Вінцэсь Мудроў
Помнік літары «Ў»
© Мудроў В. Л., 2018
© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2018
Жарсці на аграсядзібе, альбо ці лёгка засекчы пеўня
I
У аўторак, ад самай раніцы, Сцяпану Гайцюкову патэлефанавалі і папрасілі неадкладна зайсці да старшыні райвыканкаму. І хаця ў Сцяпана, гаспадара турыстычнай аграсядзібы, усё наўкол было «схоплена», а начальнік раённай міліцыі быў ягоным асабістым сябрам, усё адно дзесьці пад сэрцам нарадзілася трывога. Ды яно і зразумела: на мінулым тыдні яму завезлі на сядзібу сорак бетонных слупоў, якія ў паперах значыліся як спісаныя, а насамрэч былі скрадзены з нейкай будоўлі.
І вось, блізу абеду, Сцяпан увайшоў у прымальню старшыні, сакратарка адразу ж разнасцежыла масіўныя, з пазалочанымі ручкамі, дзверы, і гэта ўжо дарэшты ўстрывожыла душу.
Старшыня, Спартак Іванавіч Марусіч, працаваў на сваёй пасадзе другі год. Прыслалі яго аднекуль з Магілёўшчыны, і напачатку ён сядзеў у сваім кабінеце невылазна, нібыта ў крэсла ўмураваны, але апошнім часам стаў гойсаць па раёне і наводзіць парадак. І першае, што зрабіў, перавёў ў простыя інжынеры загадчыка аддзела капітальнага будаўніцтва выканкама. А цяпер, па чутках, збіраўся ўшчыльную заняцца ўладальнікамі аграсядзібаў.
Кіраўнік раённай «вертыкалі» сядзеў за сталом і размашыста падпісваў нейкія паперы. Нарэшце ўзняў вочы, акінуў наведніка дапытлівым позіркам, нібыта спрабуючы даўмецца чаго ён тут таўчэцца, і толькі тады кіўком галавы паказаў на крэсла.
Ты беларускую мову ведаеш? знянацку запытаўся Марусіч і пытаннем такім канчаткова збянтэжыў наведніка.
Вучыў калісьці у школе, прамармытаў Сцяпан і яшчэ больш насцярожыўся: ад беларускай мовы нічога добрага чакаць не даводзілася.
Усе мы калісьці штосьці вучылі, гаспадар кабінета закінуў на патыліцу пасму рудых валасоў. Карацей, сітуацыя такая, у голасе старшынёўскім загучалі ноткі заклапочанасці і нават лёгкай трывогі, да нас едзе місі-іс Марусіч адгарнуў старонку настольнага календара, падслепавата прымружыўся, місіс Каліста Маер-Бянькофф. Не простая, скажу табе, госця: з дзвюма «ф» пры канцы прозвішча і з некалькімі мільёнамі на банкаўскім рахунку.
Зразумеўшы, пра што гаворка, Сцяпан перавёў дых, адкінуўся на прыслон дыхтоўнага крэсла.
Спартак Іванавіч, дык у мяне ж звычайная, гонтай крытая хата. Куды ў такую халупу заморскую мільянерку сяліць. Вунь, у іншых двухпавярховыя сядзібы, аўстрыйскі фаянс..
Ты не зусім разумееш сітуацыю, перарваў Спартак Іванавіч і зноўку, цяпер ужо ліхаманкавым рухам, перагарнуў настольны каляндар. Мільянерка родам з нашых мясцін і прагне панурыцца ў часіны дзяцінства. Так што ніякіх еўрарамонтаў, ніякіх сілікатаў-ламінатаў. Я тут з дырэктарам музея дамовіўся. Прывязуць табе кросны, маслабойку, лапату, яшчэ якога антыкварнага начыння
Якую лапату? з панічнай інтанацыяй перапытаў наведнік.
Якой бабы каравай у печ садзяць. Трэба будзе, да ўсяго, і хлеб спячы.
Пачуўшы такое, Сцяпан заклапочана кашлянуў.
