Дзікае паляванне ліхалецця (зборнік) - Віктар Казько


Віктар Казько

Дзікае паляванне ліхалецця

Эсэ, публіцыстыка

© Віктар Казько, 2009

© Саюз беларускіх пісьменнікаў, 2009

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Азвярэнне, амаль крамлёўская гісторыя

Прашу прабачэння ў звера. Ён да такога яшчэ не дайшоў і наўрад ці дойдзе. Гэта пра нас, каго і параўнаць нельга ні з кім і ні з чым. Пра чалавекаў.

Прыбіральшчыкі смецця сёння хрысцяцца, падязджаючы да студэнцкіх і маладзёжных інтэрнатаў. Там, у кантэйнерах, адыходах і адкідах шумных вечарынак, застолляў і проста будзёншчыны, можна знайсці задушанага маладой маці немаўля, што толькі ўчора ці нават сёння зявілася на свет з не перавязанай яшчэ для жыцця, бруднай, як нейкі недарэчны матузок, пупавінай

Бацька гвалтуе родную дачку. Лашчыць і песціць, мые ў ванне ёй плечыкі, насуха выцірае свежым ручніком, уцалоўвае радзімку на грудзях, ашчадна бярэ на рукі і нясе да сябе ў ложак

Нябожчыка паднялі з табурэтак, на якіх каля брамы яго хаты ляжала труна, павезлі на могілкі, каб пахаваць. Аддалі зямлі, прыехалі назад, а ад табурэтак і знаку няма. Падкінулі ў гарод на трэці дзень, калі старая напісала абяву: табурэткі мае пойдуць за вамі на той свет, будзеце вы на іх перад Богам сядзець, як на патэльні Унук ці ўнучка забівае бабулю, таму што грошыкі на дыскатэку патрэбны I ўсё гэта не што-небудзь надзвычайнае, ніякая не паталогія, а нармальнасць. Серыя, плынь, норма. Нармальныя, зробленыя яшчэ рукамі дзеда і прадзеда табурэткі, табурэтачкі. На гэтых драўляных табурэтках, услонах і лавах трымалася вясковая хата, нараджаліся, адседжвалі і адлежвалі пакаленні, але нам на іх ужо больш ні сесці, ні легчы нават у смяротны свой час, і нікому ўжо на іх не нарадзіцца больш. Толькі гарэць, як у крэматорыі, смылець душою. Такія нашы сёння табурэткі. Такое наша сёння посткамуністычнае жыццё. Як і выкіды плазмы на сонцы, вывяржэнні вулканаў, землетрасенні там, дзе няма гор, паводкі амаль у пустыні. Невытлумачальныя і залпавыя выкіды насілля, гвалту і зла чалавечых душ сістэма, як залпы ракет сістэмы «Град». I азонавыя дзіркі над галавой прарэхі ў небе і душах. Чорныя ці белыя плямы памутнелага розуму, прарэхі ў ім, праз якія мо якраз і прарываюцца да нас прыхадні, лаўцы чалавечых душ, праз іх, пэўна ж, і адыходзяць, мігрыруюць у сусвет і самі нашы душы. А да нас ад абураных планет і сонца наплываюць гвалт і злыбяда. А мо і наадварот, наша зло і гвалт і ўтварылі тыя дзіркі, прапяклі ў небе брэшы і праломіны. Ахуталі брыдотай чыстыя зоркі нябесныя, атруцілі сваім духам сонца, абурылі, узбунтавалі планету. Не прымаюць зоркі душу чалавечую, сусвет распачаў вайну з нашым духам. Ідзе вайна касмічная, зорная вайна. I блукаюць па сусвеце нашы непрыкаяныя душы. Няма ім спакою на зямлі, няма ні прытулку, ні прыстанку і на небе. Неба і зоркі згвалтаваны чалавекам. Зямля адмаўляецца прыняць яго прах. Чалавек з асалодаю творцы творыць сабе магілу. Мітусіцца, гойсае па могілках былога жыцця, капае, рые, як свіння лычом, раскопвае старыя магілы, дастае і адчыняе труны, трасе, перабірае і вее прах, не зважаючы ні на грэшнікаў, ні на праведнікаў, раскідае косткі продкаў па ўсіх нашых весях і далях, вялікіх гарадах і маленькіх вёсках.

