Хаця, праўду кажучы, менавіта ад часу, ад эпохі больш за ўсё і хацелася адарвацца. Эпоха была тады не проста нецікавая, яна была нейкая пастарэлая, завершаная
* * *Здараліся і карнавалы.
Раз-пораз сюды зазіралі акторы Лепшага тэатра, звычайна пасля рэпетыцыі, а часам нават і перад спектаклем. Іх было бачна адразу. Яны заходзілі ў Хвілінку, як на сцэну, весела і святочна, нават крыху па-цыганску. І радасна цяпер яны ладзілі свой уласны спектакль і маглі гаварыць сваімі галасамі.
Але ўсё было не так проста. Іх галасы існавалі, як быццам, па-за іх уладальнікамі. Інтанацыі, эмоцыі, словы усё гэта ўцякала ад іх, аддзялялася, хацела быць асобным і самадастатковым.
Напачатку я разгубіўся.
Усё было не так, як выглядала. Усё блытала, падманвала.
Нават знешняе: самы эфектны, з вусамі, як у Сальвадора Далі, быў сціплым асвятляльнікам, а іншы, просты, амаль незаўважны, геніяльным акторам.
Яны гуляліся ў адмысловую гульню.
Прымервалі маскі. Мянялі іх. І нават мяняліся імі.
У гэтым было штосьці дзіўнае: сёння ты Праспера ў містычнай песе Шэкспіра, а заўтра сакратар райкама партыі ў вытворчай аднадзёнцы невядомага савецкага аўтара.
Я так і не змог зразумець да канца, што з імі адбывалася.
Не змог прачытаць іх сапраўдныя твары. Тыя, якімі яны былі ў рэальнасці. Ці маглі б быць.
Іх маскі не проста прырасталі да твараў, яны і былі іх тварамі.
Трэба сказаць, што ў жыцці ўсё было наадварот. Усе хацелі стаць кімсьці. Выбраць сабе толькі адзін твар адразу і назаўсёды.
Там, у тым жыцці гэтая гульня называлася знайсці сябе. У яе гулялі сурёзна і апантана. Часам усё жыццё.
Яны ж ішлі ў адваротным кірунку. Гублялі сябе, растрачвалі сябе на розныя жыцці, прымяралі і прымяраліся да розных твараў.
Я ўжо тады адчуваў, як гэта было небяспечна. Бо чым больш масак ты прымяраеш, тым менш здольны ў іх верыць, лічыць іх сваімі.
І тым менш верыш, што песа мае хаця б які сэнс.
І яшчэ адно пытанне ўсё ж вярэдзіла і цікавала.
Што адбывалася з імі позна ўвечары, калі яны здымалі маскі? Калі яны заставаліся сам-насам з пустэляй? Што яна ім гаварыла ў гэты момант? Што нашэптвала? Чым спакушала?
Прызнаюся шчыра, гледзячы на іх, мне самому захацелася пра гэта даведацца. Выйсці на сцэну са сваёй маскай. Ці, можа, са сваімі маскамі. Стаць часткай карнавала.
Але аднойчы ранкам я прачнуўся і ўцяміў, што нікуды не трэба выходзіць. Што я і так ужо на сцэне.
І што спектакль ідзе даўно і напоўніцу.
* * *Самая цікавая кампанія збіралася ў далёкім куце.
Чулася штосьці пра Ўсход, гучалі дзіўныя, незнаёмыя словы сатары, самадхі, дзэн патрыярхаў Я не проста слухаў гэтыя дыскусіі з захапленнем, я пражываў разам з імі важныя рэчы.
Разам з імі адкрываў для сябе Бенарэскі парк, спатканне, невялікую кампанію, што сабралася там аднойчы для размовы, рэха ад якой дасюль гучыць у свеце.
