Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris - Андрэй С. Адамовіч 2 стр.


Я і сам не паверыў бы, што ў такім стане Мятліцкія ехалі па сталіцы Польшчы, але тут ім у акенца пагрукалі. «Госпадзе!  я гэта кажу разам з вамі і за вас, спадарства, бо, можа, вам лянота.  Няўжо паліцыя! Але пра што аўтар думае, у іх жа забастоўка!» Але! Гэта была зусім не паліцыя. Гэта быў знаны ў мінулым беларускі паэт, а цяпер беларускі рэпер са сваім сябрам, таксама паэтам.

Яны церліся каля «Жабкі» ўжо дзесяць хвілін і ўсё чакалі, калі Мятліцкія вылезуць з машыны.

У Шымана пакуль не было нікога, апроч ягонага бультэрера, ягонай жонкі Таццяны і ягонай дачкі, якую мы можам назваць выпадковым імем  напрыклад, Зояй (у мяне так цешчу клічуць, хай ёй будзе прыемна, што адзіны светлы персанаж у кнізе названы ейным імем). «А як жа мама?»  пацікавіцеся вы. Заканамернае пытанне, але вы маю маму і так будзеце часта ўзгадваць, на халеру вам яшчэ і імя ейнае ведаць.

Пакрысе госці сабраліся і расселіся на тэрасе вакол вялікага стала з мармуровай стальніцай, якая знізу была ўмацаваная жалезнай арматурай: гаспадар хоць і быў паляк, але мог бачыць наперад, праз алкагольныя выпарэнні ў канец пянкі, якая праз свой дызайн, праз быццё ў сабе і часе была спраектаваная так, каб скончыцца танцамі на стале.

Як бывае ў кампаніях, дзе ёсць палякі, героі перш-наперш вырашылі высветліць, хто ў таварыстве габрэй.

 Барыс, ты што, габрэй?  запытаў Віталь Рыжкоў, як толькі Барыс далучыўся да стала.

 Ніякі я не габрэй,  адказаў Барыс, які сапраўды не быў габрэем, але быў уладальнікам начнога клуба на ўзбярэжнай Віслы.

 Шыман, дык ты габрэй?  запытаў Віталь у гаспадара кватэры.

Выявілася, што і Шыман не габрэй, а паляк, дый усе астатнія спрэс беларусы. Як вы разумееце, Віталь быў за крок ад таго, каб атрымаць у твар.

 Не, Барыс, ты ўсё-ткі габрэй,  Віталь вырашыў пайсці all-in.

 Слухайце, а хто яго сюды паклікаў?  запытаў Шыман.

Паколькі Кася Мятліцкая, якая паклікала Віталя, у той момант спала і не магла ўзяць на сябе адказнасць, не раўнуючы Гітлер за стан беларускай ЖКГ, то Віталь вырашыў адкласці пытанне з габрэем на заўтра.

Вячоркі пайшлі па звычайным для такіх імпрэз сцэнары. Найперш мужчыны абмеркавалі справы:

 Барыс, зрабі мне канцэрт у сваім клубе,  папрасіў Віталь.

 Восем тысяч шэкеляў,  з ходу адказаў той.

Віталь уважліва паглядзеў на Барыса і неяк адразу яго запаважаў.

 Чатыры,  адказаў Віталь, які абсалютна не ўяўляў цяперашняга курсу шэкеля.

Барыс паглядзеў на Віталя таксама не без павагі, але прапанаваў для пачатку выпіць дзве бутэлькі віна. Чырвонага і такога густога, што само жыццё па ім рабілася поўным па макаўку, а не такім сухім і бессэнсоўным, быццам той фантан у яго берлінскім доме, помпа якога зламалася, калі ўсю ваду выдзьмула клятым нямецкім ветрам. А тады ўжо паслухаць Віталёвыя песні.

Так за келіхамі героі вялі прадушаныя тонкай іроніяй і адсылкамі да грэцкіх аўтараў размовы, якія могуць быць толькі між блізкімі сябрамі ці людзьмі, што бачаць адно аднаго ўпершыню.