Непадалёк ад Мінска, наваяўленай сёння свету сталіцы наваяўленага супольніцтва, схавалася вёсачка. На высокім беразе рэчкі Пціч, што ў сівой даўніне, калі на зямлі, пэўна, існавалі адны толькі птушкі, пратаптала яна сабе тут у мяккіх тарфяніках сцяжынку, стварыла лебядзіную пасцель, з той пары мілуецца ў ёй. Да рэчкі прыляпіліся людзі, пабудавалі вёску і нараклі яе таксама Пціч. Хаця птушак навокал у звычайныя дні і не вельмі відно. Прыбецца аднекуль з дзесятак буслоў на новабудоўлю перад уваходзінамі, нібыта правяраюць, хто тут селіцца, выпрабоўваюць чалавека ці думаюць, што гэта нарэшце і ім адладзілі жытло. Назаляюць, ляцяць на новую хату сарокі, калі бярвенні кладуць не на мох, а на паклю, учыняюць разбой і крадзеж. Рабуюць яшчэ не дабудаваную хату. Скок-паскок па дошчачцы, па бярвенцы, галоўкай у картузку сінім ці ў сіняй жа хусцінцы направа-налева і дзюбкай, носікам моцненькім, амаль стальным, між бярвенняў, дзе пакля пакладзена. Раз, і ўхапілі касмылёк, і пацяглі. Сілы не хапае дзюбкай лапкамі падсобяць. Вось ужо ў сцяне і дзіркі, шчыруюць да сіняга поту ўваччу. Як і ўсе мы, пэўна, гэтыя апошнія семдзесят гадоў перамог і дасягненняў. Нясуць, нясуць па сінім небе, разносяць па сваіх гнёздах сугрэўную ім паклю. Папраўдзе, як мы з вамі, асабліва ў самыя апошнія гады, калі ў хаце нашай вялікай, прасторнай і светлай нічога, акрамя той паклі, ужо і не заставалася. А мы шчыравалі, не ведаючы адпачынку, не складаючы рук, нібы адчувалі, што бе той апошні час, калі красці ўжо не будзе ў каго. Прыйдзе ж, спасцігне нас і такое за ўсе грахі нашы, і прадчувалі гэта. Чалавек празорлівы, ведае грахі свае, ведае душа яго, што было, што будзе, і тое, што за ўсё прыйдзецца трымаць адказ. I сарокі гэтыя хутчэй за ўсё ў перасцярогу чалавеку пасланы небам, а мо гэта і не сарокі зусім, а нашы зладзеяватыя ўжо душы. I наканавана, прадпісана ім вось так самазабыўна, але не ведаючы радасці век свой птушыны векаваць.

Гаспадарчыя буслы, зладзеяватыя сарокі. А іншых птушак над вёскаю і не відна, і не чутна. Мо самі пцічане служаць тут замест іх. Былі некалі людзьмі, а цяпер перавярнуліся ў птушак. Падобна, у варон, вельмі старых варон. Самі старыя, старыя іх гнёзды. Дзесятка паўтара хатак, што счарнелымі штандарамі ўраслі ў белы пясок, у адляцелае, як слізготная цень, мінулае, стоенае і прыхаванае ад нашага адукаванага вока і розуму. Толькі чуткі і меркаванні.

Па суседстве з вёскай Пціч вёскі Узляны і Грабень, Дудзічы. Дык вось, па словах ужо мясцовай інтэлігенцыі, а па сумяшчальніцтве і адміністрацыі, менавіта сюды ў старадаўнасці пасля бітвы на Нямізе павярнуў сваю дружыну князь Ігар, на Дудзічы Дудуток у «Слове аб палку Ігаравым». Усё можа быць. Вяскоўцам ад таго ні холадна ні горача. Старэчым напаўсляпым вокам пазірае праз ваду, цераз рэчку на цёмныя кладачкі па-над ёй масток паміж мінулым і будучым, цывілізацыяй і занядбаннем, па гэтых кладачках яны кожны дзень ходзяць на другі бераг у магазін, глядзяць на ацалелыя пянькі палі ад былога сапраўднага моста вёсачкі Пціч на вёску Дудзічы-Дудуток. Упіраецца зацягнутым пахмуркам птушыным вочкам у яшчэ больш высокі бераг, чымсьці той, на якім яна месціцца, у дудутоцкі, па ўсім рукатворны курган.

