Імя грушы - Сяргей Балахонаў 9 стр.


Павел прыкметна распружыўся, але тым не менш спытаўся пра мяне:

 Аднак чаму ліст задрасаваны да Наталлі?

 Паспешлівасць,  самазадаволена ўсміхнуўся доктар.

Такія тлумачэнні задавальнялі і мяне. Так трэба.


Я бачыла, што нарачэны захапіўся новай забаўкай, і пансіянаркі, з ліку смялейшых, цікавіліся ў мяне пра цалкавітую задуменнасць Паўла Аляксандравіча. Спадарыня Шрэйдар зусім нечакана запыталася пра Вайніслава: «Говорят, że ваш friend jest verschwinden? Schweige heist złoto!». Усё клапацілася пра навучэнак. Мы патлумачылі, што ніякіх турботаў з нашым сябрам нямашака, што ён проста выехаў па справах прыватных у Юга-Западны край. Нашыя словы троху знялі ейную арупленасць. Праўда Павел з няведамай прычыны перад ёю стаў троху заікацца. «Што з ім? Не перад вечам жа ён слова дзержыць»,  падумалася мне, і я схацела пацалаваць майго мілага небараку. Але ўчасна агоўталася, успомніўшы, дзе знаходжуся і каго больш за ўсіх на гэтай дзікай планідзе кахаю

Мы падаліся да Людвіка Ляхоўскага бяз яснага разумення свайго візіту, але з некаторым роспачлівым спадзевам. Спадар Людвік цікавіўся даўняй гісторыяй грэка-рымскай ды нават егіпецкай у звязку з гісторыяй беларускай. Ён быў перакананы ды імкнуўся давесці іншым, што словы «Гамер» і «Гомель» аднакарэнныя, што «Іліяда» і «Адысэя» напісаныя на старажытных дрыгавіцка-радзіміцкіх дыялектах, а імя галоўнага героя апошняй Οδιςευς мусіла дакладней гучаць як Одычэюць, бо багі былі да яго за малым выняткам зусім одычэлымі. Зірнуўшы на нашую паперчыну, ён без адвалокаў спытаўся, з каторых часоў спадар Боўт стаў менаваць мяне на такі невымоўна ласкавы манер. Гэта ў Людвіка звычка была такая маўчаць, назіраць, супастаўляць, каб потым выдаць нешта апрычоненькае, што і схавацца ад мыслі ягонай не было куды. Я глянула на яго, як Ксантыпа на Сакрата, і «дзеяпісец» увадначас забыўся пра свой запыт, угрызаючыся ў Славіны радкі. Затым ён узяў пяро і рабочую паперу ды пачаў на ёй штосьцекі крымзоліць, абярняся перакрэсліваючы з адчайлівым подыхам. Людвік быў адназначна не задаволены цяжкасцю раскрыцця сакрэтаў няўрымслівых лічбаў. Мы хвілін сорак бясслоўна назіралі за ягонымі ўпартымі высілкамі. Нарэшце яго вочы паяснелі, спадар Ляхоўскі ўсміхнуўся і прамовіў: «Гатова!» і ўзяўся тлумачыць нам някемным.

 Спачатку льга было падумаць, што год ад стварэння свету пазначаны, але ж 79115508=2403, што нам нічога не дае. Не буду вас стамляць астатнімі памылкамі, а перайду адразу да слушнага адказу. Зірнем яшчэ раз: року 7911 / 6 стычэня, у 4 гадзіны 14 часін, то бок дзель усіх гэтых лічбаў. Мяне збянтэжыла тут назва стычэнь, бо мне страчалася часцей народнае абазначэнне гэтага месяца студзень ці нават сцюдзень. Мабыць і спадар Вайніслаў ужываў мяноўна апошнія формы, бо ўнікаў

 Прабачце, але чаму ў прошлым часе?  несцярпела такой граматыкі я.

 Даруйце. Спадар Боўт зазвычай унікае ў сваёй гаворцы ўсялякае намінкі на пальшчызну, а тут стычэнь! Дзіўна? Але ж не зусім. Шосты дзень і першы месяц іх трэба злучыць, сплюсаваць, стыкнуць у адзіную лічбу. Атрымліваем любімую для беларусаў лічбу сем.

 Чаму любімую?  не сцярпеў гэтым разам Павел.

Халера, яму захацелася больш ведаць, чаму тая сёмка так упадабалася крывічам, а не ў чым палягае канчатковы адказ на той вычудны рэбус.

 Проста ў народнай паэзіі яна ўчастых ужываецца. Можа быць даўнейшая нашая матэматыка была не дзесятковай, а акурат сёмкавай.

 Вы думаеце, гэта таксама намёк?  не супыняўся Павел.

 Наўрад ці. Як бачым, пасля лічбы 7 (6 стычэня) стаіць коска, то значыць маем справу з дробамі: 7,414. Дык жа дзелім 7911 на 7,414 і атрымліваем 1067,03, калі акругліць да сотых.

 Бітва на Нямізе! Voilà qui est clair!  выгукнула я.

 Так, так,  хітнуў галавой спадар Людвік.

 Слухайце, вы ж геній!  дапяў да сэнсу разгадкі мой нарачэны.

 Парадоксаў плуг,  усміхнуўся той у адказ.

Калі эйфарыя прайшла, трэба было высветліць, якім жа бокам бітва на Нямізе датыкалася да сучасных нам забойстваў. Мы безумоўна памяталі Славіны развагі пра Нямігу, пра Бая ды Бабая. Падавалася, што ўжо тады ён мусіў штосьці ведаць ці, прынамсі, прадчуваць: «Там тысячагоддзямі таілася зло». Мы мусілі б узброіцца трываннем, ускочыць на коней светлых думак і адваяваць сэнс загадкі Нямігі. Але Павел, нібы спахапіўшыся, рэзка перацяў хаду маіх подумаў:

 А як жа Рэч Паспалітая Двух Народаў?!

