Макс Шчур
Ліст, знойдзены на папялішчы
Апавяданьні
© Шчур М., 2011
© Выдавец Воранаў В., 2011
© Выдавецтва «Белы Крумкач», 2011
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Ад аўтара, або Апошняе папярэджаньне
Напрыканцы 2008 году ў мяне згарэў стары ноўтбук. У працэсе ратаваньня гард-дыску выявілася, што на ім, апрача раману й колькіх незакончаных тэкстаў, захаваўся з тузін апавяданьняў, якія я накрэмзаў (ці, хай сабе, нацюкаў) на працягу папярэдніх гадоў у вольны ад творчасьці й іншых мітрэнгаў час. Няспраўджаная пэрспэктыва іхнай нечаканай і канчатковай страты прымусіла мяне сяк-так «давесьці іх да ладу», каб урэшце пазбавіцца ўсялякага клопату пра іх, і апублікаваць усе разам (па-за кантэкстам і паасобку, баюся, яны былі б зразуметыя няслушна) прапаную вашай увазе плён сваіх высілкаў.
Урачыста дэклярую, што ў гэтых аповедах я ня ставіў перад сабой ніякіх асабліва «мастацкіх» мэтаў (адсылаю тых, хто «ня верыць мне на слова», да перадапошняга абзацу). Гэта відаць у тым ліку паводле таго, што сюжэт у балыныні зь іх выконвае чыста ўздапаможную функцыю: ня варта ўспрымаць яго залішне «сур'ёзна». У некаторых ён падсьвядома ці нават сьвядома запазычаны ў кагосьці іншага (Борхэс, яшчэ да Джона Барта, меў рацыю, што асноўных сюжэтаў, як і мэтафараў, ня так шмат); у некаторых ён быў бы практычна непатрэбны, калі б ня мой інстынктыўны недавер да залежнага ад сюжэтнага «глютамату натрыя» сучаснага чытача. Раней, да «заўчаснага» й «небалючага» скону «вялікіх нарратываў», у сюжэце ўтрымлівалася прынамсі нейкая «мараль» але ж, кажучы словамі Штырнэра, «для таго, каб цікавіцца маральным канфліктам у трагедыі нораваў, трэба маральна думаць і адчуваць», а постмадэрновы чытач, прызнаймася шчыра, у вялікай ступені гэтую здольнасьць страціў. Таму сёньня, калі не памыляюся, нават самы распрацаваны сюжэт (чым «вастрэйшы», тым лепшы) у бальшыні выпадкаў выконвае ролю згаданай харчовай, цэнавай, дзіцячай да- над- ці за- баўкі, патрэбнае падкрэсьліць. Я асабіста з задавальненьнем замяніў бы яго нейкай іншай, больш натуральнай структурай (з дазволу сказаць, прамяняў бы «мэлёдыю» на «сэрыйную тэхніку»), але не ўва ўсіх выпадках гэта было магчыма дый якая карысьць была б мне асабіста ад падобнай «прынцыповай» пасьлядоўнасьці й самаабмежаваньня?
Любая проза адлюстроўвае аўтарава існаваньне між двума полюсамі: фікцыяй, асалодай прыдумкі дзеля прыдумкі (так бы мовіць, суб'ектыўнай магіяй) і плыньню звычайнага жыцьця, у якім без сумневу ёсьць штосьці містычнае, аб'ектыўнай магіяй неперарыўнай штодзённасьці. Абодва полюсы прыцягваюць мяне, бадай, аднолькава й папераменна, часьцяком (што самае пакутлівае) адначасова з ураўнаважанасьці гэтых двух пачаткаў (гармоніі ці сынтэзу, калі ўжываць традыцыйныя клішэ), павінна ўзьнікаць тое, што называюць мастацтвам. На маю думку, з гэтага гледзішча толькі адзін празаічны жанр здольны яшчэ прэтэндаваць на званьне мастацкага раман. Але ж і яго, па-мойму, нельга лічыць «чыстым» мастацтвам (тады стварэньне раману было б папросту залішне танным і ня вартым такіх высілкаў заняткам), таму што раман па вызначэньні ёсьць (ці, прынамсі, імкнецца быць а ён ня можа да гэтага не імкнуцца, калі толькі гэта сапраўдны раман) чымсьці большым ня тое што за мастацтва, а, я б сказаў нават за жыцьцё гэта папросту нейкі апрычоны сьвет, які стаіць убаку (або несупынна дрэйфуе ўбок?) ад нашай тэорыі і практыкі.
