Дзіцячы маніфест (зборнік) - Кiрыл Стаселька 3 стр.


 Ужо прыехалі?

 Так. Не мог вас абудзіць. Пачаў падумваць, што памерлі, пажартаваў кіроўца.

 Прабачце, вельмі стаміўся, даўно ў дарозе. Так значыць, сто метраў прама?

 Трыста. Там будзе агароджа, за якой парк, ідзіце ўздоўж. Там усё зарасло, таму глядзіце ўважліва, каб уваход не прапусціць.

 Ага, дзякуй вам вялікі. Да пабачэння.

 Да пабачэння. Будзьце асцярожныя.

 Дзякуй.

Дзверы адчыніліся, і адтуль хлынула халаднаватае паветра. Пасля сну было асабліва зябка, па скуры пабеглі дрыжыкі. Вуліца практычна не асвятлялася, толькі далёка зялёным колерам свяціў ліхтар, што трохі здзіўляла (чаму менавіта зялёны?). Аўтобус развярнуўся ды зехаў у зваротным кірунку, а Андрэй пайшоў прама. Было ціха, нават сабакі не брахалі. Узнікалі сумневы, што тут наогул хтосьці жыве.

Агароджа парку цягнулася досыць далёка. Уваход знайшоў не адразу, давялося хадзіць туды-сюды некалькі разоў, а гэта давалася цяжка з яго багажом. У рэшце рэшт, ён знайшоў дзверы, якія былі трохі ўбаку ад высокай, закрытай з унутранага боку брамы. Прайшоўшы некалькі метраў па сцежцы, Андрэй убачыў удалечыні за дрэвамі абрысы велізарнага дома. Сцяжынка злілася з дарогай, якая ішла ад галоўных варот. Справа ад гэтай дарогі знаходзілася возера, велічыню якога было складана вызначыць уночы.

Перад Андрэем паўстала загадкавая, амаль містычная карціна. Падыходзячы бліжэй, змог разгледзець, што вялізны дом і ёсць тая самая клініка. Будынак амаль не асвятляўся. Дзесьці за ім знаходзіўся ліхтар, чыё цьмянае святло падала з-за вугла. На прыступках, па баках ад дзвярэй, стаялі шкляныя ёмістасці з запаленымі свечкамі. На шырокім ганку быў столік, за якім задуменна сядзеў чалавек, чый твар ён пакуль не мог разгледзець. Па меры набліжэння, рысы выяўляліся выразней і Андрэй заўважыў, што незнаёмы глядзіць яму проста ў вочы. Ці то ад пільнай увагі, ці ад хвалявання, хлопец ледзьве не паваліўся, аб нешта спатыкнуўшыся. Каб згладзіць няёмкасць, Андрэй адразу пачаў гаварыць, не паспеўшы падняцца на ганак.

 Добры вечар! Маё імя

 Андрэй? Так, я ведаю. Мы чакалі вас сёння на вакзале,  адказаў малады мужчына ў прыгожым чорным касцюме.

 Мы з вамі, напэўна, выпадкова размінуліся. Выбачайце, што прымусіў вас ездзіць дарма

 Нічога, у любым выпадку мне трэба было ў Познань па справах. Добра, што змаглі самастойна да нас дабрацца. Як даехалі, напэўна, вельмі стаміліся?

 Дзякуй. Не, не вельмі, толькі спаць крыху хочацца.

 Есці таксама?  ён паказаў на талерку з вялікім кавалкам мяса і бульбай.  Разумею, што ў вас нямала пытанняў і, магчыма, некаторыя рэчы вас могуць здзіўляць. Таму зробім так: паешце, затым правяду ў ваш пакой. Адпачнеце, а заўтра сустрэнецеся з доктарам Штомпкам, і ён вам усё растлумачыць ды распавядзе пра тое, чым вы тут будзеце займацца. Згодны?

 Так, добра, вялікі дзякуй.

 Прашу прабачэння, што не прадставіўся. Я намеснік дырэктара клінікі, Базалья Франка.

