Надышоў гэты шчасьлівы дзень. Сымон убачыў Хрыста. І што ён кажа да Бога? «Цяпер адпускаеш, Уладар, слугу Свайго ў супакоі, бо ён пабачыў збаўленьне сьвету, Сьвятло для прасьвятленьня ўсіх народаў. Сьмерць з гэтага моманту не так пужае, бо за змрокам сьвятло і супакой.
Шчасьлівы дзень Сымона старца. «Ахвяраваньне ў храм» на блёку пошты Ніуэ (1989 г.). Выява карціны Рэмбрандта
Сымбалем гэтага сьвята ёсьць запаленыя сьвечкі. Сьвечка сымбаль Хрыста, які прынёс сьвятло вечнай Праўды ўсім народам. А на Грамніцы сьвечка таксама сымбалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла сьвятло веры, надзеі і любові. Яна была першай, якая паверыла, і таму Бог бязьмежна ўзвысіў Яе. Але прынёсшы Дзіцятка Ісуса ў Сьвятыню, з вуснаў Сымона Марыя пачула прароцтва пра тое, што «меч пройдзе праз Яе душу» (Лукаша 2:34).
Марка пошты Емэну (1969 г.) з сэрыі, прысьвечанай візыту Папы. Карціна «Ахвяраваньня ў храм» Гіацынта Дыяна (Giacinto Diana (17301803)
Асьвячоныя ў дзень сьвята «Сустрэча Госпада нашага Ісуса Хрыста» сьвечкі называюць «Грамнічнымі», бо іх запальваюць у час навальніцаў, якія суправаджаюцца моцным ветрам, маланкамі і грымотамі, каб апека Маці Божай выратавала ад небясьпекі стыхіі. Запаленую грамнічную сьвечку так сама даюць у рукі паміраючаму, каб Найсьвяцейшая Дзева Марыя прывяла яго душу ў неба.
Пакланеньне мудрацоў
Вол ведае гаспадара свайго, і асёл ясьлі гаспадара свайго; а Ізраіль ня знае Мяне, народ Мой не разумее. (Ісаі 1:3)
«Калі ж Ісус нарадзіўсяў Віфлееме Юдэйскім ў дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць, дзе народжаны Цар Юдэйскі? Бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму. Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім. І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мае нарадзіцца Хрыстос? Яны ж сказалі яму: у Віфлееме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока: «І ты, Віфлееме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводзтваў Юдавых, бо з цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля. Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі і, паслаўшы іх у Віфлеем, сказаў: ідзіце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажыце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму. Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця. Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай, і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну» (Мацьвея 2:111).