Але, як бы там ні было, і падобная ўраўнаважанасьць, балянсаваньне над безданьню між двума полюсамі, рана ці позна стамляе. Я пытаюся ў сябе, да якой ступені мастацкасьць у прозе (умоўна кажучы, пасьля Музіля) наагул магчымая (я маю на ўвазе не тэхнічна, а, так бы мовіць, «тэарэтычна»), і ці вартае памкненьне дасягнуць гэтай «мастацкасьці» любым коштам атрыманага ў выніку прысмаку неаўтэнтычнасьц й штучнасьці, выкалькуляванасьці твору (калі толькі пісаць не для крытыкаў якія, за рэдкімі выключэньнямі, такога гонару ня вартыя)?
Такім чынам, гэтая кніга вынік пэўнай стомленасьці ад літаратуры, ад змаганьня зь ёю ці «за» яе, свайго кшталту капітуляцыяй: як мінімум, пацьверджаньнем вядомага тэзісу, што «ўсё вартае ўжо было створана» нездарма значную ейную частку складаюць літаратурныя пародыі, выраз пашаны й зайздрасьці да маіх улюбёных аўтараў мінулага стагодзьдзя, імёны якіх залішне вядомыя, каб іх называць. Ня буду аспрэчваць гэты дыягназ, пагатоў што бальшыня вядомай мне сучаснай (ня толькі айчыннай) прозы здаецца мне самому такім пацьверджаньнем. Адзначу толькі, што, на маю думку, усім любімым мною пісьменьнікам далёкай і блізкай мінуўшчыны ў той ці іншай ступені ўласьцівае памкненьне да пераадоленьня традыцыйнага разуменьня прозы як «высокага мастацтва» гэтаксама як і да пераадоленьня ўкасьцянелай «высокай культуры», што ў наш час хаваецца пад ня менш укасьцянелымі структурамі культурнай індустрыі. 3 гэтага гледзішча, мне здаецца, хутчэй чым прафэсійным абавязкам ці нейкім іншым, ня меней катэгарычным «маральным» імпэратывам, пісьмо мусіць быць для самога аўтара перадусім забавай (хай сабе й не самамэтнай): перафразуючы Бэньяміна, «аўтар, які ня цешыць сябе, у выніку ня цешыць нікога».
Натуральна, чытачу адразу прымроіцца ўва ўсім вышэйсказаным «прывід алібізму», і ў чымсьці, прызнаюся, так яно і ёсьць «ня вінаватая я», што перад тым, як аддацца пісьму, сучасны аўтар вымушаны бясконца даказваць сабе і іншым, што мае на гэта нейкае права. Задаволіць у пэўнай меры негалоснае «патрабаваньне мастацкасьці» лічыцца (усё яшчэ, нягледзячы на «Нулявую ступень рукапісу» яшчэ аднаго Барта) «правілам добрага тону»: за «сьмерцю вялікіх наратываў» была неяк не заўважаная клінічная сьмерць «вялікіх дэскрыптываў», як і пакрыёмы пераход эстэтыкі ў анэстэтыку Дык вось, ніякага права на вашую ўвагу я насамрэч ня маю і не патрабую: я хацеў толькі папярэдзіць, што менавіта датрыманьня падобных правілаў «добрага тону», як і іншых правілаў, чытачу ад гэтай кнігі чакаць ня варта.
