Фларыян Чарнышэвіч
Надбярэзінцы
Мілым землякам з ракі Бярэзіна, што захавалі вернасць Айчыне, гэты пераказ крыўдаў, зазнаных ад дзяржавы і суседзяў, пераказ перамог і балючых расчараванняў, што напаткалі нас у пару змагання за самае дарагое, прысвячаю з гарачым прыветам дзе б вы ні знаходзіліся.
АўтарРаман у трох частках, заснаваны на рэальных падзеях
© Copyright for the Polish edition ARCANA, 2010
© Пераклад на беларускую мову, выданне на беларускай мове. Выдавец А.М. Янушкевіч, 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Ад перакладчыц
Шаноўны чытач!
Ты трымаеш у руках кнігу, напісаную мовай, якую вялікі прыхільнік кнігі, наш зямляк, мастак і пісьменнік Юзаф Чапскі, назваў мовай «словатворчай, звонкай, напалову беларускай». Асаблівасць гэтай мовы ў тым, што напоўніцу зразумець яе без дадатковых тлумачэнняў магла толькі адна пэўная супольнасць людзей польскамоўныя жыхары Беларусі першай паловы ХХ стагоддзя. Сёння такіх людзей амаль не засталося. Жыхары сучаснай Польшчы, чытаючы гэты раман, сустракаюцца з пэўнымі цяжкасцямі і мусяць карыстацца перакладам у зносках, колькасць якіх можа дасягаць дзесяці на старонку. Такім чынам, вострасюжэтнае лёгкае чытво даецца ім цяжкавата, нібы яны маюць справу з нейкім мудрагелістым філасофскім трактатам.
Пераклад «Надбярэзінцаў» з «напалову беларускай мовы» на «мову амаль цалкам беларускую», з аднаго боку, крыху прычасаў неверагодную мешаніну дыялектаў і стылю. А з іншага стварыў унікальную сітуацыю, калі жыхары сучаснай Беларусі, як і іх бабулі і дзядулі, могуць без асаблівых перашкодаў сачыць за захапляльным сюжэтам.
Зычым лёгкага і прыемнага чытання!
Частка першая
I. Рагі
Хутар валокі[1] на тры ў гушчары бяскрайніх бярэзінскіх лясоў, у абтоку дзвюх рачулак. Палову займаюць лугі, што дзесяцінным[2] разлогам бягуць уздоўж берагоў праз усю даўжыню клінападобнай паляны. Ад лесу пойменныя, каровіны, ад поля мурожныя, для авечак і коней. У заходнім куце паляны рачулкі злучаюцца ў адну лукавіну, і луг шырэе амаль утрая. Там, на мурагу, на адлегласці дзесяці загонаў, стаяць у рад тры магутныя дубы. На вышыні двух-трох сажняў[3] іх камлі аперазаныя квадратнымі памостамі, якія знізу густа абабілі вялізнымі цвікамі. Калі глядзець з зямлі, памосты нагадваюць кратаваныя брамы старасвецкіх замкаў, толькі шчыльнейшыя і шырэйшыя разы ў чатыры. Мясцовыя называюць іх подкурамі. А вышэй на галінах парамі стаяць адзін пад адным вуллі.
Пад сярэднім подкурам спыніўся барадаты сівы стары ў будзённай засцянковай апратцы: цесная шляхецкая шапка, чорны крамны пінжак, даматканыя клятчастыя штаны і вялікія боты з халявамі гармонікам. У адной руцэ вясло, у другой торба з рыбаю. Побач з ім хударлявы хлопчык гадоў дзевяці, босы, у паношанай канфедэратцы і зрэбным споднім. Адной рукою ён па-ўланску ўпіраўся ў бок, другою вертыкальна трымаў просты, у тры разы даўжэйшы за яго, ляшчынавы кій з завостраным бляшаным наканечнікам.
Быў цудоўны чэрвеньскі поўдзень ціха і сонечна. Цень ад лесу ўжо выцягнуўся на стаю[4] з гакам.
Дзеда, прамовіў хлопчык, цікаўна пазіраючы ўверх на подкур, а Мікіта сказаў, што гэныя зубы ў подкура жалезныя, гэта праўда?
