Па адным, патаемна, дабраліся яны да ўскрайку лесу, дзе лідчук прыкапаў сваю ахвяру, папярэдне зняўшы з яе багаты ўбор і выграбшы талеры з прыгожага вышыванага скуранога саку.
Няшчасны Лелюш, чый твар было амаль не разгледзець, за гэтыя дні счарнеў, усох і выглядаў як не як нядаўні жылец і вясёлы аматар-каханак, але як мумія. Труп яго з грэблівасцю колькі разоў перавярнуў нагой шчуплы прадавец зёлак, упіваючыся ў яго сваімі нажамі-глядзелкамі, а пасля ўздыхнуў і з неахвотай працягнуў Гердзеню жменю пражскіх грошаў:
Дзе спынішся паведамі. Ты ж не вернешся ў Ліду?
Што я, дурань?
Глядзі! Ад Ордэна не ўцякаюць. Ён знойдзе паўсюдна. Так што не дуры, дзядзька, не хавайся ад нас!
Ад нас бурчэў Гердзень, подбегам спяшаючыся па мала прыкметнай сцяжынцы, якая выведзе яго да Ваўкавыйска. Сам такі ж лапаць, як і я, а туды ж! Бач, рыцарам сябе лічыць! І зусім забыўшыся, хто ён сам, з усёй сілай нянавісці да крыжакоў прамовіў скрозь пашчэрбленыя былымі нягодамі зубы: Здраднік!
Офка
Прыгажуня, што падабрала непрытомнага Данілу на лясной дарозе, была ўдавой былога віленскага суддзі Паяты з роду Кіянаў. Пасля смерці старога мужа, які да скону любіў маладзіц, піва і паляванне на вепрукоў ды памёр у абдымках знакамітай віленскай віслены[27] Медзяніцы, празванай так за пякучыя пацалункі, яна змушаная была зехаць са сталіцы ў сядзібу Кіянаў у Любчы, дзе іхні род вось ужо трыццаць гадоў быў дзяржаўцам любчанскіх земляў. Грошай, што засталіся ад суддзі, не хапала, каб жыць у сталіцы паводле ейнага стану радавітай віленскай баярыні, якая вучылася ў замкавай школцы разам з дзецьмі самога вялікага князя Альгерда і адзін час нават моцна спадзявалася зрабіцца княгіняй. Так, быў час, калі на яе прыхільна паглядаў адзін з родзічаў вялікакняскага сямейства. Ды бацька пасьпяшаўся выдаць яе замуж, бо папракаў, што яна занадта прыхільна глядзіць на дзецюкоў і не верыў доччыным спадзяванням. Да таго ж, суддзя быў яго добрым сябрам, і ён разлічваў на падтрымку будучага зяця, калі пачаў судзіцца з баярынам Рацілам за землі стрыечнага дзеда пад Вільняй. Аднак прайграў бацька! Той баярын знайшоў падтрымку ў аднаго з Альгердавічаў, улюбёнка княгіні Юльяны. Прайграў суд бацька, заплаціў вялікае мыта і, штодзень суцяшаючы сябе медавухай, хутка пасля таго памёр. Запіў і Паята, і таксама неўзабаве скончыў свае дні ды гэтак ганебна, што ёй давялося ратавацца ад беднасці і няславы, пераехаўшы ў Любчу. Жывучы тут у глушэчы разам з братам нябожчыка-мужа і падчаркай Свеціцай, яна зусім было заняпала. З усіх радасцяў і ўцехаў толькі рэдкія запрашэнні ў Лідскі замак, дзе ейныя сукні, прывезеныя з самой Вільні, разглядаюць замшэлыя лесавікі, апранутыя ў каптаны часоў Гедзіміна. Паляванні, да якіх ахвочы братаніч мужа Лунь, яе не цешаць: сядло націрае сцёгны, галіны сьцёбаюць па твары, у душы вечны страх а што, калі знянацку выскачыць аднекуль зацкаваны дзік альбо, барані Мокаш, мядзьведзь, ці сам гаспадар пушчы зубр?!
