Кроква верыў у свой лёс. Лёс трэба вычуваць і не імкнуцца рабіць тое, што табе не наканавана. Васілю здавалася, што калісьці, у іншым жыцьці, ён ужо жыў у Полацку. Кроква быў перакананы, што ў нейкіх таемных куточках яго мозгу захоўваюцца ўспаміны пра гэта. Часам яны фрагмэнтарна адкрываліся ў начных відзежах. Таму ён вельмі сурёзна ставіўся да сноў. Толькі ў адрозьненьне ад традыцыйнага іх успрыманьня, як нейкага зашыфраванага прадказаньня будучыні, Кроква бачыў у снах напамін пра мінулыя падзеі, якія нікуды не зьнікаюць, а дзесьці існуюць у іншай рэальнасьці.
Сон, у якім ён сустрэўся з Ластоўскім, выбіваўся са звыклага ўспрыняцьця сьненьня, да якога звыкся Васіль. Ластоўскі ня быў зь мінулага. Гэта абсалютна дакладна зразумела Крокве. І пры чым тут марсіяне? Ніякіх больш-менш сэнсоўных тлумачэньняў сну Кроква не знаходзіў.
Васіль дзеля цікавасьці схадзіў у мэрыю, наведаў аддзел капітальнага будаўніцтва, дзе ўзяў інфармацыю пра ўзьвядзеньне новага супэрмаркету ў мікрараёне Аэрадром, дзе ён жыў. Мэрыя была такая ж самая, як ўчора і пазаўчора. Ніякіх сьлядоў пажару на будынку не было. Кроква нават пашукаў месца, адкуль ён з Ластоўскім аглядаў будынак мэрыі. Але такога месца не існавала ў прыродзе. Бо калі глядзець на будынак з праспэкту Францыска Скарыны, то бачны толькі адзін бок мэрыі, а ня ўвесь будынак.
* * *Уладзік Скуратовіч аказаўся добрым хлопцам. І пакуль яны разам ішлі ў інтэрнат, Дудар амаль пасябраваў зь ім.
А ты всё время говоришь по-белорусски? гэта было другое пытаньне, якое задаў Дудару яго новы знаёмец.
Ну, а як я павінен гаварыць, калі я беларус і жыву ў Беларусі? Такія пытаньні заўжды нэрвавалі юнака, але гэтым разам Алесь стрымаўся і не пачаў дыскутаваць.
Такто так. Только в белорусских городах практически все не говорят по-белорусски. Вот и наша газета выходит по-руски.
Да пары да часу. Рэвалюцыя разьняволіла народы, і беларусы пачынаюць адраджаць сваю Бацькаўшчыну. А якая Бацькаўшчына бяз матчынай мовы? скаламбурыў Дудар, засьмяяў ся і прадэклямаваў: Паняслася песьня волі між лясоў густых, балот
О, это строки Михася Чарота, он высту пал в Полацке, читал свою поэму «Босыя на вогнішчы». А ты хоть видел живого Чарота?
Ня толькі бачыў, але разам зь ім працаваў у газэце «Савецкая Беларусь». І разам ствараў «Маладняк». Можна сказаць, што гэта мой сябар.
Да ну! зьдзівіўся Ўладзік. Так и ты, наверное, поэт?
Уладзік спыніўся і пачаў пільна аглядаць Дудара. Даць веры таму, што гэты хлопец у пацёртым кажушку таксама паэт, было цяжка.
Не «наверное», а паэт Алесь Дудар, мае вершы ўжо друкаваліся ў «Савецкай Беларусі».
А хутка выйдзе мая першая кніга «Беларусь бунтарская».
Ух ты! яшчэ больш зьдзівіўся Ўладзік. Почитаеш мне когда-нибудь? Признаюсь, я тоже пробовал писать стихи. И даже некоторые из них были напечаны в нашей газете. Но мне кажется, они не совсем удачные, чего-то в них не хватает.
А гэта таму, што пішаш не на роднай мове. Ты думаеш па-беларуску, гэтаксама як твае бацькі і дзяды, а вершы пішаш па-расейску. Таму і не атрымліваецца. Вершы твае нараджаюцца калекамі, у іх няма моўнай мастацкай дакладнасьці і прыгажосьці. Разумееш?
