Ксенія Шталенкова
Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах
© Шталенкова К., 2017
© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2017
© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018
Пралог
Вось і ўсё. Справа выканана, цяпер можна пачынаць новае жыццё. Нават дзіўна, што ўсё адбылося так проста і хутка. Калі ён накіроўваўся сюды, то чакаў усялякага, трымаўся насцярожана. Ніколі не ведаеш, што там робіцца ў чужой галаве.
Але ўсё абышлося.
Ён дбайна завязваў мяшэчак, сэрца радасна, па-дзіцячаму, трапятала ў грудзях: даўно забытае пачуццё. Але што рабіць з іншымі тут ён вагаўся, але пакуль адагнаў турботныя думкі. З гэтым ён вырашыць трохі пазней, а зараз трэба ўсё спакаваць, затушыць свечку, каб не прыцягваць залішняй увагі, і класціся спаць. Гэтую ноч ён правядзе тут не самае паганае мейсца, а заўтра ўжо выправіцца ў дарогу. І ўсё будзе інакш.
Раптам за спінай зарыпелі дзверы. Ён не паспеў нават павярнуцца, як яго пачалі душыць, шчыльна абхапіўшы шыю моцнай рукою. Ён заляпаў далонямі па стале, паляцелі на падлогу рэчы, але ж урэшце атрымалася выцяць душагуба ў шчыкалатку, той адступіўся на імгненне і тут жа зрабіў новы кідок. Ды не, брэшаш, і мы не горшыя атрымалася выкруціцца.
Ты што робіш? толькі і выдыхнуў ён, гледзячы на прыхадня, а той ужо з сілай тузануў у яго з рук радно.
Ён хацеў быў адпусціць, але пальцы па-здрадніцку заблыталіся ў вяроўцы. Яны разам паваліліся на падлогу, ён убачыў, як над ім занесена чужая рука, і пасля кароткага ды трапнага руху ўжо больш нічога не бачыў. Галава безжыццёва звалілася набок.
Вось і ўсё. Вось і ўсё.
Miensk. 5 wieraśnia 1875 goda, subota
Chto b mog padumać, szto razam z sapsawanym nadworjem hetak ża moża sapsawacca i czaławieczy charaktar. Widawoczna, dla hetaga musiać być i inszyja padstawy, jak, naprykład, pierszapaczatkowyja dadzienyja kształtu wychawańnia, adukacji, wiadoma ż, temperamentu, stanu zdarouja, adnak miarkuju, szto nadworje dramatically affects this mixture. Inaksz niemagczyma apraudwać uczorasznija pawodziny asobnych pradstaunikou czaławieczaga widu. Napewno niedzie u Europie pra toje użo napisali nie adnu nawukowuju pracu, pryczym padmacawanuju roznymi biasprecznymi argumentami, ale dla mianie heta jaszcze adzin dokaz tago, nakolki niemagczyma paślia sezonu znachodzicca ciapier u horadzie. Niewieragodna!.. Albo niewiarygodna? (NB: spytać u babuli)[1].
Раздзел I
Гэтакага роду меркаванні, што патрабавалі неадкладнага фіксавання ў журнале, займалі ранішні час Яўгеніі Канстанцінаўны панны Пракшыной, пакуль незамужняй, як яна сама любіла паведамляць, дзявіцы ад роду гадоў дваццаці аднаго, якая пражывала разам з бацькамі і бабуляй у бельэтажы аднаго з тых даходных дамоў на вуліцы Петрапаўлаўскай, які найзручнейшым чынам месціўся непадалёк ад скрыжавання з галоўнай вуліцай губернскага горада Захареўскай.