Ці не зашмат турботы будзе з той госцяй. Дый караваі ў нас ужо сто гадоў ніхто не пёк
Нічога, знойдзеш якую бабулю Пагатоў, прыезд гэтай як яе з дзвюма «ф» знаходзіцца на кантролі аблвыканкама. Уцяміў?
Сцяпан ізноўку кашлянуў, цяпер ужо з пакутай.
Ну не ўздыхай ужо так, гаспадар кабінета чарговым разам скасіў вока на каляндар. Ты, дарэчы, колькі маеш з чалавека?
Дзесьці дванаццаць даляраў у суткі, з неахвотаю адказаў Сцяпан, напусціўшы на твар устурбавана-заклапочаную гімору.
А тут атрымаеш у дзесяць разоў больш. І прыедзе яна не адна, а з унучкай. Так што падлічы сутачныя прыбыткі і рыхтуй аграсядзібу для сустрэчы дарагіх гасцей.
Падрахаваўшы ў галаве прыбыткі, наведнік прыкметна пажвавеў, памкнуўся ўзняцца з крэсла, але Марусіч паўтарыў пытанне, на якое дагэтуль не пачуў адказу:
Дык як у цябе з беларускай мовай?
Спартак Іванавіч зірнуў на Сцяпана з прытоенай усмешкай, ледзь прыкметна варушачы верхняй, кепска паголенай губой.
Хвіліну Сцяпан няўцямна лыпаў вачыма, дзівячыся на якую халеру здалася старшыні тая мова, і Марусіч з вохканнем падняўся на ногі.
Амерыканка ж, кажу, з нашых мясцінаў. А яны там усе, хто за акіян падаўся, нацыяналісты. Толькі па-беларуску і шпрэхаюць. Так што прыйшла ўказіўка з вобласці арганізаваць прыём на матчынай мове, каб на яе ліха Трэба будзе нейкую культурную праграму задзейнічаць, па раёне правесці, паказаць тое-сёе Карацей, ёсць у цябе знаёмыя, якія добра мовай валодаюць?
Сцяпан утрапёна паглядзеў на столь, разявіў у задуменні рот, перабіраючы ў памяці сяброў і знаёмых, але нікога вартага так і не згадаў. Неўзабаве і кіраўнік «вертыкалі» утаропіўся ў столь, заварушыў вуснамі і нечакана ляпнуў далонню па стале ды так рашуча, што наведнік сцепануўся.
Хаміцкі! Паэт наш мясцовы! І як яго адразу не згадаў? гракнуў Спартак Іванавіч і пры гэтым натхнёна пацёр далоні.
Гэта той, што ў газеце працуе? па голасе Сцяпанавым было зразумела, што ён не падзяляў старшынёўскага натхнення.
Працаваў выгналі за пянку.
Куды ж яго такога экскурсаводам браць? Надоечы бачыў ля піўной стаіць, трасецца ўвесь.
Ну дык што нам, з вобласці чалавека выпісваць? буркнуў Марусіч, ды і ў вобласці ўжо нікога не знойдзеш. Карацей, едзь у піўную, шукай Хаміцкага.
Пасля кабінетнай задухі Сцяпану добра дыхалася. Ён стаяў на бетонных прыступках і глядзеў на неба. Калі гадзіну таму заходзіў у выканкам, свяціла сонца і неба было празрыстым да прадоння. Цяпер жа па небе плыло ашмоцце навальнічных хмар, і гэта прадракала навальніцу. Але пахмурны прасцяг зусім не псаваў настрою. Наадварот, душа Сцяпанава поўнілася нейкім дзіўным захапленнем.
Два гады прамінула, як ён перабудаваў бацькоўскую хату ў турыстычную аграсядзібу і з той хвіліны пазбыўся спакою. Вось і цяпер Сцяпан стаяў ля райвыканкама, а душа ягоная была там, на родным падворку, які мінулай ночы аж па край абванітавалі пастаяльцы пяцёра піцерскіх дзецюкоў. Дзіва што: за два дні піцерцы агоралі цэлую скрыню гарэлкі!