Драўляныя, каротка адказаў стары, уважліва гледзячы супраць сонца ў бок лесу.
Драўляныя? Дык іх жа мядзведзь пакрышыць.
Не пакрышыць, яны дубовыя, моцныя.
Дубовыя? Дзеда, а Мікіта казаў, што мядзведзь дужы як конь сівы, а лапы як сіта, праўда?
Няпраўда. Няма мядзведзяў, большых за мінулагодніх цялятаў, толькі таўсцейшыя яны і кудлатыя, як авечкі.
Кудлатыя? Дзе-е-да! Я во з гэтым, паказаў малы на кій, ніякіх мядзведзяў не баюся.
Такі вялікі хлопец, ці ж табе баяцца, адгукнуўся стары, яшчэ пільней углядаючыся ў лес.
Куды ты, дзеда, усё глядзіш і глядзіш? Мужыкі там ужо?
Не, ляснік Васілеўскі да нас ідзе, стары павярнуўся да хлопца, кінуў позірк на ягоную апратку, строга кінуў: Ты як штаны перакруціў? А ну запраўся, сарамотнік!
Хлопчык паружавеў і шмыгануў за дрэва. Праз хвілінку вярнуўся запраўлены, стаў побач з дзедам гэтак жа, як раней, і пачаў з цікавасцю назіраць за госцем, які ўжо набліжаўся.
Гэта быў мужчына пад сорак, рослы, мажны, з чырвоным, як бурак, тварам і рудаватай кароткай барадой. Насіў ён палінялую канфедэратку, кароткую бурую світку, шэрыя ваўняныя даматканыя штаны і лапці. На грудзях перакрыжоўваліся два шырокія рамяні: адзін ад стрэльбы, руля якой вызірала з-за пляча, другі ад паляўнічай, з казінай скуры, торбы, што матлялася каля левага сцягна. На рамяні ад торбы насупраць сэрца жоўтая бляха шырынёю з далонь і з выбітым надпісам па-руску: «Лѣсной сторожъ».
Я цябе пазнаў, ледзь ты толькі з лесу выйшаў, гукнуў стары, калі ляснік ужо быў за некалькі крокаў ад яго.
Значыць, багатым ніколі не буду, адказаў той, напалову жартуючы, напалову верачы ў такія забабоны, і павітаўся, здымаючы шапку: Хай будзе пахвалёны Езус Хрыстус!
Ён схіліўся да рукі старога і гучна прыцмокнуў, цалуючы.
На вякі вякоў! азваўся стары і пацалаваў лесніка ў патыліцу.
Ляснік, у сваю чаргу, падаў руку для пацалунку хлопчыку. Пагладзіў яго па галаве і запытаўся:
Як гадуешся, хлопча? От, гасцінцу ніякага для цябе не маю А што за кій у цябе? На рыбу такія восці выстругаў?
Гэта не восці, пакрыўджана запярэчыў малы, гэта штых!
Штых? Навошта штых?
А з мужыкамі ваяваць!
З мужыкамі ваяваць?! А што, пане Балашэвіч, звярнуўся ляснік да старога, няўжо зноў нітаўцы збіраюцца?
Так. Цэлай вёскай заўтра прыйсці хочуць, нібыта праз знявагу грамадскага пастуха, якому пазаўчора нявестка мая шмат клопату ўчыніла, з лугу разам з быдлам праганяючы.
Цэлай вёскаю напасці хочуць? Але ж і зладзюгі! Бандыты! Закалотнікі! А можа, толькі для постраху чуткі распускаюць, га?
Дык нам людзі з саміх Нітаў данеслі, што не маняць тыя.
Ось яно як Ну, то дзякуй Богу, што хаця б знайшліся добрыя людзі і вам данеслі, цяпер час ёсць падрыхтавацца і навучыць гадаў за чужы плот няпрошана не лазіць. Пэўна ж, паклікалі вы ўрадніка?
Не, сваёю радзінай, як звыкла, бараніцца будзем.
Дык вас жа цэлая вёска ўшчэнт затопча, а тое, не дай Божа, і забюць каго. Што ж вы сабе думаеце?
