Зрэшты, усё зразумела: інтэлігент. Сапраўдны. З вялікай літары. Менавіта такія лёс іншага народа прымаюць да душы і сэрца як свой уласны. Чалавечнасць у іх паперадзе ўсяго.
1995Які жах!
74 дэпутаты ВС РБ звярнуліся да Прэзідэнта РБ з просьбай правесці рэферэндум, якім надаць рускай мове (у Беларусі) статус другой дзяржаўнай. Гэта значыць, патрабуюць беларускую мову як дзяржаўную ліквідаваць. Іначай разумець іх просьбу нельга. У нашых умовах даць рускай мове правы дзяржаўнай гэта азначае: беларускай мове смерць.
Вось такія патрыёты Роднай зямлі, Роднай мовы. Такія слугі беларускага народа. Іх прозвішчы ў газеце «Звязда» за 18 сакавіка 1995 года.
1995Неверагоднае!
Вось што пачуў беларускі народ ад самай высокай дзяржаўнай асобы: «Давайте сначала образуем экономический союз! А потом сам собой возникнет и политический, и тогда посмотрим, федерация будет, или конфедерация, или еще что-нибудь»
Нечуванае ў гісторыі народаў зявішча! Кіраўнік незалежнай суверэннай дзяржавы свядома дапускае і загадзя плануе яе ліквідацыю! І заклікае сваіх падапечных грамадзян рыхтавацца да гэтай самаліквідацыі! Проста неверагодна! Першы заступнік і абаронца самастойнай незалежнай дзяржавы, гарант па канстытуцыі яе суверэннасці, сумняваецца, мякка кажучы, у неабходнасці яе існавання! І што, пачуўшы гэту навіну, думаюць пра нас у Eўропе, у Амерыцы, у Азіі? І ў цэнтральнай Афрыцы? І на астравах Акіяніі? Што?..
1995І нікому не сорамна
Факты, якія сведчаць пра глыбіню маральнага падзення грамадстваПраз 50 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны прымаецца рашэнне: арганізаваць пошук і пахаванне астанкаў франтавікоў і партызанаў. Спецыяльнай пастановай загадваецца прывесці ў парадак магілы франтавікоў і партызанаў. Не сэрцам, а пастановай!
У гарадах вуліцы па-ранейшаму называюцца імёнамі тых, хто быў супроць дзяржавы Беларусь. Сведчанне адсутнасці дзяржаўнай годнасці і гонару.
1995Дай жа Божа!
І зноў і зноў думаю: а ці хто калі-небудзь прачытае іх, мае кнігі публіцыстыкі, у якіх сабраны артыкулы, нататкі, гутаркі, прамовы, з дэпутацкай і розных іншых трыбун пра гэты несуцішны боль, пра гэту неадхланную трывогу за лёс нашага народа, нашай мовы і культуры, нашай дзяржаўнасці? А што будзе толку, калі і прачытае тады, як усё будзе на апошнім здыханні, усё будзе дабіта да ручкі? А невядома! Можа, і дапамогуць каму. Калі для нас пачала адкрывацца публіцыстыка ідэолагаў і айцоў БНР (Купалы, Лёсіка, Бядулі, Гаруна, Шантыра, Бурбіса, Смоліча, Ластоўскага, Цвікевіча, братоў Луцкевічаў і іншых), хіба мы не адчулі, што гэта нам трэба, што іх палымянае слова было не марным, што і праз 70 гадоў мы бяром яго для жыцця і змагання, бяром (чытаем і перачытваем), каб мацней паверыць у іх і нашу супольную справу у вялікую справу нацыянальнакультурнага і дзяржаўнага адраджэння Беларусі?.. Адчулі, і бралі, і бяром, у тым ліку і я, шараговец у арміі валанцёраў Свабоды і Незалежнасці, ад самых маладых гадоў апантаны любоўю да Бацькаўшчыны і верай у яе вялікую будучыню. О, як мяне падтрымала і падтрымлівае іх натхнёнае Святою Праўдаю Слова!..
1995Я кажу «ад ідэалаў»
Праклінаю той дзень, калі мы ў сваёй краіне адракліся ад сацыялістычных ідэалаў і кінуліся маліцца ідэалам капіталістычным біць паклоны не Богу, а залатому цяльцу. Я кажу: ад сацыялістычных ідэалаў, а не ад сталінскага ці брэжнеўскага «сацыялізму», які не быў увасабленнем тых ідэалаў, бо быў увесь на хлусні і наскрозь фальшывым. Але пры ім сумленныя людзі маглі заставацца сумленнымі і нават больш-менш зносна існаваць. Цяпер сумленным людзям жыць становіцца ну проста немагчыма.
1996Няўцямныя, ці што?
Чаго мы, усе жыхары, усе грамадзяне Беларусі, хочам? Лепшай долі? Хочам жыць заможна, культурна, па-людску? Дык жа зразумеем нарэшце адну элементарную ісціну, а менавіта: толькі тады, калі чалавек у сваёй хаце гаспадар, калі ён сам глядзіць і вырашае, што яму трэба рабіць і зрабіць, ён можа зажыць па-людску. А калі яму будзе сусед дыктаваць, што садзіць у агародзе і якую жывёлу гадаваць, і якую страву варыць, і дзе ў хаце якую мэблю паставіць, і якія абразы павесіць і г. д. значыць, ён не гаспадар, і ніколі ў яго не будзе ладу-парадку і дастатку
Дык што мы безнадзейна ад прыроды няўцямныя?
