Хлопчыкi i дзяўчынкi
Яўген Аснарэўскі
© Яўген Аснарэўскі, 2019
Яўген Аснарэўскі
Хлопчыкі і дзяўчынкі
2019
інтро
Неяк я валасаты філосаф Марк, і адзін просты пісьменнік мой знаёмец, сядзелі на плоце. Нам крыху замінаў калючы дрот, а над намі тырчала высокая тэлевежа. А вось перад нашымі вачыма маячыла старая машына. Выдатная карціна, наогул. І вось мой сябар пісьменнік пытае мяне:
Скажы, Марк, чым мы зоймемся сёння? Мы ж не будзем зноўку круціць твае пэйсы?
Не, вядома, сказаў я. Сёння я раскажу табе восем істэрый ой, гэта значыць гісторый.
Так гісторый цi істэрый?
Можна сказаць і так, і так, адказваў я.
Ну давай, расказвай, сказаў мне мой сябар просты пісьменнік.
Максiмка
Добры дзень, дарагія мае! Кланяюся ўсім тым, хто чытае гэты сшытак. Завуць мяне Максімка Багушэвіч. Ад нараджэння мне адзінаццаць гадкоў, а нарадзіўся я ў 1907 годзе, каля Гродна. Тата кажа, што я цямлівы не па гадах і што мне трэба шмат чытаць і вучыцца прыгожа пісаць. Часам ён жартуе, што я, можа быць, стану пісьменнікам. Мне насамрэч вельмі падабаецца пісаць і ад таго я вырашыў весці дзённік. Для гэтай справы тата даў мне свой сшытак. Ён вельмі добры і вялікi. Я мяркую, калі-небудзь сшытак гэты хто-небудзь прачытае і таму напісаў, што кланяюся таму, хто яго чытае.
13 сьнежня, год 1918
Мой тата ўжо месяц таму прапаў. Пайшоў у лес па дровы, і не вярнуўся дадому. Іншых родных у мяне няма, таму і адправілі мяне ў прытулак. Прытулак гэты займае манастыр святых Барыса і Глеба. Стаіць ён на гары над самым Нёманам, які я вельмі люблю. Раней мы лавілі ў Нёмане рыбу з маім старэйшым братам Лёвушкай. Лёвушка казаў, што Нёман наш бацька, а потым смешна махаў рукамі і паўтараў вельмі грозным голасам: «Бацька!» Рыбы, бывала, выцягвалі шмат. Аднойчы злавілі нават велізарнага шчупака. Казаў Лёвушка, што гэты шчупак паўпуда вагой. Я дык браць яго баяўся. Вельмі ўжо ў яго была страшэнная морда. А Лёвушка смяяўся з мяне. Лёвушка мой загінуў на вайне з немцамі. Цяпер у мяне толькі тата.
20 снежня, год 1918
У прытулку ўбачыў я сцяг. Белы, а пасярэдзіне чырвоная паласа. Вісіць ён на самой браме. Ніколі такога не бачыў, але мне ён чымсьці спадабаўся. У нас ёсць школа, а ў ёй выкладае вельмі добрая настаўніца, якую я клічу цёткай. Цётка Тэкля Станішэўская, якая вучыць нас у школе, кажа, што гэта сцяг нашага народа. Я вельмі люблю цётку Тэклю і баюся яе. Адзін хлопчык сказаў мне, што яна першая настаўніца, якая вучыць на нашай простай мове. Не ведаю адкуль ён гэта ўзяў. Можа быць, хто-небудзь са старэйшых распавёў яму гэта. Мой тата казаў, што я павінен вучыцца на нашай мове. А мне вось вельмі падабаецца руская мова, але я згодны з татам, што наша мова нам родная да самых касцей, таму што яна ад нашай зямлі і продкаў.
27 снежня, год 1918
Цётка Тэкля казала сёння ў школе, што ў горад прыехаў важны чалавек і ён будзе цяпер галоўным у краіне, у якой мы самі будзем свабодным народам і гаспадарамі на землях сваіх. Яго прозвішча Луцкевіч. Я хачу запомніць гэтае прозвішча. Цётка кажа, што ён наш вызваліцель і прарок. Я не вельмі разумею, што такое прарок. Цікава, што сказаў бы тата.