Затопчуць дык затопчуць, забюць дык забюць, але ўрадніка прасіць ні я, ні сыны мае не хочам. Самі бараніць будзем.
Гм, прасіць не хочаце А тады чаму ж хаця б нас не паклікаці? Мы ж можам разам, усе ляснічыя з абездчыкам сабрацца, з засценку дзясятак які спрытнейшых хлопцаў узяць, і як будзеце ведаць, што маюць прыйсці, засесці за мастком у лесе, а там ужо грамадою лупануць ды матыліцу з галоваў выгнаць.
Яно калі захацець дык можна і людзей сабраць, і перцу ўсыпаць, а далей што? Сёння ім талакою адлуп дамо, а раніцой яны зноў накінуцца. Не будзем жа ўвесь час напагатове стаяць. А зусім разятрацца дык і спаліць могуць. Што, не так?
Вы іх адно раздражніце і ўсё. А я вам кажу, што як добра налупіць, дык больш не прыйдуць. Вось як дзяцей свавольных вучаць?
Балашэвіч нязгодна пакруціў галавою і цяжка ўздыхнуў.
Ой, пане Васілеўскі, верыш так нам гэтая грызня з імі ўгоркла, аж страх! Мы ўжо з сынамі гаварылі: хай толькі Бог дасць да канца кантракту дажыць, а болей не трэба. Свайго, уласнасці сваёй, ужо будзем у люднейшым месцы шукаць.
Ай, ды перамелецца ўсё, праміне і далей тут жыць будзеце. Столькі гадоў ужо Такі хутар кідаць не варта А яшчэ чаго ў вас новага? Як здароўе вашае?
Дзякуй за клопат, от, клыпаю памаленьку.
І тое добра. Вам, пане Балашэвічу, зараз толькі жыць і песні спяваць. Такую гаспадарку паднялі, такіх сыноў разумных выгадавалі! Во, павярнуўся ён да хлопчыка, і ўнук ужо які! Такі ваяка. А вучышся як? Чытаеш лоўка ўжо?
Ён на ўласныя вушы чуў неяк, як хлопец чытае, але згадаў навуку, бо хацеў пахваліцца ўласным сынам.
Добра вучыцца, сказаў Балашэвіч. Ты ж чуў яго чытанне.
І мой ужо чытае, дзякуй Богу.
Чытае, кажаш? А я ж помню, што як зімою малацілі, то быў у нас і не ўмеў ні бэ ні мэ.
Так, зімою жаднай літары не ведаў, а цяпер от чытае як рэпу грызе.
Скуль жа так хутка? Навучыў хто?
Дык часам Казік са Смалярні, Каралеў унук, паказвае, а астатняе сам. Знойдзе якую паперку друкаваную і разбірае сабе, чытае, вучыць. Так яму навучыцца закарцела, што нават і ў сне пра гэта гаворыць.
Калі так моцна хоча, то вучыце, час ёсць яшчэ, хлопец не стары.
Лёгка сказаць вучыце, але дзе, як, за што?
Зімою хай да Казіка ходзіць, недалёка ж. Ці, можа, ён болей вучыць не будзе?
Вучыць будзе, але незасцянковых баіцца браць, каб ураднік не разагнаў.
Пагутары са сваім абездчыкам, мо штосьці
Ды што там абездчык, перарваў Васілеўскі. Я самога памешчыка хачу прасіць. Калі прыедзе зімой на паляванне і з мядзведзем пашанцуе, дык пакланюся яму нізка, руку пацалую і буду прасіць памагчы ды парадзіць. Прасіць буду.
Прасіць можна, язык не адваліцца, пагадзіўся Балашэвіч і паглядзеў на сонца, якое ўжо хавалася ў прагал між верхавінамі лясных дрэваў. Але пакуль мы тут з табою блынды правім, час бяжыць. Мне сёння трэба яшчэ з сынамі параіцца і да заўтрашняга разбору падрыхтавацца. Хадзем, Сташку, паклікаў ён унука. Запрашаю, пане Васілеўскі, да нас на хутар у госці.