Высокі, шыракаплечы чалавек у чорным карзне[23] з капюшонам трымаў меч, ужо ўздымаючы яго для новага ўдару, яго сінія ледзяныя вочы глядзелі спакойна і холадна, як глядзіць, мабыць, сама Смерць. Але на вуснах шырокага, прыгожага маладога твару адбілася пагардлівая ўсмешка і яна гэтак жа адбілася і ў Данілавых вачах. У наступнае ж імгненне хлопец, уцяміўшы, што не паспее выхапіць свой корд[24] ды і нічога ня зробіць ім супраць мяча, кулём кінуўся пад ногі нападніку, але той не грымнуўся на траву, як мог таго чакаць Даніла, толькі сагнуўся, але ўтрымаў раўнавагу. Але і гэтага кароткага імгнення было дастаткова Данілу, каб ён, як загнаны заяц, велізарным, неверагодным скачком сігануў убок, за кусты. Нападнік памкнуўся за ім, але ў гушчары кустоўя, у невялічкім багонцы паслізнуўся, заблытаўся ў траве і паваліўся ўніз, падрапаўшы сабе твар. З цяжкасцю ўстаў, шукаючы меч, што паляцеў кудысьці ў кустоўе, вылаяўся і затаіўся, прыслухоўваючыся, у якім напрамку паляцеў уцякач. Пасля прабег направа, затым налева, а потым спыніўся. Ён ня мог бачыць, што хлопец, разляцеўшыся і ад жаху нічога не бачачы перад сабой, сігануў на недалёкі ўзгорак і ўрэзаўся галавой аб дуб, што знянацку ўзнік перад ім.
Гэты гіганцкі дуб, што ўзвышаўся над усім наваколлем на ўзгорку, быў ужо стары, скрыўлены, яго карэнні ўзьняліся з аднаго боку, выварачаныя з зямлі цяжарам нахіленага ствала. Апошняе, што Даніла адчуў: ён правальваецца ў падзямелле зноў стукаецца галавой аб нешта цвярдое Ён упаў і скаціўся ў яму пад дубам, абросіўшы цёмна карычневыя вываратні крывёю. Не бачыў, што на паляне дзеілася свая драма. Не бачыў, як з кустоў, куды ішоў пакліканы Гердзенем бацька, з гудзеннем вылецела страла з металічным наканечнікам і ўпілася ў горла яму, якраз у адамавы яблык, і ён, захрыпеўшы, таксама паваліўся на паляне, торгаючыся ўсім целам і паступова заціхаючы. Як з чатырох канцоў на разамлелых на сонцы вояў таксама пасыпаліся стрэлы, і тыя не паспелі нават ускочыць з зямлі. Як забойцы сышліся на паляне, і адзін з іх, лісліва гнучыся перад астатнімі, разгарнуў на траве конскую папону і выклаў на яе з куфэрка, добра ўпакаванага і запячатанага сургучом, тое, што беражліва і ўрачыста клалі ў яго ў замку.
Страшны, сляпучы боль працяў Данілу, калі ён нарэшце расплюшчыў вочы. Нейкая казюрка залезла яму ў вуха, і ён, чуючы толькі бесперапынны звон у галаве, не разумеў, дзе ён і што з ім здарылася. Патроху свядомасць вярталася, і хлопец бачыў дзіўных пачвараў, якія варушыліся перад яго зацьмянелым позіркам у зарасніках хвоек і, здавалася, вось-вось гатовых наваліцца на яго. Ён доўга ўглядаўся ў іх: нешта знаёмае было ў доўгіх мітуслівых пераломістых нагах і круглых, як бочкі, тулавах. Зразумеў нарэшце, што па карэньнях бегаюць і дзелавіта аб нечым сваім клапоцяцца лясныя мурашы. А хвойкі гэта травінкі, і на іх бачная цёмная вадкасьць мабыць, гэта кроў. Значыць, прайшло мала часу, як мяне гакнулі, падумаў хлопец. Страшным намаганнем ён прымусіў сябе прыўзняцца на руках, але тут жа паваліўся ад яшчэ больш страшнага, ламліва-маланкавага болю. І ўсё ж устаў, калоцячыся, як у ліхаманцы, палез наверх, з ямы. Левай рукой трымаўся за пругкае, варухлівае карэнне, бо правая рука гарэла, калола тысячамі вострых іголак. Вылез, упаў на жалудовую падсцілку, пагрызеную дзікамі, папоўз да края ўзгорка, дзівячыся, як змог забрацца сюды, на вышыню. Зноў страціў прытомнасць.
