Мы яшчэ доўга сядзелі ля цяпельца, гутарылі. Брат распавядаў пра тыя цікавінкі, што бачыў у далёкім Сінгапуры.

У мяне ж мільганула думка, што такія вось вечары з веташком цалкам робяць мяне шчаслівай тут, пасярод нашых палёў.

Цяпла, назапашага той летняй ноччу, мне хапіла на многа халодных восеньскіх вечароў.


Фукусіма-дождж

Пачало закручвацца яно ў той час, калі ўсе мы ўдавалі з сябе малекул, якія змяніліся пасля чарнобыльскай катастрофы. Бязважкія, распластаныя ў прасторы. Пазбаўленыя гравітацыі. Часам мянялі аблічча на кроплі дажджу Фукусімы. Нібы наліваліся нуклідамі. Апускалі ўніз галаву і рукі. Усё ўнутры пералівалася, перакатвалася з боку ў бок. Расслабленасць. Нішто не стрымлівала ў звыклых межах адчуванняў. Малекула, кропля Фукусімы.

Наш эксперыментальны тэатр ставіў спектакль пра радыеактыўнае забруджванне. У дзень прэмеры здарыўся тэракт у менскім метро. Гледачы і крытыкі прыехалі агаломшанымі. Было незразумела, ці варта іграць пастаноўку ў такі чорны дзень. Вырашылі, што дзея пра Чарнобыль адпавядае змрочнаму часу і што ёсць у гэтым свой сімвалізм. Адыгралі. Млява і стрымана. У паветры была разліта смерць. І гэта перашкаджала ўяўляць сябе малекулай.

Наш тэатр пачынаўся не з вешалкі. А з двух апантаных студэнтак журфака: «А давайце створым свой тэатр!» «А давайце». На ролю вярхоўнага гуру абралі яшчэ аднаго свайго былога журфакаўца. Ён скончыў тэатразнаўчую магістратуру, працаваў літаратурным рэдактарам у Купалаўскім. Меў варункі ў замежных калясцэнічных тусоўках.

Калі больш дакладна, то сцэнаў у тых тусоўках імкнуліся пазбягаць. Пафасныя ўрачыстыя выступы гэта ўжо прамінулы дзень. Выходзіць са сваімі дзеямі ў народ, разварушваць шэры застылы натоўп вось што было ў трэндзе.

Заезжыя тэатралы-эстонцы, што зазірнулі ў халодны Менск, надзелі на галовы і рукі доўгія панчохі, пафарбаваліся ад макавак да самых пятак у ярка-ружовы. І ў такім выглядзе палохалі мінакоў, не звыклых да эксперыментаў.

І мы таксама не баяліся прыдумляць. Усё сыходзіла ад яго, нашага вярхоўнага жраца Аўдзея. Спачатку запрасілі Аўдзю, каб проста падзяліўся сваім бачаннем, правёў пару майстар-класаў. Але ён неяк вельмі добра прыжыўся і ўжо сам не хацеў нікуды сыходзіць.

Ну хто яшчэ мог прымусіць нас катацца па падлозе роднага факультэта, робячы выгляд, што канаем ад апрамянення? Каму б іншаму прыйшло ў галаву папрасіць уявіць і паказаць, быццам тонем і ніякай глебы пад нагамі няма, знаходзячыся ў гэты момант ля вакон інтэрната Акадэміі музыкі?

Якія загоны?.. Ніводны комплекс пасля таго тэатра ўва мне не выжыў. Я вярталася з рэпетыцый і гатова была бегчы абдымаць любога знаёмца, які ехаў у супрацьлеглым канцы тралейбуса.

Гуру стварыў асаблівы, недасяжны іншым свет.

Ён быў старэйшым за нас гадоў на дзевяць. Невялікага росту, худы, з рэдкай барадой, сінімі ўпадзінамі пад вачыма. Неяк падчас чайнай цырымоніі, куды нас прывёў, зайшла размова пра асабістае. Высветлілася, што жаніцца ён не плануе папросту не думае, што такое з ім можа здарыцца.

Але Стэфа, адна з арганізатарак тэатра, закахалася ўсурёз. Моцна запала на нашага Рамэа. І не адставала ад яго са сваім каханнем.

