Бювар (зборнік) - Уладзімір Мікалаевіч Сіўчыкаў 2 стр.


Не дзівіся, у апошняй дэфініцыі няма аніякай супярэчнасьці. Так, Ван Гог галандзец паводле нацыянальнасьці і месца нараджэньня. І гэта мяне цешыць, бо Каралеўства Нідэрландаў, якое неафіцыйна часта называюць Галандыя, гэтаксама як і нашая Беларусь,  адносна невялікая і досыць паўночная еўрапейская краіна. Але Вінцэнт Ван Гог для мяне найперш французскі мастак. Несумненна, што менавіта Парыж у апошняй чвэрці дзевятнаццатага стагоддзя быў сусьветнай сталіцай выяўленчага мастацтва, несумненна, што менавіта ён зрабіў з галандскага паўдылетанта мастака з вялікай літары, сфарміраваў адметнага творцу. Несумненна, што ў тыгелі паўднёвага Арля загартаваўся талент мэтра жывапісу, менавіта на французскай зямлі і пад французскім небам былі створаныя найбольш значныя творы, палотны, што занялі сваю нішу ў гісторыі сусьветнага мастацтва і культуры.

Яшчэ з гадоў навучаньня ў мастацкай вучэльні пачэснае месца паміж кніг па выяўленчаму мастацтву маёй асабістай бібліятэкі займае досыць сьціплы альбом «Van Gogh» з серыі «Masters of World Painting» на той час ленінградскага выдавецтва «Аўрора». Сьціплы найперш таму, што ў Эрмітажы і ў Музеі выяўленчага мастацтва імя Пушкіна захоўваюцца ўсяго толькі дзесяць твораў мастака адзін малюнак і дзевяць палотнаў. Нават публікацыя ў ім фрагментаў палотнаў не надта адратоўвае ў сэнсе абёму. З другога боку, можна сказаць, што захоўваюцца ў Расіі ажно дзесяць твораў. Ажно дзесяць таму, што ўсе яны належаць да позьняга, а значыць сталага, самага плённага перыяду ў творчасьці жывапісца.

Але нават на той час зьвярнула на сябе маю ўвагу такая акалічнасьць загалоўныя, англамоўныя тэксты ў тым альбоме куды больш поўныя і дакладныя ў параўнаньні з рускамоўнымі. Што гэта элементарная непавага да суайчыньнікаў? Маўляў, куды ж яны падзенуцца з падлодкі (чытай не пераскочаць жа праз так званую «жалезную заслону»?)?! Або, маўляў, абыйдуцца і гэтым, хай скажуць дзякуй і за тое, што атрымоўваюць? Гэта нагадала мне колішнюю сітуацыю з савецкімі аўтамабілямі «Жыгулі». Не мае значэньня, што большасьць мадэляў «спірацілі» ў італьянцаў, не мае значэньня, што якасьць і надзейнасьць іх не вытрымлівалі аніякай крытыкі. Усё роўна, калі хочаш мець уласнае аўто, дык шукай той самы блат або сваяка-ветэрана, які адстояў у чарзе не адзін год і гатовы саступіць табе гэты «цуд тэхнікі». На Захадзе ўсё наадварот. Скажам, у Нямеччыне найлепшая якасьць прызначаецца сабе, свайму ўнутранаму спажывецкаму рынку. Другі гатунак прызначаецца краінам абяднанай Еўропы. А трэці сыходзіць адпаведна ў краіны трэцяга сьвету

Дарэчы, ці ведаеш ты, як частка «Жыгулёў» паператваралася ў «Лады»? Гэта ж ледзь не анекдатычны выпадак! Паспрабавалі былі тальяцінскія аўтамабілебудаўнікі выйсьці на еўрапейскі рынак гандлю аўтамабілямі, але ж які француз або італьянец набудзе легкавік маркі, якая гучыць амаль гэтак жа, як «жыгала» мужчына, які жыве за кошт палюбоўніцы?! Давялося не толькі падвышаць якасьць зборкі экспартных паасобнікаў, але і прыдумляць новы брэнд.

