Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў 2 стр.


Мо таму так і жывём?

Мо таму так і жывём, што не зважаем на тое, як спекулюе на перамозе ўлада, якая толькі тым і займаецца, што завіхаецца ў пошуку знешніх і ўнутраных ворагаў. Вось і ўзнікае пытанне: хто вораг?..

Ды як бы там ні было перамога ёсць перамога, і колькі б ні казалася пра яе ганарліва-пафасных альбо абвяргальна-злавесных слоў, непарушнай, упэўнены, застанецца яе сутнасць: перамога над нацызмам была і застаецца прадвесніцай перамогі над уласным таталітарызмам.

Над вайной.

Час пасцірае з твару Перамогі фальшывыя рысы, усе грымасы прапагандысцкай крывадушнасці і ўрэшце яна паўстане калі не перад намі, дык перад дзецьмі нашымі і ўнукамі ў чыстым выглядзе перамогі людскага над звярыным.

Перамогі народа. Перамогі таго салдата, якога «закапалі ў шар зямны». І таго, з кавенькай, які ў чаканні салюту ціха прыхінуўся да дрэва, і на грудзях ягоных медаль за горад Будапешт

Салют!

Чорны пакет

Нядзельнай раніцай я заўважыў на лесвічнай пляцоўцы ля суседскіх дзвярэй чорны, перавязаны крыж-накрыж пакет. Кінуў позірк ды пайшоў сабе далей. Праз колькі колькі гадзін вярнуўся пакет быў на тым жа месцы

Пад вечар я ціскануў суседскі званок. Дзверы расчыніліся.

«Чулі?  суседка, былая доктарка, хуценька дашпільвала на хатнім халаце апошні гузік.  Расстралялі Я б такіх на месцы расстрэльвала, без суда і следства. Нелюдзі»

Увесь нядзельны вечар я слухаў тлумачэнні афіцыйных каментатараў і прапагандыстаў, чаму трэба было расстраляць Кавалёва і Канавалава. У пацвярджэнне іх слоў экран дыхаў полымем, дымам і пылам выбуху, стогнамі і крывёю параненых, нерухомасцю мёртвых І ў падобны да гранаты мікрафон усе крычалі, праклінаючы расстраляных маладых людзей: «Нелюдзі!», «Так ім і трэба!»

Раптам я адчуў, што жыву ў краіне, якая ператварылася ў Лобнае месца, вакол якога гайдаецца натоўп, усцешаны нібыта найвышэйшай справядлівасцю смяротнага пакарання Але ці вынікае найвышэйшая справядлівасць з адчування бязмежнага Страху?

«Так ім і трэба»

Але ці трэба нам? Не натоўпу грамадству.

Грамадства гэта не проста супольнасць людзей. Гэта супольнасць цывілізацыйных каштоўнасцяў. І найпершае сярод гэтых каштоўнасцяў жыццё.

Можна сказаць «нелюдзі». Але нельга «не людзі»

Калі афіцыйныя каментатары і прапагандысты, даводзячы неабходнасць смяротнага пакарання, спасылаюцца на ЗША, яны хітруюць, бо ведаюць, што менавіта Еўропа, да цэнтра якой так любяць яны прылічваць Беларусь, здолела пасля вогнішчаў інквізіцыі, безлічы рэлігійных, грамадзянскіх, пасля двух сусветных войнаў здзейсніць цывілізацыйны, духоўны, а потым і заканадаўчы прарыў ад пакарання злачынцаў смерцю да пакарання жыццём.

У Еўропе даўно зразумелі, што калі дзяржава ператвараецца ў забойцу, у ката, яна нішчыць свой духоўны падмурак, стымулюючы распаўсюд страху ці не самай спрыяльнай глебы для злачыннасці. Між тым, і ў ЗША нарастае рух за адмену смяротнага пакарання, падмацаваны, дарэчы, найноўшымі дасягненнямі генетыкі. Менавіта дзякуючы даследаванням ДНК зявіліся доказы невінаватасці шмат каго з тых, хто быў пакараны смерцю. Да таго ж, ЗША дэмакратычная дзяржава, там незалежнае правасуддзе, да якога, як да дзяржаўнай інстытуцыі, існуе непахісны давер.

