Артур Конан Дойл
Прыгоды Шэрлака Холмса
© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў, 2014
© Маціеўская К., прадм., 2014
© Арцёмаў А., Казлова А., Маціеўская К., Пятровіч А., Янкута Г., пераклад, 2014
© ПУП «Кнігазбор», 2014
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Працяг непазбежны
Агульнавядома, што Шэрлак Холмс (каля 1854 пасля 1923) свайму стваральніку надакучыў даволі хутка: напісаўшы два дзясяткі апавяданняў і дзве аповесці, Артур Конан Дойл вырашыў, што час заняцца сурёзнымі раманамі, зрабіцца другім Вальтэрам Скотам, а дрындушку, якая немаведама з чаго займела шалёную папулярнасць, прыгожа патапіць, напрыклад, у вадаспадзе на фоне швейцарскіх пейзажаў. Але было запозна: нешта не заладзілася ў Холмса з занадта чалавечай смяротнасцю, і ён выплыў, каб расследаваць яшчэ каля сарака справаў (гэта, безумоўна, толькі апісаных ягоным «асабістым Босуэлам»), сысці на спачынак гадаваць пчолаў, паставіць рэкорды па экранізацыях твораў пра сябе і ўвогуле зажыць спакойным і няспешным жыццём звычайнага міфа.
Можна, канечне, скінуць віну на ангельскую каралеву, якая, кажуць, за Холмса вельмі хвалявалася, намякала, што здагадваецца пра «хітры ход аўтара», і хто ведае можа, нават пагражала рыцарскім званнем. Але як бы там ні было, варта прасякнуцца ўдзячнасцю да будучага сэра Артура: тое, што місія па забойстве нахабы невыканальная і ніякай «апошняй справы Холмса» ўжо ніколі не будзе, ён зразумеў з першага разу.
Міфы цалкам натуральна пачуваюцца, існуючы ў безлічы версіяў, і Холмс не адстае. Знакамітыя словы пра гарышча мозгу, на якім варта захоўваць толькі неабходнае, а таму не ведае ён, Холмс, што Зямля круціцца вакол сонца, абвяргаюцца яшчэ да канца аповесці, у якой прагучалі: раптам аказваецца, што тыпус з нулявымі, паводле рэестру доктара Ўотсана, ведамі ў літаратуры і філасофіі разумее лацінскія выразы без перакладу, вольна цытуе Шэкспіра, Гётэ, Флабэра (побач з «Я раманаў не чытаю»), ды і Хафіза з Гарацыем не забывае. Меркаванне пра неабходнасць ведаў па ўсіх астатніх астраноміях Холмс мяняе як Галілей пра цэнтр Сусвету, толькі добраахвотна. Да таго ж гэты «здольны выканаўца і кампазітар немалога таленту» («Саюз рудых») аднойчы расчысціў гарышча мозгу аж для «старажытнай корнскай мовы» («Дяблава нага»), але ці ж нам ведаць, што можа спатрэбіцца дэтэктыву ў расследаванні заблытаных і таямнічых злачынстваў? Слухаем Холмса: «Злачынствы здараюцца часта. Логіка сустракаецца рэдка» («Лясныя Букі»), і спакойна чытаем далей: так і задумана.
Не кожнае даследаванне зможа ахапіць усё, што напісалі, намалявалі і знялі па слядах Шэрлака Холмса, які ў гэтых пераасэнсаваннях шмат разоў мяняў аблічча, пол, біялагічны від, характар і эпоху. Ды што там казаць, нават геніяльнасцю мяняўся з Ўотсанам (глядзі фільм «Без адзінага доказу» з Майклам Кейнам і Бэнам Кінгслі) і нават гэта перажыў. Які Райхенбах? Гэтага і постмадэрнізм не бярэ.