Возможно, оно и так, пагадзіўся Ўладзік.
Вось створым у Полацку філію «Маладняка» і пачнем адпаведную працу. Прыедуць нашыя хлопцы, пачытаюць лекцыі. Пара Полацку ставаць на нацыянальныя культурніцкія рэйкі. Дудар меў даручэньне ад Цэнтральнага бюро «Маладняка» стварыць у Полацку філію, як гэта ён ужо зрабіў у Віцебску.
Навокал зусім стала цёмна. Бадзёра рыпеў сьнег пад нагамі. Уладзік прывёў свайго новага калегу ў адзін з будынкаў былога езуіцкага калегіюму, які быў пераабсталяваны пад інтэрнат. Тут жылі пераважна вайскоўцы і навучэнцы 43-х полацкіх камандных курсаў. Але спыняліся і розныя цывільныя камандзіраваныя. Пахадзіўшы па нейкіх закутках, Уладзік прывёў мажную кабету, якая загадвала гаспадарчай часткай. Дудар паказаў ёй паперу ад рэдактара, кабета прачытала і павяла паказваць Алесю ягоны ложак.
* * *Кроква любіў Ластоўскага. А ягоную аповесьць «Лябірынты» лічыў сваёй настольнай кнігай. Прыканцы 80-х, калі Власта і ягоную літаратурную спадчыну нарэшце рэабілітавалі і надрукавалі ў часопісе «Маладосьць», Кроква збрашураваў часопісныя старонкі і зрабіў кнігу. Ня ўсё ў гэтай аповесьці было яму зразумела, але наяўнасьць нейкай таямніцы, якую трэба разгадваць, прымушала глядзець на «Лябірынты» ня толькі як на мастацкі твор. Гэта азначала, што да аповесьці трэба было вяртацца зноў і зноў. Кроква быў упэўнены, што Ластоўскі нешта за шыфраваў у «Лябірынтах». Нешта вельмі істотнае ды ізатэрычнае.
Кроква любіў Ластоўскага. А ягоную аповесьць «Лябірынты» лічыў сваёй настольнай кнігай. Прыканцы 80-х, калі Власта і ягоную літаратурную спадчыну нарэшце рэабілітавалі і надрукавалі ў часопісе «Маладосьць», Кроква збрашураваў часопісныя старонкі і зрабіў кнігу. Ня ўсё ў гэтай аповесьці было яму зразумела, але наяўнасьць нейкай таямніцы, якую трэба разгадваць, прымушала глядзець на «Лябірынты» ня толькі як на мастацкі твор. Гэта азначала, што да аповесьці трэба было вяртацца зноў і зноў. Кроква быў упэўнены, што Ластоўскі нешта за шыфраваў у «Лябірынтах». Нешта вельмі істотнае ды ізатэрычнае.
Тое, што ў Полацку былі, а можа і зараз ёсьць, падземныя хады, не было адкрыцьцём. У любым старым беларускім горадзе знойдуцца свае ўласныя легенды пра сутарэньні і лёхі. Звычайна іх будавалі ў крэпасьцях і кляштарах. Гэта дазваляла заможным асобам або мніхам пры небясьпецы пакінуць сваё жытло незаўважна. У гэтых сутарэньнях таксама хавалі ад хцівага вока скарбы і каштоўныя рэчы.
Полацак быў поўны легендаў пра падзямельлі. З краязнаўчых кніг нават былі вядомыя ўспаміны людзей, якія на пачатку ХХ стагоддзя ў тых лёхах пабывалі.
Васіль верыў у гэтыя легенды. Больш таго, ён лічыў, што ў тых лёхах да сёньня перахавана нешта вельмі істотнае для Полацка. Магчыма, нават Полацкі летапіс, пра які ўсе казалі, што ён страчаны назаўсёды. Але як тыя лёхі адшукаць?
Васіль некалькі разоў старанна абсьледаваў усе закуткі Замкавай гары. Са сталёвым прэнтам ён аблазіў нават зарослыя быльнягом і кустамі стромкія схілы ракі. Нічога, аднак, падазронага не знайшоў. Калі нейкі ўваход або выхад з падзямельля тут і існаваў, то, відавочна, быў засыпаны пластом зямлі.