Альбо са здзіўленнем даведваўся, што пад імем Хаяма хаваецца насамрэч цэлая традыцыя, у якой былі дзясяткі паэтаў. І што віно ў ягоных вершах не тое самае віно, што прадаецца праз дарогу, ва ўніверсаме Цэнтральны.
Там я ўпершыню пачуў пра суфіяў і пра хасідаў, пра алхімічнае вяселле і містэрыю ўзяднання.
Пасля адной з такіх дыскусій я раптам усведаміў, што меў на ўвазе Нагарджуна, гаворачы пра адсутнасць альбо пустэчу, з якой усё нараджаецца.
* * *Менавіта там, у Хвілінцы маё жыццё раптам адкрылася мне як кветка: у яго празрыстай няўцямнасці, загадкавай і незразумелай прысутнасці in-der-Welt.
Як гэта здарылася, я памятаю і цяпер: я стаяў за высокім столікам. Была позняя восеньская раніца 1982 года. Сонца ледзьве прабівалася праз хмары.
Я замовіў падвойную, як звычайна, і стаяў за далёкай стойкай, адзін. Горад распачаў працоўны дзень, і цяпер, пасля ранішняй мітусні, крыху аціх, затрымаўся ці то ў чаканні абеду, ці то ўжо ў прадчуванні вясёлай вечаровай ілюмінацыі.
І тут за вакном адбылося штосьці надзвычайнае. Я адчуў гэта ўнутры, усёй сваёй істотай.
Усё раптам знікла.
Я прысеў на падвоканне, мне стала млосна. Але гэта было не проста фізічнае пачуццё, а штосьці больш складанае і насычанае. Амаль неадсюль. Штосьці накшталт сартраўскай nausea. Памятаеце, у ягоным рамане галоўны герой патрапляе ў гэтую пастку.
Усё, што было такім важным, усё што так ганарылася сваёй трываласцю, імкнулася быць назаўсёды усяго гэтага больш не існавала.
Усё, што было такім важным, усё што так ганарылася сваёй трываласцю, імкнулася быць назаўсёды усяго гэтага больш не існавала.
Свет павольна адыходзіў ад мяне, згортваўся ў клубочак, знікаў. Гэта было дзіўнае пачуццё: я адчуваў сябе так, як быццам бы свет завіс у маёй свядомасці, нібы навагодняя цацка на святочнай ялінцы. Яе можна было пагойдаць, можна было пахадзіць вакол, прыгледзецца.
Што здарылася, я так ніколі і не зразумеў.
Можа, раніца была занадта дзіўная, а можа, Леа не пашкадаваў кавы для падвойнай, і кафеін добратакі ўдарыў па маёй чыстай, яшчэ не нагружанай навакольнай ілюзіяй ранішняй свядомасці.
Усё заставалася такім, як ёсць. Машыны рухаліся ў розных кірунках, кудысьці ішлі людзі, у шапіках прадавалі Правду і Вечерний Минск, піянеры ўскідвалі рукі ў салюце і давалі клятву жыць, як завяшчаў вялікі Ленін, менскае метро рыхтавалася ўпусціць у свае светлыя залы савецкі народ беларускага разліву
І ў той жа час было ясна, што гэта толькі ілюзія, сон усяго гэтага насамрэч няма. І неістотна, сніць гэты сон хтосьці канкрэтны, напрыклад, Бог, ці гэта калектыўная галюцынацыя ніжэйшага анталагічнага гатунку.
Не, я зусім не спужаўся.
Хаця, напэўна, мусіў. Бо калі ўсё так нетрывала, знікома, не мае аніякага сэнсу трымацца і ўтрымоўваць, не мае сэнсу караскацца разам з усімі, рабіць кареру, думаць пра кватэры, дачы, пра тое, каб стаць у чаргу па жыгулі.
Але я, наадварот, адчуў сябе свабодным. Чалавек чамусьці пачынае адчуваць сябе чалавекам, толькі калі ён крыху выпадае са свету. Ці калі свет выпадае з яго.
