Сойм элекцыйны ў Вялікай Волі
У 1831г. Вялікую Волю абараняла 1200 паўстанцаў пад камандай генэрала Іосіфа Савіньскага, вэтэрана без нагі, якую згубіў у вайну 1812г. Якраз на Волю рушылі галоўныя сілы Расейскага войска, На шанцы 54, калі абаронцаў амаль ня стала, а маскалі радаваліся перамозе, нехта з патрыётаў узарваў парахавы склад і ўсё ўзьляцела ў паветра. Шанец 57 абараняла каля сотні паўстанцаў. Толькі, калі іх засталося чатыры, вораг сьвяткаваў перамогу. Апошнія абаронцы Волі на чале з генэралам І. Савіньскім зачыніліся ў касьцёліку. Генэрал без сіл сеў каля алтара і сказаў: «Жаўнеры, я буду апошнім». Маскалі ўварваліся ў касьцёлік і ўсіх закалолі штыкамі. Пасьля ўтраты Волі шансаў утрымаць Варшаву не было. Паўстаньне пала.
Гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі
Вернемся да Волі каля Луны. Час і гісторыя ўзьнікненьня Луненскай Волі вядомы дакладна. У 1487 г. войска вялікага князя Маскоўскага Івана ІІІ захапіла Смаленскія землі, дзе вотчынамі валодалі князі Крошынскія (Крашынскія?) герба «Ліхтар». Адзін з іх князь Канстанцін Фёдаравіч Крошынскі акольнічы і казначэй Смаленскі атрымаў ад Вялікага князя Літоўскага Аляксандра 8 красавіка 1503 г. маёнткі Дубна і Луна ў Гарадзенскім павеце «на хлебокормленье» князю да «очищеня» вотчыны яго, захопленай «Маскоўскім непрыяцелем», «съ челядю неволною, и з жытомъ, и с коньми и з жывотиною, и з людми путными и тягълыми, и с конюхи, и з рыболовы, и зъ земълями пашными и бортъными, и с озеры, и з даньми грошовыми и медовыми, и з дяклы, и з бобъры, и со въсимъ с тымъ, какъ тотъ двор былъ на нас держанъ». Вялікі князь Жыгімонт пацьвердзіў гэтае наданьне 8 сьнежня 1506 г., а затым лістом ад 30 кастрычніка 1509 г., бо «многие люди хотели ся в насъ подъ нимъ того двора и людеи подъпрохивати», і нарэшце трэцяе пацьверджаньне было ад 5 кастрычніка 1512 г. Ачышчэньня вотчыны ад «непрыяцеля Маскоўскага» аднак у хуткім часе не адбылося і не прадбачылася. Выдаючы дачку Ганну за пана Яна Багданавіча Сапежыча, Канстанцін Іванавіч 8 ліпеня 1513 г. запісвае ў якасьці пасагу дварэц на рацы Луннай, які ён справіў на пустоўшчынах двара Дубенскага, 60 службаў і 40 пустоўшчынаў каля двара Луна і за Нёмнам на р. Чарлёнай, «а сеножатеи дворныхъ Чесноковъскихъ за Новоселцы у Крестовъ на две стирте», а таксама землі, лясы і трэць вярсты берага бабровага на Сьвіслачы, (які адспрэчваў яшчэ раней сам князь Крошынскі з баброўнікамі гарадзенскімі, каторыя між іншым напэўна і заснавалі сёньняшнюю вёску Баброўнікі на р. Сьвіслачы). Далей у пасазе агаворваліся два стаўкі на р. Луннай і перавоз на Нёмне зь перавозьнікамі Іванцом і Багданцом Карпавічамі, а так жа палі дворныя, сенажаці, луг і лес Хмельнік, што былі з боку двара Лаўнае пана гараднічага (напэўна гарадзенскага гараднічага Федзькі Гаўрылавіча) і паабапал Чарлёнскага рова, гумно на Чарлёньскім полі, «и озеро уступъное з Немъна, и сякли, по которымъ сеножатемъ здавъна к тому озеру бывали на имя Бурносовъская, Ровец, Безовъщина Черленьская, на другои стороне Немъна Волчегребъ, а против Ширневых сяклъ Клепачовская», а таксама колькі чалавек чэлядзі дубенскай ды смаленскай, якую пасьпелі прывесьці з сабой Крошынскія, пакідаючы свае смаленскія ўладаньні. У 1515, а пасьля ў 1523 годзе Януш