Побач са Стахам сядзеў Эдвард Мачуга. Называўся ён палякам, але апроч імені і прозвішча, нічым не адрозніваўся ад рускіх аднакласнікаў: па-польску не толькі не гаварыў і мовы не ведаў, а яшчэ і іншых перадражніваў. І такіх была большасць. Стах і Мачуга крыху пасябравалі, бо сядзелі побач. Мачуга часта зазіраў да Садоўскіх, і яны са Стахам разам рабілі ўрокі. Уважліва да іх прыслухоўваючыся, Садоўскі зразумеў, што Стах разумее болей і робіць у навучанні вялікія поспехі. Калі Ян Балашэвіч, прывёзшы частку абяцаных настаўніку падарункаў, зайшоў да кума і спытаў пра сына, кум скупа падзяліўся сваімі назіраннямі, і Ян Стаха пахваліў.
У першыя дні Стаху і не снілася, што ўсё так хутка для яго палепшае: вучні перасталі нападаць, заданні ён выконваў выдатна і без асаблівых высілкаў пазбягаў пабояў, займеў прыяцеляў, апякун і сваякі хвалілі. Толькі па Рагах Стах сумаваў вельмі і нецярпліва лічыў тыдні і дні да калядных вакацый.
За паўтара тыдня да святаў здарыўся ў яго жорсткі канфлікт з педагогамі.
Поп Максім Клімовіч, настаяцель ванчанскага прыходу, аднойчы папаўдні, расказваючы на ўроку рэлігіі «о крещении Руси», заўважыў, што Стах размаўляе з Мачугам.
Гэй там, ты чаму не слухаеш? упікнуў ён.
Я слухаю ўважліва, отчэ Закона учыцель, адказаў Стах устаючы.
Слухаеш? А ну паўтары.
Калі князь кіеўскі Уладзімір Вялікі зразумеў, што руская паганская вера кепская, ён выправіў у свет пасланцоў, каб шукалі дзе лепшай веры. Пасланцы абышлі свет і вярнуліся ў Кіеў, пакланіліся князю і так сказалі: «Абышлі мы свет, бачылі шмат вераў паганскіх, магаметанскую бачылі і габрэйскую, але лепшай ад грэцкае нідзе няма. Калі мы ў іхных храмах былі, дык не разумелі, на небе ці на зямлі знаходзімся»
Дрэнна, перарваў поп. Чыю яшчэ веру бачылі пасланцы? Паўтары!
Калі князь кіеўскі Уладзімір Вялікі зразумеў, што руская паганская вера кепская, паўтарыў Стах свае ранейшыя словы, ён выправіў у свет пасланцоў, каб шукалі дзе лепшай веры. Пасланцы абышлі свет і вярнуліся ў Кіеў, пакланіліся князю і так сказалі: «Абышлі мы свет, бачылі шмат вераў паганскіх, магаметанскую бачылі і габрэйскую, але лепшай ад грэцкае»
Досыць! крыкнуў поп. Дрэнна. У каго яшчэ пасланцы былі, чыю веру бачылі? Ты не сказаў, што яны ў каталікоў былі.
Отчэ Закона учыцель, пасланцы не маглі быць у каталікоў.
Не маглі? Гэта яшчэ чаму?
Калі б пасланцы ў каталікоў пабывалі, Русь бы каталіцкую веру, а не грэцкую, прыняла. Нашая каталіцкая, польская, вера ад усіх лепшая.
Я так бачу, ты больш за мяне разумееш і гэта не я цябе, а ты мяне вучыць павінен, абурыўся поп. Сядай, дурань, і ўваліў Стаху ў лоб важкую пстрыку.
Бацюшка прайшоўся па класе, нешта думаючы, а потым павярнуўся да ўсіх і прамовіў:
Дык што, дзеці, праўда, што каталіцкая вера лепшая?
Не, не, нашая праваслаўная вера лепшая! хорам адказалі дзеці.
Так, нашая праваслаўная вера лепшая. А можа, ведаеце, чаму? Хто ведае, падыміце руку.
Многія замармыталі нешта сабе пад нос, але рукі ніхто не падняў.