Асфальт плавіўся ад летняй спёкі. Мы падбівалі нагамі каменьчыкі, ідучы на рэпетыцыю ў Тэатр беларускай драматургіі. Удалечыні зявіліся дзве постаці. Яны крочылі, прыабняўшыся. Пасля адзін з іх, Аўдзей, расчапіў абдымкі і адышоў убок. Не разумеў да канца, што з гэтым усім рабіць. Ён жа выкладчык наш. І нібы адзіночка па жыцці.

Стэфа была неверагодна прыгожай. Невялікага росту, з велізарнымі светлымі вачыма і доўгімі, бы ў русалкі, светлымі валасамі. Сапраўдны анёл у жаночым абліччы. Мара любога мускулістага сімпатычнага Апалона. Але яна не мысліла банальна. Таму выбрала іншы тыпаж.

Аўдзей зусім не быў падобны на ідэальную пару для прыгажуні-студэнткі з добрай сямі. Яго запалыя шчокі, празмерная худзізна, заўсёдная няголенасць. Не пра такіх жаніхоў для сваіх дачок мараць матулі. Але насамрэч ён быў надзвычайным, можна сказаць касмічным.

Неяк у гадзіну ночы я сустрэла іх у спальным раёне, Малінаўцы. Яны ішлі, ізноў абняўшыся. На гэты раз разбягацца не выпадала. Мы пагутарылі, і шчаслівая парачка растварылася ў святле ліхтароў.

Праз колькі часу вяселле сыгралі ў атмасфернай моднай кавярні. Хутка займелі сваю кватэру, зрабілі ў ёй рамонт. Неўзабаве нарадзілі хлопчыка. Словам, усё як у людзей, зажылі.

Але што ж стала з тэатрам і з тымі даўнімі марамі пра ўласныя спектаклі?.. Эксперыментальны тэатр, які паранейшаму ачольвае Аўдзей, зрабіўся папулярным і запатрабаваным. Цяпер квіткі на іх пастаноўкі платныя. Амаль кожны тыдзень прыходзяць запрашэнні выступіць за мяжой.

Нядаўна Аўдзей пакінуў у сацыяльных сетках такі допіс над сумесным здымкам з жонкай і маленькім сынам:

«Наша любімая мама Стэфка перамагла на прэстыжным драматургічным конкурсе. Звычайна пакуль адмаўляемся ад паездак. Але на ўручэнне ўзнагароды ў Маскву ўсё-такі вырашылі зездзіць. Любім і ганарымся вельмі».

А вы кажаце малекулы, Фукусіма-дождж, дзівацкія задумы Калі адно варяцтва памножыць на другое варяцтва і прыплюсаваць туды шмат кахання, у выніку атрымліваюцца адразу дзве здзейсненыя мары.


Крык

 Болей за ўсё я баялася, калі крычаць. Асабліва блізкі чалавек. І ты не можаш супрацьстаць. Не сыходзіш. Не тлумачыш. Не крычыш у адказ а калі і робіш гэта, то пасля шкадуеш. Моўчкі глытаеш чужы крык. А ён ядам пранікае пад тонкую скуру, пачынае атручваць волю.

 Чаго ты баішся, чаго?.. Мы знайшлі нашага новага ворага ты не кажаш праўду самой сабе! Падумай: што можа здарыцца самага страшнага? Што нехта прагоніць цябе? Што сыдзе? Што ўдарыць? Ну нічога, крыху пабаліць, затое станеш свабоднай Вось як. Што будзе крычаць. Гэта не страшна насамрэч. Не бойся.

 Многія, каго я лічыла сваімі, рабілі так. Я не буду пералічваць. Пэўна, яны і не памятаюць ужо. Проста я прызвычаілася. Сціскаюся, каб зрабіцца незаўважнай. Быццам нікога няма. Але ж я ёсць. І крык, як радыяцыя, прапітвае скуру. Можа быць, яны маюць рацыю? Можа быць, я праўда такая дрэнная?

 Ты не вер чужым словам. Яны проста салёны вецер. Галоўнае, давярай сабе.

Назад Дальше