Мястэчка G і ваколіцы (зборнік) - Віктар Шалкевіч


Віктар Шалкевіч

Мястэчка G і ваколіцы

Дзевятнаццаць апавяданняў і песа

Z Wilna przeskoczyі do Grodna, tego brudnego, żydowskiego Grodna, w którego rynsztokach jak w zasmolonym szkle przeglądały się kamieniczki dawnych lat.

Jуzef Mackiewicz. «Na S.W.1» Dzieіa, tom 12, s. 245

© Шалкевіч В., 2012

© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2012

© ПУП «Кнігазбор», 2012

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Мястэчка G

Мястэчка стаяла на рацэ, якая спрадвеку цякла ў Балтыйскае мора. Мора было далёка, а як выглядала чорт яго ведае ніхто не ўяўляў і не бачыў Можа, дзяды і прадзеды калісь

Пра раку спяваліся розныя інтымна-лірычныя і ваенна-патрыятычныя песні, у якіх яна абвяшчалася ледзь што не фарпостам усходняй візантыйскай цывілізацыі, Кронанам і Барысфенам, крыніцай ісцінна-сапраўднай Веры і Бацькам усіх людзей, жывучых на яе левым і правым берагах, хаця якраз бацьку яна меней за ўсё прыпамінала, была рака не вельмі вялікая, нячысценькая, у некаторых месцах, дзе з іржавых трубаў у яе ўліваліся падазронага колеру вадкасці, увогуле нагадвала падручнік па хіміі для сёмага класа, а ўлетку, калі мялела, усялякая адважная варона каб схацела, то перайшла б яе пехатою А калісьці, кажуць, па ёй сунуліся цяжкія віціны ці лайбы з таварамі аж у міфічную Усходнюю Прусію, альбо з самога Кіева даплывалі да тутэйшага замка на горцы чаўны з рознымі легендарнымі рускімі князямі і цівунамі