Ну вот, кажаце, што лепшая, а чаму ніхто і не ведае. А можа, і праўда каталіцкая лепшая? Трэба ж ведаць, чаму. А вот чаму: мы жагнаемся трыма пальцамі, у імя Святой Тройцы, а яны усёй клюшнёю. Гэта ж зусім няправільна.
Так, отчэ Закона учыцель, няправільна гэта! пацвердзіла некалькі галасоў.
Далей пойдзем. Мы, скончыўшы маліцца, кажам «амінь», а яны «а-а-амэн».
Клас выбухнуў рогатам, паўтараючы: а-а-амэн, а-а-амэн.
І гэта яшчэ не ўсё. Мы пасля споведзі кавалак хлеба прымаем і лыжку віна, як Хрыстос сказаў на Таемнай вячэры, дзелячыся з апосталамі хлебам і віном, што тое плоць Яго і кроў. А ў каталікоў да прычасця віна зусім не падаюць, бо яго ксёндз сам выпівае, а замест хлеба аплаткі памерам з гузік ад пінжака, да габрэйскай мацы вельмі падобныя. У іх ксяндзы разам з рабінамі рускую кроў падмешваюць і гэтыя аплаткі разам з мацой пякуць.
Ой, Госпадзі! З рускай крывёй! З жыдоўскай мацой! Вось дык вера! пагрозліва і абурана закрычалі рускія вучні.
Палякі круціліся на сваіх месцах як на гарачай патэльні, не ведаючы, куды пазіраць і куды падзець вочы. Стах расплакаўся.
Отчэ Закона учыцель, усхліпнуў ён, тое, што вы кажаце, няпраўда! Гэта ўсё выдумкі, ей-богу, выдумкі! Усё выдумкі
Выдумкі?! зароў поп. То бок я, свяшчэннік, ілгу?! Я манюка?!
Ён схапіў Стаха за руку і выпхнуў у сенцы.
Ён схапіў Стаха за руку і выпхнуў у сенцы.
Больш у школу можаш не прыходзіць, сказаў ён.
VII. Згрызоты
Стах ішоў вуліцай прыгнечаны, нібы родную маці пахаваў. Ведаў ён, што яму будзе ад апекуна і бацькі за выключэнне. Раздумваючы над становішчам, у якое трапіў, хлопчык ледзь перастаўляў ногі.
Можа, проста не вяртацца туды? гаварыў ён самому сабе. Вось бы ўзяць ды ў свет пайсці. Што я, сабе рады не дам? Мог бы ў якіх бяздзетных гаспадароў картоплю абіраць, смалякі сячы, агонь пільнаваць, летам статак пасвіць і на хлеб зарабляць. Канечне, праца пастуха не ганаровая, але што рабіць.
Эх, вось бы з кім параіцца. А можа, да дзядзькі мамчынага брата на хутар пайсці? Дзядзька добры. А вось і пайду, чатыры вярсты ўсяго, да цемры можна паспець. Пайду да дзядзькі.
А калі дзядзька возьме і ў Рагі мяне адвязе? пачаў сумнявацца Стах. Ім жа нельга верыць, усе яны аднолькавыя.
Ён не ведаў, што рабіць: адных баяўся, другім не верыў. Ужо дайшоў аж да завулка, што да кватэры вёў, а так нічога і не вырашыў.
Завярнуў у завулак, абапёрся аб сцяну кутняга дома і занурыўся ў думкі, адна за другую роспачнейшая.
І пяці хвілін не прайшло, як ззаду пачуўся голас апекуна:
Стах, гэта ты? А што ты там робіш?
Галава страшна баліць і жывот, нягледзячы на спалох, хутка знайшоўся хлопец і неадкладна схапіўся за ўсё, што «балела».
Ох ты. Дык а чаго дахаты не ідзеш, маленькі?
Слабасць вялікая, не магу, і заплакаў.
Бедны мой. Сядай, занясу, прысеў апякун, і на яго плячах Стах заехаў у хату адразу на мяккі ложак.
Садоўскія вельмі ўстрывожыліся праз хлапечую хваробу.
Калі за ноч не ачуняе, сказала гаспадыня, паклічам фельчара. Не дай Божа, нешта здарыцца мы вінаватыя будзем.
