Анаталогія - Анатоль Івашчанка


Анатоль Івашчанка

Анаталогія

Апавяданні, запісы, эсэ

© Івашчанка А., 2015

© ПУП «Кнігазбор», 2015

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Плошча Перамогі

Апавяданні

Пах волі

Саша очень любит книги про героев и про месть,
Саша хочет быть героем, а он такой и есть.
Саша носит шляпу, в шляпе страусиное перо,
Он хватает шпагу и цепляет прямо на бедро.

Віктар Цой. «Саша»

Саша гадаваўся без бацькі. Як падавалася нам, дванаццаці-трынаццацігадовым, гэты факт, пры ўсіх сваіх мінусах, меў адзін вельмі вялікі й неаспрэчны плюс: ступень свабоды, якая нам і не снілася.

Сярод мінусаў галоўным было татальнае безграшоўе. Сашава маці, што працавала, здаецца, рэстаўравальніцай у мастацкім музеі, у час, калі краіна працягвала жыць па прынцыпе «скажы, дзе працуеш, і я скажу, што крадзеш», ледзь дацягвала ад авансу да заробку. Праўда, амаль ніхто з нас, хлопчыкаў з семяў шараговых ітээраў, работнікаў розных НДІ, заводаў, сфераў харчавання й сацыяльнага абслугоўвання, не раскашаваў. За вельмі рэдкім выняткам.

Газеты стракацелі выкрывальніцкімі нарысамі пра наменклатуршчыкаў, што панабудавалі шыкоўныя фазэнды пад Менскам у час, калі народ пухне з голаду, пра фірмачоў, што бессаромна нажываюцца на вачах у чэсных працаўнікоў, пра валютныя спекуляцыі, пра з гразі ў князі ды іншую трасцу Бацькі на кухнях абмяркоўвалі ўсё гэта, лаялі фірмачоў і спекулянтаў, чыталі «Огонёк», выпісвалі «Новый мир» і «Химию и жизнь», гадзінамі слухалі Ельцына й Кашпіроўскага, чакаючы ад іх нейкага цуду. Да зяўлення ж цуду ўласнага заставаліся лічаныя месяцы.

Мы ж, пакаленне джынсаў «Мальвіна», гуртоў «Наутылус» і «Крэматорый», магнітафонаў «Інтэрнэшнл» і кампютараў «Байт», ведалі два адносна хуткія спосабы «азалаціцца» памыць альбо павартаваць. Адразу ж пасля школы мы кіраваліся наўпрост да адзінага ў ваколіцах рэстарана, дзе акурат на абед зязджаліся крутыя па тых часах іншамаркі альбо, на скрайняк, апошнія «Лады». «Памыць ці павартаваць?» такім пытаннем мы віталі наведнікаў. Згода на «памыць» успрымалася як сапраўднае шчасце й здаралася дужа рэдка. На «павартаваць» хутчэй як міласціна. Найбольш частым адказам было грэблівае маўчанне альбо, як варыянт, штосьці накшталт: «Не надо. Но если с машиной что-то случится, я тебе глаз на ж*пу натяну».

Саша ніколі не працаваў з намі.

Тыя кішэнныя грошы, што выдаваліся бацькамі «на булачку», чым далей, тым меней скарыстоўваліся па прызначэнні. Яны ішлі ў «абшчак», і на іх таму з нас, хто выглядаў самым дарослым, мы даручалі набыць пачак цыгарэт альбо, зрэдку,  парнаграфічную літаратуру, якая запоўніла тады паліцы кнігарняў. Абгорнутыя ў непразрыстую падручнікавую вокладку, гэтыя кнігі чыталіся па чарзе; той, хто чытаў першы, падкрэсліваў чырвоным стрыжнем патрэбныя мясціны. Дзеля канспірацыі мы называлі гэта «геаметрыяй». Калі падыходзіла чарга, ты казаў: «Дай геаметрыю пачытаць».

Саша «геаметрыю» не чытаў.