Але вярнуся да альбома. Мяркуй і сам пра адвольнасьць перакладаў хаця б па некаторых назвах твораў Ван Гога.

Малюнак з франка-ангельскай назваю «La Mousmé sitting in an arm-chair» («Мусьме, якая сядзіць у крэсьле») атрымаў па-руску лапідарнае найменьне «Мусме». (Дарэчы, прызнаюся, што намерваюся зрабіць своеасаблівую мастацкую парафразу і намаляваць дачку Хрысьціну ў выглядзе Мусьме, бо зьнешняе падабенства ў іх відавочнае, а я люблю розныя мастакоўскія гульні.) «Seascape at Saintes-Maries» літаральна гэтая чыстая марына завецца ў перакладзе «Рыбацкія лодкі ў Сен-Мары». А ў рускамоўным варыянце яна чамусьці атрымала непісьменны назоў «Море в Сент-Мари».

«Memory of the garden at Etten» («Успамін пра Этанскі сад»). Чамусьці ягоны рускі варыянт або адпаведнік гучыць як «Арльские дамы»!

«The red vineyard: Montmajour» («Чырвоны вінаграднік: Монмажур») «Красные виноградники в Арле»! Хаця ў ангельскім варыянце Арлем і не пахне, а Монмажур гэта абацтва ў навакольлях горада!

«Portrait of doctor Felix Rey» «Портрет доктора Рея». Хопіць з французішкі адно толькі прозьвішча, замнога гонару падаваць яшчэ і імя?!

«Bushes» «Куст». Вынікае, што еўрапейцам і ўсім англамоўным Ван Гог напісаў кусты бэзу, а рускамоўным еўразійцам ці азіёпцам адзін (!) куст?!

«The prison court-yard» («Турэмны двор») «Прогулка заключенных». Мабыць, ёсьць нейкая злавесная заканамернасьць у тым, што адно з самых змрочных палотнаў мастака захоўваецца ў краіне крыміналу, зон і астрогаў.

«The red vineyard: Montmajour» («Чырвоны вінаграднік: Монмажур») «Красные виноградники в Арле»! Хаця ў ангельскім варыянце Арлем і не пахне, а Монмажур гэта абацтва ў навакольлях горада!

«Portrait of doctor Felix Rey» «Портрет доктора Рея». Хопіць з французішкі адно толькі прозьвішча, замнога гонару падаваць яшчэ і імя?!

«Bushes» «Куст». Вынікае, што еўрапейцам і ўсім англамоўным Ван Гог напісаў кусты бэзу, а рускамоўным еўразійцам ці азіёпцам адзін (!) куст?!

«The prison court-yard» («Турэмны двор») «Прогулка заключенных». Мабыць, ёсьць нейкая злавесная заканамернасьць у тым, што адно з самых змрочных палотнаў мастака захоўваецца ў краіне крыміналу, зон і астрогаў.

«Cottages with thatched roofs» («Хаціны з саламянымі дахамі») чамусьці зрабіліся проста «Хижинами»!

Зразумела, што палотны часам маюць варыянты назваў, але што папярэдняя, што наступная («Landscape with carriage and train» «Краявід з кібіткай і цягніком» «Пейзаж в Овере после дождя»!)  як кажуць, no comment! без каментарыяў!

І ўсё ж, нягледзячы на тагачасныя ідэалагічныя штампы, прыкрыя хібы ў рускамоўным тэксьце і жаданьне аўтаркі ўступнага артыкула штучна драматызаваць лёс мастака, альбом у зжаўцелай ад часу супервокладцы, набыты колісь са стыпендыі, вельмі дарагі мне. А адзін з маіх даўніх, студэнцкіх нацюрмортаў так і называецца «Нацюрморт з альбомам Ван Гога». І яшчэ адно. Альбом гэты нагадвае пра тое, што на свае вочы бачыў у музейных залах рэпрадуцыраваныя ў ім творы, і калі сустракаю рэпрадукцыі з гэтых палотнаў у іншых выданьнях, дык мімаволі прыязна пасьміхаюся, вітаю іх як даўніх знаёмцаў.

