Вядома, як усе грэшныя людзі, я шмат нарабіў памылак у жыцці, не ведаю, ці магчыма іх выправіць. Ну, скажыце, хто дадумаўся б да такога: «Любая, гаварыў я адразу ж пасля прапановы, каб выходзіла за мяне замуж (трэба ж быць такім дурнем!), любая, кажу, я хачу, каб ты ведала: я паэт, а потым ужо чалавек, муж, бацька». (Чамусьці я часта размяжоўваў у сабе чалавека і паэта. Доўга вагаўся, што ж першаснае і галоўнае? Падумаў аднойчы: самае галоўнае чалавек, а ўжо потым ён ці паэт, ці слесар, ці хто іншы Але прыходзіць час і ўсё пераварочваецца з ног на галаву, пачынаеш разумець, што твой асноўны чалавек, гэта паэт у табе. Паэзіяй ты апраўдаешся перад Усявышнім. Тады ўсё чалавечае становіцца такім нікчэмным і неабавязковым, а з пункту гледжання абывацеля: такой брыдой! Але хто такі звычайны чалавек? Чалавек, які жыве мудрасцю гэтага свету. А сказана было: той, хто для свету стане дурным, будзе разумным перад Богам, хто не адрыне «мудрасць» гэтага свету не спазнае мудрасці Божай).
Падступіць іншы раз з усіх бакоў, і здаецца, калі не сядзеш зараз за пісьмовы стол, надыдзе канец свету, або выбухнеш вулканам, што клякоча ўнутры. Так я і жыў, разрываючы сябе паміж паэтам і чалавекам. Рэдка ўдавалася прымірыць гэтых двух ворагаў, хіба толькі як знаходзіў іх у гармоніі, і дапаўняў паэт чалавека, і толькі тады мог лічыць сябе шчаслівым.
Дык вось і кажу жонцы: калі добра ў мяне будзе складвацца ў творчасці добра будзе і ўсёй сямі, мала таго, як бы я ні любіў цябе, як бы ні любіў тых дзяцей, што народзяцца потым, хачу, каб ты ведала, калі аднойчы пытанне стане рубам: або сямя, або работа для мяне галоўнае апошняе. Вядома, не праца за хлеб штодзённы, а менавіта «магчымасць пісаць» і ўсё, што з гэтым звязана. Пачуўшы такія словы, жонка, напэўна, як і ўсякая жанчына, падумала: «Ты гавары-гавары, вось паставяць у пашпарце пячатку, надыдзе і мая чарга сказаць важкае слоўца, і тады па-іншаму заспяваеш: зробім з цябе чалавека!» і па першым часе ніколі не ўспамінала той размовы. Хто ведае, можа жыццё пагоршала, можа што іншае, але за апошні год я не аднойчы чуў: «Канечне, у цябе ж сямя на семнаццатым месцы», або: «Калі б ты павярнуўся да мяне тварам, то быў бы самым шчаслівым, я табе ўсе ўмовы стварыла б для працы, ты сам не ведаеш, колькі губляеш, заняўшы такую пазіцыю!» Што яна вярзе, думаў я, нібыта не клікаў яе ў сваю творчасць, нібыта не хацеў зацікавіць яе тым, што пішу? Ці мо не дапамагаю па хатняй гаспадарцы? І па крамах бегаю, і грошай не прапіваю, а пад добры настрой магу нават вячэру згатаваць ды бялізну памыць Можа, праўду кажуць людзі, чым больш жанчыне аддаеш часу, тым хутчэй яна хоча зарабаваць цябе цалкам, каб дыхаў і жыў кожнай думкай толькі ёю адной? Я ж таксама мог бы выкласці на яе рахунак тысячы прэтэнзій, але ж маўчу. Няўжо яна думае, што ідэальная? І ці многа мне трэба? Толькі б не перашкаджала, не заходзіла ў кабінет, калі я за пісьмовым сталом, не клікала, адрываючы ад працы, глядзець «Вакол смеху» і ўсяго толькі Ну, прабачыла б іншы раз маю неахайнасць: не выгаворвала б, што не туды нешта паставіў ці не зачыніў дзвярэй, вось і ўсё! Напэўна, я чагосьці не разумею, і вось вынік: яна прынесла прасцірадлы, коўдру і падушку шпурнула ўсё гэта на канапу:
Жыві тут! Гэта таксама будзеш мыць сам. «Ці магу я да разводу карыстацца электрычнай плітой? зедліва спытаў я». Пакуль дазваляю, а там пагляджу: калі не будзеш прыбіраць пасля сябе, купіш керагаз і будзеш гатаваць ежу ў кабінеце.
