Разбудзіў жа яе Тэдзі, які ўзяўся бессаромна гойсаць наўпрост па падушцы Яўгеніі Канстанцінаўны, намагаючыся давесці да сумлення гаспадыні, што няшчасны pies мае права на свабоду перамяшчэння саскочыць з высокага ложка сам, нягледзячы на баявітасць, ён пабойваўся.
Адчапіся, Тадзік, прабуркатала панна Пракшына, захінуўшыся ад сабакі локцямі, і тут жа спахапілася: прыкрае супадзенне імёнаў надало выразнасці зданям, з дужых абдоймаў каторых яна толькі што вырвалася.
З цалкам пазбаўленым вытанчанасці крахтаннем Яўгенія Канстанцінаўна выкараскалася з ложка, спусціла на падлогу гадаванца ды, паціраючы лоб, патупала да вокнаў. Адвесіўшы цяжкую штору, дзявіца хваравіта здрыганулася ды ўтаропілася з-пад набрынялых за ноч павек на вуліцу: у аблічча ёй біла занадта яркае сонца, якое ўжо знаходзілася значна вышэй, чым яна меркавала. Панна Пракшына пахмурна перавяла позірк на збан і шклянку, якія месціліся на століку побач, ды, спісаўшы свае пакуты на шараговае dehydration[37], наліла сабе вады, аднак тая аказалася цёплай ды смак яе трохі аддаваў пылам. Не здолеўшы пераканаць сябе ў тым, што гімнастыка перад сняданкам таксама магла б зараз дапамагчы, панна Пракшына адкінула і недарэчныя думкі пра politesse[38]. Накінуўшы зверху начной кашулі халат, яна адчыніла дзверы, якія апантана шкроб Тэдзі. Разам з гадаванцам Яўгенія Канстанцінаўна пацягнулася прэч з пакоя: сённяшні расклад наўрад ці мусіў стацца ўзорам арганізаванасці.
35
моцны шатландскі альбо ірландскі алкагольны напой (анг.)
36
Падрабязней чытач можа азнаёміцца з гэтым запісам ад 6 верасня 1875 года ў адмысловым раздзеле «З журналаў панны Пракшыной» (гл. напрыканцы кнігі).
37
абязводжванне (анг.)
38
этыкет, ветлівасць (фр.)