Тым самым часам набыў я і польскае выданьне «Krajobraz z tęczą. Sylwetki artystów od Fidiasza do Picassa» «Краявід з вясёлкаю. Вобразы мастакоў ад Фідзія да Пікаса». Як вынікае з назвы, пададзены ў тым альбоме шэраг нарысаў Анны Клубуўны пра найславутых мастакоў сьвету. Адным з іх стаўся матэрыял пра Ван Гога «Сейбіты і жнеяры». Дзівіла, праўда, і тое, што асноўны акцэнт аўтарка зрабіла на галандскім перыядзе творчасьці мастака.

Чорна-белыя рэпрадукцыі з жывапісных палотнаў выклікалі ў тым альбоме пэўную непаразумеласьць. Затое малюнкі былі здрукаваныя надзіва выразна: польскія паліграфісты навучыліся на той час друкаваць найскладанейшую фарбу так званую глыбокую чорную. Гэта значыць, што ў іх як на плакатах, так і ў перыдычных выданьнях, у кнігах, у выданьнях па мастацтву чорны тон уражваў, бо быў не больш-меньш насычаным шэрым, а папраўдзе чорным. Чорным, нібыта касьмічныя чорныя дзіркі!

Куды больш грунтоўным у цьвёрдай вокладцы, на дзьве сотні старонак шчытнай афсетнай паперы ёсьць важкі ва ўсіх сэнсах альбом чэшкі Мілаславы Неўманавай «Vincent van Gogh. Kresby» («Вінцэнт Ван Гог. Малюнкі»), выдадзены ў 1987 годзе ў Празе. Зразумела, што Ван Гог быў перадусім жывапісцам, аднак малюнкі ягоныя гэта і акадэмічныя штудыі, і своеасаблівая справаздачнасьць у лістах, і падрыхтоўчыя шкіцы, і варыяцыі на тэмы ягоных палотнаў, і самакаштоўныя скончаныя творы. Графіка мастака, можна сказаць, прадстаўлена вычарпальна: 27 малюнкаў разьмешчаны па аўтарскім тэксьце, а ў выяўленчай частцы рэпрадуцыраваныя восем каляровых і яшчэ шэсцьдзесят чорна-белых прац. Досыць поўнае ўяўленьне можна скласьці, калі ўзяць пад увагу аналітычны артыкул, а таксама грунтоўны навуковы апарат альбома. Гартаю яго цяпер, і найболей уражваюць малюнкі «Тэадор Ван Гог» нясьмелы, а ў нечым і вучнёўскі, хоць і выкананы ў традыцыях старых майстроў, «Парк насупраць жоўтага дома» празрысты, ураўнаважаны, спакойлівы, нібыта райскі сад і неверагодна дынамічныя, напружаныя «Кіпарысы ў зорнай начы».

А колісь, зноў жа ў кнігарні «Дружба», якая мясьцілася ў канцы васьмідзесятых гадоў усё на тым самым галоўным менскім прасьпекце, але ўжо насупраць парка Чалюскінцаў, набыў гэтае выданьне мастак Пятро Драчоў. І дастаўся мне той альбом у падарунак да трыццацігоддзя, на дзень нараджэньня ад імя ўсіх «бярозкаўцаў», супрацоўнікаў рэдакцыі часопіса для падлеткаў, дзе працаваў я тады адказным сакратаром

Ведаеш, злавіў сябе на думцы, што кожны з гараджанаў, тых жа менчукоў, мае ў горадзе свае арэалы або рэгіёны, прыдатныя яму не толькі на пражываньне, вучобу і працу, але і ўвогуле на камфортнае існаваньне. Нездарма ж у пэўных раёнах ведаеш кожны квартал, кожны двор, кожную сьцяжынку, а ў некаторых, калі і патрапіш гады ў рады, дык пачувацьмешся як ў чужым горадзе. Некім жа прадвызначана, што жыву цяпер непадалёк ад колішняга будынка мастацкай вучэльні і старога корпуса Дома друку, на прасьпекце, што носіць сёньня слыннае імя Францішка Скарыны, па-над кнігарняю «Акадэмкніга».

Назад Дальше