«Заўтра ж выганю ўсю гэтую пяноту», разюшана і ў адначас весела сказаў сам сабе Сцяпан. Адчуванне таго, што хутка ў яго зявяцца іншыя пастаяльцы выхаваныя, непітушчыя і, галоўнае, з туга набітымі гаманцамі, сціскала душу спазмам замілавання гэтым светам, гэтымі нізкімі разбэрсанымі хмарамі, гэтымі далёкімі грымотамі, што абудзіліся за даляглядам, і Сцяпан, не адчуваючы пад сабою ног, кінуўся да машыны. Хацеў яшчэ да дажджу падехаць да піўной летамкі на Савецкай вуліцы.
ІІ
Даўно не пачуваў сябе так шчасна Вася Хаміцкі, як тут, на аграсядзібе. Хаця за апошнія дні і ўходаўся дарэшты, бо давялося і дровы секчы, і траву касіць, і ваду цягаць у лазню, і нават з маслабойкай завіхацца. Ды што там фізічная праца. Мусіў нават дэкаратыўным мастацтвам заняцца: выразаў лобзікам з фанерыны сілуэт бусла, а потым яго размаляваў. Гаспадар прыбіў бусла да вільчака хаты, і потым яны доўга не маглі зразумець што ў ім не так. Аказалася, што лапы зрабілі каленямі наперад, а ў буслоў жа яны назад глядзяць.
Адрыгнуўшы сытным баршчом, Васіль дастаў з кішэні портак пакамечаны аркушык, разгладзіў на грудзіне. На ім імклівай рукой быў намаляваны ўзгоднены райвыканкамам маршрут заўтрашняй выправы па гістарычных мясцінах, паўзверх якога бег размашысты надпіс: «Пачаць экскурсію словамі: Непазнавальна змяніўся за апошнія дваццаць гадоў наш раён».
Васіль бязгучна вылаяўся, пхнуў паперку назад у кішэнь. Што якое, а ўжо словам ён валодае, тут падказак не трэба. І раён ведае як ніхто іншы. За час працы ў газеце сто разоў яго абехаў і ўдоўжкі, і ўпоперак. Божухна, і пра што толькі не даводзілася пісаць і пра міфічныя ўдоі, і пра «лінейкі гатоўнасці», і пра звышпланавы вываз арганікі на палеткі. А цяпер вось і сельгасаддзел у газеце скарацілі, і яго, паэта, ветэрана раённай журналістыкі, з працы выгналі.
Звёўшы да пераносся кусцістыя бровы, Васіль уголас вылаяўся на адрас рэдактара «раёнкі» і, закінуўшы рукі за патыліцу, стаў глядзець на светлыя шчыліны, што праціналі дах адрыны.
Мінулага аўторка Васіль, як заўсёды, сядзеў у піўной летамцы на Савецкай, і раптам перад вачыма паўстаў Сцёпка Гайцюкоў стары прыяцель, з якім колісь вучыліся ў сельгасакадэміі і які пару гадоў таму зехаў з горада і жыў недзе на аграсядзібе. Сцёпка, азірнуўшыся, паказаў на мігах, што трэба пагаманіць, і яны нетаропкай хадою прайшліся ўздоўж вуліцы. Гайцюкоў стоеным голасам паведаміў, што ў яго на сядзібе мае атабарыцца амерыканка, якая зусім не ведае расейскай мовы толькі беларускую ды ангельскую, і прапанаваў Васілю папрацаваць тыдзень у якасці перакладчыка. Прапанова была зманлівай, але і насцярожвала. Амерыканцаў ён зроду не бачыў, а халера іх ведае што яны могуць учыніць. А раптам паспрабуюць завербаваць? Ці ж мала было выпадкаў? Магчыма, Васіль і адмовіўся б ад такой прапановы, ды тут секануў шпаркі дождж, яны ўбіліся ў Сцяпанаў легкавік і давялося, на знак згоды, ляпнуць далонню па хціва падстаўленай пяцярні. Ну і не схібіў, бо тут, на аграсядзібе, былы журналіст пачуваў сябе як у бога за печчу. Сыты, памыты у лазні дзве гадзіны парыўся, і ў новай вышыванай кашулі. Сцяпан адмыслова ездзіў па яе ў горад пазычыў у нейкага фальклорнага калектыву. Трэба было заморскіх гасцей у нацыянальных строях сустрэць.