Уявім сабе: два браты-блізьняты, непрымірымыя сябры (назавем іх умоўна Шоўноттэл і Тэлнотшоў), п'яныя нейкай вогненнай сумесьсю, увабдымку крочаць па шашы насустрач непазьбежнаму працьверазеньню альбо сьмерці (хутчэй за ўсё, ад літаратурнага ці проста алькагалізму). Браты любяць пераапранацца адзін у аднаго: любяць апавяданьні, у якіх нічога не адбываецца, і апісаньні, прадметам якіх зьяўляецца само апавяданьне. Іхным бяздумным п'яным сьпевам насамрэч далёка да «высокага мастацтва», але іхнае «балянсаваньне» часам можна зблытаць з прадуманай харэаграфіяй. Акрамя таго, яны сымпатычныя мне тым, што не баяцца «паліцыі густаў» і не прыкідваюцца цьвярозымі, ня робяць выгляду, што ў мінулым стагодзьдзі нічога не адбылося і што іх кагадзе ня выкінулі з бару, не імкнуцца прытрымлівацца намаляванай перад імі «роўнай лініі», не ідуць ані па камэрцыйнай, ані па «элітарнай» узбочыне, ігнаруючы правілы дарожнага руху й небясьпеку сутыкненьня з «законапаслухмяным» кіроўцам якога-небудзь «фэрары» ці там «запарожца», якая з гледзішча вечнасьці розьніца 3 гэтай алегорыяй я хацеў бы пажадаць вам прыемнага знаёмства з гэтымі двума вар'ятамі.
М. Шч.I. Пра жаночае
Твар
У студыі прыватнай камэрцыйнай тэлевізіі прыпякала. На адзінаццатую былі прызначаныя здымкі найбольш папулярнай вячэрняй праграмы для дарослых. Цыцкастая вядучая нэрвавалася:
Дзе ж той спадар А?
Тэмай сёньняшняй перадачы быў порнакастынг. Усе зацікаўленыя (пачынаючы з васямнаццаці гадоў, зразумела) маглі паспрабаваць сябе ў ролі актораў. Зацікаўленых была процьма. Яны стаялі каля ўваходу ў студыю, засланую штучнай леапардавай поўсьцю й застаўленую канапамі самага шырокага прызначэньня. Празь некалькі хвілінаў ім наканавана было стацца гледачамі, а самым шчасным нават удзельнікамі самага высокааплочванага відовішча ў краіне. Заставалася толькі пераадолець самы высокі плот натуральны адбор
Пакуль выпрабоўвалася асьвятленьне, дзьве густа нагрыміраваныя псэўдамадэлі несупынна заклікалі кандыдатаў і кандыдатак на ўдзел у праграме да цішыні. Міма прайшоў доўгачаканы порнаграфіст, тлусты дзядзька ў найлепшых мужчынскіх гадох, пацалаваў руку вядучай і доўга прасіў прабачэньня за спазьненьне. Вышэйшая з тынкаваных касмэтыкай і ладна апечаных у салярыі «апякунак» раздала анкеты, а ніжэйшая патлумачыла, як іх запаўняць.
Што гэта? спыталася Надзя ў незнаёмай дзяўчыны, якая стаяла побач.
Сьляпая, ня бачыш? Анкета на порнафільм.
Паперка была аддрукаваная на ксэраксе, і палову яе займалі імя, прозьвішча, век, і пол. Потым ішла безьліч не зусім зразумелых Надзі пытаньняў.
А вось гэта абавязкова запаўняць?
Кагадзе яна паспрачалася, што ёй не «слабо» патрапіць у тэлевізію. Высьветлілася, што гэта зусім нескладана. Ніхто нават не зьвярнуў увагі на тое, што яна крыху змухлявала зь векам.
Ну што, гатовыя? гукнула вышэйшая дзяўчына тонам наглядчыцы.
He дачакаўшыся ні ад каго адказу, Надзя нашрайбала штосьці ў паперцы й здала анкету разам з усімі. Вочы прысутных маладзёнаў гойсалі па ейным целе зь несхаванай пажаднасьцю: выглядала, што хлапцы былі ўражаныя ейным непадабенствам да астатніх удзельніц кастынгу.
Ты ўжо тут здымалася? запытаўся адзін зь іх, гамкаючы жуйкай.
Першы раз, адказала Надзя.
Р, П, М застаньцеся, астатнія ў студыю! пракрычала наглядчыца. У Надзі падскочыла сэрца: Р была яна. П быў даўгалыгім смуглявым хлопцам, М узорнай і яшчэ сьвежай, нягледзячы на яўную дасьведчанасьць аналягічнага выкарыстаньня, «фотамадэльлю».