Гэты курган, пэўна, і засціць ёй вочы, слепіць яе. Вецер, што бярэ сілу на процілеглым беразе, смеціць вока, выбівае слязу. Гады са два-тры назад курган раскапалі. I нейкі новы магнат урэзаў у яго асабняк. А пцічане яшчэ не забылі, як стаялі там, на вяршыні кургана, белакаменны палац і блакітна-макавая цэркаўка. I па сцежачках з белай рачной галькі, аголенага некалі магутнымі водамі ракі адборнага, нібы залатаноснага пцічанскага пяску шпацыравалі, адстаяўшы службу ў царкве, сам пан з пані пад ручку, са стромага берага беглі, ляцелі матылькамі панічы і паненкі да Бармалея-млына, пасярод Пцічы, да лодак, што чакалі іх на канале. А пцічанцы чакалі іх у тых лодках і развозілі ў прыбярэжныя навісі белай чаромхі, спляценне вясенняга хмелю, бузіны, баяркі, рабіны. Паненкі і панічы хмялелі, бузілі-баярыліся. А пцічанам была адведзена роля служак пры іх. Яны былі чэляддзю. Усе пцічане чэлядзь. Адселеныя панам на правы бераг, яны павінны былі ўслугоўваць яму. Такая завядзёнка была спакон веку. Якім быў сам той пан, з самадураў-прыгоннікаў ці дэмакратаў-лібералаў сёння ўжо ў мінуўшчыне. I сам пан, і яго палац, цэркаўка, млын, мост праз рэчку, катанне на лодках па канале. Правалілася ў апраметную, у тартарары. Але тое-сёе і ацалела. Па ўсёй акрузе, шляху-пуцявіне палкоў Ігаравых, не знайсці ніводнага пралетарскага, лапуховага дрэва-таполі. Толькі клёны, рабіны, ды бярозы з чаромхай, ды ліпы дрэвы, што бліжэй да вечнасці, Бога, чалавека і пчалы. I норавам пцічане адметныя на асобіцу ад усіх, хто па суседстве, хто ў «Шляху» і «Барацьбе», «Перамозе». Не тое каб зусім ужо скнарныя і скупыя, але, скажам, беражлівыя, не зусім ужо скрытныя і маўклівыя, а патайныя і негаваркія. Цяжкія вокам, але чыстыя на руку. Апошняе асабліва значна, маючы на ўвазе тое, пра што пойдзе гаворка далей. Веку ўсе сталага, а між іншым не. Сярэдняга, сярэдне-крамлёўскага, знамянальна-эпахальнага. Гэткія крамлёўскія даўгавечнікі наадварот. I сама іх вёска ў пятнаццаць хатак, у адселенасці і выгараджанасці ад усяго свету, як Крэмль, толькі зноў жа з адваротным знакам. Пад гэтым адваротным знакам сацыялістычнай планіды і ўсеагульнай роўнасці жылібылі на Пцічы Ганна Паўлаўна і Канстанцін Васільевіч. Жыццяпіс іх не з таго, што друкавалася і друкуецца на адкрыцці першай старонкі ўсіх газет, якія штодзень выходзяць на адной шостай сусвету. Так, нарадзіліся ў семнаццатым пад саўковаю зоркай, а таму і самі шуфлікі-саўкі. Мярзотнае слова, хай будзе пракляты той, хто яго прыдумаў. А людзі добрыя, не вінаватыя, што выпала ім доля нарадзіцца вось пад такой зоркай. Звычайныя, гаротныя і гарапашныя пакутнікі на гэтай зямной юдолі: так, так, не, не, не вось і ўсё, што яны могуць мовіць пра сябе, развітваючыся з вамі і жыццём. I ўсё ж, пэўна, насуперак апошняму перадсмяротнаму «не» яны завяршаюць словам «так». Як клічнік, як кол загоняць гэта «так» у зямлю і неба. Так, былі, так, сярод людзей жылі і людзьмі зваліся. Так! Але за што вы людзі з намі вось так, за якую правіннасць, за які грэх? Ці ёсць на смертнай зямлі такі грэх, каб са звычайнымі людзьмі вось так абыходзіцца

