Неўзабаве пасля таго, як Васільевіч выдаў першую кнігу сваіх герметычных вершаў, спачувальныя выкладчыкі парэкамендавалі яго ў Саюз пісьменнікаў. Тады ён быў на вяршыні славы, якая ў вузкіх колах адмыслоўцаў шырылася хутка. Абараніўшы дыплом на тэму «Філасофскія катэгорыі быцця й часу ў творчасці Васіля Віткі» й закасіўшы ад войска па інваліднасці, Васільевіч атрымаў пуцёўку ў жыццё то-бок у аспірантуру. Адначасова ў выдавецтве яму прапанавалі сціплую пасаду цэнзара. Працу сваю Васільевіч выконваў сумленна, поўны не тое каб гонару, але без сумневу усведамлення сваёй карысці для бацькаўшчыны, якая акурат тады выдалася шляхам, супрацьлеглым ад таго, які напрарочыў ёй Апостал нацыі. Неўзабаве Васільевіча выклікалі да новага начальства і, паклаўшы на стол рэвальвер, прапанавалі дылему накшталт выбару Софі: альбо сыходзіш з няўгоднага ўладзе Саюза пісьменнікаў, альбо з выдавецтва. Васільевіч не спаў усю ноч. З аднаго боку, Саюз пісьменнікаў гэта святое, штосьці накшталт царквы, за якую не грэх і папакутаваць, у ім традыцыйна пакутнікаў было болей, чым шараговых сябраў, з другога яго хваляваў лёс ягонай манаграфіі: дзе яшчэ, як не ў выдавецтве, можна спакойна прыдумляць новую навуковую тэрміналогію, так бы мовіць, займацца ідэалагічным сабатажам, майстраваць антыдзяржаўную духоўную бомбу за дзяржаўныя грошы? Іншых грошай Васільевіч ніколі й не атрымліваў. Таму на наступны дзень ён у тым жа кабінеце з па-ленінску хітраватай усмешкай уваччу адрокся ад Саюза пісьменнікаў, трымаючы пры гэтым дулю ў кішэні (дуля была смачная, акурат матуля перадала Васільевіч наўмысна ўзяў яе з сабою, каб магчы ў думках цешыцца з вытанчанай двухсэнсоўнасці сітуацыі).
І насамрэч, адзіным, што на працягу апошніх гадоў хоць неяк стрымлівала яго ад расчаравання ў жыцці, была маці, то-бок вёска. Маці ён заўсёды згадваў, калі перачытваў сваё ўлюбёнае «Смаленне вепрука», што ўжо некалькі гадоў займала пачэснае месца ў ягонай прыбіральні. Вёска (зноў-такі, пасярэдніцтвам маці) забяспечвала яго маласольнымі гуркамі й дыялектызмамі, якія ён спрытна ўварочваў у чужыя тэксты, спадзеючыся пашырыць падобным чынам Евангелле ад Апостала, прыблізна так, як ідэалагічны дыверсант у тым галівудскім кіно парнаграфічныя кадры ў дзіцячыя кінастужкі. Па вечарах Васільевіч тусаваўся ў інтэрнэце, пераважна на сайце Свабоднага Радзіва, дзе пад рознымі імёнамі (такімі як Сумленны, Змагар, Васька-гаспадар з-пад коўдры) бязлітасна бэсціў лібералаў, касмапалітаў і іншых манкуртаў за іхныя арфаграфічныя й ідэйныя памылкі. Адылі як у віртуальным, так і ў рэальным жыцці ён адчуваў сябе ў сваёй радыкальнай вернасці ўласным ідэалам усё больш самотным.
Гарадскія, вядома, таксама не любілі Васільевіча і пры кожнай нагодзе давалі яму гэта зразумець. Вось і цяпер яны неінтэлігентна заціскалі насы, убачыўшы плямы ад маласольных гуркоў на ягоным старым пінжаку, зварочвалі ў трубачку вушы, пачуўшы ягонае «Перапрашаю», лупацілі вочы, чытаючы незразумелую ім назву ягонай манаграфіі От, каб ён усё-ткі быў тады паступіўшы ў міліцэйскую акадэмію яны б пазіралі на яго цяпер зусім іначай! А так адразу відаць, што яны бачаць у ім нахлебніка, гэткага сярэднявечнага манаха, якога мусяць карміць з уласнай і без таго дзіравай кішэні. Так-так, яны з задавальненнем адправілі б яго ў Курапаты, як і ўсіх ягоных духоўных папярэднікаў, ці яшчэ горай настаўнічаць у родную вёску паводле размеркавання Аднак думка пра ўласнае пакутніцтва, што звычайна надавала Васільевічу значнасці ўва ўласных вачох, сёння яго чамусьці не цешыла. Яго і раней пераследавалі думкі пра эміграцыю, але менавіта цяпер, атрымаўшы штуршок у спіну ад пянага рабацягі, ён адчуў яе нутраную неабходнасць з небывалаю вастрынёй. Адначасова ён усвядоміў, што прамарнаваў адзіны шанец папрасіць палітычнага прытулку акурат два тыдні таму, пасля таго як ягоны выступ на замежнае канферэнцыі быў сустрэты бурнай авацыяй. У той дзень яму якраз споўнілася сорак гадоў. Пераехаўшы мяжу, Васільевіч адразу ж адчуў сябе пад псіхалагічным ціскам не столькі крывавага рэжыму, колькі свайго ўзросту. Ён усвядоміў, што мары, дзеля якіх ён жыў так доўга, не здзейсніліся: нават на новы пінжак ён за гады не здолеў назбіраць грошай, не тое што на ўласную кватэру Каўбаса ў цвёрдай руцэ перамагла, творчасці ягонай ніхто не разумее, як і не разумее значнасці ягонай рэдакцыйнай дзейнасці, не кажучы пра навуковую Ну які клопат гэтым бездухоўным людзям да аглушэння шыпячых? Ці да філасофскіх катэгорый быцця й часу ў творчасці Васіля Віткі? І што рабіць? мучыў ён сябе пытаннем. Як жыць далей? І ці варта жыць наогул? Ён заплюшчыў вочы і выразна ўявіў сабе, як цвёрдым купалаўскім крокам уздымаецца па лесвіцы ў кабінет дырэктара выдавецтва й не меней цвёрдым голасам пад пагрозай звальнення патрабуе ад яго выдачы рэвальвера Атрымлівае рэвальвер, едзе, не, лепш ідзе пехатою ў Курапаты, сядае на лаву Клінтана, выпівае кілішак гарэлкі, заядае яго апошнім у жыцці маласольным гурком, і
Калі Васільевіч прачнуўся, у тралейбусе ўжо нікога не было. На прыпынку азвярэлыя амапаўцы дубасілі безбілетнага пасажыра. Васільевіч тут жа ачомаўся й прыгадаў, што і ён забыўся заплаціць за праезд. Пераадолеўшы жаданне схавацца пад сядзенне, ён горда рушыў здавацца акупантам у патаемным спадзеве ўпершыню ў жыцці трапіць за свае перакананні на суткі.