Прагледзеў праз Сеціва. Найлепшы футбольны матч усіх часоў і народаў, як палічылі яшчэ ў мінулым стагоддзі.
І што за матч? Хоць я ведаю, але Ну-ка
Бразілія Вугоршчына. На чэмпіянаце свету тысяча дзевяцьсот шэсцьдзясят шостага года. Ды яшчэ так званую Бітву пры Бёрне, на чэмпіянаце свету ў тысяча дзевяцьсот пяцьдзясят чацвёртым годзе самую драматычную бойку ў гісторыі футбола.
О-о, гэта была гульня! Я і цяпер пад настрой гляджу раз на год.
А яшчэ чэмпіянаты свету з удзелам Чылаверта.
Дарэчы, пра твайго куміра. Многія спецыялісты лічаць яго гульню занадта рызыкоўнай, а самога апантаным, варятам, які па хадзе матча штурхаў за сабой у гэтую своеасаблівую апантанасць і ўсю каманду. А ягоныя рэйды да чужых варот? Варяцкія, інакш не скажаш, галы, якія ён забіваў? Але, чаго не адымеш, дык гэта таго, што ён сапраўды быў геніяльным галкіперам. Геніяльным варятам. І яшчэ. Брамніку заўсёды варта быць гатовым ахвяраваць сабой. У тысяча дзевяцьсот пяцьдзясят шостым годзе, у фінале Кубка Еўропы, немец Берт Траўтман атрымаў траўму, але працягваў гуляць да канца, бо замены яму не было. Яны выйгралі 3:1. Пасля гульні аказалася, што ў яго зламаная шыя.
* * *Яшчэ па дарозе дамоў Максім патэлефанаваў з мабільніка Юлі і дамовіўся сустрэцца. Апошнім часам ён рэдка бачыў дзяўчыну, хіба што калі праводзіў яе са школы. Яны сябравалі ўжо гады два.
Юля за год неяк раптоўна вырасла і расквітнела.
Бацька дзяўчыны быў галоўным інжынерам на мясцовым крухмальным заводзе, а маці загадчыцай пашывачнага атэлье. Максім ведаў, што Юліны бацькі ўвогуле нічога не мелі супраць іх сяброўства, але лічылі гэта часовай падлеткавай зявай і, як прагаварылася аднойчы са смехам яму Юля, былі радыя і таму, што ён, Максім, хоць і з неўладкаванай, небяспечнай сямі, але хлопец прыстойны, прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, не ўжывае спіртнога, не паліць і, крый божа, не шыраецца. А што прысвяціў сябе спорту і хоча стаць футбалістам дык гэта таксама ўсё падлеткавае. Вось скончыць школу, і пачнецца сапраўднае жыццё. З пытаннямі іншага парадку: вучыцца далей альбо адразу служыць у войску, кім і дзе працаваць, як зарабляць грошы, каб утрымліваць сямю і дзяцей.
Некалькі разоў Максім заходзіў да дзяўчыны на кватэру. Не ў параўнанне, яе бацькі былі заможнымі і ўсяляк песцілі дачку. Юлін брат Кірыл заканчваў школу і хацеў паступіць у прэстыжны прыватны сталічны інстытут. Было ў яго, як ведаў Максім, і тайнае захапленне: ён іграў на гітары, збольшага спяваў і складаў музыку. Зухаваты, са срэбранай завушніцай, моднай прычоскай і апрануты на поўны прыкід, ён выклікаў у Максіма дваістае пачуццё: з аднаго боку павагу да творчай, як ён лічыў, рысы ў таго ў характары, а з другога прыхаваны недавер да яго здольнасцяў. Спяваў Кірыл то па-англійску, то па-руску, і неяк, на яго думку, з чужых галасоў. І тэксты песняў былі, на яго погляд, слабаватыя. Папса. Ты б на роднай мове паспрабаваў, параіў ён яму аднойчы, але Кірыл зняважліва адмахнуўся: Несучасна, зараз усе па-англійску бацаюць.
