Зміцер Дзядзенка
Ордэн Прамяністых
Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу выдавецтва.
© Дзядзенка, Зм., 2020
© Афармленне і распаўсюджванне e-book.
ТАА «Электронная кнігарня», 2020
Пралог
Мужчына хуценька зайшоў у падезд, спыніўся і азірнуўся. Потым знерухомеў, быццам у нерашучасці.
Пастаяўшы пару хвілін моўчкі, ён крадком вызірнуў за дзверы на вуліцу: там па-ранейшаму было сонечна і ціха. Некалькі галубоў хіжа расцягвалі на кавалачкі лусту хлеба, абок іх мітусіліся верабі, пільнуючы сваю долю здабычы. Больш на вуліцы не было ні душы ні чалавека, ні сабакі.
Рукой у замшавай пальчатцы мужчына задуменна пагладзіў сабе шчаку, задаволена пасміхнуўся. Асцярожна ступаючы, ён падняўся па высокіх лесвічных пралётах на трэці паверх і спыніўся на пляцоўцы, на якую выходзілі дзверы трох кватэр. Быццам вагаючыся, мужчына агледзеў усе іх, а потым рашуча падышоў да сярэдніх дзвярэй і пакруціў ручку званка тры разы. У глыбіні кватэры штосьці меладычна бомкнула, і ўсё зноў сціхла.
Нарэшце за дзвярыма нехта зашумеў, замок шчоўкнуў, і дзверы прыадчыніліся на шырыню ланцужка. У шчыліне зявіўся немалады мужчынскі твар: акуратная барада-эспаньёлка і старамоднае пенснэ на носе сведчылі, што іх гаспадар належыць, хутчэй за ўсё, яшчэ да дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі. Магчыма, так выглядаў бы доктар Чэхаў, калі б яму ўдалося пражыць гадоў на дваццаць больш і пабачыць на свае вочы страшную імперыялістычную вайну, а потым рэвалюцыю і яшчэ страшнейшую вайну, якая прыйшла следам за пераменай улады
Пабачыўшы госця, гаспадар прыязна заўсміхаўся. Яго высокі голас набрыняў радасцю:
А вось і вы! Мы ўжо чакаем! Толькі вас, толькі вас бракавала
Ён адчапіў ланцужок і шырока расчыніў дзверы, прыветна запрашаючы госця.
Той зайшоў і спыніўся, чакаючы, каб гаспадар зачыніў дзверы. Пасля гэтага госць склаў рукі ў сябе на грудзях крыж-накрыж: пальцы левай рукі дакраналіся правага пляча, пальцы правай рукі левага. Ён цырымонна пакланіўся гаспадару, па-ранейшаму не гаворачы ні слова.
Гаспадар таксама пакланіўся, хаця ён свае рукі проста склаў на жываце адну паўзверх другой. Потым гаспадар прагаварыў з цёплай усмешкай:
Заходзьце, рыцар! Ордэн Прамяністых рады вітаць вас
Гаспадар расхінуў дзверы ў пакой, пасярод якога стаяў круглы стол. Вакол яго сядзелі людзі, на самім стале не ляжала нічога, акрамя крыжа і белай ружы.
1927, кастрычнік
Андрэй Камар завярнуў за рог дома: каб трапіць у падезд, трэ было прайсці праз шырокі двор з клёнамі, якія кастрычнік ужо шчодра размаляваў вохрыстымі і барвовымі колерамі. Хто-ніхто з навакольных мог падумаць, што і самога Андрэя восень пазначыла сваім нязмыўным колерам, прайшоўшыся пэндзлем з рудой фарбай па яго галаве.
Ён націснуў гузік званка каля кватэрных дзвярэй, і той неяк няўпэўнена, разгублена дзынкнуў. Малады чалавек пачакаў і пазваніў яшчэ раз цяпер ужо больш настойліва заяўляючы пра свой прыход. Але кватэра па-ранейшаму не хацела яму адкрыцца, быццам капрызная дзяўчына, якой не спадабаўся настойлівы залётнік з ягонымі надакучлівымі спробамі пазнаёміцца на вуліцы.
На крыху наіўным твары маладога чалавека праступіла ніякаватасць. У разгубленасці Андрэй ускудлаціў левай рукой задзірыстыя рудыя віхры, а правай у адчаі тузануў дзвярную ручку і дзверы падаліся, быццам толькі і чакалі смялейшых дзеянняў з яго боку.
Не замкнёна.
Хлопец зрабіў крок у цемру калідора і прыпыніўся.
Ціша. Напружаная, мёртвая ціша.
Андрэй зрабіў яшчэ крок, маснічыны пад ім тоненька застагналі, нібы пацыент у крэсле зубнога лекара.
Ёсць хто дома? пытанне з цяжкасцю прадралася праз нечакана перасохлае горла.
Кватэра адказала той жа самай даўкай цішай.
Госць прайшоў па калідоры да светлага прастакутніка дзвярэй, што вялі ў кабінет, і, пагрукаўшыся, штурхануў іх.
Ён ужо неаднаразова бываў у гэтым пакоі, ведаў, што гаспадар, Грацыян Пашкоўскі, бавіў тут большую частку дня.
Ведаеце, Андрэй, казаў немалады гаспадар, уздымаючы бровы, ад чаго адразу станавіўся падобным да здзіўленага сыча, у мяне засталося не так шмат часу, а працы чамусьці не становіцца менш. Трэба паспець як мага больш
І зараз гаспадар быў тут, у кабінеце. Андрэй пабачыў у фатэлі яго фігуру Пашкоўскі, верагодна, задрамаў за працай: яго галава адкінулася назад, на спінку фатэля, таму на госця глядзела бездапаможная лысіна. Рукі мужчыны расслаблена звешваліся з білцаў, левае рукаво халата, відаць, зачапілася і нязграбна закасалася, агаляючы немаладую руку з дагледжанымі пальцамі.
