Уладзімір Арлоў
Сланы Ганібала
© Уладзімір Арлоў, 2005
© І. П. Логвінаў, 2005
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015
Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін
Незалежнасьць гэта
Незалежнасьць гэта калі ты зьявісься на сьвет у радзільні, дзе няма самых стэрыльных на зямлі савецкіх прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкі.
Незалежнасьць гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумэнт, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумэнт, а ня выцягне са стала «Справочник личных имен народов СССР» і ня будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблемаў назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам ня можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое Григорий).
Незалежнасьць гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая табе падабалася ў дзіцячым садку, на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Iсакам, на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату й маме ня трэба будзе ўсё лета зьбіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія ня тое каб не хацелі вучыць сваіх дзяцей так, як твае тата й мама, а проста ніколі пра гэта ня думалі, бо вырасьлі пры інтэрнацыяналізьме. I гэтыя заявы ня трэба будзе губляць тры разы дырэктару і два сакратарцы, і ў першы верасьнёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў сваю клясу, не даведаесься, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі і ўраду ў вас на ўсю клясу толькі ўсяго лемантар і дзьве «матэматыкі» на роднай мове.
Незалежнасьць гэта калі твая дружына ня будзе змагацца за права насіць імя Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любіў свайго татку Паўлік і як любіў беларусаў Мясьнікоў.
Незалежнасьць гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе й запытае, што значыць слова «імавернасьць», і ты па-француску растлумачыш яму.
Незалежнасьць гэта калі ты будзеш служыць у войску не далей за памежныя горад ці вёску твае зямлі, затое табе ніколі не загадаюць фарбаваць траву й прыбіраць тэрыторыю «вот отсюда и до обеда». У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў ці да свае дзяўчыны, затое ніхто не назаве цябе «бульбашом», а твайго сябра «черножопым» за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сьне па-свойму, і табе ніколі не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі.
Незалежнасьць гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выхадныя ў Вену, і ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы выпяце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вашай вандроўкаю ніхто ня будзе высьвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве габрэем, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтай.
Незалежнасьць гэта калі на Дзяды, у Дзень памяці продкаў, ты ідзеш на могілкі, каб паставіць там сьвечку і пакласьці кветкі, а ня стаць удзельнікам выпрабаваньня балёнчыкаў з нэрвова-паралітычным газам ці новае мадэлі гумовага дручка.
Незалежнасьць гэта калі твой сын прынес са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдзкую бітву, якая ўратавала твой народ ад сьмерці, і кажуць праўду пра ўладу, што расстраляла твайго дзеда й задушыла голадам тваю бабулю.
Незалежнасьць гэта калі да цябе завітае беларускі сьпявак зь Нью-Ёрку, і ты выпеш зь ім добрую чарку вішнёўкі, і пасьля ветлівыя дзядзькі ў цывільным не запрапануюць табе падрабязна напісаць, дзе й што вы пілі й каго пры гэтым лаялі.
Незалежнасьць гэта калі ты пазбаўлены магчымасьці чуць, як твой прэзыдэнт вучыць з экрану суайчыньнікаў:
«Хто как хаціт, той так і гаварыт», бо твой прэзыдэнт чалавек пісьменны і хоць адну мову ўсё ж ведае.
Незалежнасьць гэта калі з тэлеперадач і газэтаў раптам зьнікаюць лісты нястомна-таямнічых вэтэранаў і вусьцішныя паведамленьні пра нацыяналістаў і экстрэмістаў з народных франтоў, якія нават уначы ня сьпяць, а распальваюць паміж табой, Алёшам і Мішам, тату якога звалі Iсакам, а таксама Гражынаю, якая даўно ўжо твая жонка, міжнацыянальную варожасьць, каб учыніць сярод вас крывавую разьню й пусьціць пад адхон цягнік перабудовы.
Незалежнасьць гэта калі ніхто ня страшыць цябе, што твой народ ня зможа выжыць безь вялікага старэйшага брата, бо ня мае сваіх баксітаў ці алмазаў, і ты разумееш, што зусім дарэмна шкадаваў гаротных галяндцаў ці бэльгійцаў, якія ня маюць ні баксітаў, ні алмазаў, ні нават старэйшага брата.
Незалежнасьць гэта калі велізарныя аўтафуры з надпісам «Центровывоз» (ці бачыў ты хоць раз такія фуры, дзе было б напісана «Центроввоз»?) падрулююць не да чужых, а да нашых крамаў.
Незалежнасьць гэта калі раптам высьветліцца, што сьветлыя галовы ёсьць і ў нас, і калі крый Божа! выбухне завод ці прычыніцца якое іншае ліха, ня трэба будзе чакаць, пакуль прыедзе камісія з маскоўскіх разумнікаў.