Напрыклад, жонка Барыса, брунетка гадоў сарака, загорнутая ў шоўкавую чорную сукенку з моднай калекцыі, распавядала Пшэмаку Мятліцкаму, чаму яны не бяруць у каманду ўкраінцаў і малдаван.

 Разумееш, калі я наймаю хахла, увесь клуб робіцца нібыта змазаны салам, яно сцякае з жырандоляў на столікі, у кілішкі і кубкі, плавае пад піўной пенай, ліецца са столікаў на падлогу, працякае паміж дошкамі, тахкае па пяску, збіраецца ў ручаіны, коціцца да Віслы. Ляжыць у прыбіральнях на рукамыйніках, ажно госці думаюць, што гэта мыла. Усе робяцца бліскучымі ад гэтага сала, на танцполе каго-небудзь абняць немагчыма, ахова не можа нікога скруціць, усе выслізгваюць. І раптам хочацца танчыць гапак, разумееш? Гапак! Як можна танчыць гапак, калі ў нас рэгі-бар? Які гапак, якое сала? Зусім іншая канцэпцыя, разумееш?

 А малдаван чаму не наймаеш?  са спачуваннем да Жонкі Барыса запытаў Пшэмак.

 Я іх ад украінцаў не адрозніваю, навошта мне гэтая рызыка?

 Рызыкаваць не варта,  Пшэмак цалкам падтрымліваў такі мудры рэкрутынг.

У гэты час Шыман трымаў бультэрера за заднія лапы за агароджай тэрасы, якая месцілася на восьмым паверсе. Від адсюль адкрываўся, нібыта раман Сянкевіча пра веліч польскага народа,  эпічны, з прысмакам фантастыкі. Відно было Цэнтр Каперніка, музей сучаснага мастацтва і нават кавалачак Віслы. Пад тэрасай гулялі людзі.

 Бачыш вунь таго?  запытаў Шыман у бультэрера. Бультэрер кіўнуў галавой.

 А малдаван чаму не наймаеш?  са спачуваннем да Жонкі Барыса запытаў Пшэмак.

 Я іх ад украінцаў не адрозніваю, навошта мне гэтая рызыка?

 Рызыкаваць не варта,  Пшэмак цалкам падтрымліваў такі мудры рэкрутынг.

У гэты час Шыман трымаў бультэрера за заднія лапы за агароджай тэрасы, якая месцілася на восьмым паверсе. Від адсюль адкрываўся, нібыта раман Сянкевіча пра веліч польскага народа,  эпічны, з прысмакам фантастыкі. Відно было Цэнтр Каперніка, музей сучаснага мастацтва і нават кавалачак Віслы. Пад тэрасай гулялі людзі.

 Бачыш вунь таго?  запытаў Шыман у бультэрера. Бультэрер кіўнуў галавой.

 Гэтага ў белай кепцы ці таго рудаватага з дзеўкай?  удакладніў Шыман.

У адказ сабака зрабіў амаль што цыркавы нумар: выгнуўся ўсім целам і ўважліва паглядзеў гаспадару ў вочы, маўляў, гаспадару, я толькі сабака, скуль я ведаю, каго ты меў на ўвазе?

 Твая праўда,  Шыман на хвіліну задумаўся.  Добра, як думаеш, той у кепцы  славак?  бультэрер адмоўна пакруціў пысай.  А той лысаваты  славак?  сабака зноў не прызнаў славака.  Ну, а можа, дзяўчына з ім, у гэтай сукенцы ў гарохі, можа, яна славачка? Прыгледзься, можа, гэта не гарохі, можа, гэта гербочкі Браціславы?

Сабака нейкі час прыглядаўся, але пасля яшчэ раз адмоўна пакруціў галавой. Шыман выцягнуў сабаку з-за агароджы і паставіў на паркет.

 Дзіўлюся я табе: другі тыдзень ніводнага славака.

Сабака вінавата віхляў хвастом і лашчыўся аб калені Шымана, быццам напраўду шкадаваў пра свой сапсаваны нос.

