З дазволу караля і вялікага князя - Леў Раманавіч Казлоў 5 стр.

У сярэднявеччы і ў пазнейшыя часы ў многіх каранаваных асоб і іх каранаваных палавін была мода на блазнаў. Не мінуў такога атрыбуту і жыгімонтаўскі двор. Гэты цуд уседазволенасці і трапнасці ў словах, што адрасаваліся налева і направа, а нярэдка і наверх, называўся Станчык. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць з запалам, што ён паходзіў са Станькава, якое знаходзіцца паблізу Крутагоря, ці Койданава. Пакінем падобныя біяграфічныя даследаванні да лепшых часоў і паслухаем самога Станчыка.

Неўзабаве пасля таго, як у каралеўскім замку ўладкавалася маладая каралева Бона, ад якой Жыгімонт Стары спадзяваўся дачакацца нашчадка-Ягайлавіча, у яе гонар было арганізавана вялікае паляванне. Ды яшчэ з нагоды таго, што з Італіі даставілі зграю добрых медэлянаў гончых сабак. Праўда, вялікім яно называлася больш у дэкаратыўным сэнсе, хаця б таму, што ловы адбываліся ў бліжэйшым гаі пад Кракавам. Але затое з сапраўдным, прывезеным з беларускіх бароў вялізным мядзведзем.

Як толькі мядзведзь выбраўся са скрыні, яго тут жа апанавалі медэляны. Гэтае знаёмства для іх скончылася вельмі дрэнна, і разюшанага звера стрымаць стала немагчыма. Разагнаўшы паляўнічых і шляхціцаў, што хацелі бліснуць перад каралевай сваёй адвагай, ён панёсся да іх вялікасцей, якія разам са світай сядзелі на конях. Тыя кінуліся наўцёкі. Перапалоханыя коні паскідалі многіх наезнікаў. Звалілася і каралева, з-за чаго тут жа датэрмінова разрадзілася, але з адмоўным вынікам.

Станчык таксама перакуліўся разам з канём. Кароль не прамінуў заўважыць, што гэта доказ не шляхетнасці, а дурасці блазна. «Яшчэ большы той дурань,  адгукнуўся Станчык,  хто, трымаючы мядзведзя ў скрыні, выпускае яго назло сабе».

Як і іншыя каралі і каралевы, Бона мела фаварытаў. Адным з іх быў біскуп Гамрат. Ён ужо даўно марыў аб высокай пасадзе пры двары і, калі адкрылася вакансія на месца вялікага кароннага канцлера, звярнуўся да сваёй высокапастаўленай апякуншы. Бона звычайна ўплывала ў падобных справах на свайго мужа, і ў ход пайшлі неабходныя словы. Станчык, які знаходзіўся непадалёк, усё гэта чуў. Блазан добра ведаў пра дэкамеронаўскі стыль жыцця біскупа, таму, калі Жыгімонт застаўся адзін, прамовіў:

 Хутка мы ўбачым аднаго сакавіцкага медэляна ў постаці галоўнага лоўчага.

Кароль нічога не сказаў. А праз некаторы час быў скліканы сенат, дзе ад імя караля пра якасці яшчэ невядомага прысутным канцлера стаў красамоўна апавядаць маршалак. Упэўнены, што гэта падаюць яго партрэт, Гамрат, ззяючы, узняўся са свайго месца. I тут кароль звярнуўся да яго:

 Сядайце, шаноўны біскуп, гаворка не пра вас.

У выніку канцлерам стаў Хваенскі.

I другі раз Гамрату не пашанцавала стаць вялікім канцлерам. Хаця, агітуючы за сваю кандыдатуру, ён заявіў, што ведае абсалютна пра ўсё, што дзеецца на белым свеце і ў каралеўскім двары, абралі іншага больш здольнага Самуэля Мацяёўскага. Станчык, канешне, не мог прайсці міма такога здарэння:

 Відаць, няма найбольшых падманшчыкаў у нашай дзяржаве, апрача гэтых двух.