Мелася ў мястэчку некалькі рухлівых вуліцаў, парa вышэйшых вучэбных установаў, медыцынскіх і сельскагаспадарчых, пара абавязковых савецкіх помнікаў правадырам і паходням нацыі, адзін з іх, бюст заснавальніка тутэйшай літаратуры, каторы стаяў ля сценаў мясцовага ўніверсітэта, быў вечна метка і густа загаджаны несвядомымі непісьменнымі птушкамі Былі ў мястэчку чатыры прыгожыя сярэднявечныя касцёлы з кляштарамі і некалькі цэркваў, адна царква ну вельмі старажытная, дакладней, тое, што ад яе засталося Сінагогі, зразумела, таксама, і кірха лютэранская, і спешна набудаваныя напачатку дзевяностых на замежныя грошы не надта файныя малітоўныя баптысцкія дамы І было некалькі музеяў і чатыры мастацкія галерэі, два прафесійныя тэатры, два кансулаты польскі і літоўскі, польскі на вуліцы гарачага прыяцеля ўсіх шляхціцаў таварыша Будзённага, а літоўскі на вуліцы пралетарскага пісьменніцкага генія Максіма Горкага, была філармонія і палацы розных культураў тэкстыльнай, тонкасуконнай, чырвонаармейскай, хімічнай, будаўнічай, гарадской і раённай, былі аўтобусы і тралейбусы трамваяў не было ніколі, бо інакш мястэчка сталася б Віцебскам і ў ім пачалі б нараджацца сотнямі і тысячамі Юдалі Пэны і Маркі Шагалы, былі два вакзалы чыгуначны і аўтобусны, а перад імі заўсёды столькі таксовак, што, здавалася, адныя таксісты, каб не скіснуць ад нуды, проста вазілі другіх таксістаў, быў нават аэрапорт, з якога перыядычна то лёталі, то не лёталі дробныя самалёцікі ў недалёкі Калінінград ці далёкую Маскву, была мытня, скуль грамадзяне стартавалі на гандаль у блізкую Польшчу, нашпігаваныя смярдзючымі тытунёвымі вырабамі мясцовай (былой) фабрыкі Шарашэўскага, як эстонская каўбаса салам, а самі мытнікі, здаецца, ледзь не выварочвалі сабе сківіцы ад асуджанасці і аднастайнасці сваёй штодзённай няхітрай працы праверыць і пусціць туды праверыць і пусціць назад, туды назад, туды назад Трапляліся ім часам ці нахабныя пачаткоўцы-кантрабандысты, ці барацьбіты з законна абраным канстытуцыйным ладам тады прыходзілася ўжываць суворую дзягу айчыннага заканадаўства, адбіраючы забароненае да ўвозу нашмат таннейшае за айчыннае сырое мяса ці сала альбо літаратуру і іншыя нехарошыя матэрыялы, якія зневажалі гонар і годнасць першай асобы ў дзяржаве. Але гэта здаралася не вельмі часта які неразумны будзе перці праз мяжу небяспечную кнігу, калі ўсё зараз можна знайсці ў Інтэрнэце Стаяла калісь у мястэчку нават ратуша на Высокім рын ку, што яскрава магло б засведчыць сённяшнім месцічам дый нешматлікім покуль гасцям аб старадаўнасці і высакароднасці паходжання G., толькі ж ратушу па вайне разабралі, падмуркі пазалівалі асфальтам і як бы яе не было, і магдэбургскага права не было, і нічога не было Процьма існавала ў мястэчку чыноўнікаў, абласных, раённых і гарадскіх, былых камсамольцаў і сяброў КПСС; гарадскія і абласныя сядзелі амаль вокны ў вокны адныя па правую руку Леніна, другія за яго плячыма, ці, каб да канца быць дакладным, за сракай правадыра. Чыноўнікі і тыя, і тыя, і тыя баяліся вельмі трох рэчаў: звальнення з працы, магчымага далейшага часовага арышту і самае страшнае нечаканай Смерці на аўтобусным прыпынку, таму што Смерць звыкла адразу надыходзіла за першым і другім; уладкавацца куды працаваць на іншую пасаду было амаль немагчыма, і прыходзілася цэлае жыццё па-мастацку гнуцца і падладжвацца пад чарговую грамадска-палітычную сітуацыю альбо прывезенага з Мінска ці Магілёва начальніка, каб даседзець да пенсіі. Ці кралі чыноўнікі і ці бралі хабар пытанне, на якое магла, каб вельмі схацела адказаць, пракуратура хутчэй за ўсё так, ды ясна, што так, толькі дурны не браў, а як жа, аб гэтым нават у газетах пісалі кралі яны і бралі, і так часам адчайна, як быццам не было ні Бога, ні сумлення, ні бацькоў, якія павінныя былі іх выхаваць на нармальных людзей, толькі ж гэтых грошай няможна было нідзе выкарыстаць ані яхты на іх купіць, ані васьміпавярховай вілы збудаваць, таму і ляжалі яны гадамі, незапатрабаваныя, закручаныя ў цёмна-сіні цэлафанавы пакет з надпісам «Торговый дом Неман», пад адмысловаю плыткаю-схоўкаю за ўнітазам у туалеце

Вельмі многа зяўлялася на цэнтральных вуліцах чыноўнікаў у абед, паміж трынаццатай і чатырнаццатай гадзінамі усялякіх там Марыяў Міхайлаўнаў і Барысаў Мікалаевічаў, і, адначасова з імі, варятаў, але да варятаў усе жыхары мястэчка прызвычаіліся і не звярталі на іх увагі. Варяты даўно ўпісаліся ў краявід, боўталіся, неахайна апранутыя, па вуліцах, базарах і крамах, ездзілі ў аўтобусах, не плоцячы за праезд, там жа агітавалі за Ісуса Хрыста, блытана называючы яго то Сынам Божым, то Святым Духам, а дзесяць запаведзяў канспектам, які Бог уручыў Майсею. Варяты спрабавалі пераракацца з запісаным голасам дыктара, які па-вясковаму, выквакваючы галосныя гукі, абяўляў наступны прыпынак, ці стаялі каля дзвярэй аблвыканкама, здзекліва пытаючы ў кожнага адтуль выходзячага: «Чаму ты не ў камеры?», і асабліва ўжо нічым не адрозніваліся ад людзей пакуль нармальных; варяты калолі вочы толькі прыездным, якія не хавалі свайго здзіўлення іх колькасцю і насычанасцю на квадратны кіламетр і каментавалі ўголас: «Такое прыгожае мястэчка і столькі дурных!»