* * *Максімаў бацька сядзеў за бутэлькай піва, быў не ў гуморы. Маці яшчэ не прыйшла з работы.
Ты б не паліў у хаце, зрабіў заўвагу Максім.
У адказ бацька ўзняўся з зэдліка і адчыніў фортку. Хлопец заўважыў раптам, што той ужо на галаву ніжэй за яго.
Чаму не на працы? зедліва пацікавіўся Максім.
Не падышла, значыць. Шукаю лепшую.
Маці пашкадуй.
Уладкуюся. Абяцалі на днях. Паеш, там маці табе пакінула тое-сёе. Сам і разагрэй.
Максім хацеў расказаць яму пра размову з трэнерам, пра інтэрнат, але чамусьці перадумаў, вырашыў адкласці да вечара, калі прыйдзе маці.
Трэніроўка патрабавала адпачынку, але жаданне пабачыць Юлю было мацнейшае. Хлопец зайшоў да сябе ў пакойчык, пераапрануўся і выцягнуў з паліцы кніжку, між старонкамі якой ляжалі грошы, якія яму ахвяравала цётка.
Паловы грошай не хапала. З хвіліну ён шукаў іх, але дарэмна. Урэшце, усё было і так зразумела: піва на стале, пад ім пустая бутэлька з-пад гарэлкі. Ад крыўды перахапіла дыханне.
Грошы браў? спытаў ён у бацькі, ледзь стрымліваючыся.
Пазычыў крыху, не стаў той адмаўляцца. На днях вярну, не сумнявайся.
Максім моўчкі агледзеў яго постаць, пакамечаную вопратку, непаголены твар і, праглынуўшы камяк у горле, выскачыў за дзверы. У інтэрнат, вырашыў канчаткова. І неадкладна.
З Юляй сустрэліся на цэнтральнай плошчы, ля помніка. Дзяўчына прыйшла крыху пазней, ён ужо хацеў тэлефанаваць ёй на мабільнік. Раптам, як ужо не аднойчы было ў апошні час, заўважыў, што яна амаль зусім дарослая: раздаліся па-жаночаму клубы, аформіліся грудзі. Толькі з твару была падлетак, і ад таго яшчэ больш мілавідная і пекная.
Бралася ўжо на вечар. Сонца на даляглядзе занырнула ў хмары, частка з тых хмар апынулася проста над галавой. Пырснула дробным летнім дажджом.
Пайшлі ў кафэшку, пасядзім, пагаворым, прапанавала дзяўчына.
Згода, падтрымаў яе Максім і абмацаў у кішэні праверыў, ці захапіў з сабой грошы. Цётчыны грошы былі пры ім: усё, што засталося ад бацькоўскага наведвання.
У кавярні селі за свабодны столік. Дзяўчына замовіла каву і марозіва. Максім ад марозіва адмовіўся, сказаў, што толькі паеў дома. У цеснаватым памяшканні было няшмат наведвальнікаў, хіба што за здвоеным сталом у куце ўладкавалася шумная кампанія моладзі. Былі сярод іх і дзяўчаты. З музычнага аўтамата звыкла гучала расійская папса, якая даўно набіла аскоміну.
У мяне навіна, адразу пачаў Максім. Ён вырашыў не адкладваць размову на потым. Палавіна яе добрая, другая дрэнная. З якой пачынаць?
А ты яе раздзялі на дзве часткі. Дрэнную выкінь.
Не выпадае. Карацей кажучы, я буду залічаны ў інтэрнат спартыўнага профілю. На поўнае забеспячэнне. Жыць буду ў абласным цэнтры, трэніроўкі амаль штодня. Там і школу давядзецца заканчваць. Гэта першая палавіна.
А дрэнная?
Тое, што будзем рэдка бачыцца.