 Чаму так?  здзівіўся кароль.

 Таму, што Гамрат прыкідваецца, быццам ведае ўсё, а на самой справе не ведае нічога. I Мацяёўскі, які ўсё знае, прыкідваецца, што нічога не знае.

Блазан старога караля, назіраючы, як таму падчас хваробы ставілі пяўкі, заўважыў: «Вось гэта сапраўдныя прыдворныя і прыяцелі яго вялікасці».

Ну што ж, лёгка смяяцца з гатовага, трох грошаў не прыклаўшы. Таму звернем увагу на асобу, якая грошы тыя прыкладала,  на каралеву Бону. Бо яна пісала правілы паводзін як для свайго каранаванага мужа, так і для каранаванага сына. Такім чынам, жыццё апошніх Ягайлавічаў прайшло паводле яе сцэнарыя.

Не падумайце, што гэта неяк адмоўна адбілася на нашай гісторыі. Зусім наадварот. Дзякуй Богу, наша італьянка прыспешыла Рэнесанс і як магла штурхала сваіх падданых да дасягненняў тагачаснай цывілізацыі. Узяць, напрыклад, агарод. Так, той самы апрацаваны з вялікай любоўю кавалак зямлі, дзе шмат што расце для патрэбы і асалоды нашых страўнікаў. Дзякуючы каралеве з еўрапейскага поўдня прыйшлі новыя раслінныя культуры. Ды што там! Само ўжыванне ежы ператварылася ў эстэтычны працэс, і тут важную ролю адыграў відэлец, элегантна прадэманстраваны Бонай.

Жыгімонт Стары нічога не шкадаваў для любай жонкі, асабліва калі яна падарыла яму наследніка. Таму не дзіва, што каралева паступова запісала на сваё імя вялікія ўладанні. Паколькі яна з дзяцінства ведала пра сэнс банкаўскіх аперацый і падтрымлівала знаёмства з фінансістамі, то ў хуткім часе нерухомая маёмасць ператварылася ў рухомую. З гэтай рухомасцю, што потым будуць называць «неапалітанскімі сумамі», аўдавеўшы і пасварыўшыся з сынам (аб прычынах крыху ніжэй), Бона Сфорца зехала на радзіму. Але яшчэ доўга будуць памятаць «Боначку, што сцягнула золата бочачку».

Сярод розных спосабаў здабываць «неапалітанскія сумы» ў каралевы Боны быў і такі, як продаж службовых пасад і свецкіх, і духоўных. Калі стала вядома, што каралева-ўдава збіраецца туды, адкуль прыехала, ды яшчэ разам з такімі каштоўнасцямі, сенат прапанаваў затрымаць яе. Для перагавораў з манархіняй паслалі біскупа Зэбжыдоўскага, аднаго з былых фаварытаў Боны, які таксама скарыстаў магчымасць і набыў сваё месца пад сонцам у яе вялікасці. Але зараз сітуацыя была зусім іншай, таму Зэбжыдоўскі пачаў даволі ультыматыўна. Тут старая каралева не вытрымала і гнеўна абарвала яго:

 I гэта кажаш ты, які купіў з майго дазволу біскупскі сан!

 Што зробіш,  уздыхнуў пасланец сената,  купіў, бо прадавалася

Малады кароль і вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст вызначаўся талерантнасцю, калі не сказаць абыякавасцю, да пытанняў рэлігіі. Не дзіва, што ў гэты час пашырылася Рэфармацыя, якая вельмі непакоіла такіх прадстаўнікоў каталіцкага кліру, як біскуп Зэбжыдоўскі. Каб узмацніць свае пазіцыі, ён заняўся незвычайнай справай: будаваў над Віслай, у мястэчку Гара, кальварыю ў іерусалімскім стылі. I для гэтай новабудоўлі загадаў прывезці з Палесціны сапраўдную святую зямлю.

Назад