29 снежня, год 1918
Мы хадзілі ў горад з нашым выхавальнікам дзядзькам Пашам. Нейкі немец спыніў нас і смяяўся над намі. Ён казаў, што мы маленькі народец і мы павінны падпарадкоўвацца немцам, а з-за таго, што немцы прайгралі вайну нас цяпер будуць рабіць палякамі. Немец толькі трохі ведаў рускую мову і ў яго атрымліваліся вельмі смешныя словы. Ды, акрамя таго, ён яшчэ і не вымаўляе р. Дзядзька Паша сказаў нам, што мы не палякі і што ён бы палякаў вешаў, а немцаў усіх да аднаго расстраляў бы. Ён вельмі раззлаваўся, але хутка супакоіўся. У яго ёсць маленькая фляжка, з якой ён п'е самагонку і пасля таго як вып'е адразу супакойваецца. Мне здаецца палякі нядрэнныя людзі, толькі вельмі ганарлівыя. Так казаў тата.
1 студзеня, год 1919
Спраўлялi ў прытулку Новы год. Я ўспомніў як мы святкавалі з татам і Лёвушкай. Тады тата сам прыгатаваў нам вялікі пірог і наліў самаробнага віна. Я вельмі сумую па таце.
2 студзеня, год 1919
У нас ёсць у прытулку хлопчык, якога завуць Адамас. Прозвішча яго Казлаўскас. Ён кажа, што хутка Гродна будзе часткай Літвы і ўсе мы станем літоўцамі. Мне ён сказаў, што ў яго сапраўднае літоўскае прозвішча і што маё прозвішча таксама стане літоўскiм і я буду звацца Багушавiчус. Дзядзька Паша чуў нашую размову і адказаў, што гэта ў мяне сапраўднае літоўскае прозвішча, і што гэта Адамас павінен быць Казловічам, а не я Багушавiчусам. Я б не хацеў, каб мяне клікалі Максiмкас. А мы самі дражнім гэтага Казлаўскаса мянушкай Мадамас.
15 студзеня год 1919
Мы гулялі з дзядзькам Пашам па набярэжнай ля Старога замка. Там сустрэўся нам нейкі паляк. Яны з дзядзькам Пашам разгаварыліся. Паляк гэты стаў даказваць, што Гродна заўседы было польскім і хутка зямля гэтая зноў адыйдзе да Польшчы, якая ўжо збіраецца з сіламі, каб зямлю гэтую канчаткова забраць сабе. Дзядзька Паша слухаў яго і толькі грозна вырушыў брывамі, а паляк усё казаў нешта. Потым ён стаў размахваць рукамі і нават крычаць, што і Брэст іх горад, і што Менск польскі, і далёкі Віцебск павінен належаць Польшчы, а не маскалям. А наш дзядзька Паша толькі моўчкі высмаркаўся. Тады паляк стаў казаць, што ніякіх беларусаў няма і што хутка кожны жыхар Гродна павінен будзе прызнаць сябе палякам, а калі хто не захоча добраахвотна, таго прымусяць. Вось пасля гэтых слоў дзядзька Паша размахнуўся і ўдарыў паляка ў сківіцу, ад чаго той адразу ўпаў і доўга ляжаў без прытомнасцi. Мы прынеслі з Нёмана вады і вылілі яму на твар. Хутка пасля гэтага ён ачомаўся. Дзядзька Паша падняў яго пад пахі, даў яму сербануць сваёй самагонкі, сербануў сам, і злёгку штурхнуў паляка ў спіну, а той пайшоў па набярэжнай: злёгку хістаўся і казаў сабе пад нос: «Курва». Пакуль мы ішлі назад у прытулак дзядзька Паша крычаў, што вельмі не любіць палякаў і тады я спытаўся ў яго: да якога народу ён сам сябе залічвае? Дзядзька Паша не адказаў. Тады я спытаў: ці не лічыць ён сябе беларусам ці тутэйшым? Тады дзядзька Паша сказаў, што ён паляк. Я падумаў: як дзіўна, што дзядзька Паша б'е палякаў і не любіць палякаў, але сам паляк, а ён, як быццам прачытаўшы мае думкі, дадаў, што ён тутэйшы паляк, а гэта нешта зусім іншае і вельмі адрознае ад паляка.
