Брамнік заўжды самотны (зборнік) - Юры Станкевіч 6 стр.


Юры Станкевіч

Брамнік заўжды самотны

© Станкевіч Ю. В., 2014

© ПВУП Галіяфы, 2014

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Брамнік заўжды самотны

Замест уступу

Ён нягучна пастукаў у дзверы і на Максімава не зачынена ўвайшоў у сціснуты куток, дзе ледзь месціліся ложак, падрапаны стол і рыпучае крэсла. На выгляд яму было каля сарака гадоў: сярэдняга росту, у чорным плашчы, вакол галавы з гладка зачасанымі назад валасамі колеру саломы нібы гайдалася вузкае кола святла. Каб не гэта, дык, адным словам, дзядзька з вуліцы.

 Вы хто такі?  здзіўлена спытаў дванаццацігадовы Максім Гудаў. Калі да бацькі, то ён спіць.

 Я да цябе, Максім,  сказаў незнаёмец і дадаў сарамяжліва: Я анёл. Імя Херувім. Прыйшоў, каб выканаць тваё адзінае жаданне. Заўваж адзінае.

 Нешта не верыцца.

 Нікому не верыцца.

 А што ад мяне трэба?  крыху памаўчаўшы пацікавіўся хлопчык.

 Загадаць. Толькі і ўсяго. Да кожнага чалавека ў дзяцінстве прыходзіць нехта з анёлаў. Заўваж, толькі аднойчы. Хто што просіць. Адзін цукерак, другі ровар, трэці Але Што жадаеш ты?

Хвіліну на роздум. Больш часу не маю.

 Не трэба хвіліну,  хлопчык па прозвішчы Максім Гудаў паказаў рукой на сцяну, дзе вісеў плакатны аркуш з выявай футбаліста.  Хачу быць галкіперам. Варатаром. Такім жа вялікім, як ён.

Анёл падышоў да сцяны, угледзеўся ў плакат і сказаў:

 Такім ты быць не здолееш, бо яму, калі ён яшчэ выступаў, не было роўных. А ўсё вялікае непаўторнае. Але тваё жаданне я занатоўваю. Ты не пашкадуеш. Вось я тут, на аркушы, стаўлю подпіс. Цяпер бывай.

 Бывай і ты,  развітаўся хлопчык і і прачнуўся. У пакойчыку нікога не было. Максім Гудаў перавёў позірк на сцяну. Знаёмая постаць у карычневай футболцы з выявай тыгровай галавы. Мужны квадратны твар, кароткая стрыжка.

Хасэ Луіс Фелікс Чылаверт Гансалес,  прачытаў ён у які ўжо раз.  Парагвайскі галкіпер. Нарадзіўся 27 ліпеня 1965 г. у г. Лука. Рост 1 м 92 см. Удзельнік двух чэмпіянатаў свету. Аўтар адзінага ў свеце хет-трыка сярод варатароў. Выключны пенальціст і выканаўца штрафных удараў. Забіў за спартыўную кареру 62 галы. Але што гэта?

Хлопчык ускочыў і ўсутыч наблізіўся да плаката на сцяне.

Знізу нешта высвечвалася, нейкі надпіс.

І раптам ён прачытаў: Згода. Херувім.

I

Гранд-стадыён. Францыя. Ліён

Са свайго месца на банцы лаўцы запасных васямнаццацігадовы Максім Гудаў убачыў, як іх асноўны варатар трыццацігадовы Сяргей Румаш выскачыў на перахоп і ў паветры, у скачку сутыкнуўся з абаронцам сапернікаў з Ліёна, які незаўважна, з-за спіны, падключыўся да атакі. Цемнаскуры, мажнага целаскладу лібера ішоў на набяганне з выстаўленым каленам, што і вырашыла лёс Сяргея Румаша ў гульні.

Збіты з ног, ён памкнуўся ўзняцца, але спробы, адна і другая, былі дарэмныя. Суддзя на полі, англічанін Стайлз, у жыцці паліцэйскі, паказаў цемнаскураму абаронцу ўсяго толькі гарчычнік і спыніў матч. Выклікалі ўрача і адразу брыгаду. І не паспелі яшчэ пакласці асноўнага варатара Румаша на насілкі, каб вынесці з поля, як коўч, галоўны трэнер Пал Палыч Грак схапіўся спачатку за галаву, спадзяваўся, можа, што будзе выдаленне, але хутка апамятаваўся і змрочна кінуў яму: Размінайся ў тэмпе і на паляну.

Замена. І калі ўжо выбягаў, нацягваючы пальчаткі, да сваёй штрафной, пачуў услед: Пацярпі да перапынку, не прапусці.

Пакуль бег, падумаў сам сабе, што вось ён, галкіпер з дубля, якога лічы што выпадкова павезлі за іх каманду Рэйду на адну шаснаццатую Лігі Еўропы, нечакана (верагодна, толькі на гэты матч) будзе стаяць за аснову. І ўсё з-за таго, што атрымаў траўму другі варатар, а цяпер, выцякае,  і першы, Румаш. Менавіта яму зараз давядзецца выцягнуць за ўсіх увесь цяжар, і на які момант ён жахнуўся, але думаць ужо не было ні часу, ні магчымасці, тым больш баяцца. Толькі прыгадалася: а як зрабіў бы на яго месцы вялікі Луіс Чылаверт, яго кумір?

А вось і яго гаспадарка. Вароты, як і паўсюдна, памерам сем трыццаць два на два сорак чатыры метра, ды штрафная перад імі. Ды яшчэ мяч. Ён выбіў яго далёка наперад няхай адчуюць яго ўпэўненасць.

Стадыён загудзеў. Увогуле цяперашняя гульня па сутнасці суцэльны для гаспадароў гандыкап. Каб выйсці ў чарговы раўнд, яго камандзе трэба альбо нічыя з нулявым вынікам (і тое ў залежнасці ад таго, як згуляюць у групе), альбо перамога. Але, паводле настрою, па ўнутранай перакананасці (а ён адчуваў яе) гатоўнасці, імпэту да перамогі не было. Не каціў у іх тэму і так званы аўтобус звышабаронная тактыка. Каб стварыць сапраўдны бетон у абароне, рэальных сіл не хапала. І спадзявацца ім заставалася хіба толькі на ўдачу.

Назад