Ад вячэры Стах адмовіўся. Да позняй ночы абдумваючы ў ложку сваё няшчасце, хлопчык прыйшоў да высновы, што дарма так рана бядуе. «Ну і што з таго, што поп выгнаў, разважаў ён. Поп гэта яшчэ не настаўнік. Вунь жыдкоў той ужо быў выганяў, але ж вярнуліся і вучацца».
Назаўтра, на радасць апекунам, ён устаў як звычайна і пайшоў у школу.
Дзвярэй у класе Стах зачыніць не здолеў на яго, як на ваўка, накінуліся ўсе, нават палякі.
Чаго прыйшоў, цябе ж бацюшка прагнаў! Прэч ідзі адсюль! Сорак лінеек атрымаеш і ўсё адно прэч пойдзеш. Лепей цяпер уцякай, застрашвалі аднакласнікі-рускія.
Не зважаючы на страх, ён сеў на сваё месца.
Што, і ты супраць мяне? спытаў ён у Мачугі.
А бо ты вінаваты! Чаго было вытыркацца? Гугніць сабе і хай бы гугніў.
Калі настаўнік цябе не выганіць, то мы разам збяромся, усе палякі, і самі яго пра гэта папросім, падышлі да яго Паўловічы.
Толькі без мяне, падлізы мужыцкія, запярэчыла Галіна.
Стах адчуў да яе бязмежную ўдзячнасць яна адзіная стала на яго абарону.
Усе паміралі ад цікаўнасці: што ж зробіць настаўнік з гэтым Стахам? Таму і чакалі Міхаіла Іванавіча з нецярплівасцю.
Вось ён зайшоў. Рушыў да стала, на Стаха нават не зірнуў. Прачытаў малітву, а пасля, як звычайна, пачаў правяраць прысутных, але Балашэвіча ў ліку другакласнікаў не назваў.
Выключылі ўжо, выключылі, панёсся шэпт.
У самым канцы настаўнік загадаў:
Станіслаў Балашэвіч! Да дошкі.
У класе павісла магільная цішыня. Стах падышоў да настаўніка, як той казаў, ні жывы ні мёртвы.
Дык што, сказаў Грывень, ты свяшчэнніка назваў дурнем і манюкам?
Не, гаспадзін учыцель, не называў я. Я толькі сказаў, што няпраўда тое, што пра нашую веру кажуць.
Не кіем, дык палкаю. Калі ты разумееш больш за нас, чаго тады ў школу ходзіш?
Гаспадзін учыцель, я і сам не ведаю, як у мяне гэта вырвалася. Не хацеў я свяшчэнніка абражаць. Даруйце мне, прашу! Я цяпер заўсёды маўчаць буду! Даруйце, гаспадзін учыцель, не біце, не ганіце.
Не буду я цябе ні біць, ні выганяць, сказаў Грывень, але пакуль твае родныя не папросяць у свяшчэнніка прабачэння за цябе, вучыць не буду. Ідзі на месца і сядзі сабе як пень. Марш!
Хоць справа вырашылася не да канца, Стах супакоіўся. «Не выгнаў і добра, думаў ён. А з тым прабачэннем неяк будзе. На вакацыях знайду хвілінку, як бацька будзе лагодны, і прызнаюся, падумаеш. А можа, за гэты тыдзень мне і так даруюць».
Садоўскаму ён вырашыў пакуль нічога не казаць і падзяліўся сваімі планамі з Мачугам.
Вучні ўсе да аднаго здзівіліся такому мяккаму пакаранню і тлумачылі гэтую лагоднасць па-рознаму: што паляк гэты вучыўся выдатна, што гэта першая яго правіна, што сваякі ў яго заможныя. Галіна казала, што прычына велікадушнасці настаўніка у страху перад праверкай вышэйшага «начальства», якое бясспрэчна абвінаваціла б папа і яшчэ шмат чаго магло б выкрыць. Але хутчэй за ўсё Грывень не выгнаў Стаха таму, што пакуль не атрымаў меху грачанай мукі на бліны, пуда масла і воўчай шкуры.