ПАЭТ I БАРД. Я сябра сойму БНФ Сокалаў-Воюш. НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ (адмахваецца). Кто вас не знает!
СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ (сувора). Спадар Камароў, нам трэба ключ ад выхаду на дах.
НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ (падазрона пазіраючы на карэспандэнтку). Чем вы там будете заниматься?
СЯБРА ПАЭТА I БАРДА. Уздымаць Дзяржаўны сьцяг. НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ. Будет команда, тогда и вздымем.
АЎТАР (залішне патасна). Спадар Камароў, мы ведаем, што вы гэты сьцяг ненавідзіце, але празь дзесяць хвілінаў ён будзе вісець над вашым кабінэтам.
НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ. Кто вы такой?
Аўтар называе сябе, хоць тав. Камароў яго даўно ведае.
НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ. Вы вообще не полочанин и не имеете права здесь находиться.
АЎТАР (нахабна). А вы мяне дэпартуйце. НАМЕСЬНІК СТАРШЫНІ ГАРСАВЕТУ. Вы хулиганы!
СЯБРА ПАЭТА I БАРДА (з адценьнем злараднасьці). А вы не выконваеце пастановы Вярхоўнага Савету.
Пяцёра візытантаў выходзяць. Тав. Камароў ліхаманкава хапаецца за тэлефон.
2-Я ДЗЕЯЗагаджанае галубамі гарышча. Кавалак нейкага транспаранту са словамі «Дадим больше»
Старшыня рады БНФ разам з паэтам і бардам вылазяць праз вакенца на дах. Паэтаў сябра і аўтар сядзяць, прыкрываючы тыл, на гарышчы. Карэспандэнтка застаецца ўнізе перад будынкам.
Бальшавіцкі сьцяг паўзе долу. Карэспандэнтка фіксуе гістарычную падзею ў нататніку. Падяжджае варанок з нарадам міліцыянтаў, якія кідаюцца да карэспандэнткі.
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. Где здесь поднимают фашистское знамя?
КАРЭСПАНДЭНТКА (з усьмешкай). Гэта не фашысцкае «знамя», а наш Дзяржаўны сьцяг. Яго прыняла сэсія Вярхоўнага Савету
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (яўна паўтараючы нечыя словы). Как приняла, так и отнимет.
З партатыўнае рацыі на плячы ў старшыны чуецца: «Доложите обстановку!»
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (паглядзеўшы ўгару, усьцешана). Докладываю: их всего двое.
Падяжджае яшчэ адна міліцэйская машына і аўтамабіль зь людзьмі ў цывільным. Усе глядзяць угару. Над будынкам на асноведзі навальнічнага неба ўздымаецца белчырвона-белы сьцяг.
3-Я ДЗЕЯЗ ганку бадзёра сыходзяць чацьвёра тых, што былі на гарышчы й на даху. Паэт і бард ідзе, паклаўшы рукі на патыліцу, у запазусе ў яго зьняты «флаг» БССР.
СТАРШЫНЯ РАДЫ БНФ (да першага міліцыянта). Віншую з узьняцьцем Дзяржаўнага сьцягу!
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (не пасьпявае, як астатнія, схаваць рукі за сьпіну й зьбянтэжана адказвае на поціск). Там посмотрим (Перахоплівае ўважлівы позірк падпалкоўніка і зусім ніякавее.)
СЯБРА ПАЭТА I БАРДА. Віншуем вас, таварыш падпалкоўнік!
ПАДПАЛКОЎНІК (зь велізарным задавальненьнем загнаў бы нацыяналістаў у варанок, але цяпер ня ведае, што рабіць, і, мабыць, моўчкі кляне сэсію й дэпутатаў). Отойдите, у нас служебный разговор.
КАРЭСПАНДЭНТКА (да першага міліцыянта). Калі ласка, вашае прозьвішча для гісторыі.
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. Пожалуйста: старшина Кащеев.
Нацыяналісты вясёла й шматзначна пераглядаюцца.
КАРЭСПАНДЭНТКА. Кашчэеў
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ (зазіраючы ёй цераз плячо). Кащеев через «о».
КАРЭСПАНДЭНТКА. Я па-беларуску пішу.
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. А вы поправьте, чтобы правильно было.
«Доложите обстановку!» зноў хрыпіць у яго на плячы рацыя.
ПЕРШЫ МІЛІЦЫЯНТ. Докладываю: обстановка в целом дружелюбная.
Адчыняюцца дзьверы гарсавету. Углыбіні відзён тав. Камароў. Яўна на ягоны загад да ўдзельнікаў урачыстага ўзьняцьця сьцягу подбегам кіруецца бабуля-вахцёрка.
ВАХЦЁРКА (задыхана). Где наше знамя?
ПАЭТ I БАРД. А вось. (Выцягвае з запазухі сярпаста-малаткасты «флаг».)
ВАХЦЁРКА. Отдавайте имущество. (Учэпіста хапае «флаг», гэтаксама подбегам вяртаецца ў будынак гарсавету і зь сярэдзіны зачыняе дзьверы на засаўку.)
Удзельнікі ўзыходжаньня на дах прапануюць падпалкоўніку скласьці пратакол. Таму гэтая ідэя відавочна падабаецца, але абсурднасьць сытуацыі разумее нават ён.
ПАДПАЛКОЎНІК. Отойдите, у нас служебный разговор.
ПАЭТ I БАРД (падступна). Таварыш падпалкоўнік, а які ў вас сьцяг над аддзелам?
ПАДПАЛКОЎНІК. Отойдите, у нас служебный разговор.
ПАЭТ I БАРД (падступна). Таварыш падпалкоўнік, а які ў вас сьцяг над аддзелам?
