Давай! загадвае ён нашаму кіроўцу, і мы пераяжджаем ужо ніштавата насунутую на ўсход мяжу сацыялістычнага лягеру.
Ужо ў самой назьве памежнага савецкага гарадка Чоп чуваць нешта роднае, «чрезвычайное» ЧОН, ЧК, ЧП
Якія да болю свае хоць прытулі іх да грудзей шыльды й абявы: «Комендатура», «Милиция», «Торговля только по талонам», «Туалет не работает», «Имя и дело Ленина будут жить в веках» Як звыкла й жадана ўштукоўваецца ў засьмечаны прывакзальны краявід і сам абседжаны галубамі «вечна жывы». Яшчэ адзін, падфарбаваны золатам ленін схаваўся ад дэструктыўных галубоў у вакзальную пачакальню. Ля ягоных ног трое пасажыраў сьцеляць газэціну з фатаздымкам Гарбачова, крояць на ёй сала і, насьцярожана аглядаючыся на бакі, дастаюць кантовую шклянку.
Я ўглядаюся ў дарагі зь дзяцінства, лагодны і мудры твар Ільліча. Правадыр, сарамліва адвёўшы вочы ад пляшкі «Гуцульскай» на газэціне, празорліва глядзіць удалеч, на шыльдачку «Ресторан закрыт нет воды». Мне здаецца, ягоныя вусны шэпчуць нешта геніяльнае: «Как нам реорганизовать Рабкрин?.. Социализм это учет»
Што да гэтага ленінскага запавету, дык у Чопе поўны парадак. Палова крамаў зачыненая на пераўлік, але, мусіць, хутка адчыніцца, бо выстаўлены ў вітрынах асартымэнт сьведчыць, што пераўлік можна правесьці імгненна.
Мэмарыяльная шыльда на вакзале паведамляе, што ў Чопе жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў, абяднаныя адной велічнай справай будаўніцтвам камунізму. Шыльду, на добры лад, трэ было б прадубляваць на замежных мовах, каб іншаземцы таксама зразумелі, зь якой прычыны зачыненыя абедзьве вакзальныя прыбіральні. (Трэба меркаваць, што ў камунізьме прыбіральні ўжо нікому не спатрэбяцца.)
Тым часам па вакзале й вакол нэрвова пахаджаюць колькі дзясяткаў нашых і замежных грамадзянаў. Людзі савецкага гарту хутка знаходзяць выйсьце хто заглыбляецца ў сквэрык, хто хаваецца за цягнік або плішчыцца ў прыватны сэктар.
Бездакорна апрануты сівы іншаземец з пакутаю на твары адважваецца таргануць дзьверы зачыненае на рамонт прыбіральні. Установа залітая смуроднаю жыжкай, сярод якой сям-там тырчаць цагліны. У госьця нашае краіны хапае змогі толькі на два скачкі. Не дацягнуўшы да трэцяе цагліны, ён ступае на дно і ў роспачы падцягвае пашытыя дзе-небудзь у Парыжы ці ў Гамбургу нагавіцы. Але тут яму ня Монтэ-Карла. Жыжкі па костачку, і белыя іншаземцавы шкарпэткі ўмомант набываюць менш кідкі колер.
У вітрыне зачыненай на пераўлік крамы лётае верабей. За шклом газэтнага шапіка нумар ці то маскоўскай, ці то яшчэ нейкай такой самай «правды» з буйным загалоўкам:
«Народ сказал Союзу «да»! Народ сказал «да» социалистическому выбору».
Мне хочацца паглядзець на таго, хто прысягае ў вернасьці сацыялістычнаму выбару толькі каб ён паўтарыў гэта не з тэлеэкрану, а з цаглінак у смуроднай жыжцы.
Па пэроне, апусьціўшы голаў, брыдзе сівы іншаземец з мокрымі нагамі. Над вакзальным будынкам лёзунг: «Да здравствует марксизм-ленинизм вечно живое, революционное интернациональное учение!»
На твары ў госьця нашай краіны пакора.
Але яму ёсьць куды вярнуцца. А мы ўжо вярнуліся.
Сакавік, 1991Старыя Лівадзійскія могілкі
Здарыцца так, што дабрадзеі з Саюзу пісьменьнікаў адшпіляць табе пуцёўку ў Дом творчасьці імя Антона Паўлавіча Чэхава, і ты апынесься сярод дзьвюх сотняў творцаў, зь якіх калі-небудзь схіляліся над пісьмовым сталом мо чалавек дзесяць. Цябе гэта зусім ня будзе абыходзіць, калі левакі будуць трымацца, як людзі, але яны пачнуць касіць пад пісьменьнікаў, і ты паспрабуеш закасіць пад сантэхніка, узнагароджанага пуцёўкаю за перамогу ў сацыялістычным спаборніцтве, і будзеш з ганьбаю выкрыты, калі прарве трубу, і трое «пісьменьнікаў» з суседняга стала прафэсійна залезуць у каналізацыйны люк, каб імгненна ліквідаваць аварыю.