Вечны супергерой велізарнай шэрлакіяны высілкамі многіх дзясяткаў стваральнікаў атрымаўся абсалютна антыбронзавым, пазбегнуўшы небяспекі, якая так часта пагражае героям і класікам. З Холмсам можна рабіць што заманецца, а міфу гэта толькі на карысць пойдзе. Хіба што спыніць ці стрымаць нельга.
Увогуле, для інтэрактыўнай гульні з чытачом-гледачом усё ёсць ужо ў Дойла: гэтая блытаніна з ведамі, здольнасцямі, уменнямі і нават самім холмсаўскім метадам, які, здаецца, і дэдукцыя, але, можа быць, індукцыя, а можа быць, абдукцыя Прыняўшы Ўотсана за ненадзейнага апавядальніка, можна выкарыстоўваючы хоць дэдукцыю, хоць індукцыю з абдукцыяй, а хоць спірытызм, так любімы бацькам Шэрлака Холмса, доўга і радасна ламаць галаву, спрабуючы зразумець, як жа ўсё было насамрэч і што гэты доктар недагаворвае.
У апошнім (на сёння) фільме Гая Рычы пра Холмса «Гульня ценяў» гэты самы Холмс пасля словаў «The End» ставіць у рукапісе доктара Ўотсана шматабяцальны пытальнік. У далёкім ад Холмса 2014 годзе ў Лондане адкрываецца выстава пад назвай «Чалавек, што ніколі не жыў і ніколі не памрэ». Холмсу і яго храністу ставяцца помнікі ў Англіі, Расіі, Швейцарыі і хто ведае дзе яшчэ. Кожны пяты брытанец думае, што Шэрлак Холмс насамрэч жыў калісьці на Бэйкерстрыт, 221б. Возьмем на сябе смеласць сцвярджаць: астатнія чатыры пятыя ўпэўненыя, што жыве і цяпер.
Кацярына МаціеўскаяСкандал у Багеміі
1
Для Шэрлака Холмса яна назаўсёды засталася «той жанчынай». Рэдка чуў я, каб ён называў яе неяк іначай. У яго вачах яна перасягнула і засланіла ўсіх прадстаўніц свайго полу. Не тое каб у яго было да Ірэн Адлер якое-небудзь пачуццё, падобнае да кахання. Любыя пачуцці, і ў прыватнасці гэтае, былі несумяшчальныя з яго халодным, дакладным і надзіва ўраўнаважаным розумам. На маю думку, такой дасканалай машыны, якая мысліць і назірае, свет яшчэ не бачыў, і ў ролі закаханага ён апынуўся б не на сваім месцы. Пра пяшчотныя пачуцці ён заўсёды згадваў толькі са зедлівасцю і насмешкай. Пяшчотныя пачуцці былі для яго цудоўным абектам для назірання, выключным сродкам сарваць покрыва з чалавечых пабуджэнняў і ўчынкаў. Калі трэніраваны мысляр дазволіць такім пачуццям уварвацца ў свой дакладна і бліскуча ўпарадкаваны ўнутраны свет, яны прынясуць туды бязладнасць, якая паставіць пад сумнеў усе дасягненні яго думкі. Пясчынка, што трапіла ў тонкі механізм, ці трэшчынка на адной з яго моцных лінзаў не зрабіліся б такім бедствам, як вялікае пачуццё для такога чалавека, як ён. І ўсё ж адна жанчына для яго існавала, і жанчынай гэтай была памерлая ўжо Ірэн Адлер асоба з цьмяным і вельмі сумнеўным мінулым.