Звычку ж запісваць думкі, што прыходзілі ў яе светлую галаву, Яўгенія Канстанцінаўна займела яшчэ ў дзяцінстве, пад уплывам ангельскай пісьменніцы Іаанны Остэн, якой з таварышак ейных ужо, наадварот, ніхто асабліва не зачытваўся, аддаючы ўсё большую перавагу новым імёнам кантынентальнай літаратуры. А вось бацька панны Пракшыной, Канстанцін Мікалаевіч Пракшын, у цяперашні час палкоўнік у адстаўцы, а таксама паспяховы man of business[2] у галіне лесапільнай вытворчасці, быў заўзятым англаманам, прытым не ў першым пакаленні. А таму ў фамільнай бібліятэцы за многія гады сабралася нямала выданняў, што прыбылі з саміх Брытанскіх астравоў. І хаця імі хатні збор зусім не абмяжоўваўся, Яўгенія Канстанцінаўна больш за ўсё любіла менавіта ангельскія раманы і ўсё часцей рамантычных уласцівасцяў, ну а ўжо ў міс Элайзе Бэнэт панна Пракшына бачыла самую сябе. Нягледзячы на тое, што з мінулага траўня яна ўжо не магла падобна той бравіраваць сваім юным узростам, выдуманая міс дагэтуль служыла для Яўгеніі Канстанцінаўны прыкладам, а стваральніца яе натхненнем у творчасці.
Панна Пракшына меркавала, што валодае некаторым літаратурным талентам і нават марыла калі-небудзь заявіць пра сябе не менш дзёрзка, чым (што ўжо тут далёка хадзіць не ў адной Англіі пекная палова чалавецтва адораная здольнасцямі да складання мастацкіх твораў!) гарадзенская пісьменніца Ажэшкава, якой сама Яўгенія Канстанцінаўна не вельмі захаплялася. Але ж спрэс спісаны быў ужо не адзін дзясятак журнальных сшыткаў, а ў нашай дзявіцы пакуль атрымлівалася не надта складна: гучны дэбют адцягваўся на неазначаны перыяд. Усё ж, каб не страціць умення надаваць сваім назіранням пісьмовую форму, панна Пракшына ў любую зручную хвіліну бралася за пяро.
Трэба заўважыць, што запісы свае Яўгенія Канстанцінаўна вяла пераважна беларускай лацінкай не выпадкова. Хаця прозвішча яе было выключна рускага паходжання, рускай панна Пракшына была толькі напалову. Матухна і бабуля яе сябе называлі ліцвінкамі і належалі адразу некалькім старажытным шляхоцкім родам, адкуль і ўзнікла пачуццё ўласнага абавязку перад мовай продкаў. Няхай узровень валодання ёю ў Яўгеніі Канстанцінаўны ніяк нельга было назваць бездакорным, яна ўсё ж усклала на сябе святую місію пакінуць літаратурную спадчыну, прынамсі для гіпатэтычных нашчадкаў. Праўда, час ад часу ёй выпадала замяняць невядомыя словы замежнымі зваротамі ў пазбяганне выкарыстання русізмаў, за якія ёй жудасна перападала ад бабулі адной з нямногіх, хто мог ацаніць яе намаганні і з кім панна Пракшына магла практыкавацца як след.
Вось і зараз Яўгенія Канстанцінаўна мела вострую патрэбу ў парадзе, але жаданне развіць тэорыйку, якая раптоўна нарадзілася ў ейнай галаве, а хутчэй выкрыць учарашніх крыўдзіцеляў хаця б ва ўласных вачах, перамагло. І панна Пракшына ўзялася пісаць далей, тым больш што спяшацца не было куды: гадзіна ўсё яшчэ была ранняй, а да сняданку пакуль не клікалі. Насамрэч спачатку яна хацела заняцца прабежкай ва ўнутраным двары, каб развеяць непрыемныя думкі, але надворе сапраўды ўжо каторы дзень засмучала золлю, якая так нечакана прыйшла наўздагон спякотнаму лету.
Таму Яўгеніі Канстанцінаўне давялося абмежавацца выкананнем стандартных гімнастычных практыкаванняў indoors[3], што было яшчэ адной звычкай, якую, акрамя любові да ангельскай літаратуры, з дзяцінства прывіў ёй татухна аматар здаровага ладу жыцця, ды яшчэ і неблагі sportsman[4]. Прывёўшы сябе пасля таго да належнага выгляду, панна Пракшына паглыбілася ў роздум пра вечарыну, праведзеную сіламі чыгуначных службоўцаў і іх знаёмых, куды Яўгенія Канстанцінаўна ўчора атрымала запрашэнне на падставе збору сродкаў на дабрачыннасць. Хаця на справе ўсё скончылася пасрэднымі танцамі не самага вытанчанага гатунку.
