Забойца анёла (зборнік) - Вінцэсь Мудроў


Вінцэсь Мудроў

Забойца анёла

Аповесці і апавяданні

© Мудроў В., 2017

© ПУП «Кнігазбор», 2017

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017

У лазні

Сакавіцкай парой прыемна пахнуць бярозавыя венікі. Высахлыя на ветры, яны струменяць даўкі водар, шамацяць, калі іх злёгку патрэсці, і гэтым сваім шамаценнем выказваюць гатовасць зараз жа апусціцца ў кіпень і хвацка прыкласціся да распаранага азадка

Перадаўшы прадавачцы дваццаць тысяч, Макар схаваў твар у выпетранае лісце, хапануў ноздрамі паветра, і ад гаркавадурманлівага паху ў яго закружылася галава.

«Як добра пахнуць венікі ля лазні гарадcкой» нарадзіліся ў душы паэтычныя радкі. Макар спыніўся, задзёр галаву, шукаючы рыфму слову «венікі», але ў галаве круціліся толькі «варэнікі», і паэт, плюнуўшы пад ногі, борзда ўзбег па прыступках.

Звычайна на дзённыя сеансы народу ў лазню прыходзіла няшмат, сёння ж каля касы стаяла вялізная чарга.

Макар утрапёна агледзеў натоўп, маракуючы ці варта займаць чаргу, бо квіткоў магло і не хапіць,  ды, павагаўшыся, голасна запытаў:

 Хто апошні?

Апошнім стаяў недаростак з чырвонай, усё адно як варам апаранай галавой, на макаўцы якой злавесна стаўбурыліся рэдкія валасы.

Не паспеў Макар прыліпнуць да хваста чаргі, як за спінай ягонай прымасцілася яшчэ некалькі чалавек.

 Адкуль столькі людзей?  сіпата дыхнулі яму ў патыліцу. Ззаду стаяў кучаравы мацак у камуфляжным бушлаце і ў аграмадных вайсковых чаравіках.

 Квіты ад ранку не прадавалі, азвалася на тое вірлавокая цыба, што стаяла паперадзе недаростка.  Вунь, бачыце,  цыба кіўнула ў бок разнасцежанага цеплавузла,  штосьці ў іх там зламалася. Кагадзе адрамантавалі.

З цёмнай проймы цеплавузла выпаўзаў, прычым задам наперад, здаравіла-слесар.

Пабачыўшы важкі мужчынскі азадак, цыба знянацку замітусілася, выбегла з натоўпу і, запусціўшы руку між грудзей, выцягнула зумклівы «мабільнік».

 Клава, я ў лазні засакатала кабета, ціснучы да вуха слухаўку і пазіраючы на слесара, які збіраў інструмент.  Мінулым разам пасля парыльні цэлы кілаграм скінула, цяпер вось думаю яшчэ пару кіло скінуць.

 Куды табе скідваць і так худая, як вобла,  пачуўся за спінай знаёмы голас.

 Ды гэта проста вада выходзіць потам, а тлушч застаецца,  прамовіў Макар, і недаростак, азірнуўшыся, працяў яго дапытліва-суровым позіркам.

 Ты што, бандэра?

Макар напачатку не зразумеў пытання. Стаяў зніякавелы, і толькі потым уцяміў, што меў неасцярожнасць выдаць фразу па-беларуску. Яшчэ ніколі яго, беларускага паэта, аўтара трох паэтычных зборнікаў, так не абражалі. Паэту у кароткае імгненне стала холадна, потым горача, а пальцы правай рукі міжволі сціснуліся ў кулак.

 Лёха, чаму так далёка ад касы?  крыкнулі ад уваходных дзвярэй, і да недаростка валюхастай хадой падышоў зладзеяватага выгляду бамбіза. Гэта быў мужчына сярэдняга веку, з нахабнай тыднёвай шчэццю і з арыгінальнай лысінай: яна ў яго пукацілася што тая балканская феска, прычым у атачэнні густых чорна-гудронных валасоў.

 Куды плішчыцеся? Чаргу займайце,  незадаволена бухнуў за Макаравай спінай усё той жа сіпаты голас, і недаростак з інтанацыяй пераможцы працадзіў: Яшчэ адзін бандэра.

