План Бабарозы - Павал Касцюкевіч 5 стр.


План належаў Роні. Яна так і сказала The Plan, Той Самы План. Агучыла яна яго падчас другой сустрэчы, у Берліне.

Тады ў нашай мілоснай гісторыі ўжо адгрымела бура знаёмства ў Кішынёве, дзе мы даволі так безапеляцыйна ўлялюшчыліся. Быў у нашым актыве таксама адзін, як па шчырасці, дык крываваты пацалунак.

У тую пару я ездзіў паўсюль, ад Лісабона да Тбілісі. Самая сярэдзіна 2000-х. Еўрасаюз ладзіў бясконцыя канферэнцыі і майстар-класы для культурных актывістаў памежных краін. У паездкі па Еўропе мяне прыстроіла знаёмая, дырэктарка адной прыватнай менскай галерэі. Яна не была маёй пацыенткай. Аднак, наслухаўшыся гісторыяў пра Бабарозу, тая знаёмая часцяком бажылася, што калі нашыя прыйдуць да ўлады і яна зробіцца міністаркай культуры, дык абавязкова ўнясе Комплекс Персея, мой псіхааналітычны метад лекаваць пацыентаў з дапамогай сямейных гісторый, у спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА. Побач з абрадавай гульнёй Жаніцьба Цярэшкі, клінічным псіхатэстам Шульмана з фігурамі, зашыфраванымі ў выцінанках, і парушніцкім лемезам, таемным слэнгам шклоўскіх шапавалаў.

У еўрапейцаў заўсёдная апантанасць чамусьці навучыць памежных тубыльцаў чаргуецца з не меншай перакананасцю, што нічому ты гэтых цывілізацыйных абібокаў не навучыш. На месцах усе даўно трымаліся думкі: нас, то бок украінцаў, армян, малдаванаў, беларусаў, грузінаў, ні на што ўцямнае не наставіш ні ў палітыцы, ні ў культуры. І мы, сыны сваіх народаў, цалкам апраўдвалі ўсе негатыўныя чаканні. На майстар-класах беспрабудна спалі пасля ўчорашняга, недарэчна балбаталі што на рот лезе. Па-расійску міжсобку дзяліліся ўражаннямі пра постсаўковы вэрхал, пілі мясцовае віно і да ранку бадзяліся па напаўмузейнай брукаванцы.

Кішынёў гэта была дванаццатая ці трынаццатая такая сустрэча. Мы, недаеўрапейскія вучні і нашы еўрапейскія выкладчыкі, па-дэмакратычнаму сядзелі абапал канферэнцыйнага стала. Роні заняла месца побач са мною.

Я хіхікаў, падцінаў Роні. Яна потым сказала, што ўжо тады яна паклала на мяне вока. Роні паклікалі на канферэнцыю ў якасці тютара. Яна мусіла расказаць, як трэба культурна жыць. Яна, гэтаксама, як і вучні, была перакананая, што нічому нас не навучыш, і таму мае зедлівыя кепікі і жарты слухала з ухвальнай усмешкай, у перапынках гуляючы ў тэтрыс на ноўтбуку.

Потым мы з ёй, згаварыўшыся, далі драла з заняткаў: я проста ўцёк, а Роні хуценька выклала сваю лекцыю, нешта кшталту Карысць культурнага менеджменту ва ўмовах татальнага расхэўдусу і выслізнула з аўдыторыі толькі потым. Было дамоўлена, што я чакацьму яе ля ўвахода ў гатэль Космас.

Мы гулялі па вясновым Кішынёве. Пілі неблагое віно проста з рыльца, балбаталі што на рот лезе. Я травіў гісторыі пра пяцёх жонак Дзядзюлі і яго тысячу каханак. Мы спявалі адно аднаму дурным голасам, Роні нямецкую салдацкую пра пяхотніка, які вярнуўся з швабска-дацкай вайны 1775 года. Я ж настолькі асмялеў (ахмялеў?), што гарлаў хіты з песенніка непаліткарэктнага дзікуна: Шпацырэн, шпацырэн, дойчэн афіцырэн! Партызанэн піф-піф-піф, камуністэн паф-паф-паф. Гэтай рачоўцы ў дзяцінстве мяне навучыла Бабароза. Роні брала мяне за рукі, і мы кружлялі па вулках жоўтасценнага горада ў галавакрутным вальсе.