Кожны дзень патрабаваў ад яе таго, што яна найболей не выносіла: нагляду за вялікай гаспадаркай не надта багатай сядзібы. Штодзень трэба было выслухоўваць войта аб тым, колькі ўрокаў[28] выканалі дзеўкі за ткацтвам ды за кудзеляй, што гатуе кухар і колькі чаго атрымала ахмістрыня да стала ды колькі шчупакоў прынеслі ў замак рыбакі, і колькі лёну трэба адвезці на кірмаш у нядзелю.
Швагер Лунь не хацеў займацца гаспадаркай ён ладзіў паляваньні, чытаў старадаўнія пергаменты сваіх продкаў і бавіў час за варцобамі з блазнам Чурам. Той лекаваў сум свайго пана жартачкамі, якія невыносна раздражнялі Офку, але весялілі Луня і дадавалі яму жыцця. Сядзібу час ад часу наведваў стары вандроўнік лекар, даўні сябра сямі. Ён ніяк не падобны быў да мужчыны, які сказаў бы прыемнае слова хоць зрэдзь: высушаны, як цвыркун, тонкі і жоўты, вось ужо колькі гадоў пад Каляды ці на Радаўніцу аглядаў гаспадароў, даваў парады і вучыў, як збіраць і сушыць лекавыя зёлкі. Слуг было таксама няшмат на ўсю гаспадарку, і ёй даводзілася, закасаўшы рукавы, правяраць, як яны соляць грыбы ці квасяць капусту, бо без гаспадыні прыслужніцы ані не возмуць што ў рукі
Яна хацела завесці ў Любчы хаця б якога музыку, накшталт менестрэляў, якіх як новы манер завялі ў многіх дамах сталіцы. Ды не магла знайсці нікога, хто згадзіўся б паехаць у Любчу маленькае мястэчка з адзінай гаспадарскай сядзібай, якая да таго ж размесьцілася наводдаль ад усіх, на крутым беразе Нёмана, які, выгінаючыся падобна цеціве з луку, нібы агароджваў сядзібу ад усіх, хто хацеў бы зазірнуць, як жывуць яе гаспадары.
Яна хацела завесці ў Любчы хаця б якога музыку, накшталт менестрэляў, якіх як новы манер завялі ў многіх дамах сталіцы. Ды не магла знайсці нікога, хто згадзіўся б паехаць у Любчу маленькае мястэчка з адзінай гаспадарскай сядзібай, якая да таго ж размесьцілася наводдаль ад усіх, на крутым беразе Нёмана, які, выгінаючыся падобна цеціве з луку, нібы агароджваў сядзібу ад усіх, хто хацеў бы зазірнуць, як жывуць яе гаспадары.
Офка ўжо даўно адчувала, што шалее ад адзіноты. Таму ўзялася двойчы на год ездзіць у любую Вільню. Трымала пакаёўку Краску і фурмана Беля на пенязі[29] са свайго пасагу, і таму адваявала тыя паездкі ў жорсткай сварцы са шваграм, які мусіў саступіць.
Вільня ратавала яе: хаця канцлер паляк Клімент Маскажэўскі, пастаўлены на свой пост Ягайлам, і абмяжоўваў доступ карэннай знаці ў вялікакняскі замак, усё ж там час ад часу ладзіліся баляваньні. Ды і на Купальле ля Ніжняга замку па-ранейшаму зьбіраліся паны зацныя,[30] язычаскія святары і багатыя зямяне, і па начы скрозь, як сягала вока, можна было ўгледзець агні ўздоўж Вяллі, дзе хлопцы і сталыя мужы скакалі, гралі на гудках і дудах, спявалі і ганяліся за дзеўкамі. Ля Ніжняга замку, каб не злаваць хрысціянскіх святароў, толькі ладзілі карагоды і прасілі ў багоў плоднасці і шчасця. І сэрца яе захлыналася, а гарачы агонь шугаў у твар, калі які-небудзь дужы, як бык, баярын сціскаў ейную руку і, ідучы ў карагодзе, неўпрыкмет праводзіў даланёй па грудзях і ніжэй па сукні. Ды баяраў сцераглі жонкі, да таго ж, там была ейная радня, і таму, каб згасіць ненасытны агонь у целе, яна, развітаўшыся са знаёмымі, ехала за горад, і там, дзе было найболей простага люду, спыняла кучара, здымала ў карэце свае чаравічкі з сярэбранымі клямрамі,[31] намітку з белага тонкага ільну, аксамітавы гарсэт з залатой вышыўкай. Пакаёўка Краска дапамагала нацягваць на зграбны станік гаспадыні вышываную кашулю і доўгі андарак, чапляла на рукі танныя бранзалеты, а на галаву надзявала вяночак з каляровымі каснікамі.