Да інстытуцый аўтарытарнай дзяржавы, а тым больш дыктатуры калгаснага кшталту, даверу няма. Няма каму верыць у такой дзяржаве ні суду, ні тэлебачанню, ні прэзідэнту Нават царкве, якая, калі не трэба, шмат што гаворыць, а калі трэба ўзняць голас, маўчыць

«Каб непанадна было» Што непанадна?

Нават калі злачынства адбылося так, як гэта малюе ўлада, яна робіць усё, каб знішчыць слабыя праявы грамадзянскай нязгоды, сутыкнуць натоўп з грамадствам, высмактаць з гэтага сутыкнення дадатковыя магчымасці ціску на людзей дзеля свайго бясконцага ўладарання

Такі вось адбываецца ў нашай краіне «тэракт», такая вось хаваецца «бомба» ў чорным пакеце страху

«Ваш?  паказаў я былой доктарцы на пакет ля дзвярэй.  Увесь дзень стаіць» «А я думала ваш,  доктарка баязліва саступіла ў кватэру.  Можа, сапёраў выклікаць, ці МНС?.. Пачакайце, што вы робіце?»

Я нахіліўся і рашуча развязаў пакет. Бліснула нейкае шкло, узняўся слупок пярхучага пылу Смецце, звычайнае смецце. Толькі й ўсяго.

Але ж хусткі ё

Для ўсіх, хто цікавіцца, так бы мовіць, трэндамі, цудоўным чынам сышліся тры навіны.

Але ж хусткі ё

Для ўсіх, хто цікавіцца, так бы мовіць, трэндамі, цудоўным чынам сышліся тры навіны.

Першая паведамляла пра тое, што наша сінявокая краіна ў сусветным спаборніцтве пад назвай «хто колькі выпе» дасягнула недасяжнай вышыні: 17 з паловай літраў чыстага спірту на чалавека ў год. Вельмі важкі ўнёсак у сярэднія 6,2 літра на ўсё чалавецтва.

Не ведаю, як вылічваецца колькасць чыстага спірту з так званых «чарніл», але, дзякуючы нястомным клопатам улады пра спатоленне смагі, вытворчасць апошніх толькі ўзрасце. І гэта другая навіна.

Трэцяя навіна проста ашаламляе сваёй навізной: МВД прапануе ўвесці забарону на ўжыванне алкагольных і слабаалкагольных напояў для тых, каму няма 18 гадоў. Плануецца ўвесці адміністратыўную адказнасць бацькоў за такое парушэнне»

За сваё слабаалкагольнае жыццё я ўжо стаміўся падлічваць падобныя забарончыя ініцыятывы. Апошнім разам, мо пяць год таму, адзначылася Генеральная пракуратура прапанавала ўвогуле спыніць вытворчасць «чарніл», а замест іх ціснуць сокі.

Але куды там нашаму МУС, Генпракуратуры ды ўсяму беларускаму ўраду да ЦК КПСС з ягонай памятнай «гарбачоўскай» ініцыятывай!

Народ, помніцца, азваўся на яе ўсеагульным ухваленнем, пра што ахвотна распавядаў на старонках газет, з трыбун шматлікіх сходаў і з нудных тэлевізійных экранаў. Але мне больш за іншае запомнілася, як адазваліся таварышы алкаголікі з перадавога ва ўсіх адносінах Светлагорскага ЛПП. Яны застрайкавалі. Як? Адмовіліся ад лекаў і чорнай працы, па-навуковаму, працатэрапіі.

