сатры яе, а з ранаю і плямаю,
якую час змые змагацца далей.
Эліза Ажэшка
Вяртаньне Элізы Ажэшка
«1. 14. 1902 г. Луна». Праходзіць лета без сьвятла і цяпла, хмурае, халоднае, заплаканае Перашкаджае гэта свабоднаму разгляданьню прыроды і ўзмацненьню сіл усебаковых на доўгую і мёртвую зіму. Нягледзячы на гэта бываюць моманты прыгожыя, у якія можна глядзець на палеткі збажыны і групы дрэў на палянах, а заўсёды ёсьць тут гэта найдзіўнейшая ціша вясковая, якой ніякая частка тутэйшага жыцьця замяніць і ўзнагародзіць не можа. Луна ёсьць вёска без асобай прыгажосьці, але мае прыгожыя палі, прыгожы сад сапраўды цудоўны, прыгожыя паляны, старыя дрэвы двару. Ёсьць тут дакладней акацыі так вялізныя, якіх у клімаце нашым не бачыла ніколі, і вельмі прыгожыя векавыя ліпы. Усё гэта, нягледзячы на дажджы і халады, у моманты распагоджваньня неба спраўляе мне многа прыемнасьці што да людзей, то акрамя гаспадароў дому, у якім з Марыяй Абрэбскай знаходзімся, маем блізкую суседку, уладальніцу Луна, пані Рамэрову, яшчэ даволі маладую, мілую і сумную, з якой павязалі стасунак ветлівы і прыемны. Ёсьць сумнаю, бо няпоўныя два гады таму страціла ў адзін год мужа і дарослага сына, а другі сын малы пад пагрозай сухотаў, якія забілі таго. Сама хворая, самотная, лагодная і простая, мае пані Рамэрова штосьці ў сабе чуйнае і самой доляй сваёй прывабная. Маем тут таксама ксяндза, мала адукаванага, але нязьмерна чэснага чалавека, велізарна адданага колу працы адукаваньня і ўмаральненьня люду і доктара, які што хвіліну прыходзіць мне на памяць Бальзакоўскага «Вясковага доктара», так піша Эліза Ажэшка аб нашым мястэчку ў лісьце на імя Канстанціна Скірмунта.
У пачатку 2001 года адданыя паклоньнікі творчасьці Элізы Ажэшка ў Луне на падыходзе да 60-годзьдзя з дня нараджэньня вялікай пісьменьніцы, улічваючы той факт, што Эліза Ажэшка наведвала Луна і пакінула аб вёсцы прыемныя ўспаміны, вырашылі памяняць назву вуліцы Камсамольскай, былой Паштовай, на вуліцу Элізы Ажэшка. У тыя дні на вуліцы было паштовае аддзяленьне, да якога, магчыма, Эліза Ажэшка прыходзіла. Вуліца таксама вяла да палаца Ромэраў, да ўладальніцы якога пані Рамэровай заходзіла ў госьці пісьменьніца. Кандыдат гістарычных навук настаўнік гісторыі Луненскай школы Станіслаў Сільвановіч падрыхтаваў інфармацыю аб асабістых і літаратурных заслугах Элізы Ажэшка перад Наднёманскім краем і непасрэдна перад мястэчкам Луна. Актывісты сабралі подпісы людзей, якія прасілі назваць вуліцу Камсамольскую вуліцай імя Элізы Ажэшкі. Гэта заява была разгледжана на паседжаньні дэпутатаў Луненскага сельскага Савету, якія аднагалосна пагадзіліся даць вуліцы Камсамольскай новую назву Элізы Ажэшкі.
Вуліца Камсамольская, раней Паштовая, па каторай хадзіла Эліза Ажэшка на пошту і ў госьці да Ромэраў
Але дарэмна цешыліся аматары творчасьці Элізы Ажэшка. Тры мясцовыя камуністы і «вэртыкаль» Мастоўскага раёна кінуліся абараняць назву вуліцы. Па мястэчку пачалі распаўсюджваць улёткі ў падтрымку Скідальскіх камсамольцаў!? Выдумалі, што вуліца названа ў іх гонар, чаго ніхто ніколі ня ведаў. У раённай газэце «Зара над Нёманам» былі надрукаваныя сфальсыфікаваныя матэрыялы на гэтую тэму. Галоўны Мастоўскі начальнік казаў: «Хто такая гэта Ажэшка? Што яна такое напісала хіба на польскай мове?». У нецэнзурных выразах характарызавала маральнасьць прыватнага жыцьця пісьменьніцы загадчыца Луненскай бібліятэкі. Нарэшце адзін з камуністаў праціўнік перанайменаваньня вуліцы склаў сьпіс нязгодных і падрабіў у гэтым сьпісе подпісы. Паседжаньне сельсавета адбылося нанова, але абаронцы вуліцы Камсамольскай нават на яго не зьяўіліся. Ім гэта было ўжо непатрэбна. «Вэртыкальшчык» з Мастоў забараніў мяняць назву вуліцы. Не называю імёнаў «герояў» гэтых падзеяў у сувязі з тым, што ўсе яны маюць дзяцей і ўнукаў. На думаю, што для іх гэтая веды былі б прыемнымі.
Маё мястэчка Луна-Воля
Лявон Карповіч
© Лявон Карповіч, 2021
Зварот да чытача
Мы жывем адначасова ў двух гарадах
Падваеньне асобы зрывае нам дах
Дык няўжо нам ніколі не склеіць, не сшыць Менск і Мінск
дзьве паловы сталічнай душы?
Лявон Вольскі
Паважаны магчымы чытач
Зьвяртаюся да Цябе з просьбай паразуменьня. У гэтай кніжцы я сабраў у адно сваё бачаньне, мары, сны, сваё адчуваньне мястэчка Луна-Волі, таксама ўспаміны, замалёўкі, назіраньні іншых людзей. Не адкідаў у бок знойдзеныя дакумэнты. Але ўсё напісанае і сабранае адносіцца да таго майго, мной успрынятага мястэчка Луна-Волі. Гэта не гістарычны твор. Калі гэтыя запісы трапяць у рукі чытачу ці то з «агрогородка Лунно», ці то (прабачце за нясьціпласьць) з гішпанскай Гернікі дэ Луна, ці яшчэ якога месца з падобнай назвай і ён раптам пазнае ў нейкім пэрсанажы сябе ці свайго знаёмага, ведайце, што Вы чытаеце мае субектыўныя думкі да тога «майго» мястэчка без прэтэнзіі, што гэта адзіная правільная ацэнка падзеі ці асобы Для кагосьці, магчыма, не існуе мястэчка Луна-Воля, а ёсьць вёска Лунна, ці «агрогородок Лунно», так як піша Лявон Вольскі пра Менск і Мінск. Кожны мае права на сваё бачаньне
Да ўсяго знойдзенага, хоць трошкі зьвязанага з мястэчкам матэрыялу, я адносіўся вельмі хціва. Мне шкада было нешта не ўключыць. Але гэта прывяло да таго, што я ня змог абяднаць мае набыткі ў адно цэлае. Так атрымаліся часткі тэксту, абяднаныя ці-то ў часе, ці гістарычнай падзеяй, ці лёсам людзей, ці аддзельнай тэмай, напрыклад, пра Нёман.
Я марыў зрабіць кніжку аб улюбёным мной мястэчку, бо канчаткова перакананы, што людзі павінны ведаць гісторыю свайго роду, сваёй «малой радзімы», дзе нарадзіўся ён ці яго продкі, Гісторыю сваёй Айчыны. Не, я не памыліўся, напісаўшы Гісторыя з вялікай літары, бо Гісторыя сваёй Айчыны для грамадзяніна заўсёды вялікая, нягледзячы на яе сьветлыя і цёмныя старонкі. Кажуць, што ў нашых продкаў існаваў такі звычай, калі юнака пасьвячалі ў мужчыны, то адным зь іспытаў было веданьне гісторыі свайго роду ў сямі пакаленьнях! Ня ведаеш, ня маеш права быць мужчынам! Гэта забясьпечвала, каб чалавек дбаў пра гонар свайго роду і памнажаў яго. Спадзяюся, што з дапамогай гэтых запісаў частка жыхароў мястэчка больш блізка пазнаёміцца з гісторыяй Луна-Волі і больш яго палюбіць.
У зьбіраньні матэрыялаў пра мястэчка мне дапамагалі без перабольшваньня пару дзясяткаў людзей. Усіх пералічыць не магу нават з той прычыны, што кагосьці ня ўспомню і гэта будзе несправядліва. Але не магу не назваць Язэпа Палубятку, які заахвоціў мяне да гэтай працы і першы вычытваў, набіраў на кампутары і друкаваў у газэце «Мастоўскі весьнік» першыя артыкулы; Уладзіміра Хільмановіча, які не даваў памерці надзеі ў вынік, першы вычытаў усё сабранае і дапамог выправіць недахопы, упарадкаваць матэрыялы; Рут Маркус з Тэль-Авіва, якая сваёй патрыятычнай паставай да мястэчка Луна-Волі і велізарнай працай па зьбіраньню і захаваньню памяці аб месцы, дзе жылі яе бацькі, натхняла да працы, а таксама дазволіла выкарыстаць яе матэрыялы ў гэтай кніжцы; ксяндза Люцыяна Радомскага, які падзяліўся сваімі матэрыяламі аб гісторыі мястэчка; маю жонку Валянціну Карповіч, якая напісала свае ўспаміны і дадала ў кнігу; Паўла Мажэйку, які забясьпечыў усё, што зьвязана з першым выданьнем кнігі, бо без яго працы выданьне было б немагчымым.
З павагай,
аўтар сабраных і даданых запісаў Лявон Карповіч з Луны-Волі
Цэнтар Луна. 2020 год. Крыніца: https://yandex.by/collections/card/5e04d6373959b2e14b267eeb/
Прадмова
І няма ў людзей больш простага
спосабу ўдасканальвацца, як праз
веданьне дзеяў мінулых.
Палібій
«Бацькаўшчына мая, родная маці Беларусь! Ты ё для мяне найдаражэйшым, найцаньнейшым скарбам: пры табе я жыву кожнай думкай сваёй! Бацькаўшчына Беларусь, люблю я цябе, тваё поле і пожні вялікія, што разьвярнуліся ўсім сваім хараством перад вокам чалавека. Люблю цябе, Беларусь, бо я частка цябе. Люблю цябе, бо ты мая: усюды, дзя я цябе бачу, бачу сябе. Люблю я гутарку тваю найхарашэйшую і найразумнейшую, бо ў ёй я толькі адчуваю, што я праўдзівы сын Беларусі. Люблю цябе, мая мова родная, ты для мяне неацэнны скарб, бо ты ўліта мне ў душу маёй маткай роднай, калі яшчэ быў у калысцы. Ня буду браць прыкладу з другіх сыноў Беларусі, што, паехаўшы ў сьвет, наўмысьля стараюцца забыцца свае роднае мовы і чураюцца перад другімі нацыямі назваць сябе беларусамі Такі чалавек не дастойны называцца сынам Беларусі, ён здраднік свае Бацькаўшчыны і ўсяго Беларускага народу.