7 лютага, год 1919
Мы хадзілі з дзядзькам Пашам на Сянны рынак. Там рабіў выступ нейкі жыд у фуражцы з чырвонай зоркай. Ён казаў, што месца беларусаў у адзінай сям'і народаў Расійскай Імперыі, і што цяпер, калі гэтая імперыя развалілася, сапраўдную ўладу атрымаў просты рабочы народ. Ён махаў рукамі і крычаў: «Мы славяне! Нас не знішчыць клас рабаўнікоў-паноў!» Людзей было шмат, але яны ўсе адыходзілі ад жыда далей і рабілі выгляд, што яго не заўважаюць.
19 лютага, год 1919
Сёння самы шчаслівы дзень майго жыцця! Вярнуўся мой тата! Аказваецца, калі ён быў у лесе, на яго напалі немцы марадзёры і сталі патрабаваць грошай, а калі ён сказаў, што ў яго нічога няма, яны яго збілі, парэзалі нажом і знялі з яго ўсю вопратку і абутак. Тата думаў, што памрэ і ўжо не ўбачыць мяне, але яго падабралі нейкія людзі з вёскі, якая была побач з лесам. Тата доўга хварэў, а яны яго выходжвалі і цяпер ён нават і не ведае, як ім аддзячыць. Цяпер я ўжо не ў прытулку. Тата забраў мяне ў маленькую кватэру, якую зняў на тыя грошы, што зарабіў да вайны. Аказваецца, закапаў ён іх у нейкім лесе.
1 траўня, год 1919
Мы з татам жывем цяжка, але з ім мне значна лепш, чым у прытулку. Я б хацеў трапіць на магілу Лёвушкi, але не ведаю, дзе яна. Цяпер у горадзе кіруюць палякі, а наша радзіма цяпер Польшча.
25 траўня, год 1919
Я бачыў незвычайны сон. Як быццам на месцы манастыра, у якім быў наш прытулак, пабудавалі дзіўны дом, з крывымі сценамі і статуяй каня над уваходам. Я быў ўнутры і бачыў, што гэта падобна на вельмі вялікі тэатр. Я адзін раз быў з татам у тэатры і мне спадабалася. Дык вось, у гэтым тэатры выступаў нейкі чалавек, а на сцэне вісеў вянок з чырвонай зоркай. Чалавек казаў, што галоўнае гэта братэрскі саюз і тут я прачнуўся
2 чэрвеня, год 1919
Папа паклікаў мяне і сказаў, што раз цяпер мы жывем у Польшчы, то павінны стаць палякамі. Ён быў вельмі маркотны, мне нават здалося, што ён можа заплакаць. Але ён не заплакаў, а стаў гаварыць са мной пра польскую школу. Я не хачу ў польскую школу, але раз тата кажа, што мне трэба ў яе ісці, значыць я так і зраблю!
7 траўня, год 1926
Я знайшоў гэты свой стары дзённік. Шмат гадоў прайшло з таго часу, як я пісалэм до него. Тэраз я амаль увесь час гавару на польскай мове. Цо ешчэ я мог бы додаць сюды. Старая настаўніца мая Станішэўская даўно памерла. Я пасля польскай школы хачу паступіць да польскага універсітэта. Хачу вучыцца ў Варшаве. Жывём мы з татам нядрэнна. Польшча паволі ўпрыгожвае, на кшталт Еўропы, наш крэсовы гарадок. Я хачу пакласці гэты сшытак у бутельку і выкінуць у Нёман. Можа хто-небудзь калі-небудзь знойдзе гэтыя запісы. Якімі б не былі тады людзі, і ў якой краіне б ні жылі яны, я мам надзею, што яны будуць любіць свае родныя мясціны.