Коннік без галавы - Майн Рыд 17 стр.


Дачка плантатара таксама магла гэта сказаць, але яна не паказала выгляду, што колькі-небудзь зацікаўлена тым, што адбываецца. Яна заўважыла, што за ёю няспынна сочаць злыя вочы дваюраднага брата.

Нарэшце табун наблізіўся. Наперадзе сапраўды скакаў Морыс-мустангер; ён вёў за сабой на ласо крапчастага мустанга.

 Што за цудоўны канёк!  прагучала некалькі галасоў, калі дзікага мустанга, устрывожанага незвычайнымі абставінамі, паднялі к дому.

 А бадай, варта спусціцца ўніз, каб паглядзець на гэтага дзікуна,  заўважыла жонка маёра, дама з узнёслым характарам.  Давайце сыдзем уніз. Як вы думаеце, міс Пойндэкстэр?

 Як хочаце,  пачуўся адказ маладой гаспадыні сярод цэлага хору настойлівых галасоў.

 Спусцімся ўніз, хутчэй спусцімся!

Пад кіраўніцтвам жонкі маёра дамы збеглі ўніз па каменнай лесвіцы. Мужчыны пайшлі за імі. Праз некалькі хвілін мустангер, усё яшчэ вярхом на кані, апынуўся разам са сваёй палонніцай у самым цэнтры вытанчанай кампаніі.

Генры Пойндэкстэр апярэдзіў усіх і па-сяброўску прывітаўся з мустангерам. Луіза абмянялася з Морысам толькі лёгкім паклонам. Аказаць больш увагі гандляру коньмі, нават калі лічыць, што ён быў удастоены гонару знаёмства з ёю, яна не адважылася, бо наўрад ці гэта спадабалася б прысутным.

З усіх дам адна толькі жонка маёра павіталася з мустангерам дружалюбна, але гэта было зроблена звысоку, і ў тоне яе чулася паблажлівасць. Затое ён быў узнагароджаны быстрым і выразным позіркам маладой крэолкі.

Зрэшты, прыхільнасць праглядвала ў позірку не толькі адной Луізы. Нягледзячы на зашпілены касцюм, мустангер быў вельмі прыгожы з сябе. Доўгі шлях як быццам не стаміў яго. Стэпавы вецер разрумяніў твар маладога ірландца; моцная, бронзавая ад загару шыя падкрэслівала мужную прыгажосць юнака. Ва ўсёй яго стройнай постаці адчуваліся незвычайная вынослівасць і сіла. He адна пара жаночых вачэй крадком глядзела на яго, імкнучыся злавіць яго позірк. Прывабная пляменніца інтэнданта зачаравана ўсміхалася яму. Казалі, што і жонка інтэнданта паглядвала на яго, але гэта, відаць, быў толькі паклёп, які ішоў ад жонкі доктара, вядомай у форте пляткаркі.

 Няма сумнення,  сказаў Пойндэкстэр, агледзеўшы злоўленага мустанга,  што гэта іменна той конь, пра якога мне гаварыў Зеб Стумп.

 Так, ён і ёсць той самы,  адказаў стары паляўнічы, падыходзячы да Морыса, каб дапамагчы яму.  Правільна, містэр Пойндэкстэр, гэта той самы конь. Хлопец злавіў Яго раней, чым я паспеў прыехаць да яго. Добра, што я падаспеў у час: канёк, бадай што, мог трапіць у іншыя рукі, а гэта засмуціла б міс Луізу.

 Гэта так, містэр Стумп. Вы вельмі ўважлівы да мяне. Праўда, не ведаю, ці змагу я калі-небудзь аддзякаваць вам за вашу дабрату,  сказала Луіза.

 «Аддзякаваць!» Вы хочаце сказаць, што жадалі б зрабіць мне што-небудзь прыемнае? Гэта вам няцяжка, міс. Я ж нічога асаблівага і не зрабіў праехаўся па прэрыі, вось і ўсё. А палюбавацца на такую красуню, як вы, ды яшчэ ў капелюшы з пяром і ў спадніцы з доўгім хвастом, які развяваецца ззаду вас, вярхом на гэтай кабыле,  за такую плату Зеб Стумп пагадзіўся б прабегчыся да самых Скалістых гор і назад!