Праўда, сярод творцаў будзе непрыкаяна блукаць пад кіпарысамі некалі гнаны, а цяпер уляўраны расейскі паэта, і расейскамоўная аўтарка зь Менску, у якой ад беларускай мовы на твары зьяўляецца гідлівая грымаска, і малады армянскі перакладчык Ашот, які, кажучы словамі М. Зошчанкі, «знает дам и верит в их назначение»
Зрэшты, ты прыедзеш у гэты дом на гары ня дзеля назіраньняў за прадстаўнікамі твайго віду двухногіх і безь вялікіх спадзяваньняў стварыць нешта геніяльнае. Ты прыедзеш таму, што дзесьці тут, у Ялце, ля сіняй бухты, ляжыць Максім Багдановіч. Адзіны на сьвеце паэта, пра вершы якога ты можаш з усёй пэўнасьцю сказаць, што паэзія сапраўды здольная зьдзейсьніць дзіва. Бо тое дзіва бачыў на свае вочы: твой раўналетак, сын савецкага афіцэра й расеец паводле пашпарта, які зрываў урокі ніколі не вывучанай ім белмовы, у дзясятай клясе грэбліва выкалупнуў нагой з сабранае піянэрамі макулятуры Максімаў зборнічак, пачаў, скрывеліўшыся, чытаць, а потым зрабіўся беларускім празаікам, пабыўшы перад гэтым выдаўцом падпольнага альманаху, сканфіскаванага літаратуразнаўцамі ў цывільным.
Зрэшты, ты прыедзеш у гэты дом на гары ня дзеля назіраньняў за прадстаўнікамі твайго віду двухногіх і безь вялікіх спадзяваньняў стварыць нешта геніяльнае. Ты прыедзеш таму, што дзесьці тут, у Ялце, ля сіняй бухты, ляжыць Максім Багдановіч. Адзіны на сьвеце паэта, пра вершы якога ты можаш з усёй пэўнасьцю сказаць, што паэзія сапраўды здольная зьдзейсьніць дзіва. Бо тое дзіва бачыў на свае вочы: твой раўналетак, сын савецкага афіцэра й расеец паводле пашпарта, які зрываў урокі ніколі не вывучанай ім белмовы, у дзясятай клясе грэбліва выкалупнуў нагой з сабранае піянэрамі макулятуры Максімаў зборнічак, пачаў, скрывеліўшыся, чытаць, а потым зрабіўся беларускім празаікам, пабыўшы перад гэтым выдаўцом падпольнага альманаху, сканфіскаванага літаратуразнаўцамі ў цывільным.
Недзе там, зусім блізка, будзе ляжаць Максім Багдановіч, і табе дастаткова будзе запыніць таксоўку ды сказаць: «Старое Ливадийское кладбище», але замест простага й лягічнага ўчынку ты чамусьці будзеш дзень пры дні плёхацца ў цёплым, як калюжына, моры ды шнураваць па ўзьбярэжжы.
Пад пальмамі будуць стаяць плеценыя столікі з гумовай садавінаю й парожнімі пляшкамі з-пад трункаў, якія пюць у сваіх краінах замежныя грамадзяне. За дзесяць рублёў ты зможаш пасядзець за тым столікам і атрымаць каляровую фотку, але ты лепей выпеш за гэтыя грошы дзьве шклянкі херасу ў татарскай кавярні («Ў чарцы цёмнай і глыбокай, плешча, пеніцца віно») і пасунесься далей паўз фатографа з плюшавым Гарбачовым, паўз фатографа з малпаю, якая з зусім чалавечаю радасьцю задарма паказвае кожнаму мінаку вогненна-чырвоную сраку, паўз фатографа з трохмэтровым смарагдавым пітонам, які нечым няўлоўным нагадвае аднаго з кіраўнікоў роднага творчага Саюзу, паўз карункавы ад пены прыбой, што выносіць на бераг дарункі мора ў выглядзе шкарпэтак і скарыстанага прэзэрватыва («Ў іх русалкі заблуталі косы, рвуць і блутаюць срэбныя ніці»), паўз мастакоў, што малююць партрэты з натуры, паўз мастачку, якой ты б з прыемнасьцю папазіраваў, але толькі ў больш зацішным месцы, паўз гітарыстаў, скрыпачоў і джазістаў, гледзячы на якіх узгадваеш раньняга Алега Мінкіна:
Бродячий музыкант, он дело знает:
Футляр раскрыл, и шляпу на цемент,
И на глазах у всех, опять терзает
Неповоротливо печальный инструмент
Потым будзеш лезьці да сябе на гару, а, падняўшыся ў нумар, выйдзеш на гаўбец і незнарок угледзіш, як на гаўбцы пад табою перакладчык Ашот расшпільвае станік на бялявай студэнтачцы Зіне, якую цэлы дзень пасьвіла ды так і не ўпасла дагледжаная маскоўская маман.
