Сланы Ганібала (зборнік) - Уладзімір Аляксеевіч Арлоў 4 стр.


У той самы дзень мы з Колькам наважылі адпомсьціць за невядомага нам таварыша Кірава: знайшлі мой «Букварь», выдралі адтуль партрэт Іосіфа Вісарыёнавіча, выкалалі яму ржавым цьвіком вочы, спалілі партрэт на вогнішчы ў нашым садзе й вырашылі, што назаўсёды расквіталіся з найлепшым сябрам савецкіх дзяцей.

У тую самую восень бульдозэр перакуліў і некуды завалок нашага «школьнага» Сталіна. Праўда, педэстал стаіць там і сёньня, мусіць, недзе паблізу чакае й ягоны былы гаспадар.

Я пішу пра гэта, бо I. В. Сталін таксама частка майго радаводу, як, зрэшты,  хацелі б мы таго ці не,  і кожнага з нас. Хіба не пацьвярджае гэта лішні раз, напрыклад, нашая з Колькам помста за таварыша Кірава.

Праз колькі гадоў, клясе ў сёмай, я даведаўся, што маю й асабісты рахунак да ўсяго таго, што ўвасабляў чалавек, якога мудры Анры Барбюс назваў некалі Леніным-сёньня. Маці паказала мне даведку, якую я захоўваю цяпер сярод самых дарагіх дакумэнтаў.

Верховный суд Белорусской ССР 4 апреля 1963 г. г. Минск

5-10

СПРАВКА

Дело по обвинению Денисова Максима Денисовича, 1881 года рождения, пересмотрено Верховным судом БССР 5 февраля 1963 г.

Постановление от 23 марта 1933 г. в отношении Денисова Максима Денисовича отменено и дело за отсутствием состава преступления прекращено.

Денисов М. Д. по данному делу реабилитирован. Зам. председателя Верховного суда БССР

С. Шардыко. Тираж 10 000.

Да гэтае даведкі мне казалі, што дзед Максім хварэў і проста памёр.

Для ўсіх нас так і засталося загадкаю, якім было тое «данное дело».

Памёр у 1930-я гады і другі мой дзед Арцём. Наконт ягонага лёсу ніякіх даведак не прыходзіла, але з аднаго з рэдкіх бацькавых аповедаў я запамятаваў, што дзед Арцём меў малатарню, а значыцца, і ўсе магчымасьці паўтарыць шлях дзеда Максіма.

Тата, тата Як рана ты пайшоў, і як позна я вылузаўся з вопрадня інфантыльнасьці

На гаспадару малатарні дзеду Арцёму абрываецца мужчынская лінія бацькавага роду. Далей беспрасьветны туман без намёку хоць бы на нейкае сямейнае паданьне.

Намагаюся і не магу ўзгадаць аблічча сваёй бабулі па мячы Просі. У «фамільным архіве» не ацалела, а мо ніколі й не было ніводнае яе фатаграфіі. Бабуля Прося колькі тыдняў глядзела мяне пасьля таго, як, вярнуўшыся аднаго дня дадому, маці ўбачыла замурзаных мяне зь сястрычкаю ды прачытала пакінутую на стале цыдулку, зь якой вынікала, што нашая нянька, вясковае дзяўчо Паліна, падалася з камсамольскай пуцёўкай уздымаць цалінныя землі. Як хутка высьветлілася, тая пуцёўка чамусьці давала Паліне права прыхапіць з сабою маміну кофту і май зь сястрою срэбныя крыжыкі, атрыманыя пасьля хрышчэньня ў копыскай царкве.

Нанач баба Прося зазвычай апавядала мне відавочна сваю ўласную несканчоную казку пра рыбіную вайну (памятаю, што бабуліна прыхільнасьць у гэтай зацятай вайне заўсёды зь нейкае прычыны была на баку шчупакоў), а раніцою я почасту знаходзіў пад падушкаю пачачак арабінавых цукерак-смактунчыкаў.