Цыгарэты. Гэтае страшнае слова, якім нас палохалі ледзь не з садка. Так, гэта быў забаронены й, адпаведна, дужа салодкі плод. Пянлівы смак і пах першых сігаў згадваецца з вастрынёй, параўнальнай са згадкай мо толькі пра першую выпадкова-спантанную эякуляцыю

У адрозненне ад нас, Саша паліў па-даросламу. І крышку пазней, калі ў яго выявілі парок сэрца,  кінуў. Таксама па-даросламу, з ломкай ці чымсьці падобным.

Зрэдку, можа раз на паўгода, Саша сустракаўся з бацькам. Пасля гэтых сустрэч ён мог зрабіцца ўладальнікам «Байта» альбо «Інтэрнэшнла». Альбо, бывала,  недзіцячай сумы грошай. Гэтыя грошы ішлі выключна на ягоныя ўласныя патрэбы, і нават калі ў маці не заставалася ні капейкі, яна не звярталася да яго па фінансавую дапамогу. Хаця хто цяпер можа з пэўнасцю пра гэта сказаць?..

Калі табе трынаццаць, калі ты раптам у пэўны момант пачынаеш бачыць і адчуваць усё па-іншаму, калі свет паўстае перад табою стракатай гамай гукаў, пахаў, перажыванняў, спакусаў і г. д.  зрэшты, можна не працягваць. Гэты пяшчотны ўзрост шмат разоў апісаны да нас іншымі спыняльнікамі імгненняў Але калі табе трынаццаць, ты яшчэ нічога не ведаеш пра сябе, пра тое, хто ты й навошта. Ты не аналізуеш. Жывеш сабе й жывеш. А вось Саша, здавалася, ведаў.

Мы любілі прыходзіць да яго ў госці. Сашава маці не была ў захапленні ад гэтых частых візітаў. Яна ніколі не распытвала пра вучобу ці пра нешта з кола падлеткавых зацікаўленасцяў. Але асабліва й не замінала гэтым візітам.

Сашаў пакойчык, адгароджаны ад матчынай паловы сценкай з кардонных яйкавых латкоў, быў сакральным месцам. Тут захоўваўся ўзорны парадак, і сюды не запрашаўся абы-хто. Сам факт дазволу на госці ўспрымаўся як гэткі акт ініцыяцыі.

Тут былі ўсе атрыбуты, неабходныя для культавае пабудовы. Са сценаў пазіралі боствы, на падваконні дыміла духмянасць. Дзесьці ў сярэдзіне пакоя, з люстры, на вышыні Сашавага росту звісаў званочак. Маленькі рыбацкі званочак, што выкарыстоўваецца для лоўлі на донку. Калі ў гаспадара пыталіся, навошта тут гэта, ён моўчкі падыходзіў і махам роўнай нагі (не адрываючы пятку ад падлогі) паказваў навошта.

Што да бостваў, то галоўнае месца на яйкавай сцяне адводзілася каляровым выявам кітайца, імя якога тады дарэмна не вымаўлялася, а цяперака хіба падзабылася. Яго агіяграфію ва ўсіх дэталях ведаў кожны з нас. Найбольш нам падабалася яго дзіцячая мянушка Маленькі Дракон. Маленькі Дракон узнёсся ў трыццаць тры гады, пакінуўшы па сабе вучэнне, назву якога таксама не будзем згадваць дарма.

Ён быў выяўлены ў кананічных паставах, напружаных абарончых ці ўдарных атакавальных, з нунчакамі, узнятымі да вачэй, у скачку Гэта было вярхоўнае боства. Бог-айцец. З супрацьлеглай сцяны на яго пазіраў «сын». Той меў кароткае карэйскае прозвішча і, як і належыць, быў страшэнна падобны да бацькі. Яго ўзнясенне адбылося ўжо на нашых вачах. На кніжнай паліцы стаяў яго «абраз» у рамцы з чорнай стужкай. Сярод яго атрыбутаў былі чорная акустычная гітара альбо белая электрычная, запаленая цыгарэта, чорная кашуля Вядома ж, на свае сцены я не наважваўся вешаць выяваў боства (тым больш з цыгарэтай!); мой пакой аздабляў сціплы плакацік, з якога сувора пазіраў будучы губернатар Каліфорніі

