У ранні я не стала даваць рады для тлумачэння свайго сну і проста пайшла ў пансіён. Ніхто не ведаў, ці была спадарыня Шрэйдар насамрэч немкай, як імкнулася падацца. Гэтае імкненне выглядала дзіўным, бо ў размове яна ўжывала нейкую няподумную мешаніну еўрапейскіх моваў, каторую на беларускі манер можна было б назваць трасянкай,[1] як кажуць нашыя сяляне пра сумесь сена, саломы і яшчэ чагось для корму каровы (а не для ўласнае, спадзяюся, спажывы). Дык жа вялікім выпрабаваннем для мяне сталася не столькі музіцыраванне на фартэпіяна, колькі кавырсанне ў сэнсах фразаў утрымальніцы. Я добра ўмела па-французску. Нямецкую і ангельскую практычна не знала. То як можна было мне рэагаваць, прыкладам, на такую фразу: During white night des Nichts der Angst be renewed sans faut annuncio vivace как таковое: it putting, lecz nie nic.[2] Зрэшты, я надзіва добра спраўлялася з раптоўнымі шарадамі, зусім не крытыкуючы чыстага розуму спадарыні Шрэйдар. А зайграўшы «Райнскія хвалі», так яе злагодзіла, што пытанне быць альбо не быць мне настаўніцай у пансіёне па-просту ўзнікнуць не магло.
Вераемна, я занадта падрабязна спынілася на першых момантах майго пабыцця ў Менску, таму далей пастараюся спыняцца толькі на галоўным. Зрэшты, хто яго ведае, дзе там падзея больш галоўная, а дзе менш, калі пэўны спамін для самае робіцца свайго кшталту новаадкрыццём, з якім ахвота падзяліцца. Аднак просты люд небеспадстаўна кажа: «На кождую хоцьку бываюць разахвоцькі».
Пансіянаркі сустрэлі маладую настаўніцу без лішніх варушэнняў, спакойна, чаго мне й было трэба. Я хутка асвойталася, пазнаёмілася з Менскам. Знайшоўся добры праваднік, ці як кажуць іншаземцы гід (апошняе слаўцо мне не дужа падабаецца, бо добра ведаю значанні тутэйшых сугуччаў гідкі, гідзіцца, агіда). Павадзіў мяне па месце мой калега па пансіёну выкладчык прыродазнаўства Павел Аляксандравіч Аляксандраў. Ён ці нее цалкам паказаў мне і Стары горад, і Высокі рынак, і нават Татарскі канец. Хаця можа мне хацелася іншага. Я неадразу гэта скеміла, бо была чыста недасведчанай у справах любосці. Павел жа недзе праз месяц у цяністых прысадах таполяў, што на бульвары ля ратушы, прызнаўся мне каханні. Я збянтэжылася, бо ніколі да тога ў жыцці не кахала, а па-сапраўднаму цалавалася толькі аднойчы, дый то з сяброўкай Марыяй, гуляючы ў Сапфо. Збянтэжанасць, што праўда, борздзенька прапала, і я змагла занатаваць у дзённік[3] шмат новых уражанняў, аб каторых тутака прымоўкну, стуліўшы вусны. Ясна, што, адказаўшы ўзаемнасцю, я не жадала каціцца ў бязодню разбэшчанасці. Дык жа неўзабаве пра Паўла ведала (без дадатковых падрабязнасцяў) хросная, а следам за ёй і мае бацькі. Не было ладных турботаў ды клопатаў з нашымі заручынамі, на што атрымалі ад усіх сваіх крэўных дазвол і блаславенне. А ўжо сам стан заручонасці даваў нам законную магчымасць для часцейшых спатканняў і супыніў ханжавітыя балаканні, якія пачаліся былі да таго. Можа даўней, як пісалі некаторыя, у Беларусі, зяднанай уніяй з Польшчай, і была паўнюткая любоўная талеранцыя: усе ведалі, што якаясьці там парачка сустракаецца, але плявалі на мараль і зусім не асуджалі каханкаў, бо ж лічылі, што тыя не распуснічаюць, а romansujuć. У часе майго менскага побыту такіх узвычаенняў ані знаку не было. Таму суспешныя плёткі мы парвалі на самым уздыме.