Кроква вылічыў і месца, зь якога Ластоўскі з Падземным Чалавекам спускаўся ў полацкія лёхі. Недзе побач з тым лазам стаяў некалі будынак Базыльянскага кляштару. Цалкам магчыма, што Ластоўскі спускаўся ў падзямельле са склепу таго будынка. Бо ўсе манастырскія камяніцы ў Полацку мелі свае дрэнажныя лёхі для адтоку грунтовай вады. Некаторыя мелі такую вышыню, што па іх можна было, сагнуўшыся, вольна хадзіць.
* * *Стварыць філію «Маладняка» ў Полацку аказалася яшчэ складаней, чым у Віцебску. Дудар абышоў усе ўстановы культуры і адукацыі ў горадзе ў пошуках патэнцыйных сяброў літаратурнай арганізацыі. Але знайсьці творчых людзей у правінцыйным зрусыфікаваным Полацку было ня так проста. Найбольшае расчараваньне Дудара чакала ў мясцовым пэдтэхнікуме. Тут ён меў гутарку з выкладчыкам Аляксандрам Пшчолкам, які наўпрост сказаў юнаку, каб той не баламуціў навучэнцаў і ўвогуле палачанаў, бо «белорусы не принимают в обиход этот язык».
З такім нахрапістым адмаўленьнем Дудар сустрэўся ўпершыню.
Ведаем, адкуль вы набраліся гэтых думак. Але ранейшыя часы ня вернуцца, як бы вы ні хацелі і ні імкнуліся іх вярнуць, са злосьцю прамовіў Дудар.
Словы гэтыя яму даліся ў знакі, бо Пшчолка напісаў скаргу ў акружны камітэт. Маўляў, грамадзянін Дайлідовіч яго абражаў і абвінавачваў невядома ў чым, ледзь не ў контррэвалюцыі. Насамрэч пільны выкладчык толькі зрабіў вымову юнаку за тое, што той без дазволу цягаўся па пэдтэхнікуму і бунтаваў навучэнцаў.
Дудара выклікалі ў агітацыйна-прапагандысцкі камітэт акружкама, дзе яму прыйшлося даваць тлумачэньні.
Па-іншаму сустрэлі Алеся ў Полацкім лясным тэхнікуме. Тут пераважна вучыліся вясковыя дзеці, таму скрозь гучала беларуская мова. У лястэхнікуме пэрыядычна адбываліся розныя імпрэзы, сустрэчы і вечарыны. Дудар з задавальненьнем іх наведваў. Аднойчы ён і сам быў запрошаны выступіць перад навучэнцамі. Алесь расказаў пра «Маладняк», пра тое, што зараз працуе над стварэньнем полацкай філіі літаратурнай арганізацыі, запрасіў тых, хто спрабуе свае сілы ў прыгожым пісьменстве, далучыцца да філіі. Пасьля сустрэчы да яго падышлі два навучэнцы. Першы зь іх, Уладзімір Паскробка, сказаў, што зьяўляецца карэспандэнтам некалькіх менскіх газэтаў і плянуе заняцца літаратурай. Другі Міхась Гулякевіч быў проста аматарам беларускай літаратуры, які перачытаў усё, што здолеў адшукаць, і чакаў ад Дудара дапамогі ў пошуку кніг беларускіх аўтараў.
Дудар быў рады і гэтай «знаходцы».
* * *Сьвятло ліхтара ўпала на сьцены сутарэньня. Падземны ход быў выкладзены з цэглы, цяжка ўжо сказаць якога колеру, бо каменныя бакі лёхаў і столь шчодра пакрываў слой зялёнага налёту, нібыта яны мядзяныя і ад вільгаці пакрыліся пацінай. Але зялёнымі сьцены выглядалі толькі на пачатку шляху: там, куды яшчэ час ад часу трапляла сьвятло. Далей яны былі ўжо чорнымі, як быццам бы ў фоташопе прыбралі колер. Столь упрыгожвалі плямы ад сажы. Відаць, некалі тут хадзілі з паходнямі. У разрэзе падземны ход уяўляў сабой усечанае кола, бо падлога ўсё ж была роўнай, шырыня не сягала за мэтар.