Гэта быў, мусіць, першы і па-свойму адзіны страйк, калі людзі патрабавалі не таго, без чаго не могуць жыць, а таго, з чым жыць не ўмеюць. То бок свабоды і справядлівасці, адсутнасць якіх выяўлялася, па іх меркаванні, у турэмным рэжыме, у кепскім (з-за крадзяжу персаналам прадуктаў) харчаванні і псеўдалячэнні з-за таго ж крадзяжу дарагіх лекаў.

Не буду стамляць чытача апісаннем тых сустрэч, размоў і шумных сходаў, на якіх высокія міліцэйскія чыны, што былі накіраваны ў тое злашчаснае ЛПП па даручэнні ЦК КПБ, пераконвалі хворых на алкаголь людзей, як нядобра страйкаваць і, тым больш, піць.

Камандзіроўка тая скончылася Правільна, сытнай вячэрай і вясёлай пянкай, вось толькі каньяк начальнік ЛПП і галоўурач налівалі з імбрычыка

Каньяк з імбрычыка Да «чарнілаў» ні вялікае, ні маленькае начальства не апускалася.

Праз «чарніла» засмучалася цётка Гэля з вёскі Малышкі, куды ў той час мне выпадала шматкроць наязджаць. Аднойчы якраз праз тыдзень пасля выбараў першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Знайшоў я Гэлю ў напаўцёмнай кухні, дзе сядзела яна за выскраблым да бляску сталом. У куце, на скрыўленай лаўцы, паклаліся адзін на аднаго мо з тузін боханаў чорнага хлеба «А ты Лукашэнку бачыў? Ну, які ён?» «А то сама не бачыла» «Ды дзе там Часу няма А праўда, што хлеб аж у тры разы даражэй стане? І «чарніла»?»

Так, слова за слова, высветлілася: тэлевізар, што завешаны прыгожа вышытым ручніком, цётка Гэля даўно не глядзіць, перайшла, так бы мовіць, на энергазберагальную тэхналогію; Лукашэнку ні зблізку, ні здалёк не бачыла. Але галасавала за яго, бо ўсе казалі, што ён абяцае лёгкае жыццё. «Як пры Брэжневе»,  нешта добрае згадала ў сваім жыцці цётка Гэля. І, падумаўшы, дадала: «ці як у Польшчы»

З Польшчы, куды яна ездзіла да сястры, прывезла Гэля хусткі. «А якія ж прыгожыя!  прыжмурыла вочы і адчыніла куфар.  Глядзі!»

Ну, навошта цётцы Гэлі патрэбныя былі ў гэткіх колькасцях «чарніла» і хлеб, тлумачыць і сёння не трэба. Ды й мяне яна запаважала толькі пасля таго, як адстаяў з ёй, ледзь пазбегнуўшы панажоўшчыны, даўжэзную чаргу ў сельмаг, каб узяць для яе яшчэ пару пляшак.

Карацей кажучы, пра Гарбачова яна і слухаць не жадала, пра Шушкевіча таксама, бо пры адным ані «чарніл», ані гарэлкі не стала, пры другім не стала краіны, у якой тых «чарніл» і гарэлкі было хоць заліся Уся веліч дзяржавы ўвасаблялася для яе ў магчымасць адкарміць хлебам жывёліну і расплаціцца «чарніламі» за ўзараныя соткі ды іншыя паслугі, без якіх тагачаснае вясковае жыццё, жаночае асабліва, ураз магло скалануцца. Жыццё, пра якое, калі пытаўся, Гэля казала: «Гаўнянае, але ж хусткі ё»

Не ведаю ні таго, колькі хустак засталося ў Гэлі за дваццаць гадоў «пры Лукашэнку», ні таго, ці здараюцца сёння страйкі ў ЛПП? Але які-ніякі жыццёвы досвед падказвае, што як толькі справы ў дзяржаве зусім пагаршаюцца, адразу абвяшчаецца барацьба з «алкагалізацыяй насельніцтва». Гэткі ілюзіён ці то ў выглядзе «сокаў замест «чарніл», ці то розных там Дзён цвярозасці, ці то забароны бацькам спойваць малалетак

Назад Дальше