1996Дзеля збліжэння з Еўропай?
У апошнія гады ў нас усё часцей чуюцца галасы, што беларускае пісьмо дзеля збліжэння з Еўропай трэба пераводзіць з кірыліцы на лацініцу. І робяцца нават практычныя спробы друкаваць тэксты лацінскім альфабэтам. Ініцыятыва гэта курёзная (калі ўвогуле не правакацыя). За зменай альфабэту змена пісьменства, а г. зн. асуджэнне на смерць усёй нашай літаратурнай спадчыны, якую немагчыма усю! перавесці на новае пісьмо. У свой час бальшавікі зрабілі такі дзікі гвалт у Сярэдняй Азіі: традыцыйнае арабскае пісьмо замянілі кірылічным, якое зусім не прыдатнае для перадачы іх жывога маўлення.
Канец 1990-х гг.Дзясяткі гадоў не ў той бок
Дзясяткі гадоў палітасвета і палітадукацыя былі не ў беларускіх руках. Усё жыццё і на кожным кроку уся прапаганда (лекцыі, даклады, гутаркі), уся наглядная агітацыя нават у пакоі адпачынку на жывёлагадоўчай ферме (лозунгі, плакаты, дыяграмы і г. д.) усё на рускай мове. А музеі, дзе беларушчынай і не пахне! А кіно! А тэле! А прэса!.. У Беларусі ўсё гэта, за нязначным выняткам, было не ў беларускіх руках і таму ішло не ў той бок, было антыбеларускае па сутнасці, было каланізатарскае, асімілятарскае, русіфікатарскае І ўсё гэта штодзённа ўбівалася ў галовы, у душы і сэрцы беларускай моладзі.
Убівалася А як цяпер усё гэта адтуль выбіць, каб запоўніць сваім, родным, нашым? О, якая праца, якая невымерная праца чакае нас, дарагія сябры!
1990-я гг.О, дарагія, любыя браты мае!
Я прыродны славянін і вельмі люблю прыродны, глыбінны дух славянства, тыповы менталітэт славяніна. Я захапляюся мовамі славянскіх народаў, іх музычным і харэаграфічным фальклорам, іх песні гатоў слухаць калі б толькі была магчымасць кожны дзень і з ранку да ночы. Я усімі фібрамі душы за славянскае брацтва. Але!.. але як быць, калі нават знакамітыя рускія пісьменнікі не радуюцца нашай беларускай незалежнасці, нашай нацыянальнай свабодзе? Калі толькі не рускія па крыві падтрымліваюць нас у нашых законных правах і памкненнях? Я быў сустаршынёй Міжнароднага Славянскага Фонду, я быў вельмі-вельмі рады сустрэчам і размовам са сваімі рускімі пабрацімамі, паэтамі і пісьменнікамі І што ж? і што ж мне адкрылася? Славянская еднасць, пра якую столькі крыку, мае хітрую геапалітычную падаснову: не брацкае раўнапраўе, а імперыя!.. О, калі б шчырае брацтва гэта было б здорава! Беларусь і Балгарыя, Беларусь і Сербія, Беларусь і Славенія!.. Вось гэта брацтва! Ніхто нікому не пагражае, ніхто нікога не баіцца, усе на роўных, ні большага брата, ні меншага. А як прыемна ўсведамляць гэтае брацтва, як радасна распазнаваць братоў па мове, па звычаях, па песнях!
О, дарагія, любыя браты мае!..
1990-я гг.Сёння не толькі прыкра, але
Беларускі народ Беларускі? А ці беларускі? Ці не выдаем мы жаданае за рэальнае? Якія ў нашай краіне будуць працэсы і як іх назваць, калі ўжо і ад даяркі і ад свінаркі, якія цягнуцца да «вышэйшай, сапраўднай культуры», чуеш не іх родную мову, а такую ж жахлівую мешаніну, якую дзвесце гадоў назад можна было пачуць ад панскай прыслугі, што старалася «навярнуць» на панскі лад, і якую слухаць было прыкра? Сёння не толькі прыкра, але і сумна і горка, бо жывём у незалежнай беларускай дзяржаве, і нават прыслугі зусім непісьменнай, цёмнай няма.
1990-я гг.А за што сыноў?
Давялі да самазабойства Усевалада Ігнатоўскага Прэзідэнта АН БССР, камуніста, самаахвярна вернага Савецкай уладзе, палымянага патрыёта Беларусі. Зрабіў гэта слаўны сын Бацькаўшчыны ў прадчуванні расправы над ім, у пачатку 1931-га Але ж катам-людажэрам было гэтага мала. Пазней арыштавалі і загубілі абодвух сыноў Ігнатоўскага маладых інтэлігентаў, чыстых душой, усімі помысламі і памкненнямі За што? За што? Нічога ж супроць савецкай дзяржавы не рабілі, нават не казалі
О, які жах! Якая нялюдская, канібальская ўлада!..
1997НАН ці цётка Аўдотка?
А якая роля нашай акадэмічнай інтэлігенцыі ў працэсе станаўлення беларускай нацыянальнай дзяржавы? Ці гучыць належным чынам яе слова, яе голас? Ці дастаткова яна стукаецца-грукаецца ў галоўныя дзяржаўныя дзверы, ці гаворыць, ці заяўляе, ці крычыць: «Урад, апомніся!»? Ці, можа, хто думае, што ў гэтым працэсе весці рэй будуць цётка Аўдотка ці дзед Міхед з Камароўскага рынку?..