Багданавіч Сопежыч заручаецца пацьвярджальным лістом Вялікага Князя на гэтыя ўладаньні. Выдаючы другую дачку Марю за пісара вялікакняскай канцэлярыі пана Копця Васільевіча, Канстанцін Іванавіч недзе ў адзін час з Сопежычам запісвае ў якасьці пасагу 30 службаў-конюхаў Церашкоўскіх «подле церкви Сьвятого Спаса» ў Дубенскай воласьці, на што той неўзабаве ў 1517 годзе атрымлівае вялікакняскі пацьвярджальны ліст. Двор на дубеньскіх пустоўшчынах князь Крошынскі справіў і для дзяржаўцы ўруцкага Міхаіла Міхаілавіча Халецкага, за каторага выдаў трэцюю сваю дачку. Княгіня Ганна ўжо пасьля сьмерці мужа князя Канстанціна і двух зяцёў Сапегі і Копця просіць у траўні 1531 г. апекі і абароны ў Вялікай княгіні Боны ад наездаў і рабаваньня з боку суседзяў ад уціску з боку ўладаньняў Воўпы, князя біскупа луцкага й берасьцейскага Паўла і з боку ўладаньняў, якія меў каля двара Дубна Мікалай Юревіч Пацэвіч. Разам з гэтым княгіня Ганна «по своемъ животе» перадала двор Дубна Боне, заручыўшыся аднак аб захаваньні сваім дачкам і ўнукам іх уладаньняў.
Падзел маёмасьці. Камень Боны Сфорцы
Бона Сфорца, каралева Польская і Вялікая княгіня Літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнулася ўзмацніць уладу караля і Вялікага князя эканамічным шляхам, усяк павялічвала зямельную ўласнасьць Ягелонаў. Заслугі Боны Сфорца ў Вялікім Княстве многія і рознастайныя цяжка пераацаніць. Дзякуючы Боне Сфорца Эўропа пачула «Песню пра зубра», менавіта пры яе падтрымцы знакамітая паэма Мікалая Гусоўскага была выдадзеная ў 1523 годзе ў Кракаве. Зь яе віны сталі нашы продкі карыстацца да гэтага невядомымі ім відэльцамі. У выніку ўзнагародаў, падараваньняў і купляў займела многія воласьці, вярнула многія захопленыя фэадаламі землі, у тым ліку Гарадзенскае староства. Акрамя феадальнага маёнтку намесьнік каралевы Боны Ежы Заляпуха зь яе загаду на рацэ Лунянцы заснаваў у 1531 г. месца Луна, дзе Бона Сфорца фундавала драўляны касьцёл. Наведваючы свае ўладаньні, каралева «часта ў гэты касьцёлік заходзіла».
Падзел маёмасьці. Камень Боны Сфорцы
Бона Сфорца, каралева Польская і Вялікая княгіня Літоўская, другая жонка Жыгімонта I Старога, маці Жыгімонта II Аўгуста. Імкнулася ўзмацніць уладу караля і Вялікага князя эканамічным шляхам, усяк павялічвала зямельную ўласнасьць Ягелонаў. Заслугі Боны Сфорца ў Вялікім Княстве многія і рознастайныя цяжка пераацаніць. Дзякуючы Боне Сфорца Эўропа пачула «Песню пра зубра», менавіта пры яе падтрымцы знакамітая паэма Мікалая Гусоўскага была выдадзеная ў 1523 годзе ў Кракаве. Зь яе віны сталі нашы продкі карыстацца да гэтага невядомымі ім відэльцамі. У выніку ўзнагародаў, падараваньняў і купляў займела многія воласьці, вярнула многія захопленыя фэадаламі землі, у тым ліку Гарадзенскае староства. Акрамя феадальнага маёнтку намесьнік каралевы Боны Ежы Заляпуха зь яе загаду на рацэ Лунянцы заснаваў у 1531 г. месца Луна, дзе Бона Сфорца фундавала драўляны касьцёл. Наведваючы свае ўладаньні, каралева «часта ў гэты касьцёлік заходзіла».
Бона Сфорца на карціне Яна Матэйкі з сынам Жыгімонтам Аўгустам
Да сёньня ля касьцельнай агароджы (апошним часам перанесены на касьцельную тэрыторыю) ляжыць вялікі камень з чырвонага граніту, які нібыта каралеўскімі ручкамі быў закладзены Бонай у падмурак касьцёла.
