У віры быцця - Ніл Сымонавіч Гілевіч 8 стр.


Пра ВКЛ

На дварэ 1965 год, а мы ўсё яшчэ пішам і друкуем: «У Маскоўскую дзяржаву паслы ехалі праз Вялікае Княства Літоўскае, у склад якога ўваходзіла Беларусь» («Полымя», 1965,  4). Не пішам «ВКЛ сярэдневяковая беларуская дзяржава, у склад якой уваходзіла Жамойція (сучасная Летува) і вялікая частка Украіны, а пішам «Беларусь уваходзіла». У што ўваходзіла, куды? Беларусь у Беларусь? Нонсенс! Але гэта мы сёння паразумнелі і расплюшчылі вочы. А зусім яшчэ нядаўна, зусім нядаўна!  не ведалі, хто куды ўваходзіў. Не ведалі элементарнай гісторыі сваёй краіны, свайго народа.

2002

«Гори, гори»

Калі перастане гучаць песня «Гори, гори, моя звезда»? Калі перастане існаваць Расія. Сёння яна гучыць так, як і тады, калі паявілася,  з тым жа болем, з той жа сардэчнай пранікнёнасцю, з той жа глыбінёй пачуцця. І слухаюць яе гэтак жа, з такім жа хваляваннем, як і сто гадоў назад. Тут справа вось у чым. На багатым-разбагатым Захадзе ніколі падкрэсліваю: ніколі!  не магла і не можа паявіцца песня «Гори, гори, моя звезда». Як ніколі не можа нарадзіцца Сяргей Ясенін. Хто гэтага не разумее той не можа зразумець і самага галоўнага, што вызначае сутнасць рускай душы. І беларускай таксама.

2003

Чаму трэба ведаць пра бітву пад Оршай

Шаноўныя! Вы падымаеце крык-гвалт і патрабуеце забараніць адлюстраванне ў падручніках бітвы пад Оршай 1514 года пераможнай для беларусаў-ліцвіноў і страшнай для маскоўскага цара. Але скажыце, калі ласка: вы ведаеце, што было б з Беларуссю, калі б не тая Перамога? Беларусі б не было. Мы страцілі б яе. Гэтак, як Смаленск, страцілі б і Віцебск, і Полацк, і Магілёў, ды і Мінск таксама.

Давайце пералічым, панове, колькі этнаграфічна-беларускіх зямель намі страчана за апошнія чатыры стагоддзі нашай трагічнай гісторыі. Страчаны адвеку-адроду беларускі Смаленск, адвеку-адроду беларускія Невель, Себеж, Дзвінск, адвеку-адроду беларускія Клінцы, Старадуб, Навазыбкаў, адвеку-адроду беларуская Вільня, адвеку-адроду беларуская Беласточчына Спынімся на гэтым далёка не поўным пераліку. Якая яшчэ краіна ў свеце гэтак з усіх бакоў абкарнана, абрэзана, абскубана? Няма такой іншай краіны.

Ніхто з беларусаў не патрабуе сёння нанава перакройваць межы. Але што з намі рабілі ведаць трэба. Для чаго? Для таго, каб не страціць усё астатняе што засталося ад колісь вялікай Беларусі. Каб помніць, што апетыт на «смачны кавалак» у нашых суседзяў, на вялікі жаль, не прапаў. І што хапнуць гэты кавалак можна без штыкоў і танкаў.

2004

І станавіцца нормай

За апошнія два дзясяткі гадоў істотна перайначыліся ў лепшы бок гуманітарныя навукі ў Беларусі, асабліва гістарыяграфія. Гэтыя перамены выспявалі яшчэ ў нетрах хрушчоўскай, а затым брэжнеўскай эпохі. З пачаткам перабудовы нашы гуманітарныя навукі імкліва ірванулі наперад да перагляду канцэпцый, тэарэтычных пастулатаў, ацэнак гістарычных фактаў. Вучоным, якія няйначай як вырваліся з руціны, стала ясна: далей так існаваць гуманітарная навука не можа! Бо ганьба і сорам! Бо свет і далей будзе глядзець на нас з пагардлівай насмешкай. Намаганнямі і старэйшых навукоўцаў і іх вучняў, маладых, былі пастаўлены заслоны перад напорамі хлусні, крывадушша, прыстасавальніцтва і элементарнай прафанацыі. Заслоны, вядома ж, не зусім шчыльныя, і ўсё ж, і ўсё ж!.. У асяроддзі навукоўцаў-гуманітарыяў зноў пачало адраджацца і станавіцца нормай пачуццё годнасці і гонару, якое было моцным у пакаленні М. Доўнар-Запольскага, У. Ігнатоўскага, А. Смоліча, В. Ластоўскага, С. Некрашэвіча Зноў набывае сілу маральны крытэрый: «Не пераступі!..»