Незалежнасьць гэта калі на Божай пасьцелі ведаеш, што пасьля таго, як ты памяняеш гэты сьвет на лепшы, на месцы царквы ці касьцёлу, дзе цябе хрысьцілі і дзе ты вянчаўся, ня выкапаюць сажалку з брудным лебедзем і не пабудуюць басэйн імя XXVIII зьезду КПСС, а могілкі, дзе будуць спачываць твае косьці, не зьнясуць і не ператвораць у закіданы пустымі пляшкамі парк культуры й адпачынку імя таварыша Гарбачова.
Незалежнасьць гэта
Незалежнасьць гэта калі ад нараджэньня да скону пачуваесься сваім чалавекам на сваёй зямлі.
Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо йначай проста ня варта жыць.
Люты, 1990Мой радавод да пятага калена, або Спроба пазьбегнуць выгнаньня
Пишешь, писатель перш чым папрасіць чырвонец, спачувальна кажа сусед, аглядаючы мой стол.
Суседаў позірк спыняецца на томе «Витебской старины».
Сотни на две потянет? пытаецца ён.
Я дастаю партманэтку і працягваю яму грошы.
Обижаешь, писатель, гаворыць сусед і глядзіць чырвонец на сьвятло.
Уберите Ленина с денег! раптам цытуе ён раньняга А. Вазьнясенскага й бесцырымонна плюхаецца ў мой фатэль.
На стале стосік аркушаў, на верхнім я пасьпеў ужо напісаць назву.
Мой ра-да-вод сьлібізуе сусед, засунуўшы нос у мае паперы. Всё по-белорусскому. Вчера, между прочим, по телеку тебя смотрел. Агитируешь Всё равно народ за вами не пойдёт.
Ён на ўсялякі выпадак хавае чырвонец у кішэню і кажа далей:
Понял, писатель? Но пасаран, как говорил товарищ Альенде, вечная ему память. Ну ладно, не обижайся. Мой ра-да-вод да пя-та-га ка-ле-на Это как понимать до пятого колена? Про что?
Пра генэалёгію, адказваю я.
Ну, ты даёшь, старичок! чамусьці радуецца сусед.
Её ж у мужиков не бывает.
Ён на хвіліну задумваецца і ў выніку нейкіх загадкавых меркаваньняў ухваляе мой намер:
А в общем, давно пора тебе что-нибудь такое соорудить, для народа.
Ён расказвае мне барадатую показку пра жанчыну, гінэколяга і сантэхніка, а потым яшчэ адну показку пра гінэколяга і двух грузінаў, і да мяне даходзіць, што сусед відавочна пераблытаў генэалёгію з гінэкалёгіяй. На дадатак ён выцягвае з кішэні і, натхняючы мяне на стварэньне новага літаратурна-мастацкага твору, вахлікам раскладвае на стале калоду парнаграфічных картаў.
Нарэшце мы разьвітваемся, і я выпісваю з аднае выдадзенае на пачатку нашага стагодзьдзя кнігі падкрэсьленыя калісьці, можа, яшчэ за праклятым царызмам, словы: «Мелі тыя крывічы звычай: калі дасягаў у іх юнак паўналецьця, мусіў ён, каб назвацца мужчынам, пераплысьці хуткую ды глыбокую раку, упаляваць тура або мядзьведзя, раскласьці ў залеву вогнішча, а таксама распавесьці суродзічам аб продках сваіх да пятага калена Калі ж ня ведаў ён роду свайго, дык падлягаў выгнаньню, бо ўважалася, што род ягоны, а значыцца, і зямля бацькоўская яму не дарагія, і можа ступіць ён на шлях здрады».
Побач, на палях, яшчэ відаць накіданае алоўкам і ўжо амаль сьцёртае часам дрэва нечага радаводу.
Як вы ўжо зразумелі, на штосьці падобнае падбіла гэтая кніга і мяне.
Няхай даруе мне стрыечная бабуля Грыпінка, што чытала «Чорную магію», умела спыняць кроў, заўсёды заходзіла ў хату да мае роднае бабулі акурат тады, калі мы сядалі за стол і бралі ў рукі лыжкі, лекавала людзей і худобу зёлкамі ды сем гадоў сядзела ў сталінскіх лягерах пэўна, усё ж не за антысавецкую й контрарэвалюцыйную дзейнасьць, а сапраўды за знахарства. Зрэшты, нядаўна я чытаў кнігу пра лекавыя расьліны Беларусі, якая пачынаецца з словаў «Коммунистическая партия проявляет неуклонную заботу о здоровье советских людей». Хто ведае, мо бабулі Грыпінцы інкрымінавалі якраз тое, што, зьбіраючы зёлкі, яна насьмелілася клапаціцца аб тым, аб чым мела права клапаціцца толькі камуністычная партыя?