А я адразу і не падумала, крыху памаўчаўшы сказала дзяўчына. Дык не ўвесь час ты будзеш у свой футбол ганяць. А то тут на мяне ўжо, як кажуць, запалі.
Гэта хто яшчэ? насцярожана спытаў Максім.
Ды так. Да Кірыла заходзіць той-сёй.
Спадзяюся ты мяне ў архіў не здасі?
Не здам, Максімка. Супакойся.
Яны доўга гаманілі ні пра што перайшлі на іншыя тэмы, гаварылі пра настаўнікаў, дырэктара школы па мянушцы Цыркуль, пра тое, як паедуць на выхадныя на возера, але ў душы хлопца ўжо засяліўся цьмяны неспакой, і зноў на нейкія імгненні ён адчуў сябе самотным.
Хіба я падобны на аўтыста? спытаў раптам ён у дзяўчыны.
Што так?
Нешта не зусім мне файна бывае часам сярод людзей. Калі іх зашмат. Калі шуму многа.
І бацькоў сваіх я не паважаю. Навошта жывуць?
Ні сэнсу, ні мэты.
І ў мяне дома не ўсё гладка. Кірыл арганізаваў па-за школай рок-гурт. Прыходзіў у хату пад кайфам. Сябры ў яго такія: на шмаль ці на калёсы могуць падсадзіць.
Танэлі ў вушы ці ў губы яшчэ не паўстаўлялі? нядобра зяхіднічаў Максім. Дрэды не заплялі?
Ну, такіх прыдуркаў я побач не пацярплю, ты ж мяне ведаеш.
Між тым, за кутным сталом рабілася ўсё больш неспакойна. Афіцыянтка аднесла пустыя бутэлькі з-пад віна, прынесла новыя. Адтуль збегалі ўжо да музычнага аўтамата, зрабілі музыку грамчэй.
Пачалі танчыць, але не сурёзна, а з прыхаваным сцёбам, па-дурному крыўляючыся і перацвельваючы адзін другога.
Адзін з іх скуласты, чарнявы, доўгавалосы, з дэгенератыўнымі рысамі твару падышоў да іх століка.
Не супраць, калі я запрашу вас на танец? хіснуўшыся, спытаў у Юлі, знарок не зважаючы на Максіма.
Супраць. Вы пяныя.
Ты б спачатку патлы свае падстрыг ды пазногці пачысціў, прапанаваў Максім.
Усталявалася нядобрая паўза.
Доўгавалосы нейкі час абдумваў.
Што, не даганяеш?
Ды ты чё, апух внатуры? нібы схамянуўся і зароў доўгавалосы. Праблему хочаш? Будзе зараз табе праблема. І ўжо зрываючыся на істэрыку, закрычаў: Пацаны! Мяне гэтыя смаркачы пакрыўдзілі!
Да іх століка заспяшаліся яшчэ двое. Максім ужо і так зразумеў, што бойкі не пазбегнуць.
«Тупалобцы, мільганула ў галаве, нідзе ад іх няма спакою. Каб толькі гэты воласагалоў не зачапіў Юлю».
Але доўгавалосы пасунуўся ўсутыч да яго і памкнуўся ўхапіць за каўнер кашулі. Максім ухіліўся, адкінуў нагой крэсла, аказаўся на галаву вышэй і ўляпіў таму ў твар кулаком. Падбеглі двое, бязладна замахалі рукамі, адпіхнулі дзяўчыну ўбок. Юля крыкнула нешта, кінулася на дапамогу. Столік абрынуўся долу, разбіўся посуд. Адразу выбегла афіцыянтка, выхапіла мабільнік, каб выклікаць міліцыю.
Максім круціўся вужом, адбіваючыся ад звярэючых з кожнай хвілінай нападнікаў. У пэўнай ступені яго ратавала тое, што яны былі ўжо на добрым падпітку і таму перашкаджалі адзін аднаму.