 О містэр Стумп, які вы непапраўны ліслівец! Паглядзіце вакол, і вы знойдзеце многіх, якія больш за мяне дастойны вашых кампліментаў.

 Добра, добра!  адказаў Зеб, кінуўшы рассеяны позірк на дам.  Я згодны, што тут шмат красунь чорт пабяры, шмат красунь! Але, як казалі ў нас у Луізіяне, Луіза Пойндэкстэр толькі адна.

Выбух смеху, у якім можна было распазнаць толькі нямнога жаночых галасоў, быў адказам на галантную прамову Зеба.

 Я вам вінаваты дзвесце долараў за гэтага каня,  сказаў плантатар, звяртаючыся да Морыса і паказваючы на крапчастага мустанга.  Здаецца, аб такой суме дамаўляўся з вамі містэр Стумп?

 Я не ўдзельнічаў у гэтай здзелцы,  адказаў мустангер, шматзначна, але прыязна ўсміхаючыся.  Я не магу ўзяць вашых грошай. Гэты конь не прадаецца.

 На самай справе?  сказаў Пойндэкстэр, адступаючы назад з выглядам абражанай гордасці.

Плантатары і афіцэры не маглі ўтаіць свайго крайняга здзіўлення, пачуўшы Морыса. Дзвесце долараў за неабезджанага мустанга, тады калі звычайная цана ад дзесяці да дваццаці! Мустангер, мабыць, не ў сваім розуме.

Але Морыс не даў ім магчымасці разважаць на гэту тэму.

 Містэр Пойндэкстэр,  працягваў ён з ранейшай прыязнасцю,  вы так добра заплацілі мне за іншых мустангаў і нават раней, чым яны былі злоўлены, што дазвольце мне аддзякаваць вам і зрабіць падарунак, як у нас у Ірландыі кажуць, «на шчасце». Па вашаму ірландскаму звычаю, калі гандлёвая здзелка на коней адбываецца дома, падарунак робяць не таму, з кім заключаюць здзелку, а яго жонцы або дачцэ. Дазволіце мне ўвесці гэты ірландскі звычай у Тэхасе?

 Канешне!  пачулася некалькі галасоў.

 Я не супраць, містэр Джэральд,  адказаў плантатар, адступаючыся ад свайго кансерватызму перад агульнай думкай.  Як хочаце.

 Дзякую, джэнтльмены, дзякую!  сказаў мустангер, паблажліва зірнуўшы на людзей, якія лічылі сябе вышэй за яго.  Гэты конь і будзе падарункам «на шчасце». I, калі міс Пойндэкстэр пагадзіцца прыняць яго, я буду адчуваць сябе больш чым аддзякаваным за тры дні несупыннай пагоні за дзікуном. Калі б нават ён быў самай вераломнай какеткай, то і тады наўрад ці цяжэй было б яго пакарыць.

 Я прымаю ваш падарунак, сэр, і прымаю яго з удзячнасцю,  упершыню загаварыла маладая крэолка, без манернасці выступаючы ўперад.  Але мне здаецца  працягвала яна, паказваючы на мустанга і ў той жа час запытальна гледзячы ў вочы мустангеру,  мне здаецца, што ваша палонніца яшчэ не ўтаймавана. Яна дрыжыць ад страху перад невядомай будучыняй. Мабыць, яна паспрабуе скінуць аброць, калі тая ёй прыйдзецца не па нораву, і што я, небарака, тады буду рабіць?

 Правільна, Морыс,  сказаў маёр, не зразумеўшы патаемнага сэнсу гэтых слоў і звяртаючыся да таго, хто адзін толькі і мог разгадаць іх значэнне.  Міс Пойндэкстэр кажа праўду. Мустанг яшчэ зусім не абезджаны гэта ясна кожнаму. Давайце, даражэнькі, павучыце яго крыху!.. Лэдзі і джэнтльмены!  звярнуўся маёр да навакольных.  Гэта варта паглядзець, асабліва тым, хто яшчэ не бачыў падобнага відовішча А ну, Морыс, садзіся на яго і пакажы, на што здольныя наезнікі прэрый. Мяркуючы па яе выгляду, вас чакае нялёгкая задача.