Аднойчы я быў з татам у бабулі Просі ў Стэцаве. Каля ейнае хаты пасьвілася каза; проста за парогам пачынаўся лес, і пра лесуна, які шмат разоў «вадзіў» яе, прыходзіў на падворак даіць казу і нават начаваў у хаце пад печчу ў калядныя маразы, бабуля апавядала прыкладна так, як магла б казаць пра суседа, што жыў цераз плот.

Яна памерла, калі я хадзіў у трэцюю клясу. Ужо ў студэнцкія гады разоў колькі я меўся зьезьдзіць да бабы Просі на магілу, але так і не сабраўся. Часам я думаю, што зьбяруся, калі здолею ўспомніць бабулін твар.

З другой маёй бабуляю Аўгіньняй гэтае праблемы ніколі не паўставала. У любы момант я магу лёгка выклікаць у памяці ня толькі яе твар, але і голас, хаду, адчуваньне ейнае сухое рукі, калі яна вяла мяне зь сястрою на поплаў ці на гумнішча, каб пасадзіць на грудок і пачаць свой урок батанікі.

 Гэта здрыжнічкі, казала бабуля,  гэта ястрэц, а вунь, на выжарыне, скрыпень зацьвітае. Гэта во драсён, а гэта братаўка

Калі цяпер я чытаю ў сяго-таго з нашых уляўраных майстроў прыгожага пісьменства пра «іван-чай», «маць-імачыху» або «івана-ды-марю», пачынае здавацца, што безьліч такіх прыгожых, трапных ды непаўторных назваў беларускіх красак і траваў ведаем ужо адно мы зь сястрою.

Баба Аўгіньня не сядзела, як яе сястра Грыпінка, за знахарства, ды несумненна таксама мела стасункі з загадкавымі, але наогул прыязнымі да чалавечага роду сіламі. Яна зашэптвала зубы (скрозь гады да мяне даносіцца ейны ціхі, падобны да духмянага шамаценьня сена ў адрыне шэпт:

Баба Аўгіньня не сядзела, як яе сястра Грыпінка, за знахарства, ды несумненна таксама мела стасункі з загадкавымі, але наогул прыязнымі да чалавечага роду сіламі. Яна зашэптвала зубы (скрозь гады да мяне даносіцца ейны ціхі, падобны да духмянага шамаценьня сена ў адрыне шэпт:

«Белае карэньне, чорнае каменьне, сінія берагі»), лекавала ячмень (чамусьці па-расейску: «Ячмень-ячмень, нб тебе кукиш. Чего себе купишь? Купи себе топорок, руби себя поперек»), выводзіла мышэй і «каціную драпу»

Таемную бабуліну сілу я адчуваю й цяпер, праз трыццаць гадоў пасьля яе сьмерці. Пакутуючы калісьці ад бяссоньня, супраць якога не дапамагаў нават старажытны народны сродак пакладзеныя ў галовах бурштынавыя пацеркі, неяк уначы я выпадкова (?) узгадаў бабуліны ўрокі: адчуў сваю руку ў ейнай, пачуў яе голас, убачыў змаршчакаваты лагодны твар і срабрыстыя хвалі, што гнаў па высокай траве вятрыска, і нібы ў якоесьці пухкае прадоньне, імгненна праваліўся ў сон. Назаўтра я зноў паспрабаваў гэтыя лекі, і з тае начы бяссоньне мне ўжо не пагражае.

Бабуля часта апавядала, які добры быў да людзей пан з суседняе вёскі, у якога яна служыла ў маладосьці пакаёўкаю. Думаю, што гэтыя чульлівыя прыгады можна вытлумачыць пазьнейшым шчасьлівым жыцьцём у калгасе, але нават у самой панавай мянушцы Брынка мне, далібог, чуецца штосьці прыязна-чалавечае, чаго і з самай вялікай фантазіяй ня скажаш пра ацалелыя ў памяці старых вяскоўцаў мянушкі двух першых старшыняў тамтэйшага калгасу Раўло і, перапрашаю, Галасрака.

Неўзабаве пасьля рэвалюцыі бабуля Аўгіньня ледзь не загінула.