Нічога, падумаў я, паразводзіцца дый перастане. Колькі разоў я сам парываўся развесціся, колькі разоў яна пагражала разводам, аднак жывём жа да гэтага часу? Што «кумедзь ламаць», вырашыў я, добрая яна жонка, ідэальных няма зусім, ды і сын у мяне, якога люблю вельмі, грэх гэта вялікі, пакідаць дзяцей сіротамі, але калі ўжо ёй так няўсцерп хай паспрабуе, я і пальцам не паварушу для разводу. А шчасце, на якое я раней спадзяваўся, сямейная гармонія дык яе няма ў жыцці, цвёрда ў гэтым пераканаўся. Усё прыдумкі, не дзеля гэтага чалавек прыходзіць на зямлю. Для нечага большага. Галоўнае, з якімі рахункамі прыйдзем у вечнасць, як будзем трымаць адказ перад Госпадам?
Калі пасля авансу яна запатрабавала 25 працэнтаў на сына як аліменты, я зразумеў: на гэты раз усё сурёзна развядзецца! Што ж, падлічыў я: заява, падзел маёмасці, суды гэта можа цягнуцца гадамі, але на горшы выпадак у мяне ёсць два-тры месяцы, іх трэба скарыстаць
2
2
(26 кастрычніка 1994 года)
І я засеў за працу. Час прыспешваў. Адзінае, на што мог спадзявацца пры разводзе, інтэрнат: шум, бязладдзе, непрасыпныя пянкі і вечны прахадны двор, калі заставацца сам-насам змагу толькі глыбокай ноччу.
Спачатку разбіраў свае паперы, корпаўся ў старых рукапісах, адбіраў найбольш важныя і расфасоўваў іх у папкі. Потым тры ночы запар упісваўся ў навелу, высільваўся, каб нарэшце зладзіць з галоўным героем. Нічога не атрымлівалася. Герою навелы раптам адкрылася будучыня, ён становіцца прарокам і ў той жа час забывае сваё мінулае. Матэрыял распаўзаўся і распухаў, і я ніяк не мог давесці яго да ладу, разабрацца з героем было цяжка: уявіце сабе чалавека, які помніць толькі будучыню? З гора і злосці на сябе вырашыў напіцца. Пасля работы пайшоў у Дом літаратара Шукаў Сыса, які заўсёды там ашываўся. Як цудоўна было раней, калі працаваў бар, яго заўсёды можна было там знайсці вечарам за столікам. Вакол Сыса заўжды кучкаваліся свае хлопцы. Шмат змянілася апошнім часам, але нехта казаў, нібыта працуе кафэ?
А першы раз я ўбачыў Сыса ў 1989 годзе на свяце маладой літаратуры ў Іслачы. Фестываль працягваўся дні чатыры. Ён прыехаў, здаецца, на другі дзень. Яшчэ да прыезду толькі і гаворкі было, што пра яго: «Сыс зрабіў Сыс сказаў Сыс пасварыўся пахваліў, пакрыўдзіся, раззлаваўся». Вядома, я заінтрыгаваўся: што за фрукт такі гэты Сыс? І вось яго нарэшце прывезлі на чорнай «Волзе». Увесь натоўп маладых літаратараў рваўся на вуліцу сустракаць свайго куміра. Нехта схахміў і кінуўся па-лакейску адчыняць дзверцы, сагнуўшыся да зямлі ў паклоне. Усе мы любім пажартаваць, асабліва ў маладосці. Вечарам зладзілі «капуснік». І тут я ўбачыў нешта, што ніяк не ўкладвалася ў маё ўяўленне пра нармальныя чалавечыя паводзіны. Уразіла не тое, што Сыс, вычвараючыся, выкінуў зусім непрыстойны жарт, а здзівіла, што ўсе гэта прынялі як належнае: глядзелі яму ў вочы і люба ўсміхаліся. Не знайшлося чалавека, які б запярэчыў. Я настолькі быў шакіраваны нечаканасцю, што таксама прамаўчаў. Але пасля бяссоннай ночы раніцай на ганку выказаў яму наступнае:
Як ты думаеш, мог бы той чалавек, што забіваў цвікі ў рукі Хрыста, напісаць верш, каб расчуліць іншага?