А потым я стаў абсалютна шчаслівым.
Гэта немагчыма патлумачыць, чаму чалавек, які разумее, што анічога нельга ўтрымаць, становіцца шчаслівым.
Я проста перастаў трымаць і трымацца.
Спачатку паплылі самыя простыя рэчы: кубачак з кавай, які стаяў на стойцы, раптам прыўзняўся і завіс у паветры, дакладна перада мной. Потым павольна адплыў і ўжо там пачаў павялічвацца ў памерах, змяняць форму, пераўтварацца ў розныя рэчы.
Ён, як быццам, здзекваўся з чалавечага спадзявання на ўстойлівасць і зразумеласць свету. Там, на бяспечнай аддаленасці ён пераўтвараўся то ў кнігу, то ў маленькую дзяўчынку, то ў вялікага цацачнага тыгра. Урэшце ён пераўтварыўся ў мяне самога: я глядзеў на сябе здалёк і загадкава ўсміхаўся.
Потым ад мяне аддзяліліся сны.
Потым і гэта самае дзіўнае ад мяне аддзялілася маё Я і таксама пачало знікаць удалечыні. Ці, больш дакладна, тое, што я лічыў сваім я: фрагменты размоваў, важных і няважных, урыўкі ўспамінаў, лустачкі эмоцыяў.
На пэўны час я застаўся ў адсутнасці, там, дзе нічога няма. Колькі я там прабыў невядома: там не было часавых адзнакаў, каб свядомасць магла за штосьці зачапіцца.
А потым усё вярнулася.
Я сядзеў на падваконні, першыя наведвальнікі замаўлялі штосьці каля барнай стойкі, Леа паставіў кружэлку і зайграла музыка. Білі Холідэй спявала пра няшчаснае каханне, і чамусьці было страшна соладка слухаць яе гісторыю, і нават не проста соладка, а страшна істотна, я разумеў, што няма анічога больш істотнага ў свеце, чым гэтая музыка.
* * *І ўсё ж такі адна думка крыху вярэдзіла, не дазваляла проста так распусціцца сярод бытнага, сярод тонаў музыкі свету.
Трэба было пражыць сваё жыццё.
А гэта значыць штосьці выбраць, тут і цяпер. Вось толькі немагчыма выбіраць штосьці адно, пакуль не зразумееш, што да чаго, чым гэта адрозніваецца ад другога, чаму і як мы штосьці выбіраем у жыцці. Альбо чаму і як штосьці нас выбірае.
І ўрэшце чым ёсць чалавек і навошта ўсё гэта?
Здавалася: яшчэ ёсць час, каб разабрацца, каб зразумець. І ў той жа момант адкульсьці паўставала прадчуванне, што жыць і разумець розныя рэчы. Што калі ты ўва ўсё гэта патрапляеш, дык табе ўжо будзе не да разумення.
Калі цябе забірае жыццё, зносіць плынь, галоўнае не пайсці на дно, даплыць да другога берага.
Мы сыходзім занадта рана, раптам падумаў я.
Каб сапраўды з усім гэтым разабрацца, трэба было б пражыць некалькі жыццяў.
* * *Упершыню я задумаўся пра свой непазбежны сыход са сцэны ў пятым класе, выпадкова патрапіўшы на Салярыс Таркоўскага. Тады я толькі пачынаў сваю кареру чытача, і фантастыка выглядала самай салодкай магчымасцю выпасці з гэтай рэальнасці, парушыць межы часу і прасторы.
Я ўжо крыху чытаў Лема, таму, калі ў старым парку ў кінатэатры я пабачыў афішу, я не вагаўся. Фільм быў на апошнім сеансе, доўгі і зусім не такі, на які я спадзяваўся. Вядома, мне хацелася чагосьці нязвыклага. Далёкіх касмічных падарожжаў. Захапляльных прыгодаў. Альбо хаця б маленькіх і смешных зялёных чалавечкаў.