2005

І не будзе спраўляцца, пакуль

У Бярдзяева вычытаў: «Дзяржава не ёсць спосаб будаваць клазеты. Дзяржава ёсць вядомая каштоўнасць і пераследуе вялікія мэты ў гістарычным лёсе народаў і чалавецтва». Ну і якія ж мэты пераследуе сённяшняя беларуская дзяржава? Будаваць іменна клазеты прабачце, лядовыя палацы. І клазеты, і палацы, вядома, будаваць трэба асабліва клазеты, бо, па заўвагах іншаземцаў, гасцей Беларусі, анідзе ў Еўропе няма такіх праблем з клазетамі, як у нас. Проста неверагодна, здзіўляюцца замежныя госці. Як бачым, нават і з роляю будаўніка клазетаў наша дзяржава не спраўляецца.

І не будзе спраўляцца, пакуль не прыме разумны, асэнсаваны, рэалістычны курс развіцця эканомікі, культуры і палітычнай сістэмы, пакуль будзе трымацца даўно збанкрутаваных адміністрацыйна-камандных метадаў кіравання ва ўсіх сферах жыццядзейнасці нацыі.

І не будзе спраўляцца, пакуль не прыме разумны, асэнсаваны, рэалістычны курс развіцця эканомікі, культуры і палітычнай сістэмы, пакуль будзе трымацца даўно збанкрутаваных адміністрацыйна-камандных метадаў кіравання ва ўсіх сферах жыццядзейнасці нацыі.

2010

Самыя любімыя, самыя дарагія!

Колькі гадоў слухаю па беларускім радыё перадачы «Сустрэчы з песнямі мінулых гадоў». Пажылыя і зусім старыя жыхары краіны просяць пусціць у эфір песні іх маладосці, самыя любімыя, вядома ж, самыя дарагія сэрцу. Дзясяткі разоў прагучала па просьбе старэнькіх вясковых бабуль і вось гэта любімая:

Чтобы здесь, в тайге, встали фабрики, Встали новые города.

Расцветай, Сибирь, наша родина, Та, что матерью мы зовем.

Вось так: Сібір наша маці! Сібір, у якой сатлелі костачкі мільёнаў беларусаў. У тым ліку і бацькоў (ці блізкіх родных) гэтых бабулек.

З абязлюдзелай за вайну Беларусі дзясяткамі тысяч ехалі нашы хлопцы і дзяўчаты абжываць Сібір. А дома родная зямелька зарастала хмызнякамі. І каб табе адна песенька

2012

«Пакажыце кулакі, дзецюкі!»

Шосты зезд пісьменнікаў Беларусі (1971), як і папярэдні Пяты (1966), быў для мяне, можна сказаць, праграмна-баявы: я зноў увесь пафас прамовы, дакладней увесь боль і гнеў, засяродзіў на адной галоўнай тэме: нашу родную беларускую мову, а значыць, нашу нацыянальную будучыню, трэба ратаваць ад пагібелі. Трэба біць і біць ва ўсе званы, каб людзі, грамадзяне Беларусі, пачулі і абудзіліся ад спячкі. Усе ў зале, у каго ў грудзях тахкала нераўнадушнае да нашага болю сэрца, успрынялі маё слова з гарачым пачуццём салідарнасці і ўдзячнасці. На перапынку многія падыходзілі, паціскалі руку, казалі добрыя словы. Падышла і Данута Бічэль. Таксама нешта сказала і працягнула складзены напалам аркушык.

 Вось, нешта напісалася, будзе дома час пачытайце, калі ласка.

Я машынальна разгарнуў аркушык і ўбачыў зграбна ад рукі напісаны верш. Нават першы радок паспеў перачытаць.

Назад