ПАДПАЛКОЎНІК (зьнячэўлена). Пока никакого.
ПАЭТ I БАРД. Зараз мы вам дамо новы, у нас яшчэ ёсьць.
ПАДПАЛКОЎНІК (не чакаючы небясьпечнага падарунка, хутка сядае ў машыну). В отдел!
Усьлед за падпалкоўнікам адяжджае аўтамабіль з маўклівымі людзьмі ў цывільным, потым дзяжурны варанок. На пустым пляцы перад будынкам застаюцца пяцёра тых, з каго пачыналася дзеяньне. Адчуваецца, што ўсіх мучае смага.
У выпадку сцэнічнага ўвасабленьня можа гучаць нацыянальны гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» Над гарсаветам лунае бел-чырвона-белы сьцяг. Усё.
Верасень, 1991Гамсахурдзія наш чалавек
На плоце наклеены нясьвежы нумар газэты «Правда». Друкаваны орган партыі, прыпыненай пасьля жнівеньскага путчу, абураецца, што мумію правадыра хочуць вынесьці з маўзалею ды па-хрысьціянску аддаць зямлі побач з магілаю маці. Аргумэнты па-бальшавіцку грунтоўныя: вось памруць, маўляў, Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў з Раісай Максімаўнай, і заманецца некаму пахаваць іх на Стаўрапольшчыне, каля магілы маці былога генсека Між тым, прэзыдэнт не вылазіць з тэлевізара, прэзыдэнціха ўчора паведамляла народу, што «передвижники внесли большой вклад в искусство», а прэзыдэнтава маці днямі яшчэ сядзела на лавачцы пры сваёй сьціплай стаўрапольскай хацінцы, казала тэлегледачам, што Міша быў актыўным камсамольцам, і таксама паміраць нібыта не зьбіралася.
А можа, «Правда» нешта ведае?.. Карацей, думай, што хочаш.
Побач з газэцінаю матляецца абяўка: з 30-га маршрутная таксоўка ў аэрапорт хадзіць ня будзе ў сувязі з паломкаю. Сёньня толькі 25-га. Адкуль вядома, што акурат празь пяць дзён маршрутка зламаецца загадка.
Але ўсё гэта драбяза.
Вось праблема, вартая інтэлектуала: дзе я знаходжуся? Вакол кіпарысы, горы, жанчыны й гандлёвыя кропкі Абхаскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ўваходзіць у склад СССР. Але адначасова яна ўваходзіць і ў Рэспубліку Грузію, якая ў СССР не ўваходзіць.
Ёсьць толькі адзін спосаб дабраць тут нейкага сэнсу. Яго завуць Бора Гальперашвілі. Гэты піцундаўскі жыд, здаецца, ніколі ня быў ні акцябронкам, ні піянэрам, не вучыўся ні ў школе, ні ў інстытуце, а ад нараджэньня, пабліскваючы заплылымі тлушчам разумнымі вочкамі, стаяў за стойкаю прыморскага бару зь непрэтэнцыёзнаю назваю «Бар».
З Борам мы пазнаёміліся яшчэ на досьвітку перабудовы, калі аднойчы так заўзята падтрымлівалі дэмакратычныя працэсы, што потым давялося падтрымліваць нас. Тады, памятаецца, пляшка цынандалі каштавала ў «Бары» два рублі, а гарачы сакаўны хачапуры сорак капеек.
Час не спрыяе чульлівасьці, і мы з Борам сустракаемся па-мужчынску стрымана. Паміж намі адбываецца першы дыялёг.
Господин Боря, кажу я, изможденный организм жаждет бутылочку цинандали и один хачапури.
А что, дорогой, пытаецца «господин Боря», Белоруссия тоже отделилась?
А как же, адказваю я, падазрона пазіраючы на загадзя адкаркаваную пляшку без налепкі, а потым на Бору.
Спакойна вытрымаўшы мой позірк, Бора цікавіцца:
А какая у вас будет валюта?
Драньки и майсюки, не змаргнуўшы, адказваю я.
Интересные названия, з павагаю кажа Бора.
Причем, в одном драньке будет 99 майсюков, помсьліва дадаю я.
Бора настолькі ўражаны складанасьцю нашай грашовай сыстэмы, што хавае адкаркаваную пляшку без апазнавальных знакаў і адкаркоўвае новую, з налепкай.
А почему 99, а не 100?
Потому, что один уже есть.
Гэта мая дробная помста за таямніцу Абхаскай ССР. Няхай ведае, што і мы ня ў рэшаце яечню смажым.
З пляшкаю залацістага цынандалі за восем рублёў, з хачапуры амаль бяз сыру і бяз масла, затое за траячку, і зь філіжанкаю з адбітым вушкам (шклянкі ў Абх. ССР ці ў незалежнай РГ ужо скончыліся) я кіруюся да мора і выбіраю сабе абгладжанае хвалямі й выкінутае ўрэшце на бераг бервяно.
Шторм быў учора. Сёньня зялёныя хвалі ласкава ліжуць бераг. Раз-пораз пенлівы язык мора дастае да самага бервяна. Тады каменьчыкі ўспыхваюць і пераліваюцца рознымі колерамі, ды хутка зноў робяцца шаравата-аднатоннымі, і толькі рэдкі зь іх не губляе свае барвы.
Зьверху грэе сонца, зь сярэдзіны цынандалі, зьнізу утульнае цёплае бервяно. Магчыма, яго кінулі ў хвалі турэцкія працоўныя, каб дапамагчы працоўным незалежнае РГ (ці Абх. ССР) пераадолець энэргетычны крызіс, які змушае на ўсім гэтым абшары (незалежна ад уваходжаньня ці неўваходжаньня ў СССР) з 12 да 17.00 вырубаць электрычнасьць.