Гэта быў сапраўдны ўдар, бо меркавала, што версія доктара Загорскага ўжо забытая. Недаўменнаму Людвіку мы хутка разяснілі сутнасць той домнеўкі. Ён, відаць, каб не злаваць мяне, наўмысля пры чытанні ніяк не адрэагаваў на «золататайныя» радкі.

 Ну ня праўда,  не згадзіўся «дзеяпісец» з расшфраванкаю доктара. Глядзіце: тут «тайна двух», што ў крывіцкім дыялекце адзначае альбо тайну абектаў вылучна мужчынскага роду, альбо абектаў і maskulina, і feminina адначасова. Літва і Польшча ў нас feminina, то мусіла б стаяць «тайна дзвюх». А па-другое, што гэта за шлюб такі паміж дзвюма кабетамі? Гэта ж Паўночная Сарматыя, а не абтока Лесбас! Сказ той будзе, баржджэй, нейкаю цытытаю. Во толькі скуль ён яе выцяг?

Здавалася, я проста павінна была кінуцца ў росшукі, каб зняць падозранні з сябе ненаглядкі.


Ледзьве мы падзяліліся разлікамі спадара Ляхоўскага з зацікаўленымі асобамі «Дасканалага Крывіча», а тыя збольшага пагадзіліся, па Менску ў неакрытай бессаромнасці прайшла чаговая почутка пра яшчэ два жорсткія, як высвятлялася, забойствы. Дзесь на рагу ці паблізу рога Глухой вуліцы і дарогі на Заслаўе знайшлі адну бядачку. А ля лукі Свіслачы поруч з Мала-Татарскай другую. Дзеўчыны, як сказаў прыяцель спадарыні Яроцкай, што служыў паліцэйскім лекарам, былі абсалютова голыя. Забойца быў праўдаістым адлюдкам. Я моршчыла лоб і старалася не слухаць, каб лішні раз не ўражваць сябе. Не атрымлівалася, я слухала, адчувала, як апавядальнік пахне фармалінам, па-блюзнерску думала: «Як Светаліна з ім цалуецца?» і мяне мала не пачынала мліць. Pathologoanatom заўважыў гэта і прыгадаў показку пра пана Марцінкевіча, які кінуў у юнацтве медычныя студыі, бо не вытрываў першага ж наведання анатамічкі. Спадарыня Галавацкая, якая за Вайніславам яўныя таскноты мела, у каторы раз дала вольку эмоцыям. Сядзеўшы перад тым, нібы камень, збоку ад усіх, яна счавіла гронкі свайго гневу і журбы ды ўсклікнула:

 Якія могуць быць такой часінай жарты?! Дзяўчаты гінуць ні за гелер! Шлындае па горадзе ганебны вырадак, і ніхто яго не ловіць! А зніклыя людзі?!

 Чалавек,  паправіла Каміла Свентаржэцкая.

 Ды ён адзін дзесяцёх варты!  натужна працягвала Ірэна.  Які толк з таго ліста, што вам перадалі, калі чалавек так і не абявіўся? Дый баюся, паперчына ваша фальшыўка. У Мінску па-свінску. Атрымалі цыдулку і супакоіліся. А ці знайшлі вы хоць след таго, што ён жывы?! Вы ж не шукалі. Дзяўчынкі каснічкі ў косы ўплялі Ды не можа цяпер быць супакою! Не-мо-жа! Кепска ў Менску, пане Каранеўскі! Не трэба спачываць на дзядоўніку аблуды. Як хочаце сабе, а я бяруся за пошукі Вайніслава

 Не хвалюйцеся, пані Ірэна,  паспрабаваў уклініцца ў ейны маналог мой нарачэны,  мы ўсе заклапочаны з прапа

 Ён мой! І ніхто лепш ад мяне яго не будзе  спадарыня Галавацкая пачала досыць горка плакаць, што зноў жа сталася іспытам для мяне: як самой не зарумзаць следам за ёй. Але тым часам Каміла, каб суцішыць агульную напругу заспявала сумную беларускую баляду:

Ляцелі дзікія лябедзі
Ой, да к Уле рацэ.
Змуцілі дзікія лябедзі
Воды ў Уле рацэ.

Гэта быў праўдзівы гімн беларускае стараны. І калі б зараз спадары Луцкевічы з грамадою абвясцілі Беларускую Дзяржаву, я адразу ж прапанавала б гэтую песню на месца самай галоўнай. Уяўляю твар Лукяна Саланевіча вымушанага спяваць па-беларуску! Зрэшты сённяшні беларускі рух троху не тудою пайшоў, і блутанка іхная дасца ім яшчэ ў знакі. Не датрымліваюць aurum mediacritas, пра якую кажуць.

Потым супольным роздумам мы вырашылі знайсці месца, дзе 3 марца 1067 года адбылася лютая нямігская сеча. Супраць былі Галавацкая і Вінцэнт Скавыш. Спадар Вінцэнт патрапаў сваю густую бараду і сказаў: «А што вы там збіраецеся шукаць?». Ніхто не здолеў даць яснага аргументаванага адказа. Што магла даць нам тая мясціна? Можа па наіўнасці якой мы спадзяваліся адкрыць там мярлог забойцы? Ці нават самога Бабая? Запал ахалонеў. Мы трапілі ў тупік. Трэба было некуды ісці. Але куды, не ведалі.

Назад Дальше