Апошнім часам я рэдка бачыўся з Холмсам. Маё вяселле раскінула нас у розныя бакі. Усю маю ўвагу забрала бясхмарнае шчасце і прыемныя хатнія клопаты, якія зяўляюцца ў чалавека, што першы раз у жыцці робіцца гаспадаром свайго сямейнага агменю. Холмс жа, чыя цыганская душа пазбягала любога таварыства, застаўся ў нашых пакоях на Бэйкер-стрыт, занураны ў свае старыя кнігі, і з тыдня ў тыдзень кідаўся ад какаіну да бурнай дзейнасці, чаргуючы наркатычную дрымоту і ўласцівую яго натуры шалёную актыўнасць. Як і раней, ён быў глыбока захоплены расследаваннем злачынстваў і скіроўваў свае цудоўныя здольнасці і неверагодную назіральнасць на раскрыццё справаў і разгадку таямніцаў, ад якіх афіцыйная паліцыя адмаўлялася як ад безнадзейных. Час ад часу да мяне даляталі цьмяныя чуткі пра яго здзяйсненні: пра паездку ў Адэсу з нагоды забойства Трэпава, расследаванне загадкавай смерці братоў Аткінсанаў у Трынкамалі* і ўрэшце пра вельмі далікатныя і паспяховыя росшукі, праведзеныя на просьбу галандскай уладнай сямі. Аднак апроч гэтых урыўкавых сведчанняў пра яго дзейнасць, якія я атрымліваў разам з іншымі чытачамі з газет, пра былога сябра і кампаньёна я ведаў мала.
Аднаго вечару, дзесьці ў трэцяй дэкадзе сакавіка 1888 году, я вяртаўся ад пацыента (бо цяпер зноў меў прыватную практыку), і дарога мая ляжала праз Бэйкер-стрыт. Мінаючы незабыўныя дзверы, назаўсёды звязаныя ў маім сэрцы з перыядам жаніхоўства і са змрочнымі падзеямі, апісанымі ў «Эцюдзе ў пунсовым», я адчуў вострае жаданне зноў убачыць Холмса і даведацца, чым цяпер заняты гэты выбітны розум. У пакоі гарэла яркае святло, і калі я зазірнуў у акно, то ўбачыў яго высокую хударлявую фігуру, якая цёмным сілуэтам двойчы прамільгнула за гардзінамі. Апусціўшы галаву і склаўшы рукі за спінаю, ён узбуджана і імкліва мераў крокамі пакой. Я ведаў усе яго настроі і звычкі, а таму карціна гэтая шмат пра што мне сказала. Ён зноў узяўся за працу. Ён строс з сябе наркатычныя мроі і ішоў свежымі слядамі нейкай новай загадкі. Я пазваніў, і мяне праводзілі да пакоя, які калісьці часткова належаў і мне.
Ён сустрэў мяне без бурных эмоцыяў для яго яны былі рэдкасцю. Тым не менш я думаю, што ён быў рады мяне бачыць. Амаль нічога не кажучы, ён сардэчна запрасіў мяне сесці, падсунуў бліжэй каробку з цыгарамі і паказаў на вінную шафку і газаген* у куце. Потым стаў ля каміна і пачаў уважліва вывучаць мяне сваім незвычайным пранізлівым поглядам.
Сямейнае жыццё пайшло вам на карысць, зазначыў ён. Думаю, Ўотсан, што з моманту нашае апошняе сустрэчы вы паправіліся на сем з паловай фунтаў.
На сем, паправіў я.
Усё ж мяркую, што трошачкі больш. Зусім крышку. Вы, як бачу, зноў практыкуеце. Але вы не казалі, што плануеце ўпрэгчыся ў працу.
Як вы пра гэта даведаліся?
Я бачу гэта, я раблю высновы. Вось як я даведаўся, што днямі вы моцна вымаклі і што вашая служанка страшэнна няўмелая і няўважлівая?
Дарагі мой Холмс, сказаў я, гэта ўжо занадта. Пару стагоддзяў таму вас проста спалілі б на вогнішчы. Я і праўда быў у чацвер за горадам і вярнуўся дадому ўвесь выпацканы, але цяпер на мне зусім іншая вопратка, і я не ўяўляю, як вы гэта вылічылі. Што да Мэры Джэйн, то яна насамрэч безнадзейная, і мая жонка паведаміла ёй пра звальненне, але я зноў жа губляюся ў здагадках, адкуль вы гэта ведаеце.