Назаўтра будзе задушлівы скварны дзень («Ад сьпёкі пышуць дахі і асфальт») з экскурсіяй па чэхаўскіх мясьцінах.
Тут жыве Ратару, у яе сухоты. Тут выпіваў Купрын, там Бунін. Тут Чэхаў пажартаваў убачыў у асьветленым начным вакне жаночы профіль і гучна кажа спадарожніку: «А вы чулі? Учора Буніна ў адной татаркі зарэзалі».
Лівадзійскія могілкі зусім блізка, аднак ты ўсё адно ўпарта павернеш у іншы бок і выйдзеш на ўзморе да тых самых фатографаў, да музыкаў, што могуць і «Соmе together», і палянэз Агінскага, да вогненназадай мартышкі, да пітона, да варажбітак і прадказальнікаў, абстаўленых кампутарамі, якія, апрача ўсяго іншага, выдадуць табе навукова абгрунтаваныя зьвесткі, што ты памёр 23 лютага 1988 году, да херасу, да афіцыянткі з кляснымі нагамі й распусным разрэзам вачэй, зь якой шмат хто хацеў бы спаткацца зусім не на вуліцы, да плюшавага прэзыдэнта СССР, да ўсіх тых, з кім разам ты ляціш сёньня да зор А ў чарцы цёмнай і глыбокай будзе зноў і зноў сьветлым хмелем калыхацца віно, і, ускараскаўшыся да сябе на гару, ты, палохаючы Ашота зь Зінай і ўкормленых літфондаўскіх катоў, будзеш чытаць з начнога гаўбца:
Скарына, доктар лекарскіх навук,
У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры
I набяжыць новы дзень, калі ты будзеш да зьнямогі плаваць і думаць, ці шмат было ў Максіма ў Ялце жанчын, і, чуючы абураны хор дбайцаў пра паэтаву маральнасьць, параіш ім пачытаць Максімаў дзёньнік. Потым ты наведаеш Лівадзійскі палац, дзе адпачываў расейскі імпэратар Аляксандар II, у якога кінуў бомбу твой суайчыньнік Ігнат Грынявіцкі, і ў памяці ў цябе застануцца не эксплюататарскія інтэреры, а букет ружаў у палацавай прыбіральні.
А недзе на ўзьбярэжжы ў гэты час будзе кімарыць на сонейку трохмэтровы пітон, яшчэ ня ведаючы, што адвячоркам да ягонага гаспадара падыдзе аматар экзатычных фотак загарэлы мацак у адных шортах і з такой шыкоўнаю татуіроўкай, што здалёк яна будзе выдаваць на бэзавую кашулю. Усьцешаны фатограф абкруціць свайго смарагдавага кампана вакол мацака й замітусіцца каля апарату, а ты разам з натоўпам будзеш захоплена разглядаць татуіроўку, на якой у непрыстойнай блізкасьці з Ільлічом ды іншымі выдатнымі кіраўнікамі камуністычнае партыі й савецкай дзяржавы будуць выстаўляць свае вабноты прыгажуні з падпісанымі ўнізе імёнамі. Ты будзеш думаць пра час, калі давядзецца падпісваць і правадыроў, і раптам у паветры запахне ня толькі алеандрам, але і скандалам. Мацак пачне зьлякана азірацца й дзіўнавата тузацца. Што падзейнічае на пітона, застанецца загадкаю: ці то ён будзе сымпатыкам КПСС і абурыцца суседзтвам яе правадыроў з цыцкастымі вярціхвосткамі, ці то спрацуе інстынкт вольных ад эксплюатацыі фатографамі продкаў, але вынікі будуць відавочныя: татуіроўка стане відаць лепей, а ейны гаспадар зьбялелымі вуснамі вымавіць: «Сними змею». Зьляканы фатограф аберуч ухопіцца за пітонаў хвост і пачне ліхаманкава адкручваць зялёныя кольцы. «Адресок! Адресок!» закрычыць ён наўздагон уратаванаму мацаку, а той гістэрычна выгукне цераз плячо: «Пошел ты со своей змеей на х..!»