Адразу варта адцеміць, што Паўлуша быў добрым прыхільнікам тагачаснага беларускага руху. Беларускі рух мае цяжкасцяў і сёння, трэба толькі глянуць у іхнюю газэту з рысункамі «Нашу Ніву». А што ўжо прамаўляць пра тыя часы, калі ні нашых, ні вашых ніваў не бывала?! Між тым Павел настолькі прыстойна ведаў беларускі дыялект, што іншым разам неўпрыкмет у гутарках пераходзіў на яго, чым дужа мяне здумляў. Мой мілы (так я звала яго тым часам, а ён мяне «мая мілая» клікаў) цікавіўся ўсякай простанароднаю творчасцю, перапісваў у зялёны Großbuch кожны новы верш у беларускай мове, што немавед скуль зяўляліся ў Менску. Я сама, што праўда з ладнай доляй скепсісу, прасякнулася беларускім духам. Тады чэснікі беларушчыны гуртаваліся вакол пана Дуніна-Марцінкевіча паэта і пісьменніка, які жыў дзесь пад Менскам, але быў заўсёдным госцем у горадзе. Гаварылі, што між сваіх продкаў ён меў якогась дацкага прынца, з той прычыны у прозвішчы ягоным і красаваў прыдомак Дунін, то бок Датчанін, калі перакладаць са старасветчыны. Мы з Паўлам наведвалі той круг вельмі рэдка, бо пачуваліся няёмка сярод тутэйшых знакамітасцяў. Вераемна з гэтае аказіі мой мілы заклаў свой уласны беларускі гурток, куды ўчашчалі аматары і цікаўнікі вылучна з ліку моладзі. Аднак, калі хтосьці з Вас, мае шаноўныя магчымыя чытачы, падумаў сабе, што галоўным героем гэтага мемуару будзе «мой Адам» Павел Аляксандраў, то ён жорстка абмыляецца.
Адной лістападаўскай пятніцай, калі наведнікаў у Паўла амаль што не было па прычыне нудотнага хлябістага надворя, што трымала мянчан у сваіх дамах, нібы ў бабілонскім палоне, да нас завітаў незнаёмы малады спадар. Спаслаўшыся на запросіны агульнага з Паўлам таварыша, госць адрэкамендаваўся як пісар апякунскае рады (попечительского совета) Вайніслаў Боўт. Па-беларуску ён гаварыў чысцей ды лепей ад Паўла, які нават не разумеў (!) некаторых момантаў і часцяком перапытваў у госця. Вайніслаў выявіўся чалавекам шырока адукаваным, чые зацікаўленні сягалі ў пытанні гісторыі і матэматыкі, археалогіі і літаратуры, багаслоўя і фізікі.
У той вечар гаворка ўзбілася на аднаго з легендарных песняроў Баяна. Каб завязаць яе, Павел спытаўся ў Вайніслава:
А ці чулі вы, спадару, пра такую домнеўку, што вешчы Баян, згаданы ў «Слове пра паход Ігараў», быў жыхаром старадаўняга Менску?
Вядома, Паўле, я чуў гэта колькі разоў. Пацеха з меха. Ведаеце, як сяляне называюць шматковую цібо лапіковую коўдру?
Здаецца, шкуцянка. Але ад чаго вы прыгадалі коўдру?
Не так коўдру, як ейную шкуцянасць, сшытасць з паасобных шкутоў, фрагментаў. Дык «Слова пра паход Ігараў» і ёсць такою шкуцянкай.
Але ж, спадару Вайніславе, гэта ж прыўкрасны мастацкі твор усходнеславянскага літаратурнага генія, стаў пярэчыць мой мілы.