На гэты раз да свядомасці яго прывёў нейчы знаёмы голас. Ён гучаў не так, як звык яго чуць Даніла. І ён напружыўся, услухоўваючыся ў словы, што даносіліся знізу:
Ваша міласць, дык як жа так?
У адказ пачулася кароткае гергетанне. І зноў жаласліва загучаў голас:
Дзе ж мне яго шукаць?!
Рыкнуў той жа гергетлівы, і зноў заплакаў-зажаліўся знаёмы голас дык гэта ж Гердзень!
Ваша міласць! Мы ж тут усё абшукалі, а лес вялікі. Ён недзе пад кустом ляжыць, здыхае. А мне самому ўцякаць трэба, ды як жа гэта зрабіць без грошай?!
Даніла зразумеў: здраднік не атрымаў таго, што яму абяцалі, і гэта сталася з-за яго, Данілы. Не можа быць, каб нехта яшчэ ўцёк, апроч яго, каб некаму так пашанцавала, так пашупіла. Хлопец прыўзняўся, трымаючыся за шурпатую, нібы каменную кару дуба. Востры юнацкі зрок яго, хаця і затуманены болем, выгледзеў недалёка ўнізе, між дрэвамі, купку людзей. Гердзень стаяў перад чалавекам у чорным плашчы. Гэта яго голас даносіўся сюды, і Даніла чуў усё, што адбывалася на паляне. Угледзеў некалькі целаў, што валяліся ў траве, і сэрца яго сціснулася ад вострага болю мабыць жа, і бацькі няма ў жывых! Узгадаў, як Гердзень, які паклікаў Сокала з паста, і ўцяміў імгненна, што той, клічучы на дапамогу, проста выманьваў бацьку, каб з ім расправіліся найперш. Тады ж узгадалася, як настойваў гэты пярэварацень на тым, каб у атрад узялі Данілу мабыць, таму, што разлічваў: з маладзёнам справіцца лягчэй!
Чалавек у плашчы паблажліва паляпаў Гердзеня па плячы. Даніла прыжмурыў вочы, стараючыся разгледзець яго твар. І на імгненне той твар нібы наблізіўся. Сон гэта ці не? Ён бачыў, як цвёрда, нібы сваё, бярэ чалавек знаёмы куфэрак, які так беражліва везлі яны з Лідскага замка, і перадае некаму з нападоўцаў.
Чуецца нейчы голас:
Gut, sehr gut, von Schomberg![25]
Чалавек у чорным плашчы задаволена ўсміхаецца, але тут жа пагрозліва паказвае Гердзеню ў бок лесу.
Я прывяду сюды сваіх людзей. Гіцаль не ўцячэ
гучна клянецца той.
Пасля ўсе ўскокваюць на коней і знікаюць з вачэй, а Гердзень трасецца за імі, і глухі тупат капытоў па мяккай зямлі стукае ў галаву Данілы, як палка ў бубен.
І тут сон канчаецца
Ён не памятаў, колькі поўз з узгорку да паляны, прагнучы і адначасна баючыся зноў убачыць яе. Цяпер у ягоным адчуванні яна была іншаю, чым тады, калі ўсе ягоныя спадарожнікі, яшчэ жывыя і вясёлыя, хаця і прытомленыя дарогай, спадзяваліся тут адпачыць. Яны і атрымалі адпачынак толькі вечны, назаўсёдны, а яго чамусьці захаваў нехта ці нешта можа, бабчын абярог? Можа, гэта матчыны малітвы ў свяцілішчы зрабілі так, каб меч стукнуўся аб паласу са скуры свяшчэннага дзіка, што нашыў на плячы майстар? Зразумеў, што яго, мабыць, шукалі паўсюдна, бо пад узгоркам бачныя былі сляды капытоў. Так, яны прачасалі бліжэйшы лес, ды ён ляжаў без прытомнасці пад дубам, і яны не падняліся наверх, таму што знізу ня бачна выварачанае карэнне. А можа, адвёў ім вочы дзед Лесавік ці душы даўніх жрацоў, што, пэўне, дасюль ахоўваюць гэтае месца?
