Той узяў пакунак, плюнуў:
А, чорт з табою!.. Не хочаш, не трэба, і пайшоў у падезд.
Вінярскі пастаяў, паазіраўся. Усе аднолькавыя вокны свяціліся, было халаднавата.
Так там кальцо, там гастраном Дык я недзе каля Жанінага дома! Значыць, мне туды.
Ён паплёўся на вуліцу і не паспеў выбрацца з-за дома, як ледзь не стукнуўся аб міліцэйскую «Волгу» з мігалкаю. Машына стаяла за вуглом, на тратуары. Яго заўважылі, дзверцы адчыніліся:
Хадзі сюды!
Ён ступіў, стараючыся не хіснуцца, але, відаць, ад гэтага перабольшанага старання так хіснуўся, што ледзь не ўпаў.
Што, паддаў? Дай закурыць, папрасілі ў машыне. (Міліцыянеры заўсёды так робяць, каб праверыць, наколькі чалавек адэкватны.)
Вінярскі ляпнуў па кішэнях пуста, якія там цыгарэты, усе скурылі ў кавярні. А мог бы аддаць пачак, як вучыў Васіль, і адмазацца
Я з пахавання іду, сказаў ён, нібы просячыся, замест таго, каб сказаць, што цыгарэт няма.
Ну і што? Заблудзіўся?
Не!
Дзе ты жывеш?
Каля фінскай запраўкі, ён назваў дом і кватэру, але сам не быў упэўнены, што называе правільна.
Добра, сядай.
Ён пакорліва залез на задняе месца, «Волга» развярнулася і паехала ў двары.
Што вы пілі хоць? спытаў міліцыянер за рулём, і ў яго голасе Вінярскаму пачулася зайздрасць.
Гарэлку, адказаў ён, цверазеючы з кожнай хвілінай, водку, тоесть.
Ён сабе не паверыў, калі неўзабаве машына спынілася каля яго дома, доўга потым глядзеў у прахадны двор, куды, высадзіўшы яго, паехала «Волга». Затым няўмела перахрысціўся. «Хто ведае, што было б, калі б не аддаў Васілю даляры?!» зусім ужо цвяроза падумаў ён.
Ў тую ноч Вінярскі спаў як забіты і прачнуўся з яснай, лёгкай галавою радасны, дужы, адчуваючы ў сабе невядомую раней вольнасць; прачнуўшыся, успомніў учарашні вечар, як перадаў Васілю грошы, як яго адпусцілі, пянага, міліцыянеры і як пасля таго нібы камень зваліўся з душы. Быццам не ад даляраў пазбавіўся, а ад жывой гадзюкі ў пакунку, якую вымушаны быў насіць за пазухай.
X
Сюды, у Вяснянку, Васіль, які за два гады пасля ўніверсітэта стаміўся цягацца па чужых людзях, перабраўся не так даўно, і перабраўся з вялікай радасцю. За кватэру трэба было плаціць большую частку яго карэктарскай зарплаты, затое адзін, сам сабе гаспадар. Да таго ж у іх з Мілаю яшчэ пры жыцці Стэльмаха было вырашана, што ўвосень, калі Міла паступіць вучыцца, яны пажэняцца і ён пераедзе да Стэльмахаў (цяпер, пасля смерці Івана Змітравіча, гэтая жаніцьба, вядома, на пэўны час адкладвалася).
Кватэра была двухпакаёвая, і Васіль плаціў за яе як за двухпакаёвую, хоць на самай справе адзін пакой быў зачынены на ключ там захоўваліся рэчы і мэбля гаспадароў. У другім, дзе ён жыў, абстаноўка была спартанская: ложак, два чамаданы ў адным кутку, звязкі кніжак, папкі з паперамі у другім. Пісаў Васіль на падлозе, лежачы на жываце, альбо на кухні, дзе быў столік і табурэт. Сябры, калі заходзілі ў госці, хвалілі яго і называлі такую абстаноўку «нармальнай творчай», затое Міла заўсёды жахалася і кожны раз упрошвала яго забраць ад іх і перавезці сюды хоць бы стары стол, які, разабраны, ляжаў у Стэльмахаў на балконе яго трэба было толькі трошкі падрамантаваць. Васіль, смеючыся, адмахваўся, казаў, што на падлозе лепш пішацца