«Стаміўся», зразумеў Камар і хацеў ціхенька выйсці, пакінуўшы гаспадара ў спакоі. Аднак яму стала надзвычай цікава, што за праца так знясіліла Пашкоўскага. Яго вабілі паперы, якія ляжалі на стале перад гаспадаром.
На дыбачках малады чалавек падышоў да фатэля і зірнуў з-за пляча мужчыны, які працягваў нерухома сядзець. Машынальна Андрэй спярша кінуў позірк на самога гаспадара, каб упэўніцца, што той не прачынаецца.
Пабачанае нібыта заваражыла яго, прыкула погляд да адной кропкі.
Пашкоўскі быў мёртвы.
Яго галава была адкінутая на спінку. Твар ссінеў, а з грудзей тырчалі тронкі нажа, быццам прымацоўваючы цела да фатэля.
Абазнаны спецыяліст зразумеў бы, што мужчыну задушылі, а толькі потым ужо ў мёртвае цела ўваткнулі нож, таму крыві амаль не было. Але Андрэй не быў спецыялістам. Дый быў ён занадта агаломшаны гэтым нечаканым выглядам мёртвага Пашкоўскага, каб цвяроза разважаць.
Вылучалася толькі адна нечаканая дэталь, якая потым пераследавала юнака ва ўспамінах. На грудзях мерцвяка англійскай шпількай была прымацаваная белая ружа.
Сляпуча-белая, нібы нежывая.
Андрэй адступіў назад, не ў змозе адарваць позірк ад фігуры, выгляд якой напаўняў яго цяпер неўтаймоўным жахам. Сэрца шалёна калацілася, ногі падгіналіся, як ватныя.
Апынуўшыся ў выратавальнай цемрадзі калідора, малады чалавек нарэшце павярнуўся і стрымгалоў кінуўся з кватэры. Лесвічныя прыступкі замільгалі ў яго пад нагамі, потым на змену ім прыйшла вулічная брукаванка, аднак Камар нават не заўважыў гэтай змены ён бег, нічога не бачачы перад сабой, бо замест вуліц, дамоў, людзей у яго перад вачыма стаяла вусцішнае відовішча: мёртвае цела з кроплямі крыві, сляпуча-белая, не кранутая гэтай кроўю ружа
Белая, белая ружа.
З ПРЭСЫ
Падрабязнасці арышту Антона Луцкевіча
12 кастрычніка ў 7 з паловай гадзін раніцы паліцыя па загадзе пракурора ўвайшла ў памяшканне грам. А. Луцкевіча па Віленскай вул., 8, і зрабіла рэвізію, якая цягнулася да 1-ай гадзіны дня.
Як піша ўрадавы «Курер Віл.», А. Луцкевіча «арыштавалі ў сувязі з следствам у справе з ліквідаванай у сваім часе «Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады», найвыдатнейшыя правадыры якой, як вядома, пасаджаны ў астрог у Вронах». А. Луцкевіча пасадзілі ў Віленскі астрог на Лукішках.
Савецкая Беларусь, 16 кастрычніка 1927 года
2009, снежань
Павел Кміціч лацвей уладкаваўся ў разгалінаванні старой ліпы: яго спіна нават праз куртку адчувала трывалую, цвёрдую шурпатасць ствала, правая нага не проста звісала з шырокай галіны, а надзейна абапіралася на другі сук, які рос ніжэй.
Павел падняў да вачэй бінокль і навёў рэзкасць: акно дома, насупраць якога ён сядзеў, рэзка наблізілася, быццам адчыняючыся перад ім. Тонкая цюлевая фіранка не хавала гнуткай паставы дзяўчыны, якая распраналася пры мяккім святле лямпачкі. Вось узляцела ўгару і зняможана апусцілася на ложак зялёная сукенка, і на дзяўчыне засталіся толькі карункавы антрацытава-чорны станік і вузенькія майткі-стрынгі такога ж колеру.
Кміціч адчуў, што яго дыханне стала частым і цяжкім, унізе жывата ўсё соладка наструнілася.
Дзяўчына завяла рукі за спіну і расшпіліла кручкі станіка. Ён саслізнуў, вызваляючы невялікія грудкі з пупышкамі-смочкамі.
Раптам дзяўчына павярнулася, быццам неспадзявана пачула нешта ў сябе за спінай. Кміціч пабачыў, як яна ўзяла ў рукі мабільнік. Але гаварыць з тым, хто ёй тэлефанаваў, не хацела: стаяла і разгублена глядзела на экран, не націскаючы кнопкі і не падносячы тэлефон да вуха.
«Ну, што ж ты! Адкажы на тэлефанаванне ці пакладзі мабілу і распранайся далей», Павел з прыкрасцю пачаў пакусваць вусны.
Аднак тэлефонны званок не змаўкаў, і Кміціч зразумеў, што гэта звініць яго мабільнік, бязлітасна вырываючы яго з такога смачнага сну. Мабыць, спрацаваў будзік, які Павел паставіў сабе з вечара.
Ён працягнуў руку і, амаль не расплюшчваючы вочы, націснуў клавішу адмены: падымацца не тое каб не хацелася не было ніякай змогі. Сон апаясваў яго сваімі нябачнымі кунтушамі