На міг усе сціхлі. Макар адчуў, як людзі ў натоўпе разам згорбіліся, наструніліся, прыціснуліся адно да аднаго. У гнятлівай цішыні злавесна шэрхнулі падэшвы вайсковых чаравікаў. Кучаравы мацак наблізіўся да недаростка, схапіў таго за каршэнь.

 Яшчэ адно слова, абгрыздыш, і заляціш вунь туды,  мацак тузануў падбароддзем, паказваючы на цеплавузел.

Макар адсунуўся ўбок і спалохана назіраў, як лысы бамбіза, ляснуўшы кулаком правай рукі аб далонь левай, разважліва прамармытаў:

 Ну што, хахляра, цябе зараз замачыць ці пасля таго, як памыешся?  пудовы кулак быў пазначаны наколкай крыжа і зламанай ружы.

Натоўп загаманіў на ўсе галасы. Цыба, паправіўшы збіты набакір капялюш, з гатовай радасцю ўсклікнула: «Мужчыны знайшлі месца, дзе біцца!» а перапэцканы ржою слесар, махнуўшы дзеля саліднасці развадным ключом, загадна выдыхнуў: «Усё, мальцы разышліся».

Мальцы разышліся, паабяцаўшы сустрэцца пасля лазні. Макар паглядзеў на ўваходныя дзверы.

«А можа, пайсці дахаты? А то ўліпну ў якую гісторыю Пляшак, падобна, з зоны адкінуўся. Пырне фінкай і не скрывеліцца»,  апанаваны такімі думкамі, Макар уздыхнуў, але потым згадаў, што мыўся месяц назад, а тут яшчэ новы венік набыў што ж яго цяпер сухім дахаты несці? Прыціснуўшы венік локцем, паэт палез у кішэнь па грошы. Чарга рухалася надзіва хутка, і ён ужо быў недалёка ад касы.

Квіткоў прадалі больш, чым трэба, і шафак усім не хапіла. Макар вырашыў трымацца бліжэй да кучаравага хлопца, таму і прапанаваў павесіць вопратку ў адну шафку. Пляшак з недаросткам распраналіся непадалёку.

 Лёха, як толькі хто рыпнецца кліч мяне. Ты ж мяне ведаеш я бю два разы: адзін раз па кумпалу, другі па веку дамавіны,  грымеў знявечаны шумам дожджыку і раскацістым рэхам плешаковы голас.  Аднойчы, яшчэ да зоны, пайшоў у лазню, і там адзін, такі ж вось фраер, пачаў залупацца. Дык я яго на распаленыя камні пасадзіў. Так і спёк яйцы. А з бандэраю ў мяне ўвогуле размова кароткая

Слухаючы такое, Макар нават упрэў, а зыркнуўшы на плешака, зусім заняпаў духам. Торс былога зэка быў скрозь у наколках, а ад шыі і да самай пахвіны сінеў завілы пісяг.

 А ты што, з Ільвова?  запытаўся тым часам кучаравы хлопец, сцягваючы з нагі нехлямяжы чаравік.

 Ды я там ніколі не быў, пралепятаў Макар. Хацеў яшчэ сказаць, што ён беларускі паэт, але змаўчаў, бо невядома было, як на тое зрэагуе суразмоўнік.

Балей таксама ўсім не хапіла, але лазеншчык, кульгавы дзядзька ў белым халаце, голасна паведаміў, што неўзабаве прынясуць спісаныя медніцы са склада.

Кучаравы хлопец стаў пад дожджык, а Макар вырашыў перш-наперш наведаць сухую парыльню, а потым нырцануць у басейн.