Варяты былі розныя і камуністычнага накірунку, і рэлігійна арыентаваныя, і сексуальна заклапочаныя, і нацыянальна афарбаваныя варяты-радыкалы, і варяты дэмакратычныя дэмаваряты апошніх было ці не найбольш, у асноўным выкладчыкаў мясцовых вышэйшых установаў спітых і спрацаваных парабкаў ад айчыннай адукацыі, філолагаў, гісторыкаў ці медыкаў, але самую вялікую пагрозу варяты ўяўлялі пад весну, калі іх хвароба традыцыйна абвастралася, ці калі збіраліся разам пасля якога вялікага напаўафіцыйнага свята альбо нефармальнага мітынгу апазіцыі альбо на чарговыя інтэлігенцкія пасядзелкі ў нячыстай халоднай зале ў сутарэннях былых складоў тытунёвай фабрыкі яны тады страшэнна лямантавалі, крычалі і з усімі спрачаліся, запырскваючы ўласнаю слінаю ці то аслізлыя сцены ў будынку, ці то парэшткі старажытных вулічных камянёў, ці то вышараваны сотнямі ног лінолеум на малюпасенькай кухні ва ўласнай кватэры-хрушчоўцы

Зачапілася ў свой час і абцёрлася аб мястэчка колькі там вядомых мастакоў, неблагіх пісьменнікаў і вартых паэтаў, нават з два ці тры тутэйшыя класікі, выдатных музыкаў, аднойчы сам маэстра Святаслаў Рыхтэр, а потым Андрэс Мустанэн са сваім «Хортус музікус» па-майстэрску ўпрыгожылі шыкоўным выступам сцэну аднаго з палацаў культуры, а два рыма-каталіцкія святыя святы Казімір Ягелончык і святы Максімілян Марыя Кольбэ колісь штодня хадзілі па местачковых вуліцах як звыклыя шэрыя пярэхадні, і ніхто нават і меркаваць не мог, КІМ яны потым стануць Але гэта было калісьці, ой калісьці а зараз Словам, мястэчка было маленькае, беднае Стаяла на рацэ Заносіла сюды часам адно закадаваных ад алкагалізму колішніх СССРаўскіх збяднелых зорак пакрыўляцца пад уласную фанаграму ў збудаваным на былым жыдоўскім могільніку Лядовым палацы, ці сквапных да грошай маскоўскіх артыстаў з лёгка распазнавальнымі серыяльнымі мордамі, ці пачынаючых склізкую спявацкую кареру айчынных Жанэтаў, Гюнэшаў, Пятроў, Тодараў ды Лявонаў

Жылі-дажывалі тут свой век шматлікія вайсковыя пенсіянеры, прывабленыя ў свой час ціхасцю і зялёнасцю гарадка і анацыяналістычнасцю мясцовага паспольства, співаліся і дагаралі самотныя ўдаўцы, а насупраць, дзверы ў дзверы з імі на адной лесвічнай пляцоўцы, жылі жанчыны без мужоў, іх, па статыстыцы, было ажно восем на аднаго самага захудалага і горшага бедалагу, асвойваліся з мясцовымі абставінамі экзатычныя кітайцы і ветнамцы, лівійцы і жменя асобаў каўказскай нацыянальнасці, паадчыняўшы сумнеўныя рэстараны і кавярні, і існавалі ўсе тутнароджаныя, тыя, хто ў свой час не адчуў, што можна было кудысьці ўцякаць у Еўропу ці на Усход, а потым ужо было позна, потым толькі трэба было махнуць рукою на свой лёс і пацешыць сябе самога: «А, неяк выкруцімся, да пенсіі дацягнем, павінен і тут жа нехта хадзіць па вуліцах, а там, як трэба, то на плячах занясуць»

Калісьці

Ліст да маскоўскага сябра пісьменніка Валерыя Казакова

Ты пытаеш мяне, дарагі Валерык, як сталася, што з нашага мястэчка адправіўся ў лепшы свет кароль польскі, вялікі князь літоўскі, не вельмі любімы пыхлівымі падданымі, зарослы барадой па самыя вочы Стэфан-Сцяпан-Іштван Баторый?

Каб табе на гэтае пытанне адказаць, я вымушаны буду, як прыгожа кажуць у нас, пачынаць ад Скідаля.

Дык вось, мястэчка нашае было хоць маленькае, беднае, але ганаровае са старажытнаславянскага паселішча на ўзгорку даспела і паднялося да годнасці нефармальнай сталіцы Рэчы Паспалітай некалькіх народаў пры венгры румынскага паходжання Стэфане Баторыі, ці, як яго любяць называць сучасныя неафіцыйныя гісторыкі, Сцяпане Сцяпанавічы Батуры. І я, карыстаючыся ў тым ліку і іх досведам, паспрабую табе нешта распавесці пра ягонае жыццё, дзіўную смерць і ўва што гэта вылілася нашаму мястэчку.

Дальше