Не ведаю сказаў ён праз паўзу. Ён прагаворваў словы, быццам абсмоктваючы іх у роце, нібы ўзважваў кожнае на языку. А хто забіваў цвікі?
І тут мяне ўзарвала. «Я не ведаю, што ты там за паэт такі, закрычаў я, тут усе гавораць: геній, геній Я не ведаю, я цябе не чытаў! Я не чытаў ЦЯБЕ у цябе не можа быць вершаў!»
Дарма, абарваў ён.
Чаму дарма? Я што дурны? Я бачыў, які ты чалавек, і з мяне досыць! Ты маёй душы нічога не зможаш даць. Я не чытаў і ніколі не буду чытаць тваіх вершаў! Запомні гэта! здаецца, я крычаў тады і гаварыў апантана.
Жахаюся сябе ў такія моманты, нейкі чорны дух апаноўвае мяне, цалкам забірае нада мной уладу, і праз які час мне становіцца страшна: мог бы зрабіць непапраўнае А ён стаяў і толькі ўсміхаўся: «Давай лепш спрачацца вершамі», сказаў нарэшце.
Як гэта вершамі? асекся я, я не пішу вершаў на зададзеную тэму.
Дык лепш, чым дарэмна крычаць тут, сеў бы і напісаў верш.
Так і разышліся. Але пасля размовы ён стаў чорны, як хмара, хоць мне здавалася, што яго немагчыма «прабіць» ніякімі словамі. Да гэтага смяяўся, жартаваў, адкідваў нумары, а тут ходзіць моўчкі, і нішто не можа яго вывесці з унутраннай зацятасці. Усе толькі й пытаюцца: «Анатоль, што з табою? Што здарылася? Хто цябе пакрыўдзіў? Чаму ты такі?» Я адчуваў, што віною наша размова на ганку. Мне зрабілася не па сабе: што я ведаю пра яго, пра гэтых людзей? (Я тады ўпершыню трапіў у беларускамоўнае літаратурнае асяроддзе. Гаварыў на трасянцы, і ўвогуле было адкрыццём, што па-беларуску пішуць, размаўляюць, чытаюць цудоўныя вершы і нават спяваюць песні пад гітару. Мне здавалася, што жывая беларуская літаратура засталася ў мінулым. А тут маладыя хлопцы майго ўзросту). На душы было брыдка. А яшчэ горшала ад таго, што ён не «выдаваў» мяне. Я нікога не разумеў і не знаходзіў свайго месца. То здавалася, што я адзін дурны сярод іх, а ўсе яны разумныя і нешта спазналі такое, да чаго мне ніколі не дарасці, то ўяўлялася, што ўсе гуляюць у нейкую гульню, а я жыву сапраўдна, то наадварот, нібыта я распачаў і раскруціў якісьці сцэнарый Гэта нельга было спісаць на нявопытнасць багемных зносін: за плячыма было два гады Літаратурнага інстытута Адзіны чалавек, з якім я знайшоў агульную мову, гэта малады празаік Андрэй Худзенькі. Я таксама любіў Талстога, які быў для яго кумірам, што нас і зблізіла. Помню: прачынаецца Андрэй раніцай, штосьці шукае пад падушкай, выварочвае навалачку, заглядвае ў тумбачку і раптам: