Песня пра Цімура. Carmen de statura feritate ac venatione Timuris - Андрэй С. Адамовіч 9 стр.


 Марыя, а ты магла б зрабіць агучку да таго, як Віталь есць?

 Не, я ж не порна-зорка.

 Чым ты займаешся?

 Увогуле я кандыдат філалагічных навук, але займаюся манікюрам.

 Зразумела. Вы, Віталь, таксама няздара, гістфак, сацыялогія? Працуеце ў «Макдональдсе»?

 Не, я рэпер. У мяне нядаўна альбом выйшаў.

 Ясна, па-мойму, вы ідэальная пара эмігрантаў. Вы не хочаце пацалавацца?  Агата не здавалася.

Марыя адчувала сябе нібы ў казцы Кэрала, але не ведала, што рабіць, Віталь таксама сумеўся, агаломшаны ідыятызмам сітуацыі. Але на хвіліну ад іх адчапіліся, бо ў кебабню ўвайшоў мужык у спартыўным касцюме. Аператар пачаў здымаць яго.

 Ідзі ты нах-й,  сказаў наведнік і пайшоў з кебабнай.

 Вось, сябры, вось узровень польскай культуры на сёння. Манікюрша, рэпер і мацяршчыннік.

 І араб,  дадаў араб.

 Не, араб  не,  сказала Агата.  Араб ёсць уладальнікам, а не актарам.

 Па-польску «акторам»,  сказаў араб.

 Ты мяне не вучы, я дактарат па Хайдэгеры абараніла і ўзяла порна-оскар за найлепшую сцэну групавога сэксу, пакуль ты сваю моркву заварочваў,  зрэзаўшы араба, Агата звярнулася да героя перадачы:  Віталь, чым ты сёння збіраешся здзівіць дзяўчыну? Зачытаеш рэп або станчыш на стале?

Калі рэжысёр нарэшце вырашыў, што знялі дастаткова матэрыялу, Агата ўзяла кебаб, які Марыя нават не надкусіла, і ўчапілася ў яго зубамі. Пакуль порназорка ела, Віталь з дзяўчынай сышлі.

У гэты самы час Андрэй Якушаў  беларускі кампазітар, які пісаў дактарат ва Унівэрсітэце Шапэна, зайшоў у бар і замовіў шот.

 Такая ўжо дзе тупая,  сказаў ён пра афіцыянтку, калі яна адлічвала рэшту. Працаўніца ведала беларускую, а Андрэй ведаў, што яна ведае.

За сцяной бара знаходзілася мастацкая галерэя Касі Мятліцкай. Дзяўчына скончыла філфак, але, як нам вядома з трэцяга пастулата Шварцшыльда і яшчэ аднаго мужыка з габрэйскім прозвішчам, які, як кожны прыстойны мужык з габрэйскім прозвішчам, меў продкаў у Дзятлаве Гарадзенскай вобласці, слова канвертуецца ў бабкі дрэнна, слова з далучанай да яго карцінкай  лепш, а карцінка без слоў канвертуецца ў бабкі, як функцыя ад вышыні медыя-хвалі, на якую мастака прапіхнуў куратар. Пры гэтым з чацвёртага пастулата нам вядома, што хваля не квантуецца і ўяўляе сабой струну, адзін бок якой замацаваны ў дыскурс, а другі знаходзіцца ў руках мастацкага крытыка, якія трасуцца пасля ўчарашняга.

Шосты ж пастулат нам гаворыць, што няма такой карцінкі, якую нельга выставіць у Луўры. Дзявяты  што пры выбары прадмета мастацтва пажадана ўлічваць не толькі суму, якую аўтар атрымаў за ўсе прададзеныя пры жыцці працы, але і чысціню какаіну, якім ён частуе гасцей.

Усяго гэтага Кася не ведала, бо на філфаку гэтаму не вучаць, затое там прымушаюць чытаць класічныя раманы, у якіх апісана шыкоўнае жыццё спекулянтаў ад антычнасці да нашых дзён, з чаго кожны, хто ведае пра рэгрэсію да сярэдняга, можа зрабіць простую выснову, што яму хопіць раманаў, каб пражыць жыццё ў запыленым куце з кнігамі. На шчасце Мятліцкай, яна была злоснай прагульшчыцай і, аднойчы завітаўшы ў галерэю «Ў», каб дагнацца, вырашыла, што адкрыць такую ж  цяпер яе запаветная мара і мужык, які ёй такую не падорыць, зусім і не мужык.

Назад