У тых уборах, пры агні вогнішча, ніхто б не пазнаў у тонкай, як бярозка, дзяўчыне ўдаву-баярыню. А тая скакала праз вогнішча вышэй за ўсіх і старалася ўпасці ў абдымкі самага прыгожага дзецюка. Сем гадоў запар Офка нязменна зачароўвала таго, на каго ўпала ейнае вока, і абраньнік, калі раздаваўся заваблівы кліч і дзеўкі кідаліся ў лес, апантана бег за ёю, а злавіўшы, з размаху кідаў на мяккі мох і прагна задзіраў падол андараку, вымачанага ў салодкай летняй расе.
Узімку ж, калі жанчына прыязджала ў заснежаную Вільню на Каляды, яна спынялася на пастаялым двары пад самай сталіцай. Упэўненая ў маўчанні сваіх служкаў, якім шчодра плаціла, яна выдавала сябе за прасіцельку з Полацкай зямлі, што прыехала ў вялікакняскую канцылярыю па справах спадчыны. Можа, гаспадар пастаялага двара і падзівіўся калі, што ў той самы час прыязджаў у ягоны двор на два-тры дні госць малады віленскі зямянін у багатых уборах, а зязджаў адначасна з прыгожай прасіцелькай, ды яна плаціла заўсёды шчодра, і слугі падлагоджвалі маладой пані з асаблівай ахвотай.
Гэта былі яе адхланні, яе таямніца, і часам яна вярталася ў апрыкрае гняздо са слязьмі злосьці, наракаючы на свой лёс. Не мог узяць яе за сябе маладзейшы на дзесяць гадоў зямянін, а паважнага і прывабнага ўдаўца не знаходзілася, хаця асцярожна наводзіла яна аб тым звесткі. Ісці ж другім разам за згрыбелага старога не хацела: да самых вантробаў працінаў успамін пра пах ні то зляжалае бялізны, ні то прэлага лісця, які сыходзіў ад старога мужа. Хацелася маладосці, пругкай і свежай скуры каханка пад вуснамі, хацелася паху ссохлага сена ці маладога разгарачанага самца, якім пахне толькі нерастрачаны ў любоўных забавах дзяцюк. І яна падсвядома шукала гэтага ці то ў Вільні, ці то ў сваёй Любчы. Хаця Любча якраз была самай небяспечнай: тут таямніцу любошчаў схаваць будзе ой як няпроста! І ўсё ж ездзіць так далёка год за годам рабілася ўсё цяжэй. Летась жа яе дасюль верны малады зямянін ажаніўся і ўпершыню не прыехаў на спатканьне. Больш таго не прыслаў нават весткі, і яна дарэмна чакала яго на пастаялым двары, выглядаючы ў вакно, як дзеўка-цнатліўка, што не дачакаецца жаніха. Да таго ж, родзічы сталі намякаць ёй, нібыта бачылі ў ваколіцах Вільні нейкую распусніцу, надта падобную да яе, і бачылі акурат у тыя самыя тыдні, калі яна прыязджала ў сталіцу. Таму сёлета яна паехала на выведку ў Гародню. У гэтым вялікім горадзе, думала яна, можна будзе схавацца. Але ці то час яе выйшаў, ці згрызоты па гаспадарцы зрабілі сваю справу маладыя прывабныя мужчыны ўжо не ліплі да яе, а тоўстага чырвонатварага нахабніка адпрэчыла яна сама, бо доўгі досвед падказваў, што гэты распуснік ужо растраціў свой любоўны запас і будзе пудлаваць. Вярталася яна расчараванай і поўнай тугі па страчанай маладосці.