 Ваша праўда, маёр, задача сапраўды не з лёгкіх!  адказаў мустангер, кінуўшы быстры позірк, але не на чатырохногую палонніцу, а на маладую крэолку.

Сабраўшы ўсе свае сілы, каб не выдаць сябе, дзяўчына з дрыжаннем адступіла назад і схавалася ў натоўпе гасцей.

 Нічога, Морыс, нічога!  працягваў маёр супакойлівым тонам.  Хоць вочы яе і гараць агнём, б'юся аб заклад, што вы выбеце з яе дурасць. Паспрабуйце!

He прыняць прапанову маёра мустангер не мог яму не дазваляла прафесійная гордасць. Гэта быў вызаў яго лоўкасці, майстэрству наезніка: заваяваць прызнанне ў прэрыях Тэхаса не так лёгка.

Морыс выказаў згоду тым, што спрытна саскочыў з сядла і, перадаўшы павады Зебу Стумпу, падышоў да крапчастага мустанга.

Малады паляўнічы не стаў траціць часу на якія-небудзь рыхтаванні, ён толькі папрасіў ачысціць месца. Гэта было выканана імгненна: большая частка гасцей, у тым ліку ўсе дамы, вярнуліся на асатэю.

Морыс Джэральд ускочыў на спіну мустанга толькі з кавалкам ласо ў руках, якое ён накінуў пятлёй на яго ніжнюю сківіцу і зацягнуў на галаве ў выглядзе аброці.

Упершыню дзікі конь адчуў на сабе чалавека, у першы раз яму была нанесена падобная абраза.

Пранізлівае злоснае ржанне было яўным пратэстам супраць замаху на свабоду.

Конь стаў на дыбы і некалькі секунд захоўваў раўнавагу ў гэтым становішчы. Коннік не разгубіўся і абхапіў яго шыю абедзвюма рукамі. З сілай сціскаючы яго горла, ён шчыльна прыпаў да каня. He зрабі ён гэтага, мустанг мог бы кінуцца на спіну і раздавіць пад сабой седака.

Пасля гэтага мустанг пачаў біць задам прыём, які заўсёды ўжываюць у падобных выпадках дзікія коні. Гэта паставіла конніка ў асабліва цяжкае становішча: ён рызыкаваў быць скінутым. Упэўнены ў сваёй спрытнасці, мустангер адмовіўся ад сядла і страмёнаў, а зараз яны вельмі б яму дапамаглі; але ўтаймаваць асядланага каня не палічылі б у прэрыі за подзвіг.

Ён справіўся і так. Калі конь стаў біць задам, мустангер хутка перавярнуўся на яго спіне, рукамі абхапіў яго за бакі і, упершыся пальцамі ног у яго лапаткі, не даў сябе скінуць.

Два ці тры разы паўтарыў мустанг гэту спробу, але кожны раз вымушаны быў уступіць спрыту наезніка. I нарэшце, нібы зразумеўшы дарэмнасць сваіх намаганняў, разюшаны конь перастаў брыкацца і, сарваўшыся з месца, памчаўся такім галопам, нібы збіраўся занесці конніка на край свету. Недзе гэта скачка павінна была скончыцца, але толькі па-за полем зроку тых, хто сабраўся на асатэі, чакаючы вяртання мустангера. Многія выказвалі меркаванні, што ён можа быць забіты ці па крайняй меры знявечаны. Сярод прысутных адзін чалавек тайна жадаў гэтага, а для другога гэта было амаль раўназначна ўласнай смерці. Чаму Луіза Пойндэкстэр, дачка гордага луізіянскага плантатара, вядомая прыгажуня, якая магла б выйсці замуж за самага знатнага і багатага чалавека, чаму яна дазволіла сабе захапіцца ці нават проста марыць аб бедным тэхаскім паляўнічым гэта была тайна, якую не магла разгадаць нават яна сама, нягледзячы на свой не абы-які розум.

Назад Дальше