Безумоўна генія, толькі не «ўсходнеславянскага літаратурнага», а «расейскага містыфікацыйнага», прамовіў спадар Боўт з інтрыгоўнаю урачыстасцю ў голасе. Уявіце сабе манастырскае кнігасховішча. Там, акром больш-менш ацалелых фаліянтаў колькісотгадовае даўніны, ёсць збор кніжных парэшткаў: дзе аркуш, дзе пару аркушоў, а дзе бяззвязныя шкуткі самых размаітых рукапісаў. І вось зяўляецца абазнаны ў гісторыі і літаратуры чалавек, які пільна разбірае тыя пыльныя парэшткі, і адкрывае пару-другую ўрыўкаў, што выдаюць на невядомы мастацкі твор сама мала ХІІ стагоддзя. Але заміж таго, каб абнародаваць наяўнае, адкрывальнік спакушаецца стварыць сваё ўласнае Слова. Да выяўленых фрагментаў ён дадае сёе-тое з летапісаў, даўніх перакладных твораў, з народных песняў і былін. Пра твор дазнаюцца некаторыя арыстакраты аматары памятак даўніны. Адзін такі вяльможны пан, усцешаны творам, просіць яго крыху скарэгаваць, каб Слова прамянілася ідэяй адзінства славян. Наш аўтар пагаджаецца з прапановай, скрашанай грашыма за старанні і далейшае маўчанне пра генеалогію твора. І пачынаюць у вялікасвецкай грамадзе хадзіць чуткі аб выдатнай старажытнарускай паэме, што апявае саюз непарушны народаў славянскіх. Згадзіцеся, вельмі своечасовае зяўленне Расея забірае сабе ладныя абсягі Рэчы Паспалітай. У 1800 годзе Слова друкуюць з наўмыснымі і выпадковымі сумбурамі ды недакладнасцямі. У выніку сэнс твору настолькі зацямняецца, што даследнікі надаюць яму ледзьве не сакральнае значэнне. Аднак шмат хто сумняецца ў сапраўднасці твора, патрабуючы прадявіць арыгінал. Напалеон прыходзіць у слушны час. Адсутнасць арыгінала стала магчымым спакойна патлумачыць пагібеллю ў полымі маскоўскага пажару.
Не можа быць! здзіўлена зірнуў на мяне мой мілы, нібыта шукаў падтрымкі свайму здзіўленню.
Я сама добра ведала тую «Ігараву песню», але была ў захапленні толькі ад паасобных пасажаў, бо пры чытанні яе цалкам у мяне часценька ўзнікала мігрэнь. Пераклад пана Жукоўскага мала ў чым паўплываў на маё стаўленне да гэтага твора.
Спадару Вайніславе, пачала я, а ці не будзеце так ласкавым сказаць нам, якія ж фрагменты на вашу думку ў Слове арыгінальныя, несфальшаваныя?
Ён узняў свае ясныя вочы і зірнуў на мяне з чароўнай усмешкай, годнай сапраўднага рыцара.
Шаноўная спадарыня Наталля, працягваў іскрыцца Вайніслаў, магчыма гэта адно мая (і нічыя больш) праўда.
На Нямізе снапы сцелюць галавамі,
Малоцяць чэпі харалужнымі,
На тацэ жывот кладуць,
Веюць душу ад цела.
Нямізі крывавыя брэзі
Не болагам бяхуць пасеяны,
Пасеяны косцьмі крыўскіх сыноў
Прашу прабачэння, азваўся Павел. Не «крыўскіх», а «рускіх», як памятаецца.
Мяркую, што ў арыгінале было ўсё-ткі «крыўскіх». Спалучэнне ў адным сказе прыметнікаў «крывавы» і «крыўскі» яўна ўзмацняе паэтычны эфект. Да таго ж у нямігскай бітве мянчан-крывічоў разбілі.