У апошні дзень майстар-класаў мы злавілі таксоўку і за нейкую смешную суму паехалі ў манастыр сярод гор. У манастыры елі хлеб з арэхамі і глядзелі на навакольныя вертыкалі. Быў канец лютага у далінах ляжаў снег, але, на беларускія рэаліі, гэта адчувалася як красавік. Роні гойсала ў адной саколцы.

Па вяртанні ў гатэль, да Роні ў нумар я не пайшоў. Мы развітваліся ў ліфце. Роні горача абняла мяне, моцна прытуліўшыся да шчакі. Прамармытала, што, можа быць, мы сустрэнемся яшчэ, дзесьці ў Еўропе, на якім-небудзь майстар-класе. Ужо на самоце ў ліфце я ўсё думаў, як я хачу яе, але маладушна разважыў яшчэ, што страшнейшай цяпер для мяне будзе яе адмова, таму лепей не спрабаваць увогуле. Я зашыўся ў свой нумар, дзе ад перажывання і любоўных ваганняў паваліўся на ложак ды імгненна заснуў.

Пабудзіў мяне тэлефонны званок хвілін праз дзесяць.

 Ўот ар ю дуінг?

 Спрабую спаць

 Спаць? Ты спіш?! Тады калі я тут уся знемаглася, марачы, як пераспаць з табою!

Я вокамгненна прачнуўся. Роні тэліла са свайго гатэльнага нумара. Калі шчыра, можа, яна крыкнула нешта іншае, я быў прыспаны адно што ў яе крыку я выразна пачуў тройчы запар слова sleep, спаць.

 Я іду, Роні! загырчаў я.

 Я іду, Роні! загырчаў я.

Шпурнуў слухаўку на каўралінавую падлогу нумара. Стаў увіхацца: сноўдаўся па пакоі, спрабуючы пацэліць нагамі ў калашыны. Заляцеў на хвілю ў туалет, але рады не даў уваччу скакалі каляровыя вясёлкі, а маланка на прарэху захрасла напаўдарозе. Sleep, sleep, SLEEP! тахкала ў скронях. У кінутай на падлогу слухаўцы Роні лямантавала ды выкрыквала нешта кашэчае, зазыўнае.

Калі я ўрэшце завітаў да яе ў нумар, яна стаяла босая. Сцішаная і прысаромленая. Ейны юр яўна мінуўся. Я пасядзеў, паперыўся ў тэлевізар для прыліку, і, канечне, палез да яе. Роні млява, але трывала абаранялася.

 І часта ты так спакушаеш дзяўчат на далёкіх майстар-класах? напытвала Роні, прыбіраючы маю далонь з грудзей. Ведаеш, я замужняя. З дзецьмі.

І яна выкінула два пальцы.

 З двума

 Прыгожая, ты вельмі прыгожая на выдыху шаптаў я, спрабуючы злавіць яе вусны ў свае, і лавіў пах чорных валасоў. Яе жывот ад хвалявання пульсаваў буйнымі штуршкамі.

Дарэчы, потым Роні доўга мне прыгадвала гэтыя словы. Я творчая, я вясёлая, я урэшце няпростая. А ты, Персей, прызнаючыся ў каханні, назваў мяне бютыфул, вэры бютыфул вумэн?!

 Госпадзе! выгукнула Роні, калі мы ўрэшце крывавата, бо ўпершыню, пацалаваліся. Што мы тут робім? У нейкім Кішынёве, на краі свету Дзе мы?

Яе вочы былі колеру вішні на каньяку.

Ну, ты яшчэ не бачыла краёў свету, адказваў я ў перапынках між пацалункамі. Нейкі там Менск, скрыжаванне Ekskavatarny і Kalektarny street ось там сапраўдны край.

Роні рассмяялася і адначасова груба адпіхнула мяне на падлогу.