Сашу я шмат чым абавязаны. У прыватнасці, без яго я наўрад ці даведаўся б, што шляхі да асалоды не абавязкова звязаныя з працэсам паверхневага трэння. Саша слухаў «Мэдвін гудал» і тонамі паглынаў кнігі фэнтэзі. Узімку, нават у моцныя маразы, ён апранаў лёгкую асеннюю куртачку. Магчыма, ён проста не хацеў марнаваць свае асабістыя сродкі на пухавік, але падносілася гэта як загартоўка. У адрозненне ад большасці з нас, ён не застаўся вучыцца ў дзясятым класе, а пайшоў працаваць. Зрэдку мы сустракаліся ў пераходзе, дзе ён гандляваў індыйскімі духмянасцямі, касетамі й духоўнай літаратурай. Дзе ён цяпер і што робіць, не ведаю ні я, ні сацсеткі.

Пасля розныя вехі маёй біяграфіі асвечваліся рознымі першымі-знакавымі-пахамі (незабыўна шчымлівыя водары жанчыны, бульбы фры, першага свежараспакаванага мадэма, кіславаты пах дзіцячых экскрэментаў у падгузніку). Але тады, у дванаццаць ці трынаццаць год, у Сашавым сакральным пакоі я зведаў яшчэ адзін пах.

Рэч у тым, што ў іх з маці была дамоўленасць: усю хатнюю працу, звязаную з уласнай жыццядзейнасцю,  мыццё посуду, гатаванне ежы Саша выконваў сам. Сюды ж, натуральна, уваходзіла і пранне сваёй бялізны. Гэта быў кошт самастойнасці, даросласці. Так бы мовіць, кошт незалежнасці У той дзень, зайшоўшы ў яго пакой, мы не адчулі знаёмага тонкага водару сандалу. Яго перабіваў рэзкі смурод. Маці дома не было, а пасярэдзіне пакоя стаяў пластмасавы таз, у чорных водах якога плавалі Сашавы брудныя скіслыя шкарпэткі, майкі ды майткі. Некалькі дзён таз стаяў у лазенцы чамусьці ў Сашы ўсё не даходзілі да яго рукі пасля чаго маці, пэўна, гэта надакучыла, і яна перанесла яго ў сынаву палову. У мэтах большае нагляднасці

Саша, нічога не сказаўшы, узяў таз і пайшоў у ванны пакой. А я застаўся ў «храме», сам-насам з яйкавымі сценамі, юнацкімі «абразамі» ды агідным пахам нявымытае бялізны пахам волі.

Гледачы

Дэкан Свіфт наняў актораў, каб тыя неслі людзям яго думкі. Але наш губернатар выявіўся хітрэйшым ён наняў гледачоў

З кінафільма «Дом, які збудаваў Свіфт»

У двары патыхала восеньскай цвіллю. Дрэвы стаялі амаль голыя, і, адпаведна, лісця пад імі было па шчыкалатку (каму дрэвам? Заўв. рэд.).

У неасветленым двары, па выцвілым лісці каталі дзяўчо. У апошнім сказе процьма алегарычных недакладнасцей. Бо насамарэч дзяўчо білі. Моцна. Ёсць у братняй мове слова, якое б больш ёміста перадало сэнс. Нават не адно, але чорт з імі, словамі, і з ёй, мовай Дый ці «дзяўчо»? Па ўзросце так. Але толькі па ўзросце

Сяржук з жонкаю йшоў па парку. Там, як ні парадаксальна, была гэткая ж карціна, што і ў двары (у сэнсе, лісце). Яны вярталіся дахаты як людзі, для якіх не было, папросту не магло існаваць нічога па-за імі й тым, што ў іх. Гэтае апошняе дэ-факта знаходзілася (то бок рухалася, харчавалася, а калі каго цікавяць дэталі выбудоўвала свой косны мозг) ва ўлонні, але, далібог, Сяржук таксама пачуваўся цяжарным.

Дальше