Зноў узгадаў казкі бабулі, што расказвала пра цуды старажытных капішчаў. Каля дуба, што ўратаваў ягонае жыццё, канешне ж, тварылі свае трэбы валхвы, тут яны чулі ўсё, што робіцца далёка ад дуба, бо садзілі навакольныя дрэвы так, каб яны там, у нізіне, пасылалі рэха далей і далей. Добра, што ён не азваўся ні стогнам, ні словам, іначай яго дабілі б тут, як блыху на кашулі. Цяпер жа, калі дабярэцца да замка, ён можа расказаць пра тое, хто дапамог забіць вояў, забраць куфэрак. Але спачатку трэба прысыпаць зямлёй тых, хто ляжыць тут забітым, іначай іх за ноч па шматку разнясуць ваўкі ці мядзьведзі. А можа, ня ўсе мёртвыя, можа, нехта акрыяў гэтак жа, як ён?
Калі ён рухаўся, кроў зноў пачынала сачыцца праз закарэлыя лахманы. Горш жа за ўсё было са шчакою, калі ён памацаў яе і адчуў пад рукой распаласаванае на шматкі мяса, яго ледзь не вывернула ад страху.
Ён яшчэ паляжаў у кустах, чуйна слухаючы цішыню, пасля заспяшаўся. Мабыць, хутка сюды дабяруцца прыспешнікі Гердзеня, абшукаюць кожны кусток. Нездарма ж той кляўся, што знойдзе яго, Данілу.
Ён пакараскаўся да паляны. Ды моцна, да болю, да ванітаў закружылася галава, і хлопец зразумеў: выкапаць кордам магілу, каб пахаваць нават бацьку, не зможа. Тады, ужо амаль у паўзабыцці, адчуў, што трэба спачатку выбрацца з лесу, іначай гамон, канец яму тут. І ён папоўз да дарогі, каб, пакуль не вярнуўся Гердзень, каго-небудзь перастрэць на ёй, каб хаця расказаць, што адбылося на прывале.
Даніла паспеў яшчэ дацягнуцца да дарогі, а там, амаль пасярэдзіне, упаў галавою ў каляіну і нарэшце ізноў самлеў ды так, што не чуў і не бачыў анічога: ні як спыніліся, ледзь не наткнуўшыся на яго, спуджаныя нечаканкай коні, як маладая баярыня, трохі падумаўшы, загадала фурману і пакаёўцы ўзяць незнаёмца ў вазок, у якім яна вярталася дадому, у Любчу.
Падмена
Гердзень раз-пораз нярвова зіркаў у акно, і бачыў толькі высокую, пацямнелую ад дажджоў браму і тоўстыя дубовыя бярвенні, якімі агарадзіў сваю карчму ля Святой дубровы карчмар Мікула.
Што ты лупішся на дзверы, нібы дзявотка на шлюбнае ложа? высмеяў яго гаспадар карчмы. Дзеўка не прыехала, што ты як не ў сабе?
Не твая справа! агрызнуўся Гердзень. Абмуляў нагу, во і баліць!
Ён і сапраўды быў трохі не ў сабе. Два гады яго не трывожылі тыя, каму ён пакляўся ўсімі багамі Перуном і Мокашшу, Родам і Вялесам, а таксама і хрысціянскім Ісусам служыць да скону дзён. Пакляўся далёка адсюль. У змрочнай, як вантробы цмока, крэпасці рыцар Шомберг (гэтае прозвішча запомніць ён да скону) угнуў яго галаву і прымусіў ілбом выцерці плявок на каменнай падлозе, куды ён смачна харкнуў перад тым.
Здрадзіш мы знойдзем цябе на дне твайго Нёману, спакойна сказаў немец, і Гердзень, было зледзянелы ад жаху, раптам адчуў жар, ад якога заламіла косьці. Пераход ад смерці, якая ўжо памацала яго за плечы, калі стаяў на самым версе высачэзнай вежы, чакаючы непазбежнага штуршка ўніз, да жыцця, якое дароўвалася тут, у вузкай цёмнай келлі, гэты пераход раструшчыў яго. Так удар каменем разломвае арэх. І як у арэху пасля таго, як зьядуць ядро, застаецца адно абалонка, так і ў Гердзеня пасля той страшнай прысягі нібы вынялі вантробы і напоўнілі яго ледзяным крошывам несупыннага жаху.