 Добра, праз гадзінку яшчэ славакаў пашукаем. А карміць сёння я цябе ўжо не буду, ты і так разеўся, ледзьве трымаю.

Шыман вярнуўся за стол і задумаўся. У жыцці было ўсяго дзве радасці: прадаць беларускаму калгасу трактар і калі сабака пазнае ў мінаку славака. З трактарамі ішло добра, а вось са славакамі  горш, нібыта чорная паласа пачалася. Шыман нават разважаў, ці не звадзіць сабаку да ветэрынара  праверыць зрок.

 Зноў ты славакаў шукаў?  запытала Таццяна, жонка Шымана.  Сабака кульгае.

Таццяна была асляпляльнай рудой прыгажуняй. Такой бліскучай, што Ліза Лянкевіч, беларуская мастачка, якая, як кожны беларускі мастак, што можа намаляваць каня або яшчэ лепш  упэўнена патлумачыць, што раздрукоўка допіса з фэйсбука  гэта і ёсць конь,  жыла ў Варшаве і ў гэты момант таксама была на тэрасе, балюча ўдарыла Пшэмака мыском чаравіка па назе. Гэта каб Мятлік не прапусціў яе аповед, бо Касі, якая ўтрымала б галаву мужа адвернутай ад грудзей Таццяны, усё яшчэ не было за сталом.

 Таня, каханая,  сказаў Шыман.  Ты ж ведаеш, нешта ўжо два тыдні ніводнага славака.

 Пашкадуй сабаку,  Таццяна села пры стале і агледзелася.

 Нас з вамі не прадставілі, здаецца,  звярнулася яна да маладога чалавека гадоў трыццаці.

 А гэты дзядзька,  сказаў Пшэмак,  гэта капітан Капейкін, вельмі вядомы ў Беларусі агент КДБ. Яго ў гэтым сезоне рэкамэндуюць да кожнага дома, ва ўсіх пабываў. Мы яго называем проста Чорны. Ён мне як брат.

 І што, Чорны, вы напраўду агент КДБ?  зацікаўлена спытала Таццяна.

 Так,  адказаў капітан Капейкін.  Напраўду.

Было бачна, што шпіён крыху сумеўся ад прыгажосці Таццяны і ад гэтых цёплых слоў Пшэмака. Шчыра кажучы, Чорны паўгода сядзеў у Варшаве і далей за тры-чатыры салоны пакуль не трапіў. Але знаёмства з Шыманам і Таццянай мусіла адкрыць яму мноства дзвярэй  ва ўсе знаныя дамы, за глухія дзверы мастацкіх залаў, у падвалы з оргіямі, на гарышчы з падвешваннямі на нацыянальных сцягах, у пісьменніцкія майстэрні з няскончанымі раманамі пра Радзіму і, чым чорт не жартуе, можа быць, яго звядуць і з кімсьці з кансерваторыі, кімсьці, хто піша гімн па замове ўрада БНР у выгнанні.

Таму ад сённяшняга вечара залежала вельмі шмат  ці ўдасца яму зрабіць добрае ўражанне? Ці скажуць гэтыя людзі, што ён насамрэч заяб-сты агент КДБ, ці рэкамэндуюць яго, ці прадставяць патрэбным людзям? Ці хаця б запросяць наступным разам? Чорны нават хацеў адказаць Віталю, што ён і ёсць габрэем у гэтай кампаніі, адно каб паказаць наколькі ён самаіранічны, маўляў, не думайце, што мы, кадэбэшнікі, на пафасе  зусім не, мы ўмеем пасмяяцца. Але ад самага пачатку ён казаў, што беларус, і таму падкрэслена размаўляў толькі па-руску, гэта мінчукі з дзедам-габрэем выдурняюцца або берасцейскія хлопцы могуць пагаманіць па-беларуску, маўляў, беларусы мы, беларусы, а ніякія не хахлы, ці яшчэ там можа гарадзенец штосьці матчынай мовай сказаць, а такому простаму хлопцу з-пад Ліды не трэба нікому даводзіць, што ён беларус, ён можа і па-расейску размаўляць усё жыццё.

Назад Дальше