 Прыемна пазнаёміцца. Калі шчыра, нават сумняваўся, ці варта сюды ехаць, бо мне нічога канкрэтна не патлумачылі.

 Разумею вас, але ёсць некаторыя прычыны, па якіх пэўная інфармацыя пра гэту клініку не можа распаўсюджвацца. Заўтра вы зразумееце, з чым гэта звязана.

Больш яны ні пра што не гаварылі. Андрэй так стаміўся, што ўжо не было сіл намагацца пра штосьці даведацца. А малады доктар, як ні дзіўна, нават не рабіў спробаў штосьці даведацца пра яго. Не пытаўся, колькі яму гадоў, адкуль ён і дзе вучыўся, нават не спрабаваў згладзіць цішыню лёгкай балбатнёй. Яны сядзелі моўчкі. Андрэй спяшаючыся даядаў прапанаванае мяса, якое наўрад ці загадзя прызначалася яму, а малады доктар спакойна дыміў люлькай, чакаючы пачаткоўца.

Андрэй крадком спрабаваў разгледзець твар свайго будучага калегі. У яго была прыемная, што выклікала давер, знешнасць, але ён быў не з тых, хто будзе цябе панібрацкі весела пляскаць па плячы. У яго рухах, манеры гаварыць і трымаць сябе выразна выяўлялася арыстакратычнасць, адчуваўся моцны характар, незалежнасць. Хацелася яму падпарадкоўвацца. Ва ўсякім выпадку, цяжка было ўявіць, што ён мог камусьці падпарадкоўвацца сам. На выгляд, доктар меў гадоў трыццаць. Кароткія чорныя валасы, высокі магутны лоб, грэцкі, з невялікай гарбінкай, нос, акуратныя вусікі.

Такая знешняя эстэтыка ў такой неэстэтычнай установе навяла Андрэя на думку: «Навошта так добра выглядаць, калі гэтага ніхто не ўбачыць, не адзначыць». Ён ніколі не задумваўся над гэтым раней.

Матывы зразумелыя, калі ты знаходзішся ў грамадстве, дзе кожны дзень сустракаеш мноства людзей: хочацца камусьці спадабацца, зрабіць уражанне, звярнуць на сябе ўвагу жанчыны. Але навошта выглядаць не проста дагледжана, але стылёва ў такіх закрытых установах як армія, бальніца, турма. Магчыма, гэта самалюбаванне, але малады доктар не быў падобны да нарцыса. Магчыма, у такіх месцах, дзе заўсёды ходзіш ва ўніформе, жаданне прыгожа выглядаць абвастраецца, але ён не заўважаў такога вострага жадання ні за сабой, ні за іншымі раней.

Як толькі Андрэй скончыў есці, яны прайшлі ў будынак. Для палаца, а гэта быў некалі палац, інтэрер вельмі просты, а для клінікі незвычайны. Тут не мелася пазалоты, крыштальных жырандоляў і іншых атрыбутаў мінулага багацця, але атмасфера велічы прысутнічала ў кожнай дэталі, кожнай дробязі. Спалучэнне такой атмасферы і штодзённасці клінікі, сутыкненне ўзнёслага і паталагічнага ўтварала дзіўны дысананс. Падняўшыся на другі паверх, малады доктар правёў яго да канца калідора, адчыніў дзверы і аддаў ключ ад пакоя. Развітваючыся, Андрэй увайшоў ды запаліў святло. Абстаноўка сціплая: столік, крэсла, шафа, камод і ложак. Нягледзячы на гэта, тут было вельмі ўтульна. Яму хацелася пракруціць у галаве мінулы дзень і ўявіць падзеі заўтрашняга. Але варта было пакласці галаву на падушку, як вочы самавольна заплюшчыліся.

* * *

Владэк адзін з мясцовых жыхароў, які час ад часу падпрацоўваў у клініцы кіроўцам пакуль яшчэ не прыйшоў. Таму, разабраўшыся са справамі, Базалья выйшаў на ганак, каб распаліць люльку і трохі пагрэцца на сонцы. Але хвілін праз дзесяць Штомпка перапыніў ягоную тытунёвую феерыю і запрасіў да сябе ў кабінет.