Ён адчыніў дзверы саўны, удыхнуў гарачага паветра і тут жа ўгледзеў плешака, які з крэканнем залазіў на паліцу. Макар згадаў вусцішны аповед пра печаныя яйцы, пастаяў хвілю ў нерашучасці і пад незадаволены вокліч: «Зачыняй, дух выходзіць!» грукнуў дзвярыма, так і не наведаўшы парыльню. Абяцаныя медніцы дагэтуль не прынеслі, і тыя, каму не хапіла балей, з зайздрасцю паглядалі на недаростка, які, не раўнуючы герой Зошчанкі, прысабечыў аж тры балеі у адной адмочваў ступакі, у другой мыўся, а на трэцюю, перакуліўшы дагары дном, паклаў мыла і вяхотку. Невядома, колькі б доўжылася такое мыццё, каб да Лёхі не падышоў Макараў «кампаньён». Макар быў далёка і не чуў іхнай размовы, але недаростак, відаць, сказаў штосьці крыўднае, бо кучаравы хлопец на міг сумеўся, а потым, узняўшы балею з вадой, абрынуў на Лёхаву галаву, ды так, што праламаў пластмасавае днішча. Недаростак войкнуў, паспрабаваў устаць, але тут жа плюхнуўся ўпоперак лавы, наставіўшы ўгору куртаты, з невядомай прычыны ўзбуджаны чэлес.

Акурат той хвіляй лазеншчык прынёс стос бляшаных медніц. Макар падхапіў самую верхнюю, сеў на крайнюю лаўку і здаля стаў пазіраць на Лёху, якога палівалі вадой і рабілі штучнае дыханне. Пазіраў з трывогаю, чакаючы таго моманту калі Лёхаў карыфан выкуліцца з парыльні. Той, аднак, не выкульваўся, і Макар, набраўшы вады ў медніцу, намыліў галаву.

 У нас у аддзеле таксама ўчора завяліся. Адны за Пуціна, другія за ўкраінцаў, гугнявіў хтосьці праваруч, завіхаючыся з вяхоткай.

 Хахлы ў тую вайну Гітлеру прадаліся, цяпер вось пад Амерыку падбіваюцца,  азваліся леваруч.

 Пасля Сталіна не тое што Гітлеру самому чорту душу закладзеш,  рэзюмаваў гугняк і нечакана, з інтанацыяй панікі, загарлаў: Бюцца!

Змахнуўшы з вачэй мыльныя хлапякі, Макар убачыў, як кучаравы хлопец заехаў плешаку кулаком у грудзіну, але той, як Фантамас, толькі злёгку хістануўся. Мыла выядала вочы. Макар плюхнуў вады на твар, слёзы засцілі свет, і ён толькі пачуў тупат босых ног, сіплую лаянку і бурлівы плёскат у лазенным басейне.

Калі падбег да басейна, кучаравы пускаў ужо бурбалкі. Пляшак, сядзеў на ім, прыціснуўшы да дна, і не даваў хапануць паветра.

 Ратуйце! Патопіць чалавека!  гаркнулі адразу некалькі глотак, і Макар, разагнаўшыся, скокнуў на лысую галаву.

Ужо ў вадзе пляшак даў яму каленам у жывот, Макар глынуў смярдзючай хлёркі, усплыў, у два грабкі даплыў да нікеляванай лесвіцы, і галёнка ягоная знямела ад жалезнай сутаргі. Віснучы на парэнчах, Макар заехаў плешаку пяткай у нос і кінуўся ў прымыльнік. Думаў узяць у абярэмак апранахі і падацца да выхаду, але шафка была зачынена, а за спінай ужо грымелі здушаныя мацюкі пляшак, падобна, бег, прыціскаючы далонь да разбітай нюхаўкі.

Фае, на шчасце, было пустое, каса зачыненая, і Макар непрыкметным ценем праслізнуў у цеплавузел. Тут, у цёмным катуху, не хапала паветра, і ён адчуў лёгкую млосць. Сэрца парывіста білася, трапятала ля горла, замарачным шумам адбівалася ў барабанных перапонках. У фае штосьці бразнула, пакацілася па падлозе, і замарачны шум увушшу пакрыў пранізлівы жаночы віскат. Лысы, няйначай, памкнуўся шукаць «бандэру» ў жаночым аддзяленні. Макар з адчаем падумаў, што вось зараз дзверы адчыняцца, лысы бандос выцягне яго, голага і мокрага, са спрату і пачне душыць сваімі страшнымі лапамі, але за дзвярыма запанавала ціша, якую праз нейкі час парушыла бразганне дзвярэй і тупаценне.

Дальше