За доўгае паўвекавое сумеснае жыццё гэтай пары паміж іх «так» і «не» нічога немагчыма паставіць з таго, што здольна нас сёння ўзрушыць, абурыць ці вельмі ўжо ўзрадаваць. Ганна Паўлаўна ўдалася жанчынай дужай і здаровай, здольнай прымаць мужа і нараджаць і гадаваць дзяцей, песціць і абрабляць зямлю і прымушаць яе радзіць. Таму была ўсё жыццё пры мужу, дзецях, калгасе і зямлі. Мо крыху перабірала з мацюканнем, як усякая наша жанчына маці, моцная і дужая, запрэжаная з дзяцінства ў работу, нястачу, якую штодзень гоняць і панукаюць уласная жаночая бездапаможнасць, абыякавасць неба і зорак, патуранне ўладаносцаў. Гэта якраз і прызвычаіла яе да лаянкі і мата, а нарадзілася яна чыстай, з адчуваннем святла, болю і крыку на вуснах. Гэты крык і боль яна пранесла па свеце, ні на кога не наракаючы, ніколі нічога, акрамя сваёй уласнай долі, не кленучы. Грэх, як бачыце, на ёй невялікі. А каму падаецца вялікім, што ж, можаце кінуць у яе каменем. Яна прыме той камень, як прымала гэта жыццё, і мноства іншых каменняў, што паслала ёй жыццё. Бог і людзі. Толькі той, хто пабівае яе, хай паспее затуліцца сам. Канстанцін Васільевіч. На яго долю гэтых каменняў прыпала, пэўна, куды больш. Кансерватары і дэмакраты, застойшчыкі і перабудоўшчыкі, сталіністы і анты былых часоў і эпох, эпох і часоў будучых, можаце ганарыцца. Хутчэй даставайце свае каменні з-за пазухі, таму што гэта ён, Косцік, Канстанцін Васільевіч, стаіць папярок гэтага вашага светлага шляху да свята жыцця усенароднага шчасця. Кідайце, шпурляйце смела вашы камяні, баіцеся прамахнуцца падыдзіце бліжэй. Ён не ўцячэ і не здолее адхіліцца. Вельмі ўжо спора бег ён, вядомы вамі па шляху да ўсеагульнага шчасця. Семдзесят з хвосцікам гадоў бег. Цягнуў за сабою Ганну Паўлаўну і дзяцей, выцягваў з іх жылы, сам недасыпаў, недаядаў, недапіваў і ім не даваў. Бег, бег, ды вось бяда, прыстаў, збіўся з ног, здарожыўся. Адмовілі старому каню ногі. Ён зараз на мыліцах. Так што біце яго цяпер смела, старога калгаснага мерына, варашылаўскага стралка, ударніка палёў усіх калгасных пяцігодак і адной сямігодкі, удзельніка таварыства выратавання на водах, удзельніка дзвюх войнаў і адной перабудовачнай рэвалюцыі. Вось за ўсё гэта і пляжце, біце старога казла, за тое, што нарадзіўся і жыў у такі эпахальны для ўсёй планеты, усяго чалавецтва час, за тое, што іменна ён і тварыў гэту эпоху і час, гісторыю. А яшчэ і жанчын і дзевак не абыходзіў бокам, крыху перайначыў паэта: любіў коней і жанчын. Тры вайны ганебную і славутую, і доўгую, бясконцую, у якой мы нас, аказваецца, перамаглі прайшоў на кані, цалуючы яго ў храпу, каб нідзе не схібіў, не падвёў, ні пад Масквой, ні пад Сталінградам, ні на калгасных палетках. На буланчыку заехаў у Берлін. На буланчыку вярнуўся ў «Барацьбу за камунізм». З вайны ў вайну. Добры дзесятак коней ад яго пайшло на салатопку і жывадзёрню. I за кожнага ён узяў па чарцы і пусціў па слязе.

Дальше