На жаль, не ўсе аказаліся дастаткова далікатнымі, каб паважаць яе вальналюбства і схільнасць да самастойнасці, якія не самыя блізкія сябры нярэдка блыталі з натурыстым характарам. Гэта надта яе абурыла, і ў рэшце рэшт усё вылілася ў даволі непрыемны фінал. Праводзіць дбайны разбор прыкрага канфлікту панне Пракшыной зусім не хацелася, бо ў такім выпадку давялося б крытычна асэнсаваць і ўласныя хібы. З гэтай прычыны яна на хвіліну задумалася, як бы ёй і надалей у сваіх сентэнцыях абысціся абцякальнымі фразамі, аднак тут да яе пагрукалася пакаёўка.
Come in![5] сцісла і строга прамовіла Яўгенія Канстанцінаўна, не вельмі задаволеная ўмяшаннем.
Панначка, да вас цыдулачка ад Кацярыны Міхайлаўны, пакаёўка паклала на стол, за якім сядзела панна Пракшына, напарфумленую капэрту.
«Толькі паперу на глупства марнуе», раззлавалася панна Пракшына на адрасантку, ужо мяркуючы, што яе чакае ўнутры. Пакаёўка паведаміла, што сняданак трохі затрымліваецца, але затое Яўгенію Канстанцінаўну пыталася бабуля, якая жадала сурёзна перамовіцца з унучкай. Хаця панна Пракшына выдатна зразумела намёкі пакаёўкі, яна ўсё ж вырашыла прапусціць іх міма вушэй і, выправіўшы дзяўчыну, разгарнула цыдулку ад Каці Мацвеевай, да кампаніі каторай учора і далучылася на няўдалай вечарыне. Каця жыла ў доме насупраць, а гэтакія цыдулачкі зяўляліся сродкам абмену паміж сяброўкамі сенсацыйнымі навінамі альбо і проста запрашэннямі завітаць у госці, часцей за ўсё неадкладна. Здаецца, сённяшняе пасланне сумяшчала абедзве функцыі:
«Жэня, Кідай усё і тэрмінова прыходзь да мяне! Ты проста памрэш ад жаху, калі даведаешся пра тое, што я хачу табе абвясціць!
К.»Вось і абвясціла б адразу! нахмурылася Яўгенія Канстанцінаўна.
Зрэшты, для сяброў яна і праўда часцей была Жэняй, а Яўгеніяй Канстанцінаўнай у думках называла сябе сама. Яшчэ, здаралася, татухна, калі сердаваў, называў дачку гэтак афіцыйна. Але, тым не менш, зараз фамільярнае «Жэня» ёй неяк не надта спадабалася, тым больш што ва ўчарашняй гісторыі ў пэўным сэнсе панна Пракшына вінаваціла і сяброўку.
Вядома. Каця была мілай круглатварай рагатушкай з залатымі кудзерамі, а крыху занадта рослая ды сухарлявая згодна з цяперашнімі меркамі Жэня, ды яшчэ і з фанабэрыстым позіркам, зразумела ж, выдатна адцяняла бестурботнае хараство і падвойвала поспех сяброўкі сярод кавалераў. І разам з тым Каця заўжды быццам бы адчувала сваю віну і намагалася накіраваць кагосьці з дзецюкоў да Яўгеніі Канстанцінаўны, у чым тая, зрэшты, і не мела патрэбы, мяркуючы, што ўсе яны былі зусім не тым, а дакладней нават не Тым. Гэтых няшчасных яна мела звычку сустракаць холадна і без усякай увагі, хаця часам трапляліся і цікавыя індывіды, якім панна Пракшына, будучы ўсё ж дзявіцай далёка не апошняй адукаванасці, тут жа ўчыняла іспыты свайго роду інтэлектуальнай дуэллю. І ўжо па выніках яе вырашала, ці варта траціць свой каштоўны час далей. Аднак большасцю маладых людзей, ушанаваных такім гонарам, запрашэнне да гэтых практыкаванняў не ўспрымалася сурёзна, а таму ўсё часцей Яўгенія Канстанцінаўна на вечарынах бавіла час самастойна.