 Ты не забыўся, што сёння трэба будзе сустрэць папаўненне?

 Не забыўся, вось якраз чакаў Владэка.

 Зразумела. Калі ён прыедзе, будзе ўжо досыць позна. Таму лепш увесці яго ў курс справы заўтра. Абрывачная інфармацыя толькі адпудзіць, так што пратрымайся да наступнага дня. Трымайся, як на допыце,  засмяяўся Штомпка.

 Гэта я і сам разумею.

 Выдатна! Заўтра падрабязна ўсё яму растлумачу і папрашу Тадэвуша яго тут павадзіць. Яны з Тадзікам аднаго ўзросту, таму хутка адаптуецца. І папрашу цябе, калі ласка, першы час паназірай за ім, але не вельмі назойліва.

 Згода.

 Выдатна! Вунь, дарэчы, і Владэк ідзе. Базалья спусціўся з ганку і пайшоў насустрач.

 Добры дзень, Владэк!

 Добры дзень! Выбачайце, што спазніўся.

 Нічога, мы яшчэ не спазняемся. Машына гатовая, можам выязджаць?

 Так, машыну за брамай пакінуў. Вы яе не пазнаеце. Пафарбаваў, адрамантаваў, цяпер яна як новенькая.

Яны прайшлі па сцежцы за брамку і селі ў аўтамабіль. Яго на самай справе было не пазнаць. Было відаць, што Владэк вельмі гэтым ганарыцца. Калі б побач стаяла яшчэ некалькі машын, ён пэўна папрасіў бы адгадаць, якая з іх яго. Машына была старая і нязручная, таму Базалья толькі ў крайніх выпадках прасіў куды-небудзь падвезці. Але цяпер у салоне нешта змянілася і было досыць камфортна. Базалья нават паспеў задрамаць, і амаль гадзіна дарогі праляцела, як дзесяць хвілін. Калі прыехалі на вакзал, на вуліцы ўжо цямнела. Ён папрасіў Владэка прыпаркавацца побач з аўтобусным прыпынкам на Мікушэва.

Малады спецыяліст мусіў знайсці іх па нумары машыны. Цягнік з Варшавы ўжо дваццаць хвілін як прыбыў, а госця ўсё яшчэ не было. Базалья гатовы быў і сам пайсці шукаць згубу, ды не ведаў, як той выглядае. Ён адлучыўся, каб патэлефанаваць, пакінуўшы Владэка і пра ўсё таго папярэдзіўшы. Вярнуўся, але малады чалавек так і не зявіўся. Владэк не мог доўга затрымлівацца, ды і чакалі яны досыць доўга, таму вырашылі пабыць тут яшчэ хвілін дваццаць і вяртацца ў Мікушэва. Магчыма, той нешта пераблытаў. Базалья спадзяваўся, што ў такім выпадку ён здагадаецца сам даехаць на аўтобусе. Яму не хацелася зноў выслухоўваць ад Штомпкі лекцыі на тэму «Што можна было б зрабіць». Да таго ж, калі яны прыедуць назад, ён ужо будзе спаць.

У іх невялікай клініцы гэта быў ужо чацвёрты доктар за апошнія паўтара гады. Базалья не раз спрабаваў пераканаць Штомпку ў тым, што лепш нікога больш не прыцягваць. Нават калі на тое мелася крайняя патрэба, варта было запрашаць не маладых, а вопытных, і самае галоўнае, правераных спецыялістаў. Апошнія няўдалыя выпадкі мусілі стаць для яго найлепшым аргументам, але Штомпку немагчыма было пераканаць. Па характары Базалья на дзіва стрыманы чалавек, але такое стаўленне прыводзіла яго ў шаленства. Даходзіла да таго, што ён некалькі разоў зрываўся на павышаныя тоны, калі чарговая спроба пераканаць дырэктара заходзіла ў тупік.

Назад Дальше