Пазней, уначы, было няўежнае развітанне ў холе гатэля са слязьмі і кінутымі на ўзвей ветру словамі.

А па прыездзе дадому насталі мілосныя будні з шматметровымі лістамі-прызнаннямі па мэйле і штодзённымі пасядзелкамі ў начным чаце.

Праз які месяц на іншых землях матухны-Еўропы ўсё працягнулася. Па збегу акалічнасцяў, нам надарылася ўбачыцца зноў даволі хутка: беларускую дэлегацыю запрашалі на культурфэст у Берлін. Роні і яе мюнхенскі Офіс Усходніх Пераменаў мелі там свой стэнд таксама.

На выставе я, што дурны цюцька, адразу прыпусціў сустрэцца з Роні на яе стэнд. Яна, публічна-чужая, стаяла пасярод павільёна ў звышафіцыйным шэрым касцюме. Я паспрабаваў абняць яе проста там. Груба адпіхнуўшы мяне, яна сувора, ментарскім тонам, як можа толькі яна, адчытала мяне напаўголаса, свідруючы цёмна-вішнёвымі вачыма праз бяздужкавыя акуляры:

 Пагаворым потым ПАСЛЯ працы! Я дашлю табе эсэмэс.

І спатканне будзе, сувора папярэдзіла Роні, толькі пасля дзелавых сустрэч з партнёрамі, дзелавой вячэры з калегамі па офісе і дзелавога ж чыл-аўту ў клубе для кіраўніцтва выставы.

Я прапанаваў спаткацца ў бары каля Фрыдрыхштрасэ. Роні перанесла ўсё ў хіпоўска-эмігранцкі Кройцберг там яе ніхто не пазнае.

Урэшце, ледзьве не апоўначы, мы апынуліся ў тым рэдкім берлінскім бары, дзе яшчэ можна курыць. Мы расказалі пра сябе ўсю праўду. Я што жыву з прабабуляй, бабуляй і бацькамі ў Менску. Пра прыемны кебінет прыёмны кабінет, з псіхатэрапеўтычнай кушэткай, і коратка пра комплекс Персея і метад унукатэрапіі. Роні, у сваю чаргу, распавяла пра Мюнхен: там былі муж, сапраўдны доктар хірургіі Увэ Мітэльман, які кожны дзень за звычайную змену ратуе жыцці як мінімум трох пацыентак (мужчын доктар чамусьці не лічыў людзьмі). Былі яшчэ румынскія карані і повязі, але, іміграваўшы на Захад, Роні іх акуратна падрэзала.

 Навошта азірацца назад, гэта замінае жыць. Таго, што прайшло, яго ўжо няма, зусім няма, разумееш? патлумачыла Роні.

І вядома, былі дзеткі: два хлопчыкі, на імёны якіх я цяпер трывала забыўся, і прыўдалы дамок сярод букаў і гор.

За столікам запанавала паўза здавалася, што дадаць і няма чаго. Я ўжо нават рэкнуў быў, што нічога з гэтага не будзе і я гатовы так, я гатовы расстацца. Дзве тысячы кіламетраў адлегласці і яе шлюб рабілі нашыя адносіны немагчымымі. Пачуваўся я побач з ёй, такой сляпучай і дыхтоўнай, поўнай нікчэмнасцю.

Расстацца?! Роніны бровы ўзляцелі, як спуджаныя птушкі. Вочы зрабіліся зусім ужо каламутна-чорныя, як пяныя вішні. Яна вокамгненна ператварылася ў пацанку-нецярпячку:

 Расстацца?! О, шайзэ, найн! Я не дзеля таго з табой тут спаткалася. У мяне ёсць План.

Я зірнуў на яе з нямым захапленнем. Чорта што я зразумеў.

 У жанчын, ведаеш, заўсёды ёсць планы, патлумачыла Роні, пакрысе зноў ператвараючыся ва ўзважаную і сухую Роні. Яе мабільнік піскнуў, і яна спешна разгарнула эсэмэску. Прачытаўшы, заспакоеная адклала мабілку ў бок:

Назад Дальше