Камень Боны Сфорца
Маладыя пары, якія бяруць шлюб без дазволу бацькоў павінны прыйсьці да гэтага каменя, каб папрасіць каралеву ня помсьціць ім, як яна гэта зрабіла сваёй нявестцы каралеве Барбары Радзівіл.
Пасьля пажару апошні кароль Польшчы і Вялікі князь ВКЛ Аўгуст Панятоўскі фундаваў тут у 1744 г. новы касьцёл мураваны ў строгіх формах клясыцызму, які быў перабудаваны і набыў сучасны нэаклясычны выгляд у 1895 г. на сродкі князя Друцкага-Любецкага.
Але Сапегі падалі скаргу на Заляпуху, што ён «на ўласных іх грунтах двара Луненскага» стварыў паселішча. Каралева Бона прызначыла для разгляду гэтай справы спэцыяльную камісію. Вывады камісіі былі разгледжаны і зацьверджаны 6 сакавіка 1532 г. Вядома, Луна засталося ўласнасьцю каралевы Боны. Але ж князь Канстанцін Крошынскі, як раней успаміналася, запісаў свой маёнтак Волю свайму зяцю Янушу Багданавічу Сапегу. Тады ж была ўстаноўлена граніца паміж уладаньнямі па рацэ Лунянцы (ці Луннай? па назве таго часу). Гэта граніца існавала аж да часоў другой сусьветнай вайны, падзяляючы паселішча на дзьве часткі: Луна і Волю. З вышэй сказанага можна зрабіць выснову, што маёнтак Луна існаваў да перадачы яго Князю Канстанціну Крошынскаму і дата яго заснаваньня застаецца таямніцаю. Воля ж узьнікла ў выніку дзейнасьці князя.
Пасьля сьмерці Янухны (1530г.) яго спадкаемцамі становяцца сыны Міхал, жанаты на Марыне з Быстрыцкіх, Глеб, Дзьмітрый, Сьцяпан, а таксама дачкі Тацьцяна, якая выйшла замуж за Ждана Словіка, і Настасься, якая была замужам за Гаўрылам Тышкевічам. Паколькі паміж братамі не было згоды, па ініцыятыве Глеба ў 1541 г. маёнткі Луна, Сьвіслач і Вайкелішкі былі падзелены на шэсьць роўных частак. На працягу 4050-х гадоў XVI ст. Чарлёна паступова вылучаецца ў асобны двор. Гэты працэс суправаджаўся судовымі спрэчкамі і ўзаемнымі нападамі братоў і сваякоў адзін на аднаго. У 1552 г. Андрэй Мацкевіч скардзіцца ад імя маці і айчыма Сьцяпана Сапегі на Дзьмітрыя, які напаў на іх спадчыну Луна і забраў лісты. У 1554 г. памірае малодшы з братоў Міхал і Сьцяпан бяспраўна займае яго спадчыну. У сувязі з гэтым у яго была судовая справа з Мацвеем Быстрыцкім, каралеўскім каморнікам, родным братам жонкі Міхала Сапегі Марыны Быстрыцкай, якая памянялася з братам завешчанай ёй часткай маёнтка Луна на іншы маёнтак. У 1555 г. Мацвей Быстрыцкі напаў на чарлёнскія валоданьні Сапегаў. У 1556 г. ужо Дзьмітрый і Сьцяпан Сапегі са шваграмі Жданам Словікам і Гаўрылам Тышкевічам, а таксама служылымі людзьмі і падданымі ў колькасьці каля 300 чалавек нападаюць на ўладаньні Чарлёна Быстрыцкага і рабуюць іх. Пасланыя ў двор Сапегаў гаспадарскі дваранін Ян Васільевіч Клікоўскі, судовыя выканаўцы і служылыя людзі былі абстраляны апошнімі, прычым некалькі чалавек загінула. У 1557 г. за 12 коп. грошай Быстрыцкі адмаўляецца ад сваіх прэтэнзій на Чарлёну. Браты дамаўляюцца аб сумесным валоданьні набытымі землямі, але дамоўленасьці не прытрымліваюцца. Спрэчкі заканчваюцца тым, што ў час чарговага нападу ў 1560 г. (паводле іншых дадзеных у 1561 г.) людзі Сьцяпана ў час учыненай перастрэлкі забіваюць Дзьмітрыя. Маёмасьць атрымаў трэці сын Глеб, які адказваў перад судом за даўгі бацькі і, неўзабаве, памёр.