Тады ў капысіцкае навакольле нейкім ветрам занесла цыркавых артыстаў мусіць, ратаваліся ад чырвоных ці белых з блізкіх Магілева або Воршы. Адны старыя капысічане згадваюць, што ў цыркачоў былі мядзьведзі, другія гатовыя пабажыцца, што бачылі плявучых вярблюдаў і нават сланоў, але ўсе добра памятаюць, што сярод артыстаў былі зусім маленькія людзі, якіх у Капысіцы дагэтуль называюць словам «місьцюкі» (магчыма, яго трэба лічыць адпаведнікам расейскага «лилипуты»).

Гнаны рэвалюцыйнымі віхурамі цырк падаўся далей, а місьцюкі наважылі перачакаць пачатак новае эры ў гісторыі чалавецтва ў Капысіцы: набылі кароўку і атабарыліся на пакінутай сядзібе наводшыбе вёскі.

Місьцюкоў было трое: жонка з мужам і іхні сын такога самага росту, але, як казала бабуля, маладзенькі тварам. Кабетка хутка навучылася стоячы даіць карову, а ейны чалавек разам з сынам рапараваў па хатах вупраж ды іншы сялянскі рыштунак. Місьцюкі ціха пражылі ў сваёй хаце два гады, а потым з Копысі прыехалі на конях збройныя людзі, якіх бабуля, успамінаючы тую гісторыю, называла то камісарамі, то люцыпанэрамі. Яны вывелі місьцюкоў з хаты і забілі ўсіх траіх не страляючы, а выцяўшы кожнага пісталетнаю рукавяткаю па скроні. «Як зайчыкаў»,  казала баба Аўгіньня.

У той дзень яна пасьвіла каровы паблізу місьцюковае сялібы і, схаваўшыся ў агрэсьце, усё бачыла і чула: як маўчаў перад сьмерцю гаспадар і як прасіліся кабетка з сынам. Бабуля лічыла, што люцыпанэры забілі няшчасных місьцюкоў за тое, што знайшлі ў іх нейкія кнігі. Гэтыя словы яна так і вымаўляла курсівам, заўсёды хрысьцячыся й азіраючыся на бакі.

Яна закрычала ў агрэсьце ад страху, і верхавод коньнікаў загадаў, каб не было сьведкаў, «шлёпнуць» і яе, аднак бабулю абараніў вусаты матрос, дзякуючы якому (бо мая мама народзіцца толькі праз чатыры гады пасьля таго дня) я і займаюся сёньня генэалягічнымі росшукамі.

Калі ўспамінаю бабулін аповед, у памяці заўсёды пракручваецца эпізод з даўняга фільма пра рэвалюцыю. Узброеныя да зубоў чырвонаармейцы трасуць недзе ў Маскве ці ў Петраградзе прафэсарскую кватэру. Таленавіта акарыкатураны рэжысэрам і акторам гаспадар, спрабуючы нешта давесьці прадстаўнікам рэвалюцыйных масаў, здымае з паліцы кнігу (калі не памыляюся, том Пляханава). Зухаваты, перацягнуты кулямётнымі стужкамі малады начальнік патруля, трымаючы руку на расшпіленай кабуры, вясёла кажа акулярыстаму прафэсару: «Мы ваших книжек не читали и читать не собираемся. Мы Ильичу без книжек верим». Мне ўвесь час здаецца, што пасьля размовы прафэсара таксама «пусьцілі ў распыл».

З тых дзён у душы ў бабулі Аўгіньні назаўсёды засеў нязводны страх перад кнігамі. Можа, менавіта таму ў гады «культурнае рэвалюцыі» яна нейкім чынам ухілілася ад ліквідацыі свае непісьменнасьці і ўсё жыцьцё ставіла ў калгасных ведамасьцях каструбаватыя крыжыкі. Калі б яна дажыла да 1970-х гадоў, яе перакананасьць, што кнігі прыносяць людзям адно няшчасьці, магла б толькі ўмацавацца: майму стрыечнаму брату, а ейнаму ўнуку Генусю далі тэрмін (праўда, умоўны) за два тузіны зробленых ім копіяў булгакаўскіх «Роковых яиц».

Назад Дальше